Архіў

Юлія Андрэева. Разам з Сусаніным

№ 1 (263), 4 студзеня 2002 г.


Разам з Сусаніным

Школьныя падручнікі музыкі

Зазірнуўшы ў школьныя падручнікі музыкі, можна даведацца, што і як будуць сьпяваць беларусы праз 20 гадоў, ці будуць яны ганарыцца сваёй музычнай спадчынай, ці будуць хадзіць у Опэру ды ў Філярмонію.

За апошнія дзесяць год падручнікі музыкі істотна абнавіліся. Звонку яны выглядаюць прывабна: яскравыя глянцавыя вокладкі, шмат малюнкаў, сьціслая і ясная сыстэма ўмоўных пазначэньняў… Дый мэтодыка выкладаньня сучасная. Уражвае разнастайнасьць вучэбных заданьняў: вучні слухаюць тлумачэньні настаўніка і фрагмэнты музычных твораў, сьпяваюць па нотах і на слых, граюць на дзіцячых музычных інструмэнтах, выстукваюць рытмы, шукаюць словы для выяўленьня музычных эмоцыяў, крэсьляць схемы, аналізуюць ды параўноўваюць і нават нешта кампануюць. Кожнае дзіця атрымоўвае магчымасьць адшукаць свой шлях да музыкі.

Аднак паводле зьместу падручнікі музыкі апошнія дзесяць год заставаліся ў далёкай мінуўшчыне. Найперш зьдзіўляе несамавітая блытаніна моваў. Нават у падручніках для беларускіх школаў па-беларуску падаваўся толькі тлумачальны тэкст, беларускія народныя песьні ды нешматлікія творы беларускіх кампазытараў. Песенькі, прыпеўкі, рытмічныя практыкаваньні, фрагмэнты з расейскай і эўрапейскай музычнай клясыкі, нават прыклады — скрозь па-расейску. Так, каб патлумачыць, што такое інтанацыя, беларускамоўным дзеткам прапануюць прачытаць па-расейску байку Крылова.

Большасьць вучэбных матэрыялаў у беларускіх падручніках 90-х была ўзятая з савецкіх школьных падручнікаў, калі музыка разглядалася выключна як адзін са “сродкаў камуністычнага выхаваньня”, песьні іншых народаў служылі адбіткам ідэі “пралетарскага інтэрнацыяналізму”, а сусьветная музычная клясыка мусіла ілюстраваць “барацьбу народаў супраць прыгнятальнікаў”. Гісторыя музыкі — паступовае разьвіцьцё музычных стыляў ад сярэднявечнага грыгарыянаскага харалу да сучасных авангардысцкіх опусаў і поп-музыкі — не вывучалася ўвогуле.

З тае пары і захавалася ў беларускім падручніку часоў незалежнасьці па музыцы для 3-й клясы (1992) Песня о пограничнике:

Лес дремучий снегами покрыт,

На посту пограничник стоит.

Ночь темна, и кругом тишина,

Спит Советская наша страна.

Дый каб жа яна адна! Тут і Орленок, і Марш юных космонавтов, і Туристская походная, і Дружат дети всей земли... Ну і, зразумела, Дружба (словы Юр’я Рыбчынскага, музыка Ігара Лучанка):

Пусть в сердцах слова простые песнями звучат:

Братство, Мир, Москва, Россия, Друг, Товарищ, Брат!

Тыя ж трэцяклясьнікі сьпявалі пра Берасьцейскую крэпасьць (музыка Ўладзімера Алоўнікава, вершы Алеся Лазьнявога):

…И кровью своею, и жизнью

Солдаты клянутся стоять,

Лишь только жила бы Отчизна –

Советская родина-мать.

Побач з такімі складанымі для разуменьня песьнямі ў падручніку багата легкаважна-забаўляльных песенек, пераважна пра жывёлаў. Напрыклад:

Солнечный лучик в речку нырнул

И червячком золотистым сверкнул!

Быстрый, веселый карасик подплыл,

Солнечный лучик с водой проглотил.

Затое песень, якія можна было б узяць з сабой у падарожжа па жыцьці, засьпяваць для бацькоў ці ў кампаніі аднагодкаў, — амаль няма. Хіба толькі “Люблю наш край, старонку гэту…” на верш Канстанцыі Буйло ў падручніку для 4-й клясы (1997).

Шмат у падручніках 90-х зьмяшчалася народных беларускіх песень — пераважна абрадавых. Асабліва ў дапаможніку для 4-й клясы. Тут і “Жавараначкі, прыляціце!”, і “О, не кукуй, зязюленька…”, і “Перапёлачка”, і “Купалінка”, і “Ой, праляталі два галубочкі…” Дзякуючы новым падручнікам дзеці будуць ведаць, што “Саўка ды Грышка” — гэта калядная песьня, у якой пяецца пра маленькага Хрыста. Многія песьні гучаць на ўроках ня толькі ў сваім натуральным выглядзе, але і ў апрацоўках. Прыкладам, дзеці развучваюць песьню “Ой, рана на Йвана…”, а потым слухаюць, як гучыць гэтая мэлёдыя ў “Партызанскай сымфоніі” Яўгена Глебава і “песьняроўскай” апрацоўцы.

Распавядаюць дзецям і пра беларускія музычныя інструмэнты: дуду, скрыпку, дудку, цымбалы, жалейку. Дзеля ілюстрацыі прапануюць паслухаць сюіту-жарт “Вясковыя музыкі” Віктара Помазава.

У падручніках распавядаецца і пра беларускія народныя танцы — “Лявоніху”, “Юрачку”, “Мікіту”, “Янку”. Прычым не без фальшывай цнатлівасьці: “Ой ты, Юрачка, што ня вучышся?..” Хаця насамрэч Юрачка не жаніўся.

Такіх “дзівосаў” таксама было шмат. Аўтары падручнікаў імкнуліся давесьці, што беларускія народныя песьні мала чым розьняцца ад расейскіх: “У далёкім мінулым расейскі, украінскі і беларускі народы складалі адзінае племя ўсходніх славянаў, таму яны маюць вельмі многа супольнага ў гісторыі, мове, культуры і музыцы”. Прыкметамі гэтай супольнасьці аўтары (у дадзеным выпадку — Тамара Гуліна) лічаць “непаўторныя своеасаблівасьці інтанацый, песеннасьць, расьпеўнасьць, пераменны лад, падгалоскі, характэрныя тэмбры нацыянальных інструмэнтаў”. Хоць у беларускай музыцы няма ні расьпеўнасьці, ні пераменнага ладу, ні падгалоскаў.

Адна з задачаў школьнай вучэбнай праграмы — навучыць дзяцей слухаць клясычную музыку. На ўроках гучыць шмат добрай музыкі — творы Моцарта, Бэтховэна, Шапэна, Грыга, Рахманінава… Гучыць і беларуская клясыка — Генрых Вагнэр, Зьміцер Смольскі, Анатоль Багатыроў… Але відавочна не стае сыстэмнасьці. Зусім няма зьвестак пра сучасную папулярную музыку, акрамя згадак пра “Песьняроў”.

Блытаніна і ў адборы сымфанічных, камэрных, опэрных і балетных фрагмэнтаў. Некаторыя зь іх трапілі ў падручнік дзеля “дзіцячага” альбо “казачнага” сюжэту, хоць музыка гэтых твораў здольная занудзіць дзяцей да сьмерці. Як і камэнтары музыказнаўцаў: “Бэтховэну былі блізкія ідэі народу, які змагаецца. У яго музыцы, асабліва ў Пятай сымфоніі, адчуваеш магутную сілу, гераічны характар. Яна кліча да барацьбы за шчасьце людзей…” Між тым Пятая сымфонія Бэтховэна ніколі не лічылася гераічнай. “Гераічная сымфонія” — Трэцяя, так назваў яе сам аўтар. Пятая — хутчэй філязофская, і пытальнікаў у ёй нашмат болей, чым клічнікаў. На фоне ўсіх гэтых недарэчнасьцяў лягічна выглядае падсумаваньне: “Бэтховэн належыць усяму свету. У тым ліку і нам, расейцам”.

Варты ўвагі й наступны фрагмэнт: “У опэры “Іван Сусанін” рассказваецца аб тым, як расейскі селянін завёў ворагаў у дрымучы лес, адкуль яны ўжо не змаглі выбрацца”. “Ворагамі” былі ваяры Вялікага Княства Літоўскага, продкі сёньняшніх беларускіх вучняў. Але дзяцей вымушаюць стаяць на баку Сусаніна.

Юлія Андрэева


Каментары

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»8

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Усе навіны →
Усе навіны

Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду5

У Новай Баравой машына на поўным ходзе збіла двух пешаходаў7

Франака Вячорку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў»19

Стала вядома прыблізнае месца падзення расійскага БПЛА ў Калінкавічах7

«Мы селі і сядзелі, а што рабіць?» У Старадарожскім раёне тры пенсіянеркі правялі цэлую ноч у лесе1

«Дынама» стартавала ў Лізе канферэнцый з паразы, прычым прапусціла на перадапошняй хвіліне ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»8

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Галоўнае
Усе навіны →