Аўто

Абнавілі патрабаванні да аўташколаў і экзаменаў на права кіравання

З 1 студзеня 2027 года ў Беларусі пачнуць дзейнічаць абноўленыя патрабаванні да падрыхтоўкі кіроўцаў і правядзення экзаменаў у аўташколах. Змены закрануць навучальныя аўтамабілі, тэарэтычныя заняткі, кваліфікацыю інструктараў і відэафіксацыю экзаменаў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Яндэкс-Карты

Абноўленыя дзяржаўныя стандарты СТБ 2191. 1‑2020 і СТБ 2191. 2‑2020 апублікавалі 16 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакументы зацверджаныя пастановамі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі ад 30 верасня 2026 года.

Адным з галоўных новаўвядзенняў стане абавязковая відэафіксацыя тэматычнага кантролю і практычных экзаменаў па кіраванні транспартнымі сродкамі. Запіс павінен ахопліваць не толькі дарожную абстаноўку, але і дзеянні курсанта і экзаменатара, а таксама іх галасы.

Відэарэгістратары павінны мець вугал агляду не менш за 120 градусаў. Разрозненне асноўнай камеры мусіць складаць не менш за 1920 × 1080 пікселяў, дадатковай — не менш за 1280 × 720. Запіс павінен весціся з частатой не менш за 25 кадраў у секунду, з абавязковай фіксацыяй даты і часу.

Перад пачаткам кантролю або экзамену адказны супрацоўнік павінен праверыць спраўнасць абсталявання і правільнасць устаноўленых даты і часу.

Запісы экзаменаў і тэматычнага кантролю аўташколы будуць абавязаныя захоўваць шэсць месяцаў, а відэа звычайных практычных заняткаў — адзін месяц. Пасля заканчэння гэтых тэрмінаў запісы трэба выдаляць. Пры гэтым здымаць на відэа кожны ўрок кіравання не абавязкова: патрабаванне тычыцца менавіта тэматычнага кантролю і практычных экзаменаў.

Тэарэтычныя заняткі ў аўташколах павінны будуць праводзіцца толькі вочна, калі заканадаўства не прадугледжвае іншага. Разам з тым дазваляецца выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, у тым ліку трэнажоры-сімулятары, віртуальную рэальнасць і іншыя інтэрактыўныя сродкі навучання.

Удакладняюцца і патрабаванні да інструктараў па кіраванні. Майстар вытворчага навучання павінен мець вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі па адпаведнай праграме і не менш за тры гады стажу кіравання транспартным сродкам патрэбнай катэгорыі. Для інструктараў, якія навучаюць кіраванню колавымі трактарамі і самаходнымі машынамі, дастаткова двух гадоў адпаведнага стажу.

Абноўлены стандарт таксама вызначае патрабаванні да навучальных аўтамабіляў. Яны павінны быць зарэгістраваныя ў ДАІ як навучальныя, з асобнымі выключэннямі, і абсталяваныя сістэмай спадарожнікавага маніторынгу GPS. Яна мусіць дазваляць у рэальным часе адсочваць месцазнаходжанне і параметры руху аўтамабіля, а таксама захоўваць гэтыя звесткі.

Аднак калі практычныя заняткі фіксуюцца на відэа, навучальны аўтамабіль можна не абсталёўваць GPS. Асобныя выключэнні прадугледжаныя для матацыклаў, прычэпаў, колавых трактароў, самаходных машын і транспарту некаторых дзяржаўных органаў.

У стандарце ўдакладнілі і тэхнічныя характарыстыкі транспарту для навучання. Для катэгорыі А патрэбны матацыкл з рабочым аб’ёмам рухавіка не менш за 220 кубічных сантыметраў або з электрарухавіком максімальнай магутнасцю больш за 11 кВт. Для катэгорыі B — аўтамабіль з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны і не больш як васьмю пасажырскімі месцамі. Для катэгорыі C патрэбны грузавік масай не менш за 8 тон, а для катэгорыі D — транспартны сродак больш чым з 17 сядзячымі месцамі і даўжынёй не менш за 6,5 метра. Асобныя патрабаванні вызначаныя для аўтамабіляў з прычэпамі.

Здаць экзамен на іншым навучальным аўтамабілі таксама будзе магчыма, але толькі ў выключных абставінах. Гэта дазваляецца, калі машыну, на якой курсант вучыўся кіраваць, немагчыма падаць на экзамен праз сур’ёзную тэхнічную няспраўнасць, што патрабуе працяглага рамонту, дарожна-транспартнае здарэнне або іншыя непераадольныя абставіны. Замест яе можна выкарыстаць навучальны аўтамабіль той жа маркі і мадэлі або іншую машыну адпаведнай катэгорыі.

Удакладненыя таксама патрабаванні да старшыняў экзаменацыйных камісій аўташкол. Яны павінны адпавядаць устаноўленым патрабаванням да адукацыі і мець пасведчанне кіроўцы любой катэгорыі. Акрамя таго, скарэктаваныя асобныя палажэнні аб выкарыстанні праграмнага забеспячэння, абсталяванні аўтадромаў і афармленні пасведчанняў аб навучанні.

Павелічэння колькасці гадзін навучання новыя змены, верагодна, не прадугледжваюць. Абноўленыя стандарты не вызначаюць новай працягласці тэарэтычных і практычных заняткаў: мінімальныя тэрміны падрыхтоўкі, пералік прадметаў і колькасць гадзін вызначаюцца адпаведнымі адзінымі праграмамі навучання.

Не ўводзяцца і новыя правілы налічэння штрафных балаў або ацэньвання памылак курсантаў падчас экзаменаў. Усе пералічаныя змены пачнуць дзейнічаць 1 студзеня 2027 года.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек1

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску адкрыюць найбуйнейшы ў Беларусі зарадны хаб для электрамабіляў

Украінка расказала, як таксіст-беларус у Гданьску пагражаў выцягнуць яе сілай з машыны, бо яна адмовілася размаўляць па-руску77

Расія ўдарыла па Паўднёвым мосце ў Кіеве чатырма «Іскандэрамі»2

У Ваўкавыскім раёне зносяць найстарэйшы ў Беларусі цэментны завод

На канфэрэнцыі ў Дубліне Святлана Ціханоўская нагадала пра лёс палітвязня Вацлава Арэшкі ФОТАФАКТ 8

Прэм'ер Швецыі таксама не разумее, навошта Стуб і Сцёрэ званілі Пуціну1

Вядомы беларускі велагоншчык пайшоў працаваць у таксі

У Кітаі пакрыўдзіліся на Кіліяна Мбапэ, які назваў Мао Дзэдуна дыктатарам4

У Кітаі бурбалка вакол штучнага інтэлекту ўжо лопнула2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек1

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць