Архіў

Супадзеньне ў часе, або Сьвята на чужой вуліцы

Расейская дыпляматыя імкнецца перашкодзіць інтэграцыі новых краінаў Усходняй Эўропы з Эўропай Заходняй. Аднак ня ўсе на Захадзе адракліся Беларусі, піша Віталь Тарас. 1 ліпеня беларускую сталіцу наведала дэлегацыя Эўрапарлямэнту на чале зь віцэ-сьпікерам Янушам Анышкевічам.

1 ліпеня Менск наведала дэпутацыя Эўрапарлямэнту — старшыня фракцыі «Саюз лібэралаў і дэмакратаў дзеля Эўропы» Грэхэм Уотсан і сябар гэтай фракцыі, віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч. Акрамя сустрэчы зь лідэрамі партый, што ўваходзяць у «Пяцёрку+», Анышкевіч прысутнічаў на падвядзеньні вынікаў конкурсу «Што я ведаю пра Эўропу?», арганізаванага Беларускім таварыствам імя Робэрта Шумана. Фактычна гэтым праграма бліц-візыту эўрапарлямэнтароў была вычарпаная. І наўрад ці ўвага да яго з боку журналістаў была б колькі-небудзь значнай, калі б ня шэраг акалічнасьцяў.

Па-першае, з 1 ліпеня старшынства ў Эўразьвязе на паўгоду перайшло да Вялікабрытаніі. Праўда, Г.Уотсан прадстаўляе ня партыю кансэрватараў, а іх колішніх палітычных спаборнікаў — нашчадкаў «вігаў». І сам ён падчас прэс-канфэрэнцыі, якая праходзіла ў брытанскім пасольстве, запэўніваў, што візыт проста выпадкова супаў у часе з брытанскім старшынствам. Тым ня менш, прысутнасьць на прэс-канфэрэнцыі пасла Вялікабрытаніі Браяна Бэнэта і паслоў іншых дзяржаў ЭЗ — суседзяў Беларусі не выглядала звычайным супадзеньнем, а тым больш фармальнасьцю.

Па-другое, прэс-канфэрэнцыя была зладжана Беларускай асацыяцыяй журналістаў. І гэты факт назваць выпадковым таксама нельга. Менавіта фракцыя лібэралаў выступіла ініцыятарам уганараваньня БАЖ сахараўскай прэміяй Эўрапарлямэнту за 2004 год. Гаворка тут не пра абмен дыпляматычнымі рэвэрансамі ці звычайную ветлівасьць. Анышкевіч — колішні прэс-сакратар, сябра кіраўніцтва польскага руху «Салідарнасьць», удзельнік круглага стала, што прывёў да дэмакратычных зьменаў у Польшчы, — бадай, як ніхто іншы разумее ключавую ролю незалежных мас-мэдыя ў дэмакратычных пераўтварэньнях. Сучасную беларускую сытуацыю палітык ведае не з чужых слоў — ён шмат разоў наведваў Беларусь, рэгулярна сустракаўся з палітыкамі й грамадзкімі дзеячамі. У сувязі з падрыхтоўкай Польшчы да восеньскіх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў адзін зь лідэраў правых сіл Анышкевіч, як можна было пераканацца, не выпускае сытуацыю ў Беларусі з-пад кантролю й не зьбіраецца збаўляць палітычнай актыўнасьці ў гэтым кірунку.

У адрозьненьне ад свайго старэйшага калегі Г.Уотсан — знаўца эўрапейскай грашова-эканамічнай палітыкі — Беларусь наведаў упершыню. Ён уваходзіў у камісію па прамысловай палітыцы, камітэт па бюджэце, а таксама выконваў абавязкі старшыні камісіі Эўрапарлямэнту па свабодах і правах грамадзян. Тым ня менш, менавіта брытанскі дэпутат, зацікаўленьні якога, на першы погляд, далёкія ад беларускіх палітычных праблем, падкрэсьліў прынцыпова важны момант. Паводле ягоных слоў, цяпер некаторыя сілы ў Эўропе — і левыя й правыя — імкнуцца выкарыстаць крызіс Эўразьвязу, каб пакласьці канец далейшаму яго пашырэньню. Аднак эўрапейскія лібэралы, працягваў брытанскі дэпутат, выступаюць за няўхільнае спрыяньне разьвіцьцю дэмакратыі ў суседніх з Эўразьвязам краінах — у тым ліку ў Беларусі. А ў пэрспэктыве — за далучэньне іх да сям’і дэмакрытычных эўрапейскіх дзяржаў.

Адзін з пунктаў палітычнай плятформы Саюзу лібэралаў і дэмакратаў гучыць так: «…гарантаваньне ўсім эўрапейскім грамадзянам асноўных правоў ды ліквідацыя ўсялякіх формаў дыскрымінацыі, зьвязаных з тым, што Эўропа зьяўляецца зьвязам меншасьцяў… Бясьпечная ды справядлівая Эўропа для ўсіх — гэта адназначна Эўропа, якая дае аднолькавыя правы ўсім тым, хто шукае ў ёй прытулку ці новага жыцьця». Цікава, што беларускія журналісты змаглі атрымаць перад прэс-канфэрэнцыяй інфармацыйныя матэрыялы як на ангельскай, так і клясычным беларускім правапісам.

Між іншым, свой выступ Грэм Уотсан пачаў з прабачэньняў за тое, што ён не гаворыць па-беларуску, паабяцаўшы, што, калі Беларусь стане сябрам Эўразьвязу, дэпутаты ягонай фракцыі ў Эўрапарлямэнце ў абавязковым парадку вывучаць беларускую мову.

Зразумела, залішняга аптымізму ў выступах дэпутатаў Эўрапарлямэнту што да пэрспэктыў беларускай дэмакратыі й адносінаў Беларусі з Эўразьвязам не было. Нават у такім пытаньні, як адкрыцьцё прадстаўніцтва ЭЗ у Менску, дагэтуль няма яснасьці, заўважыў пасол Бэнэт, адказваючы на адно з пытаньняў журналістаў.

Зразумела, што найбліжэйшыя паўгоду намаганьні краін Эўразьвязу будуць засяроджаны ў асноўным на вырашэньні ўнутраных праблем, спробах выйсьці з таго крызісу, які засьведчылі адмоўныя вынікі рэфэрэндумаў па эўрапейскай канстытуцыі. А тут яшчэ паміж Вялікабрытаніяй ды іншымі магутнымі дзяржавамі — такімі, як Нямеччына й Францыя, — узмацніліся разыходжаньні ў сфэры поглядаў на эканамічную палітыку Зьвязу (найперш, адносна эўрапейскіх сельскагаспадарчых субсыдый).

І тым ня менш, многія эўрапейскія палітыкі разумеюць, што пытаньне замежнай бясьпекі Эўразьвязу, незалежна ад таго, будзе ён пашырацца хуткімі тэмпамі ці не, у значнай ступені залежыць сёньня ад сытуацыі на ўсходзе Эўропы. Паводзіны Расеі не пакідаюць іншай альтэрнатывы. Масква ад дэклярацый на тэму вяртаньня сваёй былой велічы на эўрапейскай мапе і зьняважлівых выказваньняў на адрас суседніх эўрапейскіх краін пераходзіць да адпаведных дзеяньняў. Адкліканьне подпісаў пад дамовай аб дзяржаўнай мяжы з Эстоніяй — прыклад гэткай новай «дыпляматыі». Гэтая дыпляматыя, выглядае, будуецца на тым, каб калі не перашкодзіць інтэграцыі новых эўрапейскіх дзяржаў з Заходняй Эўропай, дык стварыць ім, а таксама Эўропе ў цэлым максымум нязручнасьцяў і праблем. Успамінаецца стары жарт на гэтую тэму: «Ня зьем, дык пакусаю».

Яшчэ адзін прыклад новых падыходаў Крамля да адносін з Эўропай — сьвяткаваньне 750-годзьдзя Калінінграду. Само словазлучэньне гучыць настолькі недарэчна, што нават расейскія камэнтатары паставіліся да яго з пэўнай іроніяй. Ім давялося згадваць нямецкую назву гораду Кёнігсбэрг ды яго славутага жыхара Імануіла Канта.

Адкрытая, нават дэманстратыўная непавага да гісторыі іншых краін, гістарычнага мінулага ўвогуле — адна з прымет новай замежнай палітыкі Крамля. Згадка эстонскімі парлямэнтарамі пры ратыфікацыі дамовы аб мяжы з Расеяй Тартускага дагавору 1920 году, а таксама факту анэксіі Эстоніі Савецкім Саюзам у 1940-м выклікала абурэньне Масквы. Ад непавагі да мінулага — адзін крок да сучаснага палітычнага хамства. Яно вылілася, у прыватнасьці, у тое, што на сустрэчу з прэзыдэнтам Пуціным у Калінінград не былі запрошаны ні прэзыдэнт Літвы Адамкус, ні прэзыдэнт Польшчы Квасьнеўскі. Абедзьве краіны, як вядома, маюць свой погляд на гісторыю ды прыналежнасьць Калінінграду. Ніхто ня быў, праўда, запрошаны туды і ад Беларусі.

Затое прыезд у Калінінград прэзыдэнта Францыі Шырака й канцлера ФРГ Шродэра павінны быў прадэманстраваць Эўропе й сьвету новую геапалітычную ролю Крамля. Пуцін паабяцаў Нямеччыне пастаяннае месца ў Радзе Бясьпекі ААН, тым самым нагадаўшы яшчэ раз і пра перамогу СССР у Другой сусьветнай вайне, вынікам якой стаў яго ўдзел у сузаснаваньні ААН. Праўда, у цяперашні момант невядома, якую ролю будзе адыгрываць Рада Бясьпекі ААН і ці захаваецца наагул гэтая арганізацыя, якая ўсё больш дэманструе сваю грувасткасьць і неэфэктыўнасьць у сучасных умовах.

Урачыстасьць моманту падчас сустрэчы «трыюмвірату» ў Калінінградзе азмрочвалі некаторыя палітычныя рэаліі. Правал рэфэрэндуму па эўрапейскай канстытуцыі у Францыі, ініцыяванага асабіста Шыракам, уласна, каталізаваў цяперашнія крызісныя працэсы ў Эўразьвязе, за што нясе значную долю адказнасьці францускі прэзыдэнт. А «вотум недаверу», якога дамагаўся канцлер ФРГ з мэтай датэрміновых парлямэнцкіх выбараў таксама не дадае яму цяпер палітычнай вагі на эўрапейскай арэне. Тым ня менш, замежнапалітычныя рухі Крамля ясна паказваюць, што ён так і не пазбавіўся ад свайго імпэрскага комплексу і не зьбіраецца лічыцца з інтарэсамі малых краін і народаў, калі толькі яго да гэтага не прымусіць скаардынаваная, пасьлядоўная палітыка эўрапейскіх дзяржаў, Эўразьвязу ў цэлым.

Тым часам Менск застаецца адлучаным і ад эўрапейскіх працэсаў, і ад расейскіх сьвятаў. Юбілей Калінінграду стаў для беларускага кіраўніцтва сьвятам на чужой вуліцы. Кампэнсаваць гэты прыкры факт павінна было, відаць, зладжанае ў Менску грандыёзнае шоў з ілюмінацыяй, салютам, канцэртамі да дзьвюх гадзін ночы з нагоды Дня Рэспублікі… Праўда, пасьпешлівасьць падвяла арганізатараў. Новыя шыльды на праспэкце Скарыны з надпісам «Праспект Незалежнасці», тэрмінова разьвешаныя напярэдадні 3 ліпеня, атрымаліся бел-чырвона-белыя: чырвоныя літары на белым фоне. Гэта, кажуць, вельмі не спадабалася высокаму начальству, і таму шыльды неўзабаве будуць мяняць ізноў.

Ну што ж, за незалежнасьць трэба плаціць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пра Мелказёрава ў яго апошні дзень: «Было адчуванне, што ён стомлены, бракуе энергіі, рысы твару былі запалыя»1

Пра Мелказёрава ў яго апошні дзень: «Было адчуванне, што ён стомлены, бракуе энергіі, рысы твару былі запалыя»

Усе навіны →
Усе навіны

Мікіту Мелказёрава пакажуць у навагоднім канцэрце «Белсата»1

Генерал-лейтэнант Сарвараў, падарваны ў аўтамабілі ў Маскве, загінуў11

Два расійскія знішчальнікі былі знішчаны падчас дыверсійнай аперацыі на вайсковай авіябазе пад Ліпецкам — ГУР

Учыніў самагубства амерыканскі акцёр Джэймс Рэнсан2

Гаспадара таго самага Мухтара з серыяла асудзілі за палітыку1

У Маскве падарваны аўтамабіль. Папярэдне, у ім быў генерал-лейтэнант Сарвараў1

Трамп адклікае 29 амерыканскіх дыпламатаў з замежных пасольстваў, у тым ліку з Еўропы

«Мы дасягнем яго абрання 48‑м прэзідэнтам ЗША». Удава і прыхільнікі Чарлі Кірка падтрымалі Джэй Дзі Вэнса2

Невядомыя разбілі партрэты загінулых каля будынка амбасады Беларусі ў Вільні7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пра Мелказёрава ў яго апошні дзень: «Было адчуванне, што ён стомлены, бракуе энергіі, рысы твару былі запалыя»1

Пра Мелказёрава ў яго апошні дзень: «Было адчуванне, што ён стомлены, бракуе энергіі, рысы твару былі запалыя»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць