Што ў мяне безь цябе было?
Прысьвячэньне Ю.І.
Што ў мяне безь цябе было?
Ды гады, што ішлі і ляцелі,
з фатаздымкаў ў альбоме глядзелі
і са сноў, як згасала сьвятло.
Што ў мяне і дагэтуль ёсьць?
Дзень і ноч, і зрэдзьчас напаміны,
і узгадкі у колер язьміну,
і між імі ў горле косьць.
Што яшчэ ў мяне ёсьць апрача?
Апроч гэтых суботы й нядзелі…
Што ў цябе апрача кудзелі?
Што ў мяне апрача мяча?
* * *
У цёплай кватэры,
як у замкнёнай сфэры,
анёлы і хімэры
з пачварным хараством.
Ня маюць мары меры,
ды даць няможна веры,
што ты адчыніш дзьверы
у мой аціхлы дом.
Ляжыць кавалкам лета
пажоўклая газэта.
Цыгарка як камэта
з абгрызеным хвастом.
А звонку ходзіць сьцюжа,
на шкле малюе ружы,
і, пэўна, мерзьне дужа
мой казачны фантом.
Адсюль далёка недзе
на полюсе мядзьведзі
варушаць ледзьве-ледзьве
сусьветны наш садом.
У цемрадзі кватэры,
як у жывым этэры,
я, Моцарт і Сальеры,
і вечар за акном.
Ранішні блюз
У пяць гадзін раніцы, ў пяць
таксоўкі самотна стаяць,
месьцічы ўсе яшчэ сьпяць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.
У пяць гадзін раніцы, ў пяць
шклом алькашы ня зьвіняць,
дзеці «Макдональдсы» сьняць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.
Хтосьці на працу ідзе,
хтосьці ідзе ваяваць,
хтосьці плыве па вадзе,
хтосьці працягвае спаць…
У пяць гадзін раніцы, ў пяць
сонна ліхтарні гараць,
рана судзіць і караць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.
У пяць гадзін раніцы, ў пяць
можна сабе дазваляць
простыя рыфмы ствараць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.
Хтосьці на працу ідзе,
хтосьці ідзе ваяваць,
хтосьці няведама дзе
толькі зьбіраецца спаць.
Каментары