Грамадства77

Былая палітзняволеная Ганна Курыс: Я плакала, бо мне не далі ні з кім па-людску развітацца

22 снежня ў Вільні прайшла прэс-канферэнцыя з вывезенымі з Беларусі палітвязнямі. У ёй узялі ўдзел сем мужчын і адна дзяўчына — Ганна Курыс. Ёй далі два гады калоніі паводле чатырох палітычных артыкулаў.

Сама Ганна кажа, што апынулася за кратамі «за тое, што вайну назвала вайной», а сваё вызваленне ўспамінае як начны пад’ём, кайданкі і дарогу ў невядомасць — без магчымасці развітацца, паведамляе «Белсат».

— Ганна, раскажыце крыху пра сябе.

— Мне 23 гады, я з Баранавічаў. Вучылася ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «выкладанне сучасных замежных моў» — павінна была стаць выкладчыцай англійскай. 

— На якім вы былі курсе, калі вас забралі?

— На трэцім.

— Вас судзілі паводле чатырох артыкулаў. Па якіх?

— Арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), арт. 368 (абраза Аляксандра Лукашэнкі), арт. 130 (распальванне варожасці) і арт. 369‑1 (дыскрэдытацыя Беларусі). 9 снежня 2024 года мне вынеслі прысуд — два гады.

— Як вас затрымалі?

— Усё пачалося з адміністрацыйнага арышту. Да мяне прыехалі проста дадому людзі ў цывільным з міліцыі, і сказалі, што я павінна адправіцца з імі ў ГУУС «літаральна на пару слоў». Я была сонная, наогул не магла зразумець — хто гэтыя людзі, чаму я павінна ехаць у міліцыю і гэтак далей.

У міліцыі ў мяне забралі тэлефон, знайшлі нейкую выяву, сказалі, што гэта адміністрацыйны артыкул і пасадзілі ў штрафны ізалятар. Потым быў суд, мне далі 10 дзён арышту.

Але паколькі яны ў мяне забралі тэлефон, то ў гэтым тэлефоне яны ўжо знайшлі ўсё, што хацелі — на ўсе мае чатыры крымінальныя артыкулы. Зайшлі ў мой архіў гісторыі ў Instagram. То-бок усе мае «экстрэмісцкія матэрыялы» былі не ў адкрытым доступе на старонцы, але былі ў архіве.

У прынцыпе можна сказаць, што я села за тое, што вайну назвала вайной.

— Як праходзіў працэс вашага «вызвалення»?

— Да мяне прыйшлі апоўначы. Я спакойна спала, пачула, нешта нехта шуміць у нашай секцыі. Расплюшчваю вочы, бачу нашага аператыўнага куратара і яшчэ аднаго супрацоўніка калоніі. Ён свеціць мне ліхтарыкам у твар і на маю бірку на ложку. Потым кажа: «Збірайся, ідзеш дадому». Я думаю: што? Што адбываецца наогул? Ён кажа: «Гэта не жарт, збірай усе рэчы і выходзь у калідор».

Я ўстаю, мяне проста трасе, я проста не веру ў тое, што адбываецца. Разам са мной былі яшчэ дзве жанчыны, нас адвялі ў каранціннае памяшканне. Забралі ў нас форменнае адзенне, нагрудныя біркі парэзалі і выкінулі. Раніцай прыйшоў намеснік начальніка па аператыўнай працы. Ён сказаў, што нас, хутчэй за ўсё, вывезуць. І дадаў: «Калі прыедзеце, на вас накінуць гэтыя БЧБ-шныя анучы. Не паддавайцеся. Зрабіце правільны выбар».

Потым нас закавалі ў кайданкі, пасадзілі ў аўтобус і мы проста паехалі ў невядомасць.

Па дарозе я плакала, чым здзіўляла суправаджальнікаў — цябе ж вызваляюць, што ты равеш? Але я плакала, бо мне не далі ні з кім па-людску развітацца.

Прывезлі на нейкую пустку, знялі кайданкі, потым папрасілі выцягнуць рукі і проста заматалі іх скотчам. Шчыра кажучы, мільганула думка, што мяне проста расстраляюць тут і ўсё. Але нас перасадзілі ў іншы аўтобус.

— Калі вы даведаліся, што вас вязуць менавіта ва Украіну?

— Калі ўбачылі таблічку «Сардэчна запрашаем ва Украіну».

— Вы некалькі дзён правялі ў Чарнігаве. Як гэта — быць у краіне, дзе ідзе вайна?

— Я адчула пацвярджэнне таго, што сяджу за праўду. За тое, што назвала вайну вайной. І самае дзіўнае — у краіне, дзе ідзе вайна, я адчувала сябе ў большай бяспецы, чым у краіне з «мірным небам».

Там было чалавечае стаўленне, падтрымка. Гэта былі вельмі дзіўныя адчуванні.

Нас «вызвалілі» 13 снежня, а 15‑га ў мяне быў дзень нараджэння. І валанцёры паднеслі мне торт. Гэта было нечакана і вельмі прыемна. Агулам стаўленне да нас было вельмі добрым.

— Раскажыце пра калонію. Якія там умовы?

— Пра гэта можна распавядаць гадзінамі. У 13‑м атрадзе, дзе была я, былі добрыя бытавыя ўмовы — кухня, сантэхніка, душавыя. У іншых атрадах часта нават прыбіральняў нармальных няма — проста дзірка ў падлозе. У 21‑м стагоддзі — проста дзірка ў падлозе. Што тычыцца стаўлення з боку адміністрацыі, яно было розным. Некаторыя стараліся паводзіць сябе нейтральна, але былі і тыя, хто падкусваў пастаянна — маладая, дарэвалюцыянерылася?

— Як складваліся адносіны з іншымі зняволенымі?

— У атрадзе ў нас была строгая начальніца, таму атмасфера была спакойная. Але, вядома, вельмі шмат палітвязняў — Каця Андрэева, Лена Маліноўская і іншыя.

— Калі параўноўваць ІЧУ, СІЗА і калонію, дзе давялося цяжэй за ўсё?

— Напэўна, у СІЗА — я была і ў берасцейскім, і ў баранавіцкім. У берасцейскім практычна адсутнічала меддапамога, і мне з маімі праблемамі са здароўем было цяжка, але некаторым было яшчэ горш. Дзяўчына з пазаматачнай цяжарнасцю ледзь не сышла крывёй, ёй не аказвалі медычную дапамогу і адмаўляліся выклікаць хуткую.

Але наогул, кожнае з месцаў зняволення — гэта маленькі філіял пекла. Напрыклад, у ІЧУ ў Баранавічах, дзе я адбывала «суткі», я спала ў лёгкім камбінезоне на падлозе. Вельмі холадна, батарэі не грэюць, вады гарачай няма. Перадачу з цёплым адзеннем не перадалі. На дзясяты дзень мне стала дрэнна, я стала задыхацца, мяне забралі на хуткай у лякарню. А потым прывезлі назад, дабываць некалькі гадзін арышту.

У калоніі жудасныя ўмовы на фабрыцы.

— Цяпер вы ў Вільні. Дзе вы жывяце?

— Мне знялі жыллё ў калівінгу. Уяўляеце, я жыву адна. Пасля паўтара года, праведзенага ў зняволенні, калі ты пастаянна побач з кімсьці, гэта зноў жа вельмі дзіўныя адчуванні.

— Хто ў вас застаўся ў Беларусі?

— У мяне складаная сітуацыя напраўду, таму што ў мяне ёсць і мама, і тата, і брат малодшы, бабуля. Але камунікую я толькі з братам і з татам. Таму што мама ў мяне… не ведаю, яна вельмі баіцца, напэўна, наогул усёй гэтай сітуацыі. Яна мяне пераконвае, што трэба тэрмінова вяртацца ў Беларусь.

— Плануеце?

— У гэтую Беларусь — дакладна не. За некалькі дзён да майго «вызвалення» я размаўляла з іншай зняволенай — казала ёй, што вызвалюся і буду наладжваць сваё жыццё ў Беларусі — бо нікога ў мяне за мяжой няма. Але раз яны вырашылі за мяне — значыць, гэта знак.

— Якія планы на найбліжэйшую будучыню?

— Чакаю прыезду таты. Вельмі далёка баюся зазіраць. У мяне няма адукацыі, няма працы, ды і агулам нічога няма. Але і там у мяне нічога няма.

— Ці ёсць адчуванне эйфарыі ад свабоды?

— Яе таксама няма. Хоць гэта выдатна — быць у краіне, дзе можна адчуваць сябе свабоднай. І не баяцца.

Каментары7

  • Беларус
    23.12.2025
    — Я адчула пацвярджэнне таго, што сяджу за праўду. За тое, што назвала вайну вайной. І самае дзіўнае — у краіне, дзе ідзе вайна, я адчувала сябе ў большай бяспецы, чым у краіне з «мірным небам».
  • Ян
    23.12.2025
    НН, часцей пішыце пра такіх беларусаў і беларусак, якая ў 21 год змагла назваць вайну вайной. А некаторыя банкіры, да гэтуль не могуць назваць акупацыю і анэксію Крыма, асудзіць вайну і агрэсію рф, бо ім жа “патрэбен час”.
  • Aleś Antanovič
    23.12.2025
    Ганне — рэспект!
    Паважанай рэдакцыі „НН“: арт. 130 — Распальванне варожасці або разладу (дапушчальна таксама розні, але не „калатнечы“).
    Дзеля папулярызацыі Мовы і пашырэння слоўнікавага запасу словы „калатня“, „калатнеча“ — шыкоўны і патрэбны ход, але ў юрыдычным сэнсе гэтыя словы не падыходзяць для цытавання нарматыўных актаў.[Рэд. — Дзякуй, выправiлi]

    [Зрэдагавана]

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро15

19 студзеня будзе сіні панядзелак. Што гэта такое?8

Манах Юравіцкага манастыра памёр у 37 гадоў3

У Крупках продажы семак б’юць рэкорды. Але хто аб’ядае мясцовыя крамы?4

Яшчэ шэсць немаўлят з радзільні ў Новакузнецку, дзе памерлі дзевяць дзяцей, знаходзяцца ў рэанімацыі

Сёння ноччу было да мінус 30°С2

Спявачка Лера Яскевіч падзялілася болем: «Магчыма, я не змагу выпускаць песні пад сваім імем». Што здарылася?4

У Гомелі электрык учыніў восем замыканняў у чужой кватэры і спаліў тэхніку9

Гродзенка паказала распакоўку з крамы: грошы аддала, а ежы амаль няма9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць