Архіў

Кірыла Насаеў: У гэтым гімне няма крыві

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


Кірыла Насаеў: У гэтым гімне няма крыві

Новы-стары дзяржаўны гімн “Мы — беларусы…” на музыку Сакалоўскага з словамі Клімковіча й Карызны быў урачыста выкананы хорам і прэзыдэнтам увечары 2 ліпеня. Ці добра гучыць ён? Ці кладуцца словы на музыку? Што можна сказаць пра мэлёдыю? Гутарка з кіраўніком хору “Унія”, укладальнікам дыску “Беларускія маршы і песьні” Кірылам Насаевым.

Кірыла Насаеў: Я гімн Сакалоўскага заўсёды ўспрымаў як “мульцяшку”. Памятаеце казку, дзе хлопчык грае на чароўнай жалейцы, а пацукі пад ейныя гукі ідуць і йдуць у мора-акіян?.. Гімн не адпавядае нашаму часу паводле сваёй мэлёдыкі: гэта “нафталін”. Так пісалі ў часы Сакалоўскага. Дый словы новага гімну (як і словы бээсэсэраўскага) ведаць ня будуць: ён не запамінаецца.

Тэкст Карызны не падыходзіць для сьпеваў. Іншы варыянт на гэтую ж музыку меў лепшую рытміку, сылабіку: прасьцей сьпяваўся, клаўся на музыку. Аднак самы дасканалы з прапанаваных быў гімн Раінчыка і Пранчака: новы (не навязлы ў зубах), з сучаснай мэлёдыкай.

Магутны і па-свойму геніяльны быў гімн Савецкага Саюзу. А бээсэсэраўскі — нейкі апэрэткавы. Там няма гонару за сябе: “Мы — беларусы — мірныя людзі…” Няма энэргетыкі: крыві, вайны, ахвяраў…

“НН”: А ў гімне мусяць быць кроў і ахвяры?

К.Н.: Не, я кажу ўвогуле пра нацыянальныя вобразы. У кожнага народу свае сымбалі. У адных гэта “гонар і кроў”, у другіх — “мужнасьць і міласэрнасьць”… У беларускім гімне павінна быць тое, што атрымалася ў нас у “Маршах і песьнях”: лірыка і змаганьне. А розныя байкі пра талерантнасьць ня маюць пад сабой аніякіх падставаў...

У цяперашнім гімне няма, па-першае, ідэі, а па-другое — душэўнасьці. Гімнам магла б стаць нават не ўрачыстая песьня, а проста “нашая”, мэнтальна “свая”. У гэтым сэнсе “Радзіма мая дарагая” Алоўнікава мэлядычна вельмі пасуе. Там і з тэкстам ня трэба нічога рабіць.

“НН”: А хто з сучасных кампазытараў мог бы напісаць добры гімн?

К.Н.: Гэта мусіць быць абавязкова песеньнік. Раінчык мог бы — у сярэдзіне 80-х. Ён быў тады на ўздыме. “Завіруха мяце, завіруха” — тых часоў песьня. Вольскі мог бы напісаць, Шалкевіч. Бартосік — гадоў дзесяць таму: у яго ішлі вельмі моцныя стылізацыі. Казлова магла б стварыць гімн — яна выдатная песеньніца. Мулявін мог бы — гадоў 15 таму.

У тэксьце гімну мусяць быць два моманты. Першы — эмацыйны ўсплёск, другі — ідэалягічны маніфэст: вось мы такія, гэта наша краіна! Музыку ж робяць у адпаведнасьці з тым, хто як сябе ўсьведамляе. Гэта можа быць палянэз, мазурка, як у палякаў. Ізраільцяне ўвогуле ўзялі мэлёдыю Смэтаны. Няма нейкіх абсалютных правілаў у гімнах.

Але гэта павінна быць урачыстая песьня. І ў гэтай сфэры нам ёсьць чым ганарыцца. Адно што мы да апошняга часу ня ведалі, як гэта прадставіць. Але ж у апошнія гады зрабілі новую рэдакцыю старажытнага канту з “Полацкага сшытку” (апрацоўка Вячаслава Кузьняцова) — сапраўдны гімн! Толькі ніхто ня ведае пра яго…

У “Маршах і песьнях” я некалькі гімнавых варыянтаў прадстаўляў. Купалаўскі “Не пагаснуць зоркі ў небе” — гэта польскі гімн па мэлёдыі. “У гушчарах” — усё ж песьня, а ня гімн. “Пагоня” — таксама добрая патрыятычная песьня, як украінскі “Заповіт”, але таксама ня гімн. “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” — цудоўны гімн. Калі б яго запісаць з хорам і аркестрам, дык ён бы гучаў так, што “Саюз нерушымы” ляжаў бы пад машынай… Там ёсьць усё. Гімн мусіць быць кароткім: там тры куплеты і прыпеў, гэтага досыць.

“НН”: А ці магла камісія, створаная дзесяць гадоў таму, прыняць нармальны гімн?

К.Н.: Дык не прыняла ж. А калі б і прыняла, дык ягоны лёс быў бы такі самы, як у герба і сьцяга: скасавалі б. Нават калі б быў іншы прэзыдэнт, усё адно — яшчэ не прысьпеў час на добры гімн…

Цяпер у Беларусі ня можа быць нармальнага гімну, бо няма нармальнай дзяржавы з нармальным сьцягам, нармальным гербам. Гімн — апошні сымбаль дзяржавы. Сьпярша ўзьнікае герб — гістарычная выява (на шчыце). Таму вызначэньне гербу — справа гісторыкаў: ні дзяржава, ні палітыка сюды ня мусяць умешвацца. Сьцяг зьяўляецца ўжо як адлюстраваньне палітыкі нацыянальнай дзяржавы: вось нашыя межы, вось наш сьцяг. А гімн — гэта ўжо эмацыйная падтрымка ідэі. І таму трэба ўсё зрабіць па правілах: прыняць нармальны герб, сьцяг, а тады ўжо — гімн.

“НН”: Ці маглі б у нас на пераходным этапе існаваць некалькі гімнаў? Адзін — Рэспублікі Беларусі, другі — нацыянальны?..

К.Н.: Дзяржаўны гімн мусіць быць адзін. Ня можа такога быць, каб адзін гімн быў нацыянальны, а другі дзяржаўны.

“НН”: Ці мог бы гімн аб’яднаць беларусаў?

К.Н.: Сёньня ідзе расслаеньне грамадзтва. Гімн можа аб’яднаць, толькі калі ў краіне ёсьць нейкая трагедыя: вайна, рэвалюцыя. Ці ў выпадку, калі краіна стала на дарогу свайго нацыянальнага разьвіцьця. А ў пераходны пэрыяд гэтага ня будзе. Гэта мана, што гімн можа аб’яднаць грамадзтва.

“НН”: Атрымліваецца, што мы пасьля будзем змушаныя зьмяніць гімн. Ці здаралася такое ў іншых краінах?

К.Н.: Многія краіны зьмянялі гімн. Французы былі адмовіліся ад “Марсэльезы” (напісанай, дарэчы, у эпоху нацянальнага станаўленьня — падчас напалеонаўскіх войнаў). Вэрдзі пасьля кожнай перамогі Гарбыльдзі пісаў гімны. І народ сьпяваў іх як гімны, але дзяржаўнымі яны ня сталі. Дый тэксты гімнаў таксама зьмяняюцца: амэрыканцы карэктавалі свой, у Савецкім Саюзе таксама — пасьля сьмерці Сталіна…

“НН”: І з кожным паваротам гісторыі мы будзем вымушаныя шукаць новы гімн?

К.Н.: А гэта залежыць ад таго, ці здолеў кампазытар апярэдзіць час. А можа быць яшчэ і іншы шлях, як у тых самых амэрыканцаў. Яны робяць некалькі варыянтаў гімну ў розных апрацоўках: з духавым аркестрам, ці ў выкананьні джаз-бэнду, ці джаз-бэнду з сымфанічным аркестрам… Вось такі постмадэрнізм.

Гутарыў Адам Воршыч


Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Ці можна ў Ірландыі замовіць вячэру па-ірландску? Эксперымент блогера, які стаў вірусным22

У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з уласным смеццеправодам1

Памылка пры павароце: у Мінску сутыкнуліся два грузавікі МАЗ і Mercedes

Допыты і пагрозы. Што адбываецца са студэнтамі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкім»6

Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак4

Беларусы прывезлі з Капенгагена «крыж каралевы Сафіі». Гісторыкі называюць яго біжутэрыяй за 4000 еўра14

У Купалаўскім тэатры расійскія рэжысёры правядуць творчую лабараторыю, у якой абяруць спектакль для рэпертуару12

Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open11

ЗША зноў не далучыліся да сумеснай заявы з асуджэннем Расіі ў ААН10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць