Шэры баранавіцкі двор — 9-павярховікі на выездзе з горада, якія з аднаго боку падпірае гаражны масіў, з другога — Свяцілаўскае возера.

Палітру разбаўляе кіслотная афарбоўка пад'ездаў, так выдзяляюць драбы доўгага дома №33 на вуліцы Наканечнікава. Тут да свайго чэрвеньскага затрымання жыў палітвязень Ігар Лосік, кансультант «Радыё Свабода» і адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозга», які ўжо 42 дні трымае галадоўку ў жодзінскім ізалятары. 

[За дзень да публікацыі стала вядома, што Ігар спыніў галадоўку.]

У апусцелай кватэры жыве яго жонка Дар'я і дачка Паўліна. І вялізны кот. Пра бацьку нагадваюць фота і запоўненая рэчамі шафа.

Як жыве сям'я Ігара? Дар'я дала шчырае інтэрв'ю «Нашай Ніве». 

— Да нас прыйшлі 25 чэрвеня. Недзе 12-я гадзіна, спёка, сонца свеціць, мы выйшлі з дачкой на прагулку, у двары ўжо стаяў шэры бус з «красаўцамі», але мы тады неяк не звярнулі на яго ўвагу. Вярталіся з прагулкі, зайшлі, падняліся на ліфце, а каля дзвярэй, на лесвічнай пляцоўцы, ужо стаяла з тузін чалавек — нехта ім адамкнуў пад'езд. Сунулі пасведчанні на імгненне — ні імя, ні ведамства, нічога не відаць. «Пакажыце яшчэ раз» — «Мы ўжо паказвалі, вашы праблемы, што не разабралі, у нас пастанова пракуратуры на вобшук».

Я адмовілася адчыняць дзверы, бо кватэра належыць майму бацьку: «Ну тады будзем падрываць». Пры дзіцяці? «Званіце тады бацьку». Прыехаў бацька, знайшлі двух панятых з пад'езда і пайшлі ў кватэру. Мы ўсе зайсці не маглі. Магла я, але дачка адмаўлялася заставацца з дзядулем. Я ўвесь час гэты — гадзіны паўтары, — чакала пад сваімі дзвярыма. 

Дзіцячы вазок ля дзвярэй Лосікаў

Дзіцячы вазок ля дзвярэй Лосікаў

— Гэта былі баранавіцкія супрацоўнікі? 

— Быў такі салідны ў пінжаку, іх галоўны, як я зразумела. Ён сказаў, што з Баранавіцкага ГАУС. Вядома, калі мужа звезлі і я пачала званіць у мясцовую міліцыю, там сказалі, што ніякага Ігара ў іх няма. Маўляў, вы што, мы нікога сёння не затрымлівалі і вобшукаў ніякіх не праводзілі. Той чалавек мяне падмануў. 

— Што паспеў сказаць Ігар, калі яго выводзілі? 

— Нічога не сказаў увогуле. Выводзілі міма мяне, ён маўчыць. Ён разумеў, што значыць гэта ўсё, я іду за ім, кідаюся ў бус — бярыце мяне з ім! Адзін «красаўчык» мяне ўзяў за руку і трымаў моўчкі, нічога не казаў, толькі каб я не ўлезла ў бус. Яму сказалі, каб браў грошы на талончыкі, маўляў, нешта падпіша — і адпусцяць, ага. 

— Што ты рабіла пасля гэтага? 

— Я ў такім шоку была. Я проста села і сядзела. Потым прыехаў «Інтэкс-прэс», вечарам прыехала мама пасядзець з дачкой, а я раніцай паехала ў Мінск.

— Якія тады былі твае думкі? 

— Я думала, што гэта ўсё да выбараў — выбары пройдуць і яшчэ трошку, і выпусцяць. Танальнасць яго лістоў такая ж была, ён таксама так думаў. Да верасня лісты былі пазітыўныя. У яго быў тэрмін утрымання па 293-м артыкуле. Ён разлічваў, што ўрэшце або справа пойдзе ў суд, або зменяць меру стрымання. А вось калі перавялі ў Жодзіна — вельмі расстроіўся. Сярод ночы тузанулі яго на этап. І з восені лісты пайшлі вельмі негатыўныя, ён сердаваў: «Колькі гэта будзе працягвацца, чаму я тут знаходжуся?» 40 дзён у смярдзючай камеры. Адкрыты туалет, кажа, як ты яго не вымывай — усё адно смурод. І падсялілі суседа з педыкулёзам, у яго вошы, яго не апрацоўвалі. 

— Які ліст цябе найбольш крануў? 

— Ён напісаў, што калі вернецца, мы павянчаемся, бо мы праз столькі прайшлі, што нашы адносіны наўрад ці штосьці зломіць. 

— Вы не распісаныя? 

— Мы распісаныя, але не вянчаліся. 9 лютага будзе 8 год, як мы ў шлюбе. І хутка 11 год, як мы пазнаёміліся. 

— Як гэта было? 

— Я зарэгістравалася «УКантакце», і так выйшла, што ён першы, каго я дадала ў сябры — алгарытм падказаў, містыка нейкая. Пару месяцаў паперапісваліся, я яму першая напісала. Мы тады вучыліся на першым курсе, і ён, і я. Я ў Баранавічах, ён у Мінску. 

— Чым Ігар табе спадабаўся? 

— Ён вельмі адкрыты і вельмі добры. У мяне больш жорсткі характар, а ён добры і мяккі чалавек, і мяне гэтым зачапіў: характарам, абыходжаннем без рэзкасці, клапатлівы. Першае спатканне мы проста доўга-доўга гулялі па горадзе і шмат гаварылі, але я прыйшла дадому і зразумела, што яшчэ б гаварыла і гаварыла. Ігар на выходныя прыязджаў. Ён павучыўся да вясны і сказаў, што будзе забіраць дакументы і пераводзіцца ў Баранавічы, сказаў, што «вельмі мала выходных, вельмі мала цябе». Сказаў, што хоча бачыць мяне кожны дзень. І вось ён перавёўся, заязджаў кожны дзень, мы гулялі. Мы з розных, палярных раёнаў, а ён кожны дзень у любое надвор'е да мяне катаўся і апошнім аўтобусам вяртаўся. 

— А дачка ваша, ён вельмі яе любіць, яна доўгачаканая? 

— Дачка ў нас вельмі доўгачаканая. Ён вельмі рады быў, вельмі хацеў дачку. Калі была на першым УГД, мне сказалі, што будзе хлопчык.

«Паглядзіш, будзе дзяўчынка», — кажа Ігар.

«Ну што ты спрачаешся? Дактары сказалі ж, што хлопчык».

«Не, паглядзіш».

І другі раз на УГД дактары кажуць: мы памыліліся, будзе дзяўчынка. Які ён быў шчаслівы! Імя абраў Паўліна. Мы неяк доўга не абмяркоўвалі імя, мне ўжо нараджаць хутка, я кажу — ну можа, ужо неяк вырашым? Ён кажа: а я даўно прыдумаў, Паўліна будзе. 

— Які працоўны дзень эсэмэмшчыка, ён суткі за камп'ютарам? 

— Ён рабіў так, што быў час на мяне. Мог узяць адпачынак, сядзець з дачкой, калі я адыходжу. Не тое што сеў за комп і суткі сядзіць. 

— Ты бачыла, што ён піша? 

— Так. 

— Гэта не падавалася табе рызыкоўным? 

— У нейкім плане здавалася, але ўсё было ў рамках, няма там экстрэмізму ніякага. Які крымінал?

— А не было адчування, што з такой работай прыйдуць? 

— За такі перыяд да выбараў — не. Я разумею, што Ціханоўскага затрымалі ў маі, але Ціханоўскі збіраў пікеты, мой муж нічога не збіраў і ўдзелу ні ў чым не браў. 

— А як ты ўспрыняла яго галадоўку? Вы ж пачыналі разам. 

— Ён праз адваката сказаў, што падыходзіць час сканчэння ўтрымання пад вартай. Або ў суд, або змена меры стрымання. Ён казаў, што калі будзе новае абвінавачванне, то абвесціць галадоўку, бо робіцца несправядлівасць. І яму выставілі. Як я ўспрыняла? Я была гатовая. Але каб 40 дзён… Цяжка, яму становіцца горш. Я таксама абвяшчала, але вымушана была спыніць, бо я адзіны апякун дачкі. Пакуль ён сядзіць, мне намякнулі, што калі страчу прытомнасць, то сям'ёй зоймуцца сацыяльныя службы, таму я спынілася. А калі галадала, то мне не было вельмі цяжка — шэсць дзён жа ўсяго. Першыя два дні хацелася есці, а потым не. Хаця не магу сказаць, што шмат ем — не лезе, калі разумею, што ён галадае. Калі раз на дзень паем, то і добра. 

— Ён ведаў, што ты таксама пачнеш? 

— Канечне, ведаў, што я таксама буду гэта рабіць, калі ён рашыцца. 

— А як лісты ходзяць? 

— Увесь снежань — жудасна. Бо святочныя дні, у цэнзара шмат лістоў. Цяпер жа добра — за тыдзень пяць лістоў, ад 20 студзеня свежы ліст. 

— Што Ігар піша?

— Дзякуе, што прывезла спартовы касцюм. Маўляў, усё мые, але доўга сохне. Кажа, разумее, што ў турме, але тым не менш выглядаць трэба ахайна і адэкватна. Кажа, што стаміўся, цяжка столькі не бачыць сям'і. Глядзіць на перададзеныя фота дачкі любуецца, як яна падрастае. 

— Усе эмоцыі перадае ці нешта хавае? 

— Я думаю, ён хавае праўду аб сваім адчуванні. Піша, што ўсё нармальна. Але думаю, утойвае.

 

— Як думаеш, як ён пераносіць зняволенне, маральны стан?

— Цяжка. Не раз пісаў у лістах: калі ўжо нарэшце ў Беларусі пачнуць законы працаваць? Гэта ж бязмежжа, адкрытым тэкстам піша, што ненармальная сітуацыя. Кандыдатаў яшчэ не рэгістравалі, нічога не было, што ён мог арганізаваць, калі яшчэ нічога не адбывалася і не было ясна, па якім сцэнары пойдзе? 

— Пра што Ігар там думае? 

— Сказаў, што ў нас усё будзе лепш, чым было, спадзяецца, што яго адпусцяць у адпачынак, калі ён выйдзе, і мы паедзем у цёплую краіну, каб забыцца пра ўсё гэта. Ён глядзеў прагноз надвор'я, кажа, якое першае месца трапіць, туды і паедзем — выпала Палерма. Туды паедзем. 

— Як далёка зойдзе ў галадоўцы? 

— Я думаю, ён спыніцца. Рэзананс вялікі, людзі звярнулі ўвагу на праблему Ігара і не толькі. Відавочна, што на сваім прыкладзе ён прыцягвае ўвагу і да іншых ні за што пасаджаных людзей. Мы ж бачым, што палітычных зняволеных з кожным днём дадаецца, а не змяншаецца. 

— Чаго ён хоча дасягнуць? 

— Або зняцце абвінавачання, або змена меры стрымання. Гэта цяпер трэба зрабіць хаця б для таго, каб абследаваць чалавека. Я сумняваюся, што кваліфікацыі жодзінскіх дактароў хапае, каб ацаніць стан здароўя. Замер ціску, цукру і тэмпературы — гэта не дыягностыка.

фота «Белсата» 

фота «Белсата» 

— Калі Ігар спыніцца? 

— Я спадзяюся, што ў найбліжэйшы час. 

— Чаму ты так думаеш? 

— Я так хачу. 

— А калі не атрымаецца? 

— Будзем адгаворваць далей, кожная мая паездка ў Жодзіна як на Галгофу — дрыжыш і чакаеш, што скажуць нешта добрае. Адвакат ідзе да яго, а я або перадаю рэчы — фатаграфіі, сродкі гігіены, — або стаю ў найбліжэйшай краме і чакаю, пакуль выйдзе адвакат. Гэта гадзіны дзве ў сярэднім. Залежыць ад чаргі, наяўнасці свабодных кабінетаў. Бягу насустрач і пытаюся, як ён там, сам ідзе, не вядуць пад рукі? А мне ў адказ: ходзіць сам, але шчокі ўжо аблягаюць зубы, чорныя кругі пад вачыма. 

— Ты ведаеш, чым пагражае галадоўка? 

— Я прачытала, я ведаю. Я стараюся не думаць пра наступствы, не накручваць, каб не заганяць свой розум увогуле ўжо ў падвал нейкі. 

— Як ты сама перажываеш гэтыя часы? 

— Цяжка. Радуе толькі, што пішуць мне дзясяткі, сотні чалавек, радуе. Бацькі і мае, і яго стараюцца разгрузіць мяне. 

— А за гэты час стала лягчэй, цяжэй? 

— Цяжэй. Спачатку разумееш, што за кароткі час нічога не здарыцца. А цяпер — як выходзіць з галадоўкі? Столькі ж дзён… Гэта ж не проста паеў і ўсё. Трэба запускаць страўнік, кішэчнік.

— Да чаго ты рыхтуешся? 

— Я рыхтуюся, што Ігар спыніць галадоўку, што ўся міжнародная падтрымка неяк дапаможа. 

— Думаеш, гэта можа прымусіць Лукашэнку выпусціць Ігара? 

— Канечне, яны не скажуць «гэта невінаваты чалавек, даруйце, памыліліся», але меру стрымання трэба мяняць. 

— Якія табе сны сняцца? 

— Сніцца Ігар. Снілася, што яго выпусцілі і мы паехалі кудысьці. І бацькам нашым сніцца тое ж самае. Жахаў не снілася, толькі пазітыўныя сны. 

— Што цяпер уяўляе сабой твой побыт? 

— З дачкой. Або катаюся да Ігара. Пішу лісты, афармляю яму месячныя падпіскі — 18 выданняў. Усе скончыліся газеты нармальныя. Забаўляльныя, кажа, хоць выпішы, выпішы «СБ» — пачытаю, пасмяюся. Ён газету як забаўляльна-сатырычную ўспрымае, а не інфармацыйную.

— Ніяк не забываешся? 

— У Мінску ёсць сяброўка, можам пайсці кавы папіць. Хаця што я тут кажу, мы за 7 месяцаў бачыліся два разы. 

— А як рэагуеш на паскудствы, якія пішуць пра Ігара і цябе ў праўладных тэлеграм-каналах? 

— Ды я не чытаю. Яны да мяне даходзяць толькі ў такім выглядзе, што нехта, хто спачувае, мне перашле скрыншот з брутальным каментам, маўляў, не бяры да сэрца. Так я ўбачыла, што напісалі, што ён малюе рагатага лося, бо, маўляў, здагадваецца аб паходжаннях адзінокай жонкі. Але ён жа Лосік, таму малюе лася. Гэтае брыдоцце яны пішуць ад безвыходнасці, ім няма за што кусаць, за намі праўда і будучыня. Няма ў іхняй творчасці нічога разумнага і прыстойнага, а тое, дзе гэтага няма, ніякай увагі не заслугоўвае. 

— Што цяпер для Ігара важнае ў жыцці? 

— Мая падтрымка і максімальная агалоска. Яму шмат пішуць, учора прынеслі 100 лістоў адразу.

— Як дачка гэта ўсё перажывае? 

— Такі стрэс быў, усё ў яе на вачах. Паказвала на мужчын на вуліцы, калі гуляем — «дзядзі». Цяпер паказвае на цацачны самалёт — «тата ўляцеў». Я ж не магу ёй сказаць, яна не зразумее, што такое турма, яна сумуе. 

— Табе не хочацца плакаць, калі расказваеш? 

— Першыя тры месяцы я гэта і рабіла. Цяпер не. Цяпер я пра гэта расказваю спакойна, без слёз. На жаль, пачынаеш спакайней казаць пра гэта. 

— Ставіш сябе на яго месца? 

— Пару разоў. Я ўяўляла сябе ў турме, што б я там рабіла і чым бы займалася. Думала б пра блізкіх, сумавала, чытала лісты. Калі я стаўлю сябе на яго месца, разумею, як яму не хапае дачкі, сям'і. 

— Ці нейкія пазітыўныя моманты ў гэтым кашмары ты бачыш? 

— Якія там плюсы… Калі ўжо так паставіць пытанне, то можна знайсці — мы зразумелі, што чаго каштуе, якія пытанні важныя ў жыцці і побыце, а якія не.

— За гэты час новыя сябры з'явіліся? Можа, старыя зніклі? 

— Як у яго, не ведаю. Што тычыцца мяне, я да дэкрэта працавала эканамістам ў баранавіцкай паліклініцы, за 5 год я сваіх калег палічыла сябрамі. На жаль, гэта не апраўдалася. Калі затрымалі Ігара, цягам 5 месяцаў ніякіх рухаў з іх боку не было, ніякай падтрымкі. Я не кажу пра грошы, але маглі б праявіць клопат, спытаць, ці трэба мне хоць якая медыцынская дапамога, не ведаю, ну хоць што. Толькі пазванілі перад Новым годам — прыйдзі забяры падарункі ад прафсаюза. Не, пакіньце іх сабе, падзяліце між сабой. Да затрымання мне маглі напісаць — як справы, прыходзь у госці, як там у цябе дачка расце? А потым як абсекла. 

— А новыя сябры з'явіліся? 

— Так! Людзі пішуць, ты пачынаеш кантактаваць, кожны дзень цікавяцца. «Адпачні, прыязджай да нас у госці». 

— Ездзіла? 

— Не, яшчэ не ездзіла. 

— А што прымала з падарункаў? 

— Дарылі цацак шмат на дзень нараджэння дачкі, на Новы год, пакеты прадуктаў, фруктаў — не магла да дому дацягнуць. 

— Што цяпер падымае табе настрой? 

— Салідарнасць людзей. Вось там людзі выйшлі ў падтрымку, там за мяжой недзе імя прагучала. Але, канечне, мне падыме настрой, калі Ігар спыніць галадоўку. 

— Як думаеш, калі скончацца рэпрэсіі?

— Ды што пра гэта думаць і загадваць. У маёй сітуацыі не да аналізу. Калі ўлада памяняецца — самы відавочны адказ. У гэтай такі стыль, яны толькі гэта ўмеюць. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?