Архіў

Шчасьлівейшы за сваіх герояў

Гісторыя з доктарскай дысэртацыяй старшыні Саюзу пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча збаламуціла ціхае асяродзьдзе ўнівэрсытэцкае навукі. Яна таксама стала тэстам на «эфэктыўнасьць» працы перапарадкаванага прэзыдэнту ВАКу.

Кандыдат філялягічных навук, выкладчык філфаку БДУ Алесь Пашкевіч абараніў дысэртацыю «Канцэпцыя нацыянальнага быцьця ў прозе беларускага замежжа ХХ ст.» на філфаку Белдзяржунівэрсытэту яшчэ ў лістападзе 2002 г. Абароненая праца колькі месяцаў бяз руху праляжала ў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, якая зацьвярджае ўсе навуковыя работы. Зрэшты, такі быў лёс ня толькі Пашкевічавай доктарскай: некалькі месяцаў ВАК наагул не разглядаў аніякіх дысэртацыяў. Толькі ў сярэдзіне 2003 г. атэстацыйная камісія, ператасаваная і падпарадкаваная прэзыдэнту, зноў узялася за працу. Экспэртная рада ВАКу, якая складалася зь літаратуразнаўцаў, двойчы пасылала дысэртацыю на закрытую («чорную») рэцэнзію й двойчы атрымлівала дадатны водгук. Прычым другі раз, паводле зьвестак «НН», рэцэнзэнтам быў дасьледчык расейскай літаратуры.

Ціск апазыцыянэраў на ўладу

Ужо сам факт, што працу адправілі на другую «чорную» рэцэнзію, прычым неспэцыялісту ў галіне, сьведчыў пра тое, што з Алесем Пашкевічам вядуць нейкую незразумелую гульню. І сапраўды, калі ВАК ня здужаў даць ганьбы Пашкевічавай працы рукамі навукоўцаў, зьявіўся ліст... пяці вэтэранаў! Прычым накіраваны ён быў адначасова ў Адміністрацыю прэзыдэнта, міністру адукацыі й старшыню ВАК Анатолю Рубінаву. Свае імёны пад ім паставілі генэрал-маёр у адстаўцы Аляксей Быкаў; палкоўнік, Герой Савецкага Саюзу, доктар гістарычных навук Аляксандар Філімонаў; палкоўнік у адстаўцы, Герой Савецкага Саюзу Іван Кустаў; палкоўнік у адстаўцы, Герой Савецкага Саюзу Віктар Лівенцаў (гонарам і духоўнай элітай назваў А.Лукашэнка вэтэранаў вайны, абвяшчаючы ў аўторак падзяку прэзыдэнта Герою Савецкага Саюзу Віктару Лівенцаву); Герой Савецкага Саюзу, доктар гістарычных навук Дзьмітры Жмуроўскі.

«Дысэртацыю Пашкевіча А.А. мы разглядаем як імкненьне беларускіх апазыцыянэраў ад навукі аказаць ціск на ўладу з мэтай прымусіць ВАК Беларусі прызнаць навуковай, а значыць, і правільнай антыдзяржаўную, антыпатрыятычную, нацыянал-здрадніцкую ідэалёгію фашыстоўскіх халуёў — пісьменьнікаў і паэтаў замежжа. Мы просім вас абараніць ідэалёгію сучаснай беларускай дзяржавы, абараніць беларускую навуку ад перавёртышаў, кар’ерыстаў і палітычных прайдзісьветаў», — пісалі яны ў сваім звароце.

Ліст зьявіўся акурат тады, калі далей адкладваць з зацьвярджэньнем дысэртацыі не выпадала. Цікава, што ніводзін з аўтараў ліста на абароне Пашкевічам дысэртацыі ня быў. Між тым, імёны некаторых з гэтых герояў даўно вядомыя ня толькі гісторыкам вайны, але й гісторыкам мірнага часу. Гэтак, В.Лівенцаў, які заслужыў падзяку прэзыдэнтуры, як успамінае Валянцін Тарас, у свой час удзельнічаў у цкаваньні Васіля Быкава за аповесьць «Мёртвым не баліць».

Рэцэнзія як прысуд

Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Анатоль Рубінаў прапанаваў Пашкевічу забраць работу, «паправіць» і пераабараніць. Прэзыдыюм ВАКу ўстрымаўся ад залічэньня працы, нават не выносячы яе на галасаваньне. А паколькі сярод літаратуразнаўцаў аматараў збэсьціць калегу не знайшлося, кіраўніцтва ВАКу паслала літаратурную працу на рэцэнзію... у Інстытут гісторыі. Ці меў ВАК такое права? «Пасылаць не забаронена, але я ж пісаў не па гісторыі! Работу па матэматыцы мэдыкам не пасылаюць!» — абураецца А.Пашкевіч. Свайго малодшага калегу падтрымлівае Міхась Тычына: «Гэта непрафэсіяналізм! Мы ж ня лезем у гісторыю, не дыктуем ім». Дырэктар Інстытуту гісторыі Мікалай Сташкевіч, аднак, лічыць такую сытуацыю абсалютна нармальнай: «Правільна, што гісторыкі выказаліся: ня трэба адраджаць калябарацыянізм!»

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Аркадзь Шанскі

Каментары

Цяпер чытаюць

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай6

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што хоча валодаць іранскай нафтай і не супраць захопу вострава Харк2

Трамп напісаў, што з нецярпеннем чакае Лукашэнку ў ЗША18

Прыдумалі яшчэ адзін спосаб выявіць адбіткі пальцаў на месцы злачынства

Каля самалёта Трампа праляцеў невядомы дрон2

Дзяўчына выйграла суд па справе аб залежнасці ад сацсетак — Meta і Google хочуць аштрафаваць за тое, як пабудаваныя іх платформы2

Мадура перадаў пасланне з амерыканскай турмы

Украінскія вайскоўцы для барацьбы з расійскімі дронамі выкарыстоўваюць сеткамёты2

Пратасевіч падзяліўся, колькі грошай яму трэба на вяселле17

У Расіі сёння некаторыя выйшлі пратэставаць супраць блакіровак інтэрнэту5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай6

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць