«1500 заяваў аб банкруцтве за паўгода — гэта рэкорд апошніх год». Што ўлады прапаноўваюць рабіць з банкрутамі і ці дапаможа гэта?
Лукашэнка падчас нарады з міністрамі падняў пытанні банкруцтва і прапанаваў «не перагружаць суды неўласцівымі пытаннямі», а перадаваць іх у выканкамы. Між тым статыстыка сігналізуе: бягучы год можа стаць рэкордным па колькасці банкруцтваў.
Год таму, калі законапраект «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці» ўпершыню патрапіў Лукашэнку, ён даручыў ураду «змяніць ідэалогію гэтага дакумента»: сысці ад банкруцтва да рэабілітацыі праблемных прадпрыемстваў. Сама канцэпцыя таксама змянілася: акцэнт зрабілі на абароне ад шокаў з-за неспрыяльных знешніх фактараў.
«Пры гэтым хачу сказаць, што пераадоленне гэтых шокавых бар'ераў — найперш клопат працоўных калектываў і кіраўнікоў гэтых працоўных калектываў. Каардынуючая роль у пытаннях фінансавага аздараўлення канчаткова засяродзіцца ва ўрадзе, галіновых органах улады і выканкамах», — адзначыў ён і дадаў, што «суды павінны стаць апошняй інстанцыяй разгляду банкруцтваў, куды будзе даходзіць толькі малая колькасць такіх спраў».
Міністр эканомікі: трэба не дапусціць банкруцтваў у прынцыпе
Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што закон павінен быць дапрацаваны за самы кароткі час. Ён акрэсліў галоўную мэту — зрабіць так, каб прадпрыемствы не банкрутавалі ў прынцыпе.
Па яго словах, важна не дапускаць сітуацыі, калі прадпрыемства пяройдзе да працэдуры судовых разбіральніцтваў. У прыярытэце — дасудовае аздараўленне, каб прадпрыемствы агулам не распачыналі працэдуру банкруцтва. Ён лічыць, што ў гэтай сітуацыі вялікая роля належыць працы камісіяў па фінансавым аздараўленні. Пры гэтым Чарвякоў дадаў, што гаворка не толькі пра дзяржаўны, але і пра прыватны сектар.
«Калі патрэбна дапамога, уласнік прыватнага прадпрыемства можа звярнуцца ў камісію, каб яму дапамаглі разабрацца з праблемамі, якія ёсць на прадпрыемстве і вырашэнне якіх залежыць ад мясцовых органаў улады або рэспубліканскіх органаў кіравання, — лічыць ён. — Мы не робім розніцы паміж прыватным і дзяржаўным прадпрыемствамі. Трэба, каб усе прадпрыемствы мелі фінансавы стан, які б дазваляў ім эфектыўна працаваць. У кожным выпадку будзе свой план фінансавага аздараўлення».
Антыкрызісны кіраўнік: Можа, вырашылі, што ніякіх судовых справаў не будзе
Антыкрызісны кіраўнік Сяргей Пінчук тлумачыць: законапраект, які абмяркоўвалі на нарадзе Лукашэнкі, распрацоўваюць з сярэдзіны 2015 года. І зноў адправілі на дапрацоўку. Якія дакладна змены ў ім будуць, пакуль невядома.
«Каментары, што мы пабачылі ў СМІ, пададзеныя без экспертнай ацэнкі, яны, мабыць, не вельмі дакладныя. У тым праекце закона «Аб банкруцтве», які 17 жніўня насілі на даклад, насамрэч павялічаныя функцыі камісій па недапушчэнні банкруцтва (пры мясцовых выканкамах), — кажа суразмоўца. — Але ў гэтым праекце закона, зразумела, ні слова пра тое, што працэдура банкруцтва павінна выйсці з-пад кантролю эканамічнага суда ці ўвогуле суд адыдзе на нейкі іншы план: усе застаюцца на сваіх месцах».
Па яго словах, закон замацоўвае існаванне камісій пры выканкамах (а яны існуюць больш за 20 гадоў), іх функцыі і паўнамоцтвы.
«У праекце закона зменшаныя асобныя функцыі, якія сёння належаць эканамічнаму суду. Але гэта тэхнічныя функцыі, непрынцыповыя: завядзенне справы аб банкруцтве, прыняцце рашэння аб прызнанні юрыдычнай асобы ці ІП банкрутам і гэтак далей, — адзначае ён. — У існай практыцы эканамічны суд павінен умешвацца ў вялікую колькасць тэхнічных пытанняў. Менавіта яны і выведзеныя з-пад яго кантролю, і перададзеныя агульнаму сходу крэдытораў прадпрыемства-банкрута. І менавіта такім чынам збіраюцца зніжаць нагрузку на суд. А не тое, што мы памылкова ацэньваем, як перакваліфікацыю банкрутных спраў з судовых у адміністратыўныя».
Праўда, Сяргей Пінчук, падкрэслівае: невядома, што стала з законапраектам пасля абмеркавання.
«Можа быць вырашана, што ніякіх судовых справаў не будзе, — адзначае ён. — Міністр эканомік кажа: мэта — недапусціць узнікнення банкруцтваў у краіне. Няважна, дзяржаўныя гэта прадпрыемствы ці прыватныя. Мы хочам напісаць такі закон, які ўвогуле будзе так спрыяць развіццю любога прадпрыемства, што яно ў прынцыпе не збанкрутуецца. Тут можна толькі пажадаць поспехаў міністру эканомікі. Таму што яшчэ ні ў адной краіне свету за тысячы гадоў існавання цывілізацыі ніхто не дабіўся гэтай мэты».
«МАЗ атрымаў прыбытак 0,1%. Якіх паўнамоцтваў не хапае ўладам, каб зрабіць яго прыбытковым?»
Па словах Сяргея Пінчука, сітуацыя з банкруцтвамі ў краіне складаная.
«За першае паўгоддзе бягучага года распачалі 1500 справаў па банкруцтве. Такога не было апошнія пяць гадоў. Ёсць тэндэнцыя да росту. Для прыкладу, у мінулым годзе было заведзена каля 2000 справаў аб банкруцтве, а цяпер 1500 за паўгода. І гэта нягледзячы на тое, што прымяняюцца, скажам так, адміністрацыйныя меры стрымлівання. Суды вяртаюць шмат заяваў аб банкруцтве. Па фармальных прычынах: там дакумент не прыклалі, там не прадставілі штосьці, не так склалі і гэтак далей».
Эксперт адзначае, ідэя перадаць банкрутаў у выканкамы існуе ўжо больш за 17 гадоў.
«То-бок да дзяржаўнага прадпрыемства, першы чым адправіць яго ў эканамічны суд з заявай аб банкруцтве, будуць прынятыя ўсе магчымыя меры падтрымкі. Таму тое, што мы сёння бачым рост працэдур банкруцтваў дзяржпрадпрыемстваў, кажа: усе тыя меры падтрымкі выкарыстаныя і выніку не далі, — гаворыць Пінчук. — Хоць спектр інструментаў велізарны: даць ільготы па кошце энергарэсурсаў і падатках на нерухомасць і зямлю, абавязаць купляць прадукцыю прадпрыемства, устанаўліваць спецыяльныя кошты на сыравіну, гарантаваць банкам зварот працэнтаў (дзяржава іх часта і сплочвала) альбо спісваць іх».
«Вазьміце статыстыку МАЗа. Аказваецца, што МАЗ у 2020-м годзе атрымаў прыбытак у памеры 0,1% ад выручкі. То-бок гэта велізарная махіна з 15 тысячамі супрацоўнікаў спрацавала так, што кожны з гэтых людзей па выніках года зарабіў заводу груба па 10 рублёў, — кажа ён. — Якіх паўнамоцтваў выканкаму ці ўраду не хапае, каб зрабіць гэтае прадпрыемства па-сапраўднаму прыбытковым? Механізмаў шмат, і яны могуць выкарстоўвацца, але да тых часоў, пакуль на гэта ёсць грошы. Калі грошай не хапае, кагосьці з-пад датацый вызваляюць. І вось далей будзе ўсё аналагічна: кагосьці будуць падтрымліваць да апошняга, а камусьці не хопіць рэсурсаў».
Для тых, у каго не хопіць рэсурсаў, самы просты механізм, па словах Пінчука, перастаць называць працэдуру банкруцтвам.
«Напэўна, у новым законе можна будзе напісаць, што працэдуры банкруцтва няма і назваць яе па-іншаму. Вывядзем эканамічны суд у прынцыпе з гэтай усёй працэдуры. Перададзім старшыні выканкаму ці камісіі правы на завядзенне справы, аналіз, кантроль, прызначэнне антыкрызіснага кіраўніка і гэтак далей, — разважае эксперт. — Альбо самы просты механізм — увесці бар'еры на падачу заявы аб банкруцтве ў эканамічны суд. Адразу можна прадугледзець 10 такіх умоваў, каб ні адну з іх немагчыма было выканаць. Суды не будуць заводзіць 1500 справаў за паўгода, яны ўвогуле перастануць іх заводзіць. І ўсё будзе па законе. Па новым, больш дасканалым».
Каментары