Менск вылучыў чатырох прэтэндэнтаў
Увечары 13 красавіка на сядзібе БНФ прайшла Менская канфэрэнцыя прадстаўнікоў дэмсілаў. Абіралі прэтэндэнта на адзінага кандыдата на выбары-2006. Уладзімеру Коласу прапанавалі згадзіцца з умовамі пагадненьня аб супрацы, якія падпісалі С.Калякін, А.Лябедзька, А.Мілінкевіч і С.Шушкевіч. У.Колас «быў не гатовы», і яго не ўключылі ў сьпіс прэтэндэнтаў. Усіх чатырох падпісантаў вылучылі ў «наступны тур». Найбольш галасоў (61 з 73) набраў С.Калякін. Мілінкевіч — найменш (51 голас).
Лёгкі абвяргае Фэльгенгаўэра
Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі абверг выказваньні маскоўскага аналітыка Паўла Фэльгенгаўэра пра магчымую дамоўленасьць А.Лукашэнкі і У.Пуціна наконт аб’яднаньня Беларусі і Расеі — з мэтай супрацьстаяньня аксамітавым рэвалюцыям. «На прэс-канфэрэнцыі пасьля сочынскай сустрэчы прэзыдэнты вычарпальна распавялі, аб чым ішла гутарка, і пра падобныя праекты ці пражэкты размова наагул не вялася», — рэзюмаваў сп.Лёгкі.
Чарнобыльскі шлях — 2005
Шэсьця 26 красавіка ня будзе. Замест яго аргкамітэт «Чарнобыль-скага шляху» падрыхтаваў тысячу асобнікаў заявы-звароту да прэзыдэнта, у якой патрабуецца спыніць вытворчасьць сельгаспрадукцыі на забруджаных тэрыторыях, скасаваць абмежаваньне на вываз дзяцей за мяжу для аздараўленьня і адмяніць прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў у чарнобыльскія раёны. Аргкамітэт заклікае людзей прынесьці заявы а 18-й на вул.Маркса, 38 ды ўкінуць у скрыні для зваротаў грамадзян. Плянуецца таксама мітынг ля Чарнобыльскай капліцы ў раёне вул.Карастаянавай.
Рэформа ААН
Дэлегацыя Беларусі прадставіць сваё бачаньне рэфармаваньня Рады Бясьпекі ААН. Прапануецца захаваць у ААН Усходнеэўрапейскую групу дзяржаў і выдзеліць ёй дадатковае месца непастаяннага чальца ў Радзе Бясьпекі. Айчынны МЗС падкрэсьлівае, што беларуская схема засноўваецца на ўзгодненай пазыцыі краін-удзельніц Руху недалучэньня аб неабходнасьці пашырэньня Рады бясьпекі з 15 да 26 сяброў.
«Газпром» пагадзіўся
Пастаўка расейскага газу ў Беларусь і яго транзыт цераз тэрыторыю краіны ў 2006 г. будзе адпавядаць сёлетнім умовам. Аб гэтым дамовіліся ў Маскве гендырэктар «Белтрансгазу» Дзьмітры Казакоў і старшыня праўленьня АТ «Газпром» Аляксей Мілер.
АГ, БелаПАН, interfax.by, svaboda.org
Каментары