Дзе Скарына прападаў пяць гадоў, як паўплывала на яго хрысціянская кабала і чаму ў «Бібліі Рускай» столькі дубовага лісця, піша ў часопісе «Наша Гісторыя»* кандыдатка гістарычных навук, кіраўніца французскага праекта «Лабараторыя скарыназнаўства» Вольга Шутава.
Святкаванне 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання некалькі год таму пакінула дзіўны прысмак: з аднаго боку, высокія словы пра «дзеяча Рэнесансу» Францыска Скарыну, з другога — размовы пра нейкае яго «адставанне» ў параўнанні з «Еўропай».
Але якраз маштабны праект перакладу Бібліі на «простанародную» мову ў эпоху Рэнесансу быў «модным трэндам» у Еўропе.
Ад канца XV стагоддзя інтэлектуалы перакладаюць галоўную кнігу хрысціянства з лаціны на нямецкую (дакладней, ніжнесаксонскі дыялект, бо агульнанямецкай літаратурнай мовы тады яшчэ не існавала), паўночны дыялект італьянскай, стараанглійскую, старачэшскую…
Дзейнасць Скарыны падпадала і пад яшчэ адну моду Рэнесансу — «асучаснення» Бібліі, набліжэння яе да народу шляхам ілюстравання.
Пакідаючы ў Бібліі Рускай свой партрэт, падпісваючы яго і паўтараючы сваё імя і тытул ва ўсіх прадмовах і пасляслоўях, доктар Францыск Скарына хацеў данесці нейкае пасланне. Як непрыхавана размаўляе ён з чытачом у сваіх тэкстах — «брація мая русь», «мой любімы прыяцелю», «дружа», — спрабуе растлумачыць і навучыць. У процівагу Леанарда да Вінчы, які імкнуўся зашыфраваць свае запісы і вынаходкі, Скарына рабіў усё, каб зрабіць біблейскія тэксты больш зразумелымі для паспалітага люду.
Правобраз — цар Саламон
Францыск Скарына размясціў свой партрэт на апошніх лістах Кнігі Ісуса Сірахава і 4-й Кнігі Царстваў, у прадмовах да якіх ён аб’яўляе сябе прадаўжальнікам справы святога Гераніма, стваральніка Бібліі Вульгаты на лацінскай мове. Скарына піша там пра тое, што сапраўдныя каштоўнасці — не ў «тленных вялікіх царскіх скарбах», а ў тым, каб «пакінуць у навуцы і ў кнігах вечную славу і памяць сваю».
Партрэт Скарыны — не даніна славалюбству, а маніфест: вось ён я, перакладчык і выдавец Бібліі Рускай, на фоне прадметаў і знакаў, якія ёсць «абавязковым наборам» сімвалаў для нас, інтэлігентаў Рэнесансу.
І «прадметы» (кнігі, армілярная сфера, пясочны гадзіннік, крэсла з пюпітрам, засланым «ручніком», на якім намалявана «сонца маладзіковае», або «зацьменне», свечка з рэфлектарам, калоны, збан, плецены кошык, муха), і «знакі» («зацьменне», «трохкутнік», «трапецыя» і літары «МЗ») на партрэце з’яўляюцца сімваламі, якія нясуць на сабе адбітак культуры Рэнесансу. Гэты набор сімвалаў, пры той яснасці, за якую выступаў Скарына, мусіў быць зразумелым для яго сучаснікаў!
У часы Скарыны выява мужчыны за сталом была пашыраным сюжэтам у жывапісе і на кніжных гравюрах.
Але менавіта ў Венецыі мы знаходзім гравюру, якая, відавочна, «натхніла» Скарыну.
З другой паловы 1470-х у Найсвятлейшай рэспубліцы становяцца папулярнымі «лятучыя лісты», яны прадаюцца паўсюль: на рынках, плошчах, на мастах і, вядома, каля ўніверсітэта Падуі, васала Венецыі. Адзін з такіх «лістоў» 1488 года ўяўляў з сябе «вечны (perpetuum) каляндар». Памерам 45 × 32 см, ён быў прызначаны для разліку рухомых дат Вялікадня.
У ніжняй яго частцы выяўлены цар Саламон, што тлумачыцца ў суправаджальным лацінскім тэксце: «Гэта табліца Саламона, па якой вы зразумееце, у які час і гадзіну будзе Месяц… І калі мы ведаем Месяц… разумеем усе Божыя святы».
Скарына, які вылічваў даты святаў для Пасхаліі («Малая падарожная кніжка»), мог набыць гэты зручны каляндар у Падуі.
Разгледзім выяву Саламона: пастава, гірлянда, крэсла з калонамі на подыуме (вытворнае ад пашыранага ў Італіі lettuccio), пюпітр, накрыты «ручніком», армілярная сфера, пясочны гадзіннік, кнігі, нават «сонца / месяц» — усё на месцы і складаецца ў мадэль будучага скарынаўскага партрэта!
Знайшоўшы гэты правобраз менавіта ў Італіі, мы вырашылі пашукаць і іншыя «сляды», якія прывялі Скарыну да ідэі і рэалізацыі Бібліі Рускай.
Глыбокія дэкальтэ і Палац дожаў
Прыгледзімся да афармлення скарынаўскай Бібліі. Часта пішуць, што Скарына натхняўся нямецкай ці нават чэшскай школай. Але параўнанне скарынаўскіх гравюр з паўночнаеўрапейскімі ўзорамі выяўляе толькі сюжэтнае падабенства.
Стыль кардынальна розніцца ад строгіх нямецкіх узораў. Глыбокія жаночыя дэкальтэ, распушчаныя валасы, батычэлеўскія мадэлі, аголеныя целы трапілі ў Біблію Руску з венецыянскай мастацкай манеры. Гірлянды, разьблёныя балконы, балюстрады, калоны, трытоны — неад’емная частка падуанскавенецыянскага стылю, — прысутнічаюць у скарынаўскай Бібліі паўсюль. Дзе, як не ў Італіі, Скарына мог гэтым «заразіцца»?
Ёсць нават архітэктурныя супадзенні. Паглядзіце на малюнак біблейскага «дома Саламона» ў Скарыны, на яго аркі, балконы, зубчасты дах.
Нічога не нагадвае «прастакутную» нямецкую ці чэшскую архітэктуру таго часу. Затое падабенства «дома Саламона» або пейзажу Іерусаліма з венецыянскімі і падуанскімі закругленымі вежкамі, купаламі, зубчастымі стрэхамі, балконамі і агульным уплывам візантыйскай і арабскай архітэктур бясспрэчнае.
Выдавецкая сталіца Еўропы
І дзе, як не ў Італіі, Скарына мог задумаць свой праект кнігадрукавання з перакладам Бібліі для «люду паспалітага»? Напэўна, менавіта тут «прападаў» наш наваспечаны доктар медыцыны пасля абароны ў Падуі ад лістапада 1512 года да 6 жніўня 1517га. Потым у Празе «раптам» пачынаюць выдавацца яго кнігі. Спачатку Псалтыр, а следам з дзівоснай інтэнсіўнасцю, практычна на месяц па кнізе, выходзіць уся Біблія. Значыць, Скарына ўжо меў гатовы тэкст: перакладзены, сабраны, адрэдагаваны, з прадмовамі і ілюстрацыямігравюрамі. Але чаму ён адправіўся менавіта ў Прагу друкаваць кнігі?
Уявім маладога доктара вольных мастацтваў і медыцыны, які трапіў у Падую. Тут паўсюль былі шапікі ці латочнікі, якія прадавалі кнігі. Большасць іх — з Венецыі, якая да 1500-га ператварылася ў выдавецкі цэнтр Еўропы. Амаль сотня венецыянскіх выдавецкіх фірмаў на той час ужо выпусціла больш за 3 500 выданняў.
У гісторыі венецыянскага кнігадруку вядомы нават «крызіс перавытворчасці» 1473 года, калі на складах назапасілася больш за 20 000 нераспрададзеных кніг, пераважна лацінскіх класікаў. І выдаўцы пераключыліся на біблейскія тэксты, што мелі ўстойлівы попыт.
Малермі як натхняльнік
Першая Біблія на італьянскай мове (Biblia vulgarizata [Bibbia italica]) у перакладзе ўраджэнца Венецыі манаха Нікола Малермі была выдадзена ў 1471 годзе. У прадмове Малермі абгрунтаваў пераклад тым, што наспела неабходнасць зрабіць Святое Пісьмо даступным не толькi для вучоных «docti», але ж і для «простых людзей», для спазнання імі «навукі правiльнага жыцця». Параўнайце з выказваннем Скарыны: каб «не толькі… людзі вучоныя ў іх разумеюць, але ўсякі чалавек просты і паспаліты… можа паразумець, што патрэбна для выратавання яго душы».
Скарына натхняецца iдэяй Малермi выдаць Біблію не на зразумелай, але далёкай ад простых людзей мове, якой была латынь для iтальянцаў, а менавiта на «простанароднай i роднай», «наболей з тае прычыны, іжэ мя міласцівы бог з таго языка на свет пусціў».
Біблія Малермі мела ашаламляльны поспех: ад 1471 да 1487га яна перавыдавалася 8 разоў, і гэта без уліку «кантрафактаў»падробак.
Ацаніўшы папулярнасць, у 1490 годзе венецыянскі выдавец Рагаца адважваецца на выданне перакладу Малермі з гравюрамі. Стыль тых ілюстрацый грунтаваўся на творчай перапрацоўцы рэнесансных тэндэнцый італьянскай скульптуры і жывапісу. Аўтарам большасці з іх быў Майстар Піка (Maestro di Pico), які прайшоў шлях ад ілюмінатара-мініяцюрыста да мастака-гравёра. Імя гэта ўмоўнае, паводле яго мініяцюраў да «Натуральнай гісторыі» Плінія (1481 год па замове Піка дэла Мірандола).
Параўнаем гравюры
Майстар Піка, а таксама Майстар Пуці, Майстар Авідзія, Дэ Крэмона, Бардоне, Вендраміна заклалі асновы стылю венецыянскіх выданняў, які знайшоў адлюстраванне і ў гравюрах Бібліі Рускай. Гэты падуанска-венецыянскі стыль сёння называецца архітэктуральным з-за наяўнасці архітэктурных дэталяў (калоны, урны, аркі) і іншых элементаў антычнай традыцыі (гірлянды, анёльчыкі, букраніі — бычыныя чарапы, кентаўры, сірэны, трытоны), а таксама вылучаецца ўвагай да рухаў і эстэтыкі цела. Ён, разам з модай на антычнасць, з’яўляецца ў паўночнай Італіі як перайманне скульптуры Данатэла і жывапісу Андрэа Мантэнья, якія, у сваю чаргу, натхняліся аздабленнем рымскіх саркафагаў.
У Паўночную і Цэнтральную Еўропу гэты стыль прыходзіць пазней. Францыск Скарына ўбачыў яго ў Падуі або Венецыі, і аўтарам гравюр ягонай Бібліі мог быць нехта адтуль (тым больш што гісторыкі ведаюць пазнейшы эпiзод 1530 года, калі Францыск Скарына зманіў друкара прускага герцага Альбрэхта з Кёнігсберга). Майстры высокага класу мелі свае майстэрні (напрыклад, у Майстра Піка былі памочнікі).
У Італіі Скарыну, відаць, трапіўся і друкаваны пераклад Бібліі на чэшскую мову. Афармленне Чэшскай Бібліі наследуе нямецкім мадэлям, аднак першыя яе старонкі маюць адбітак уплыву італьянскай Biblia vulgare istoriata, якая да таго часу вытрымала 15 выданняў. У самым пачатку Чэшскай Бібліі мы выяўляем франтыспіс «Шэсць дзён стварэння», відавочна зроблены з Biblia vulgare istoriata. У нямецкіх Бібліях сцэны стварэння раз’яднаныя па асобных гравюрах, а ў чэшскай сабраныя — як у Майстра Піка. Такім жа чынам аформленыя «Шэсць дзён стварэння» і ў Бібліі Скарыны.
Такім чынам, доктар Францыск не выпадкова апынуўся ў Празе. Сустрэўшы прыклад друкавання Бібліі за мяжой, у Венецыі, на славянскай мове, Скарына едзе ў Прагу і здымае майстэрню для друку сваіх кніг менавіта там.
Скарына і кабала
«Ніякая іншая навука не можа нас лепш пераканаць у боскасці Ісуса Хрыста, чым магія і кабала», — пісаў у сваіх «900 тэзісах» філосаф эпохі Рэнесансу Піка дэла Мірандола.
Італьянскія мысляры звярталіся тады да прац іўдзейскіх філосафаў. Гэта было галоўнай мэтай першых хрысціянскіх кабалістаў: пошук пацвярджэння самой сутнасці хрысціянства ў кнігах Старога Запавету пры дапамозе метадаў кабалістычнага тлумачэння алфавіта, ідэй піфагарэйства і антычнай філасофіі.
Сведчанне цікавасці да кабалы мы знаходзім і ў Скарыны. У Прадмове да Чацвёртых кніг Ездры, якая існуе толькі ў пазнейшай рукапіснай копіі, Скарына тлумачыць, чаму вырашыў выдаць кнігу, якая не ўваходзіць у хрысціянскі канон Бібліі. Ён праводзіць лінію ад іўдзейскіх мудрацоў праз святога Гераніма да «людзей вучоных нашых часоў», з якіх вылучае Піка дэла Мірандола. Францыск Скарына надае такое значэнне гэтым Чацвёртым кнігам Ездры, бо яны ўтрымліваюць «прычыну знаменiту» пра iмя Божае, боскасць Ісуса Хрыста i знакі яго будучага прышэсця.
Хрысціянская кабала была ў той момант на вастрыі моды. Паслядоўнік Піка дэла Мірандола Ёган Ройхлін, захоплены ідэямі выкарыстання кабалістыкі ў хрысціянстве, публікуе «De verbo mirifico» («Слова, якое творыць цуды») і «De rudimentis hebraicis» (падручнік габрэйскай мовы, без ведання якой немагчымая кабалістыка).
Гэты падручнік, які быў папулярны ў пачатку XVI стагоддзя, відавочна і паслужыў Скарыну ў яго Прадмове да «Плачу прарока Ераміі» для ідэнтыфікацыі літар габрэйскага алфавіта лацінскім літарам: «Алеф» — «А», «Тав» — «Т».
Атрыбуцыя Алеф і Тав як А і Т знайшла сімвалічнае выражэнне ў Скарыны ў знакамітым «трохкутніку» з яго партрэта. Скарына тлумачыць гэта ў Прадмове да Бібліі Рускай: «У гэтай Кнізе ўсёй прыроджанай мудрасці пачатак і канец; Бог уседзяржыцель спазнаваны бывае». Ад Альфы да Амегі ў грэцкай версіі, у першапачатковым, іўдзейскім варыянце — ад «Алеф» א да «Тав» ת (першая і апошняя літары старажытнаяўрэйскага алфавіта).
«Таямніца» сімвалічнага знака са скарынаўскага партрэта ляжыць на паверхні. Мільёны турыстаў бачаць яе штодня на галоўнай славутасці Барселоны — храме Святой Сям'і (Саграда Фамілія). Там, на фасадзе Пакут Хрыстовых, здзіўлены скарыназнаўца сустракае знак, які ва ўсіх даведніках значыцца як «стылізаваны знак Альфы і Амегі».
Літара «Шын» на шапцы Арона
Спалучэнне תא сустракаецца ў Старым Запавеце ў сотні месцаў, часта ў асацыяцыі з Яхве (YHVH יהוה). Разам з іншымі літарамі, дадзенымі, паводле падання, старажытным габрэям ад Бога, яны заключаюць у сабе сутнасць, ідэю існага, боскае адкрыццё. Цягам стагоддзяў яны з’яўляліся крыніцай натхнення іўдзейскай, а затым і хрысціянскай кабалы.
Аднак рэнесансныя кабалісты пайшлі далей, шукаючы пацвярджэння таго, што боская сутнасць Хрыста была закладзена ў Старым Запавеце. Так, з дапамогай складаных нумаралагічных разлікаў (кожная літара габрэйскага алфавіта мае не толькі эзатэрычны сэнс, але і лічбавае значэнне), Піка дэла Мірандола заклаў пачатак традыцыі хрысціянскай кабалы і пошукаў лічбавага і абсалютнага значэння імя Бога і імя Ісуса.
Ройхлін працягнуў яго пошукі. У «De Verbo mirifico» ён выяўляе схаванае імя Ісуса ў галоўным слове Старога Запавету — тэтраграматоне Яхве (YHVH). Менавіта ён устаўляе літару «Шын» ( «S» і «Sin») у тэтраграматон, ператварыўшы яго ў пентаграматон YHSVH — Ісус.
Скарына двойчы змясціў гэтае імя ў Бібліі Рускай. У Кнігах Выхад і Лявіт — на гравюры з выявай іўдзейскага першасвятара Арона, якая суправаджае бiблейскi надпіс на залатой пласціне ў форме паўмесяца з выгравіраваным на ім імем Бога.
Узорам для гравюры была, мабыць, выява Арона з тлумачэнняў да Бібліі Нікола дэ Ліра. Там выразна праглядаецца гэтае слова — тэтраграматон, старажытнаяўрэйскае імя Яхве, якое складаецца з чатырох зычных JHVH ( «Yod» — «He» — «Waw» — «He»).
Аднак… на шапцы скарынаўскага Арона выразна праглядаецца літара ש — «Шын»!
Выходзіць, Скарына не толькі ведаў працы хрысціянскіх кабалістаў, але і абапіраўся на іх, каб праілюстраваць закладзенае яшчэ ў Старым Запавеце прышэсце Хрыста.
Прыгледзімся яшчэ раз да выявы Арона з Бібліі Скарыны і «традыцыйнага» Арона, узятага з «Нюрнбергскай хронікі» Гартмана Шэдэля 1493 года.
Цікава заўважаць падабенства. Аднак і адрозненні кідаюцца ў вочы. Папершае, рэнесанснае, у падуанскавенецыянскім стылі афармленне з калонамі, багатым дэкорам, вазамі і гірляндамі. Падругое, «фірмовы» знак Скарыны — «сонца маладзіковае». Патрэцяе, «трохкутнік АТ», «ад Алеф да Тав», які азначае «ўсёй прыроджанай мудрасці пачатак і канец» і факт таго, што «Бог уседзяржыцель спазнаваны бывае». І нарэшце, сама сутнасць «волі нябесных таямніц» — пентаграматон, які сімвалізуе імя Бога YHSVH יהשוה Ісуса Хрыста.
Скарына ў тэкстах прадмоў дэманструе сваю жывую веру ў тое, што ўвесь Стары Запавет напоўнены аналогіямі, прадвесцем Новага, знакамі прышэсця Хрыста, яго будучых пакут, распяцця, уваскрасення і выкуплення.
Галгофскі крыж
Таксама Скарына ўсяляк падкрэслівае сілу і знак крыжа. Апошні звязаны з працяглай хрысціянскай традыцыяй. Іканаграфія «жыватворнага крыжа» велізарная. Неад’емнымі атрыбутамі яго былі галава Адама, узвышэнне, якое сімвалізуе Галгофу, і табліца з надпісам INRI — лацінскае Iesvs Nazarenvs, Rex Ivdæorvm.
З часам у каталіцкай традыцыі ў выявы сцэны распяцця ўводзяцца прылады Пакутаў Госпада (дзіда і кій з губкай, змочанай у воцаце); у праваслаўі пашыраецца выява так званага галгофскага крыжа.
Для шчырага хрысціяніна Скарыны стылістычнае цытаванне галгофскага крыжа на ўласным партрэце выглядае натуральна. Успрымаючы сябе паслядоўнікам Гераніма, перакладаючы на «рускую» мову тэкст Святога Пісьма, ён дадае відавочны для сваіх паспалітых сучаснікаў сімвал галгофскага крыжа як знак хрысціянства і як знак выкуплення Хрыстом першароднага граху Адама і перамогі Новага Запавету над Старым.
Галгофскі крыж, які выкарыстоўваўся як у праваслаўнай літургіі, убранні святароў, так і ў штодзённасці для асвячэння дамоў і цэркваў, як бы асвячаў увесь выдавецкі праект Скарыны.
Гэта адпавядала заходнееўрапейскай традыцыі выдаўцоў — выкарыстоўваць розныя маркізнакі ў выглядзе крыжа, чацвёркі альбо перавернутай чацвёркі, успадкаваныя яшчэ ад сярэднявечных рамеснікаў і гандляроў, якія асвячалі такім чынам свой бізнэс і засцерагалі яго ад нягод (напрыклад, «4» была сімвалам таго ж тэтраграматона, а перавернутая «4» абараняла ад чумы).
Адсутнасць ля крыжа «галавы Адама» кажа толькі пра тэхнічныя асаблівасці: цяжка ўявіць сабе, як у знак такога памеру на партрэце можна было б яе ўпісаць.
Аднак пасля Скарына перастаў выкарыстоўваць галгофскі крыж. Магчыма, прычынай было супрацоўніцтва з іўдзейскімі кнігавыдаўцамі ў Празе.
Знак папскага роду
Мне даўно не даваў спакою факт, што арнаментальнае ўбранне Бібліі Рускай заснавана на паўторы аднаго і таго ж матыву. Гірлянды, дэкор калон, віньеткі, нават валасы Самсона, які перамагае льва, — усё аформлена ў выглядзе дубовага лісця.
Уявіце маё хваляванне, калі, разглядаючы ў Ватыкане столь Сіксцінскай капэлы Мікеланджэла, я ўбачыла гэтае самае дубовае лісце. Аказваецца, Мікеланджэла, які аздабляў яе на замову папы Юлія II у 1508—1512 гадах, змясціў, як патрабавала традыцыя, сімволіку дуба, беручы прыклад з радавога герба Юлія II «Равэрэ» (паітальянску азначае «дуб»).
З той самай прычыны ў Сіксцінскай капэле Сандра Батычэлі размяшчае на фрэсцы (зробленай раней на замову іншага папы, Сікста IV, які паходзіў з той самай сям’і) дубовае лісце і жалуды.
Як тут не ўспомніць, што камісію на абароне Скарыны ў Падуанскім універсітэце ўзначальваў «пан доктар Сікст» — Сікст Гара дэла Равэрэ (1473—1517), пляменнік папы Юлія II і ўнучаты пляменнік папы Сікста IV. Кардынал-святар тытулярнай царквы Святога Пятра ў ланцугах, «доктар Сікст» удзельнічаў у выбарах папы на канклаве ў сакавіку 1513-га — усяго праз 4 месяцы пасля абароны Скарыны. У 1509 годзе Сікст Гара дэла Равэрэ становіцца біскупам Падуі і… прэзідэнтам Падуанскага ўніверсітэта. Яго сімвалам, як і ўсёй фаміліі дэла Равэрэ, натуральна, было дубовае лісце!
Якая сувязь icнавала памiж сям’ёй дэла Равэрэ i Бiблiяй Францыска Скарыны? Наша дэтэктыўная гісторыя працягваецца…
* архіўны тэкст
Каментары