Меркаванні

«Хер яны чым беларусаў возьмуць!» Вядомыя асобы згадваюць Станіслава Шушкевіча

У ноч на 4 мая ў Мінску памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі, 87-гадовы Станіслаў Шушкевіч. Сабралі ўспаміны пра чалавека, які ўвайшоў у гісторыю.

Станіслаў Шушкевіч на перапахаванні Кастуся Каліноўскага. Вільня, 2019 год

Фізік Тамара Мацкевіч згадвае невядомыя шырокаму колу факты пра Шушкевіча-прафесара

«Пасля аварыі на ЧАЭС Шушык (так мы яго любоўна называлі на фізфаку [БДУ]) адмяніў ўсе лабы на кафедры ядзернай фізікі, якой ён тады загадваў, разагнаў студэнтаў па дамах, загадаў памыць абутак, набыць скрыню малдаўскага «Кабернэ», пачак антыструміну і не выходзіць на вуліцу да абароны дыплома (мы былі на 5-м курсе). Праўда, мы выканалі толькі тую частку, якая пра кабернэ.

Сам жа арганізаваў у лабараторыі пункт прыёму насельніцтва, каб людзі маглі праверыць на радыяцыю прадукты, асабліва прывезеныя з забруджаных раёнаў. Даў пра гэта абвестку ў «Вячэрні Мінск». З-за гэтага ў яго пачаліся праблемы з кіраўніцтвам краіны, якія (хутчэй за ўсё) і прывялі яго ў палітыку.

Шушкевіч — узор прафесара. Ён умеў да кожнага студэнта ставіцца, як да роўнага.

Таму карыстаўся бязмежнай павагай. Ён умеў без словаў, без жэстаў, проста праз гумар перадаваць нам не толькі веды, але і каштоўнасці. Таму на фізфаку была каштоўная кожная асоба, інтэлект, а не тое, хто чый сын ці колькі ў каго грошай ці блату, ці дзе ягоная кватэра. Аднойчы, калі студэнты паказвалі яму капуснік (тады трэба было праходзіць цэнзуру), ён да слёз смяяўся над вострымі антысавецкімі жартамі, хваліў нас, а потым, выцершы слёзы, казаў: «Ну, мо гэтага не трэба». І мы разумелі — ТРЭБА!»

Беларускі палітык, дэпутат Вярхоўнага савета СССР 12-га склікання Віктар Карнеенка расказвае пра пачатак палітычнай кар'еры Шушкевіча:

«Так атрымалася, што на першым з'ездзе народных дэпутатаў СССР нашы крэслы былі побач. Пазнаёміліся і аказаліся аднадумцамі па ўсіх прынцыповых пытаннях. А вакол нас сядзелі дэпутаты, сакратары абкамаў КПСС.

Маючы ў суседзях Станіслава Станіслававіча, значна лягчэй было трымаць сваю лінію.

Напрыклад, калі відавочная большасць дэпутатаў падскочыла, каб асудзіць дэпутата Сахарава. Добрае знаёмства прайшло праз усё астатняе жыццё. Дзверы для мяне ніколі не былі зачыненымі як у самым высокім кабінеце, так і ў кватэры Станіслава Станіслававіча і Ірыны Кузьмінічны. Вельмі ўдзячны Станіславу Станіслававічу за палітычныя і жыццёвыя ўрокі».

Пісьменніца Святлана Курс піша з цеплынёй пра сціплае паліто палітыка: 

«Даўным-даўно, абвешаная дзіцем і клункамі, я стаяла ў сваім купэ і чакала, пакуль іншыя пасажыры пройдуць і дадуць выйсці і мне. Міма ішлі розныя прадстаўнікі апазіцыі, і толькі Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч спыніўся, прапусціў, прапанаваў дапамогу. Ён быў вялікі чалавек і такім застанецца.

Памятаю яго з Клінтанам у Курапатах. Мілы, просты, годны, невысочанькі, непафасны, у сваім прафесарскім палітэчку. Арыстакрат. Помнік яму няхай стаіць на галоўным пляцы сталіцы, але не на пастаменце і ў чалавечы рост. Каб быў сувымерны, чалавек сярод людзей». 

Пісьменнік Уладзімір Някляеў называе Шушкевіча знакам Беларусі:

«Шушкевіч — знак Беларусі. Не нейкага аскепка «саюзнай дзяржавы» без сваёй мовы, культуры, гісторыі, а менавіта БЕЛАРУСІ. Той краіны, за якую ён змагаўся, а нам яшчэ змагацца. 

Ён адзін з нашых нацыянальных сімвалаў, якія паўсталі на скрыжаванні стагоддзяў. Можна казаць пра слабасці, што ў ім выяўляліся, але прычына іх не адно ў ягоных асабістых якасцях — гэта слабасці нашай нацыянальнай свядомасці, слабасць нашай нацыянальнай сілы. І Шушкевіч сімвал яшчэ і праз гэта. 

Так, ён не быў самым моцным палітыкам. Але ва ўсёй беларускай палітыцы — слабой і моцнай — ён быў самым прыстойным чалавекам. І зрабіў для Беларусі столькі, колькі здолеў зрабіць, не заплямваючы сумленне.

Да аднаго з ягоных юбілеў (не помню, да якога, Бог адмераў яму век не на адзін юбілей) я напісаў верш «Вясёлы Бог». Ён прачытаў і сказаў, усміхнуўшыся (у яго ўсё добра з гумарам было): «Такія вершы найлепей чытаюцца па сыходзе лірычнага героя…». Ну, вось… Я любіў яго — і мне шкада да слёз…»

ВЯСЁЛЫ БОГ

Станiславу Шушкевiчу

Сярод асколкаў, друзу, камянёў

Траве б не ўстаць без моцы каранёў,

А каранi б углыб не прараслi

Не ўзяўшы сiлы ў мацеркi-зямлi.

Iдылii няма нi ў чым, нiдзе:

Сякуць маланкi па сляпой вадзе,

Лютуюць смерчы, зеўрацца вiры, —

А дзесь на самым версе, на гары

Вясёлы Бог сам для сябе жыве,

Увесь у белым ходзiць па траве…

Нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская напісала ў тэлеграме наступнае:

«Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам нейтралітэта Беларусі. Гэта пры ім Беларусь добраахвотна і без аніякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі, якая заставалася на тэрыторыі краіны. Ён застаў вайну і памятаў, што гэта такое — таму рабіў усё, каб яна не паўтарылася.

Падчас Другой сусветнай вайны Станіслаў Шушкевіч з маці і бацькам жыў у акупаваным нацыстамі Мінску. У яго доме тры гады хаваўся габрэйскі хлопчык, але ніводзін беларус не данёс, хаця за неданясенне нацысты забівалі людзей. Станіслаў Станіслававіч казаў, што «гэты час успамінае як адзін з самых лепшых, калі людзі згуртаваліся і аб'ядналіся адной ідэяй — дажыць да лепшага жыцця».

Цяпер беларусы зноў згуртаваліся і аб’ядналіся адной ідэяй. І калі скончыцца акупацыя Беларусі, калі мір, закон і суверэнітэт вернуцца ў Беларусь, у беларускіх гарадах абавязкова з’явяцца вуліцы і помнікі Станіславу Шушкевічу — чалавеку, чый шлях да вольнай, мірнай і незалежнай Беларусі мы працягваем дзень за днём»

 

Журналіст Аляксандр Арсёнаў разважае:

«Думаю, шанцаў перамагчы напорыстага савецкага папуліста было мала, нават калі б (фантастычны варыянт) супраць Лукашэнкі пайшлі адзіным фронтам Шушкевіч на чале, за ім Пазняк і нават Кебіч, ды хоць Мулявін на бэк-вакале. І калі б такое нейкім цудам здарылася, наўрад ці Шушкевіч быў бы дастаткова паспяховы, каб перамагчы на выбарах на другі тэрмін. Сумняваюся, што была б магчымасць і воля правесці хуткія і эфектыўныя рэформы, каб усім адразу расхацелася назад у Савок. Вунь жа ж у Вярхоўны савет у 1995-м панавыбіралі камуністаў і аграрыяў. І расійскі крызіс-1998 усё роўна б зачапіў Беларусь, у выніку беларусы б вінавацілі сваю ўладу. Толькі не за недастаткова рашучыя рэформы, а за «заводы не сохранили».

Але Шушкевіч дакладна б не перапісваў Канстытуцыю на царскія паўнамоцтвы, не прызначаў бы замест парламента палатку».

 

Яшчэ адзін журналіст, Міхась Янчук прыгадвае гумар Шушкевіча

«Амаль дзесяць год таму атрымалася так, што мне спатрэбіўся каментарый Шушкевіча для «Белсата» на актуальную тэму акурат у ягоны дзень нараджэння ўзімку. Ну і тэлефаную з раніцы. Ён кажа — на вуліцу не пайду, але дахаты — пад'язджай.

Каля абеду заходжу з нейкім невялічкім шакаладным падарункам — а там ужо душэўна, найбліжэйшыя сябры. А я тут вазьмі — ды ляпні — вось жа заразы — акурат на Ваш дзень нараджэння абвясцілі па Мінску дзень цвярозасці! Шушкевіч паглядзеў на мяне літасціва, узяў за руку і пацягнуў на гаўбец. Адчыніў вялікія дзве дзверкі шафкі на бакавой сцяне — а там цэлыя шэрагі ўсяго, што толькі можна сабе ўявіць — рознага смачнага. «Дзень цвярозасці, кажаш, абвясцілі? Хай хоць месячнік абвесцяць. Хер яны чым беларусаў возьмуць!» — сказаў.

Так атрымалася, што пасля гэтага запісу я да яго ў кватэру ўжо не трапляў — але гэтыя словы — «Хер яны чым беларусаў возьмуць!» — цяпер заўсёды са мною. Валадарства Нябеснае, спадар Станіслаў».

 

«Ëн вярнуў беларускую мову ў палітычнае жыццё»

Гісторык Алег Трусаў адзначае«Ëн вярнуў беларускую мову ў палітычнае жыццё нашай краіны. Яго імя назаўсёды ўвайшло ў нашу гісторыю».

«Танец маленькіх лебедзяў»

Філолаг Сяргей Шупа згадвае «простую і сімпатычную гісторыю» пра Станіслава Станіслававіча:

«2008 год, Вільня, канферэнцыя інтэлектуалаў Усходняй Еўропы і Каўказа «Савецкая культура: няўдалы праект савецкай мадэрнасці?»

Дыскусія ў прэзідэнцкім палацы, інтэлектуальная напружанасць зашкальвае, выдатныя асобы, іскрыстыя прамовы. Раптам на ўсю інтымную залу пачынае граць рынгтон «Танец маленькіх лебедзяў», грае і грае, гучна, і не спыняецца. Інтэлекты сціхлі, усе паварочваюцца да крыніцы гуку: Станіслаў Станіслававіч у роспачы рыецца ў сваім партфелі і ніяк не можа знайсці кляты смартфон.

І нікога неяк гэтае парушэнне інтэлектуальнай аўдыяпрасторы не раззлавала і не раздражніла. Камбінацыя белавежскага зубра і гэтай камічнай мелодыі выклікала ва ўсіх прыязную ўсмешку. Вінаваты так і не справіўся з тэхналогіяй, папрасіў прабачэння і ўцёк у фае».

Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак:

«Станіслаў Шушкевіч стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі, але не стаў першым абраным прэзідэнтам. Пасля яго шмат крытыкавалі за тое, што не склаў саюз з Пазняком, вінавацілі ў тым, што менавіта пры ім узышла дыктатарская зорка Лукашэнкі. Аднак гісторыя не трывае ўмоўнага ладу. Як было б, калі б палітычныя эліты нашай краіны своечасова разгледзелі небяспеку дыктатуры, мы не ведаем. Мы бачым і ведаем, як ёсць сёння».

Выказалі спачуванні сям'і Шушкевічаў і замежныя палітыкі. Вось толькі некаторыя з іх.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце напісала наступнае:

«Засмучаная сыходам Стася Шушкевіча, першага і пакуль адзінага кіраўніка незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Яго подпіс пад дэкларацыяй пра роспуск Савецкага Саюза застанецца ў гісторыі, памяць пра яго — у нашых сэрцах. Спачуванні сям'і і #FreeBelarus».

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс:

«Мае глыбокія-глыбокія спачуванні беларускаму народу, сям'і і сябрам Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка дзяржавы Беларусі. Мы ў Латвіі захоўваем яго спадчыну стварэння незалежнай Беларусі і разбурэння імперыі зла — Савецкага Саюза».

 

Журналіст Віталь Цыганкоў: Лукашэнка ненавідзеў Шушкевіча за тое, што той ва ўсім быў яму антыподам

Першае вялікае інтэрв'ю (а не кароткі каментарый па нейкай падзеі) я браў у Шушкевіча ў 1992 годзе, калі ён быў старшынём Вярхоўнага савета, першай асобай дзяржавы. Для размовы мяне запрасілі на 7.30 у ягоны працоўны кабінет у Доме ураду. А забраць гатовае, вычытанае інтэрв'ю мяне паклікалі да Шушкевіча дадому, у ягоную кватэру па вуліцы Дразда, каля Стэлы.

Перад уваходам у кватэру дзевяціпавярховіка, у калідоры ў пад’ездзе, сядзеў адзін кадэбэшнік — так у той момант выглядала ахова дэ-факта кіраўніка дзяржавы.

Ведаеце, я лічу, што Лукашэнка ненавідзеў Шушкевіча не толькі і не столькі з-за палітычнай пазіцыі. Лукашэнка ненавідзеў Шушкевіча за тое, што той ва ўсім быў яму антыподам.

Адукаваны, прафесар, Дзяржаўная прэмія, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі — і «Скарына піцерскі», інтэлігентнасць — і хамства, прабеларускасць і праеўрапейскасць — і русский со знаком качества, «я своё государство за цивилизованным миром не поведу», жыццё ў трохпакаёўцы — і дзясяткі рэзыдэнцыяў па ўсёй краіне.

Але самае галоўнае, кардынальнае адрозненне — гэта стаўленне да ўлады.

Лукашэнка, які адзінай мэтай свайго жыцця зрабіў захаванне ўлады любымі сродкамі, не мог зразумець, як гэта можна было спакойна аддаць гэтую самую ўладу — не чапляцца, не падымаць верных сілавікоў, не інтрыгаваць.

«Маёй мэтай было не захаваць пасаду, а рабіць змены», — казаў Шушкевіч у інтэрв'ю, якое я ўзяў у 2010 годзе для газеты «Свободные новости».

Гэта «жыццёвае» і даволі вострае інтэрв'ю, якое адразу і пачынаецца з маіх пытанняў пра тое, што пра яго напішуць у падручніках гісторыі.

Шушкевіч адказвае, што галоўным сваім дасягненнем ён лічыць дзве рэчы — Віскулёўскія пагадненні, якія юрыдычна замацавалі развал СССР, і вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Але я б дадаў і трэцяе. Шушкевіч пакінуў у гісторыі Беларусі прыклад іншага, «нармальнага», цывілізаванага стаўлення да ўлады. Ды не толькі да ўлады — да жыцця, да прафесіі, да чалавека.

Ён застаўся альтэрнатывай таго, як прыстойна, культурна і адукавана калісьці выглядала беларуская ўлада.

У нас такое было, калі нам было не сорамна за кіраўніка краіны — і гэта не выкінеш з гісторыі, нягледзячы на ўсе спробы цяперашніх хамаў выкрасліць імя Шушкевіча з падручнікаў.

Першы кіраўнік Літвы пасля аднаўлення незалежнасці Вітаўтас Ландсбергіс: Імя Шушкевіча будзе запісана ў гісторыю барацьбы за свабоду Беларусі

«Шушкевіч не дачакаўся свабоднай Беларусі-Гудзіі (гуды — старажытная назва беларусаў на літоўскай мове). Падпісант белавежскіх дакументаў, адзін з трох падпісантаў, якія вынеслі вердыкт аб тым, што «СССР спыніў сваё існаванне» — а гэта было брамай у магчымы новы, іншы свет — сышоў у поўную свабоду», — напісаў Ландсбергіс.

Па словах Ландсбергіса, Літва тады ўжо была прызнаная незалежным членам ААН у снежні 1991 года, а тагачасныя кіраўнікі Расіі, Украіны і Беларусі — Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч — «перагарнулі апошнюю старонку Імперыі Зла».

Ландсбергіс адзначыў, што прэзідэнт Расіі Ельцын прайграў бітву з «кэгэбэшным рэваншызмам», але некалькі гадоў «першапачатковага маршу да свабоды натхняюць і цяперашнюю гераічную абарончую вайну Украіны супраць яе прагнага ўсходняга суседа Масковіі, якая не хоча і не здольная змяніцца».

«Перамажы, Украіна. Свабода прыйдзе і для Беларусі-Гудзіі. Там будзе запісана і імя Станіслава Шушкевіча», — адзначыў Ландсбергіс.

Каментары

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Усе навіны →
Усе навіны

Пасол Украіны ў Турцыі расказаў, як Эрдаган выратаваў ад расійскага захопу Адэсу і Мікалаеў1

У Купалаўскім тэатры адбылася першая прэм'ера сезона. Гэта трагікамедыя Дастаеўскага з Няфёдавай у галоўнай ролі21

«Сто працэнтаў Беларусь». У Магілёве заўважылі ката, які ведае правілы дарожнага руху ВІДЭА1

Памёр віцебскі мастак Аляксандр Слепаў

«Вось за гэта вас, хачэй, і ненавідзяць!» Комік Мірзалізадэ расказаў, ці можна лічыць беларусаў талерантнымі21

Расія вярбуе на вайну супраць Украіны еменскіх хусітаў1

Пасля затрыманняў у Смаргоні некалькі чалавек застаюцца пад арыштам

Назваць дачку Арэшніцай у гонар балістычнай ракеты хочуць бацькі з Татарстана7

На «Марафоне адзінства» ў Магілёве Марзалюк граміў ворагаў словамі Караткевіча31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Галоўнае
Усе навіны →