Сыліконавая канава
Дзеючыя асобы
Антон Сяргеевіч — акадэмік.
Сева — малады чалавек, гадоў пад сорак.
Іван Іванавіч — ідэалягічны работнік пры райвэртыкалі, кароценькі з пузанятам.
Цётка Гэля — у бруднай сукенцы і галёшах на босую нагу, вельмі спраўная.
Пакінуты гаспадарамі сялянскі падворак. З аднаго боку старая ўзьлезлая ў зямлю хата, з другога — зарослы лопухамі, напаўразбураны калодзеж.
I
Антон Сяргеевіч і Сева.
Спачатку стаяць каля калодзежу, па калена ў лопухах, потым патроху адыходзяць убок.
Сева. От, Антон Сяргеевіч, што вы галаву сабе дурыце, як прыедуць, то й так прыедуць, а як не, то і так не. Дый дзе там у Амэрыках яны такія лопухі бачылі?!
Антон Сяргеевіч. А што, Сева, маеш рацыю, я ж там быў, дык паверыш, дзе ні хадзіў, ні на адзін не натрапіў!
Сева. Ну, ня дзіва, што не натрапілі, бо не растуць там лопухі, ня могуць дыхаць іхнім гнілым паветрам! І вось жа, Антон Сяргеевіч, ім гэта ўсё ня трэба, усё роўна — вада там ці лопухі, яны ж, акрамя свае навукі, анічога ня бачаць. Пратрэ зранку вочы, кубак кавы перакуліць, акуляры на нос, кампутар да сеткі, і сядзіць так увесь дзень, што за вушы не адцягнеш, а вы самі казалі, тут хораша, дыхаецца лёгка, паветра.
Антон Сяргеевіч. Ну так, Сева, так, гэта вядома, але ўсё роўна, ім жа і спаць на нечым трэба, і вячэраць там калі-нікалі.
Сева. А я ўжо гаварыў — з генэралам. У яго нават у два ярусы ложкі ёсьць, жалезныя, казаў, колькі хочаце, столькі бярыце, і матрацаў, казаў, таксама адваліць з падушкамі. А вячэраць — так кухню зладкуем, цётку тут якую ноймем, нічога, дорага ня возьме, бульбы з буракамі хопіць, хай сячэ сабе ў кацёл.
Антон Сяргеевіч. А жонкі іхнія?
Сева. Ну, таксама была размова, уладкуем і іх, лямпу там дзе-небудзь да слупа засьвецім, і хай скачуць сабе, ногі выкручваюць, во — заадно і лопухі патопчуць; ну, калі-нікалі ў горад вывезем, панчох там адарваць ці што, як грошы на бэнзін знойдзем. Але… (панізіўшы голас і аглянуўшыся) я вам па сакрэце, генэрал падказаў, тая яшчэ галава, роту якую ці дзьве салдат сюды кінем. Яны ж, жонкі іхнія, курвы, якіх сьвет ня бачыў, во хай з салдатамі па кустах і качаюцца.
Антон Сяргеевіч. Што ты кажаш! (Сьмяецца.) Не, праўда?!
Сева. Так, я правяраў, меў зь сёй-той справу.
Антон Сяргеевіч. Што ж, разумна.
II
Тыя ж і Іван Іванавіч.
Іван Іванавіч (моцна засопшыся). Па-па-падлічыў… Да-да-дакладаць?
Антон Сяргеевіч. А, ты, ну давай, дакладай.
Іван Іванавіч. Ёсьць… За-зараз… Фу… Вось, на руцэ запісаў (глядзіць на руку). Так, дзе яно… ага… усяго з паўсотні.
Антон Сяргеевіч. З паўсотні?
Іван Іванавіч. Так точна, але гэта як не лічыць тых, што за возерам.
Антон Сяргеевіч. За возерам! І колькі за возерам?
Іван Іванавіч. З вуліцу якую, дакладна ня ведаю, не дабег, далёка, быў кінуўся па беразе — дзе там!
Сева. А ты б, Іван Іванавіч, напрасткі — уплаў.
Іван Іванавіч (уздыхнуўшы). Ня ўмею я, патану, але як трэба… трэба… Я… я…
Антон Сяргеевіч. Не, ня трэба. Так кажаш, з паўсотні?
Іван Іванавіч. Ну, гэта бяз тых, што за возерам, а каля лесу…
Сева. Яшчэ каля лесу?
Іван Іванавіч. …А каля лесу так хмызьняком парасьлі, што, далібог, не пралезьці!
Антон Сяргеевіч. Ну, усё роўна, з паўсотні дык з паўсотні.
Іван Іванавіч. Але ў некаторых яшчэ шавеляцца.
Антон Сяргеевіч. Хто шавеліцца?
Іван Іванавіч. Ну, гэта — дажываюць, але такія старыя, што далей няма куды, ледзь рыпяць, зараз зьедуць.
Антон Сяргеевіч (не разумеючы). Ледзь рыпяць і зараз, кажаш, зьедуць?.. Куды зьедуць? Калі?
Іван Іванавіч. Праз год там ці два, болей ім ня вытрымаць. Я ўзяў тут даведку, дык на тым тыдні аднаго ўжо зьвезьлі і яшчэ чакаюць, за сто год мае.
Антон Сяргеевіч. А, вось што! Гэта добра, што чакаюць. Сева, як ты мяркуеш, хопіць нам з паўсотні гэтай ці не?
Сева. А хто яго ведае, каб гэтых, каго чакаюць, падагнаць, дык, напэўна хапіла б!
Іван Іванавіч. Дык мы, як трэба, падгонім, чаго там чыкацца.
Сева. І як жа ты іх, Іван Іванавіч, падганяць зьбіраесься?
Іван Іванавіч. Ну, ня ведаю — правады з хат паабрываць ці выган абрэзаць, ёсьць рэзэрвы.
Антон Сяргеевіч. Не, нічога покуль не абрываць і ня рэзаць. А ты, Іван Іванавіч, вось што — давай, дуй да школы і зірні там шырыню на даўжыню, пад досьледную вытворчасьць заладкуем, і на пошту кінь вока, усё роўна яна тут не да патрэбы.
Іван Іванавіч. Ага, добра, але ў мяне мэтра няма.
Антон Сяргеевіч. А ты крокамі, нічога. Толькі вось што: ты за двае свае адзін чалавечы крок залічвай.
Сева. І запішы, ня ведаю там дзе.
Іван Іванавіч (цягне руку). Яшчэ месца засталося. Дазвольце ляцець?
Антон Сяргеевіч. Ляці, ляці.
Іван Іванавіч. Ёсьць! (Ляціць.)
III
Антон Сяргеевіч і Сева.
Антон Сяргеевіч. Вось так, Сева, такую справу пачынаем, што нават страх бярэ! Ну, а ты ня хочаш у навуку кінуцца, я б і сам, але стары ўжо, браце, а ў цябе ўсё наперадзе, глядзіш, і Нобэлеўскую адарвеш.
Сева (зьдзіўлена). Што вы, Антон Сяргеевіч, які зь мяне навуковец, хіба я гэтаму вучыўся!
Антон Сяргеевіч (усьміхаючыся). Ведаю, Сева, ведаю — як успомню, як ты на трэцім курсе адну траціну зь дзьвюма злажваў…
Сева. Бо не мая гэта справа — нешта там злажваць. Во, сюды іх уладкуем і няхай… а я ўжо прасачу, калі-некалі пад’еду, каб як мае быць злажылі.
Антон Сяргеевіч. Так, Сева, так. Папраўдзе кажучы, я таксама пасьля асьпірантуры ўсё больш на марксізм націскаў, але пачакай, вунь, паглядзі.
Сева (глядзіць убок). Што, завярнуць?
Антон Сяргеевіч. Ну, давай.
Сева (крычыць). Цётачка!.. Цётачка!.. Сюды… сюды варочайце!
IV
Тыя ж і цётка Гэля (зь вядром у руцэ).
Цётка Гэля. Чаго вам?
Сева. Спытаць тут у вас хочам.
Цётка Гэля (ставіць вядро на зямлю). Ну, спытайце.
Сева. А як вас?
Цётка Гэля. Гэля я!
Сева. Гэля? Не, цётка Гэля! Вельмі прыемна. А я Сева. Дык вось што за справа — мы тут навукоўцаў хочам у вашу вёску закватараваць, у хаты, што кінутыя, і каго-небудзь гатаваць ім вячэры шукаем. Так знойдзем ці не? Ну вядома, ня проста так, а за грошы.
Цётка Гэля. А, за грошы знойдзеце! У нас, у калгасе, грошай як з год дзесяць ніхто ня бачыў, а толькі пэнсіянэры, як я.
Сева. Што вы кажаце?!. Ну а вы, напрыклад, змаглі б?
Цётка Гэля. І я, сынок, чаму ж, за грошы, не? Вось зараз, толькі парасятам дам (ківае галавой некуды ўбок), яны ў мяне ў летніку стаяць, і калі ласка, вам што-небудзь намяшаю.
Сева. Не, дзякуй, нам ня трэба, мы ўжо перакусілі.
Цётка Гэля. А ну, шкада, а то б я зараз.
Сева. Не, не, ідзіце ўжо, гэта мы так, спыталі толькі, але як што, на вас будзем разьлічваць.
Цётка Гэля. Ага, ага, на мяне, сынок, на мяне. (Бярэ вядро і адыходзіць.)
V
Антон Сяргеевіч і Сева.
Сева. Во, спраўная старая, а я ж вам казаў!
VI
Тыя ж і Іван Іванавіч.
Іван Іванавіч. Па-па-памераў. Дакладаць?
Антон Сяргеевіч (выцягнуўшы руку, чытае). Сто дваццаць пяць на трыццаць шэсьць з паловай.
Антон Сяргеевіч. Ага, гэта школа.
Іван Іванавіч. Але на ёй даху няма!
Антон Сяргеевіч. Як няма? Куды ён дзеўся?! Мы ж праяжджалі — як быццам быў, га, Сева?
Сева. Быў!
Іван Іванавіч. Ня ведаю. І вокан таксама!
Антон Сяргеевіч. І вокны былі!
Іван Іванавіч. Ага, і падлогі зь дзьвярыма, ніводнай дошкі!
Антон Сяргеевіч. О, а пошта?
Іван Іванавіч (разьвёўшы ў бакі рукі). Зусім! Няма! Зьнікла!
Сева. А была, я ж шыльду на сьцяне бачыў!
Іван Іванавіч. Ні шыльды, ні сьценаў, нічога, адныя камяні!
VII
Тыя ж і цётка Гэля.
(з шыльдай «Почта», якую трымае абедзьвюма рукамі, выходзіць з аднаго боку і, не затрымліваючыся, ідзе на другі). Да Севы.
Цётка Гэля. Так ты, сынок, не забудзь, як што, на мяне, на мяне разьлічвай. (Зьнікае.)
Доўгая нямая паўза.
Каментары