Архіў

Футбол і сабачае мяса (Чэмпіянат сьвету ня будзе нагадваць ніводзін з папярэдніх)

№ 20 (282), 31 траўня 2002 г.


Футбол і сабачае мяса

Чэмпіянат сьвету ня будзе нагадваць ніводзін з папярэдніх

Мундыяль яшчэ не стартаваў, але ўжо вызначае новыя гастранамічныя стандарты. Паўднёвакарэйскія рэстарацыі перад галоўным стадыёнам у Сэуле прапануюць бясплатна пакаштаваць улюбёную нацыянальную страву карэйцаў — сабачае мяса. Іншыя будуць гандляваць сабачымі біфштэксамі, надзвычай папулярным у Карэі пікантным гуляшом з сабачага мяса (бошынтанг) і гот-догамі, якія тут цалкам апраўдваюць сваю назву.

Японскія фірмы, якія заўжды апэратыўна рэагуюць на патрэбы рынку, рэклямуюць тавары, зьвязаныя з чэмпіянатам, — ад крэслаў у выглядзе футбольнага мяча да камплектаў бялізны пад назвай “хет-трык”, што ў такійскіх унівэрмагах каштуюць усяго 17 тысячаў енаў (130 даляраў). Ужо адно гэта вылучае спаборніцтвы на фоне папярэдніх.

Упершыню чэмпіянат пройдзе ў Азіі. Гэта шанец для Японіі і Карэі давесьці, што яны могуць канкураваць з Захадам — калі не на полі, дык, прынамсі, у арганізацыі аднаго з самых вядомых і папулярных відовішчаў.

Упершыню ФІФА выбрала двух суарганізатараў. Кіраўнікі фэдэрацыі намагаюцца любой цаной узьняць прэстыж футболу на самым густанаселеным кантынэнце сьвету. Цяжка знайсьці іншую такую пару, як Карэя і Японія. Іхнае гістарычнае суперніцтва, калі не сказаць варожасьць, сягае далёка ў мінулае, да часоў акупацыі Японіяй Карэйскага паўвостраву ў 1905 г. Японцы сышлі адтуль толькі ў 1945 г. Апошнім часам урады абедзьвюх краінаў рабілі ўсё дзеля паляпшэньня ўзаемных стасункаў, японская імпэратарская сям’я нават прызналася ў сваіх карэйскіх каранях. Аднак пад маскай таварыскасьці хаваюцца напружаньне і нясплачаныя векавыя рахункі.

— У маладых няма такога агрэсіўнага стаўленьня да карэйцаў, як у старэйшага пакаленьня, — гаворыць Цутому Судзукі, такійскі аналітык тэхналягічнае галіны. — Але адчуваецца суперніцтва. Мы ня хочам адстаць ад іх.

Ня хоча гэтага і Карэя. Яна інвэставала 2 млрд. даляраў — столькі ж, колькі і Японія, — у будаўніцтва стадыёнаў, сродкі бясьпекі і г.д., хоць паўднёвакарэйскі гадавы аб’ём ВУП (765 млрд. даляраў) у чатыры разы меншы за японскі. Карэйцы лічаць, што не саступяць сваім напарнікам і на футбольным полі. Абедзьве каманды ня маюць шанцаў сутыкнуцца адна з адной — хіба што цудам дабяруцца да фіналу. Карэйцы змагаюцца за кубак сьвету ўжо шосты раз. Дагэтуль яны не здабылі ніводнай перамогі. Мяркуючы, аднак, па узроўні іхнай падрыхтоўкі, сваю прагу яны могуць задаволіць ужо 4 чэрвеня ў матчы з Польшчай ці 10 чэрвеня ў сустрэчы з ЗША.

Найбольш заўзята гаспадары чэмпіянату будуць змагацца за тое, каб спадабацца гасьцям. І тут у карэйцаў ёсьць шанец на бясспрэчную перамогу. Большасьць карэйскіх таксовак абсталяваная сучаснай сыстэмай дыстанцыйнага перакладу: пасажыр падчас язды можа чуць, напрыклад, па-ангельску расказ пра мясьціны, якія мінае. Японія сустракае сваіх гасьцей больш насьцярожана. Па тэлебачаньні гадзінамі апавядаюць, як добра падрыхтаваная японская паліцыя да набегу натоўпаў п’яных заўзятараў з Эўропы.

Гэты чэмпіянат — першае спартовае мерапрыемства сусьветнага маштабу пасьля 11 верасьня: у зімовых Алімпійскіх гульнях у Солт-Лэйк-Сыты брала ўдзел няшмат спартоўцаў з Блізкага Ўсходу ці Лацінскай Амэрыкі. Футбол робіцца сапраўдным спортам XXI стагодзьдзя: і калюмбійцы, і галяндцы сьвету ня будуць бачыць за тэлевізарам у часе чэмпіянату, хоць іхныя каманды “адсеяліся” на кваліфікацыйных спаборніцтвах. Але глябальная папулярнасьць футболу цягне за сабой і велізарную адказнасьць для службаў бясьпекі. 1 чэрвеня выгляд дваццацігадовага араба на вуліцах Сапара нікога не павінен дзівіць: увечары футбалісты Саудаўскай Аравіі сустракаюцца з камандай Нямеччыны. Японскім паліцыянтам у той дзень варта будзе пільней сачыць за гурмамі неабыякавых да спорту скінхедаў, а не за людзьмі, падобнымі да Мухамада Аты.

Улады Паўднёвай Карэі таксама не забываюцца на меры бясьпекі падчас чэмпіянату. А яны беспрэцэдэнтныя. Каля стадыёнаў разьмесьцяць ракеты “зямля-паветра”, каб адбіць пры патрэбе тэрарыстычныя атакі. Побач будуць знаходзіцца і грузавікі з апаратурай, здольнай зафіксаваць наяўнасьць біяхімічных рэчываў — на выпадак магчымай хімічнай атакі.

Сяргей Рак


Каментары

Цяпер чытаюць

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі9

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, хто купіў у Расіі кампанію «Леста»2

Лукашэнка паставіў задачу развіваць народнае апалчэнне17

У цэнтры Мінска прадаецца сімпатычная сталінка з двума французскімі балконамі1

Меліціна Станюта выйшла замуж — вяселле прайшло ў былой аранжарэі імператрыцы Жазэфіны ў Францыі7

У Падмаскоўі шпіталізавалі пяцярых чалавек з падазрэннем на воспу малпаў. Сярод іх 22‑гадовая беларуска1

Пацверджана смерць 282 тысяч расійскіх вайскоўцаў ва Украіне14

У беларускі ў Італіі забралі двух сыноў — бо яна не прызнавала дзяржаву і не адпускала дзяцей у школу і да доктара14

Каранік не забраў з сабой у Мінск падпалкоўніка, які быў яго прэс-сакратаром. Таму знайшлі новае месца

Маск прадэманстраваў лятаючую «Тэслу»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі9

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць