Меркаванні77

Зэкс кіндэр, альбо Бацькава перамога

Камертон Сяргея Ваганава.

Незвычайны ўсё ж сёлетні май — спалучыў на караценькім адрэзку Уваскрашэнне Хрыста, Дзень Перамогі і Радаўніцу...

Здаецца, якое ж тут можа быць спалучэнне?

Ці ж можна спалучаць спрадвечныя народныя святы са святам перамогі «расейскіх акупантаў» над нямецкімі, якія, па ўспамінах некаторых бабулек, ратавалі беларускіх дзяцей ад голаду, а калі што палілі ці каго забівалі, дык вінаватыя ў тым партызаны з іх злачыннымі правакацыямі...

Вось так: перагледзела бабулька Нюрнбергскі працэс. Мо памыліліся суддзі. Мо памыліўся месяц май, спалучыў...

Але сёння, калі пішу гэтыя нататкі, Радаўніца, зварот да продкаў. Звярнуся і я.

...У жніўні 1944-га маці піша ўжо з Мінска бацьку на фронт:

«...Вялікае гора не прамінула і нас — немцы па-зверску закатавалі Веру... Вера ўвесь час была ў партызанаў сувязной. 24 чэрвеня 1944 яе схапілі, а 27-га немцаў у гэтым раёне ўжо не было. Не дажыла толькі 3 дні... Яе жорстка збілі, а потым нацкавалі сабак, якія разарвалі ёй цела... Потым зламалі рукі і, не дамогшыся ад яе ані слова, укрыжавалі на сцяне хлява...»

Вера Міснік — пляменніца маці, мая стрыечная сястра.

Вось што па просьбе Музея гісторыі Айчыннай вайны піша пра Веру яе маці, цётка Вольга: «...У маёй сям’і не было камуністаў... Аднак клапатлівыя адносіны да ўсяго, што звязана з паняццем «Радзіма», непасрэдна перадаваліся дзецям. Праўда, гэта не было так відавочна, як праявілася ў гады вайны... Сыны пайшлі на фронт. У тыле ворага засталася Вера з маленечкай дачушкай. Мабыць, яна здолела б эвакуіравацца, але, як стала пазней вядома, пашкадавала кідаць бездапаможных старых бацькоў мужа, што ваяваў пад Ленінградам...»

Так, яны не былі камуністамі, Вера і Апанас, маладыя настаўнікі з Сямёнавіч пад Уздой, дзе пра іх памятаюць дасюль. Што ж вымусіла іх, кроўных беларусаў, ваяваць супраць немцаў? Толькі савецкае выхаванне?

Што ўвогуле вымушала савецкіх беларусаў ваяваць супраць немцаў?

Страх перад партызанамі і дыверсантамі НКВД?..

Вера ў камунізм з бальшавізмам ды ў калгасны лад?

Ці, можа, нешта большае за смурод сталіншчыны?

Ці, можа, усё ж «клапатлівыя адносіны да Радзімы»?

Здавалася, калі не гісторыкі, дык вялікая беларуская літаратура пра вайну адказала на гэтыя пытанні. Але чамусьці не згадвала пра нямецкія булкі. І не ганіла савецкіх беларусаў за тое, што баранілі Айчыну ў складзе СССР...

Зразумелае жаданне праз пераадоленне крамлёўска­-лукашэнкаўскіх спекуляцый і спробаў адмыць сталінізм дамагчыся ўсёй праўды пра вайну, бо не ўсёй праўда не бывае. Знойдзецца, безумоўна, ва ўсёй праўдзе ганебнае месца і партызанскаму, розных колераў, рабаўніцтву, і нямецкім булкам з цукеркамі, і злачынствам НКВД, і трагедыі антысавецкага супраціву...

Аднаго не вытрымае ўся праўда — адкрытага ці прыхаванага, што яшчэ горш, апраўдання нацызму тым, што ён быццам змагаўся з камунізмам за незалежную Беларусь.

У згаданым вышэй лісце да бацькі маці піша і пра Фіру Рахманчык: «...Спачатку на яе вачах схапілі дзіця за ногі і аб кузаў разбілі галаву. Фіра адразу згубіла розум, і яе прыстрэлілі...»

Такая вось барацьба.

Я не ведаю, хто яна, Фіра Рахманчык. Мабыць, даваенная знаёмая бацькоў. Нехта з сучасных самадзейных тлумачальнікаў гістарычных падзей мусіць думаць, што ў немцаў проста не хапіла для ейнага дзіцяці цукерак і булак. Але я, дзякуй Богу, яшчэ пры розуме і мушу думаць, што калі б не тыя эканомныя немцы, жылі б сёння на Зямлі дзіцятка Фіры Рахманчык, ягоныя дзеці і ўнукі. Разам з мільёнамі загубленых немцамі ды іх памагатымі яўрэйскіх дзяцей...

Я свядома пішу «немцы», а не фашысты ці нацысты. Фашыстаў і нацыстаў пакараў Нюрнберг.

Немцы пакаралі сябе самі — прынялі ў душу і ўзвалілі на плечы ўвесь цяжар гістарычнай адказнасці за тое, што дазволілі нацызму ачмурыць і атруціць сябе, за ўдзел у неверагодных злачынствах. З балючай рашучасцю вытравілі яго з сябе.

І менавіта таму яны пераможцы. А не толькі таму, што ў іх больш цукерак і булак...

Дык ці памыліўся май, спалучыўшы на караценькім адрэзку святочных дзён Уваскрашэнне Хрыста, Перамогу над нацызмам і Радаўніцу? Адказ я знайшоў ва ўспаміне пра бацьку.

Як і ўсе сапраўдныя франтавікі, ён ніколі не расказваў пра тое, што вытрымаў на вайне. Толькі аднойчы распавёў, як недзе пад Кёнігсбергам падчас атакі перад ім апынуўся пажылы немец, заваліўся на спіну і, узняўшы ці то рукі, ці то шэсць пальцаў, адчайна заенчыў: «Зэкс кіндэр! Зэкс кіндэр!» «Ты забіў яго?» — «Не, пабег далей...» — «А калі б ён стрэліў у спіну?»

Бацька моўчкі паціснуў плячыма...

Нешта тут было па-за межамі сэнсу, дзеля якога вядзецца вайна, калі ўвогуле можна шукаць у вайне сэнс. Тым больш, што на той час заклік «Забі немца!» ужо ўзбудзіў усё савецкае войска. Але я адчуў, як бацька ціха ганарыцца тым, што не забіў немца.

Быццам здабыў больш значную за тое, каб забіць ворага, перамогу...

[email protected]

Каментары7

Цяпер чытаюць

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты3

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінсувязі патлумачылі пра абмежаванне мабільнага інтэрнэту7

Сястра крымінальніка з магілёўскай турмы абурылася станам брата. І тут пачалося9

З ліпеня можна будзе папаўняць рахункі па нумары тэлефона3

Габрыэлюс Ландсбергіс: Ціханоўская ніколі не адступала, ніколі не баялася6

Запуск расійскага аналага Starlink перанеслі з-за правалу вытворчасці спадарожнікаў4

Украінская дзяўчына ў 2022 годзе пачала вучыць беларускую мову, а цяпер вядзе беларускамоўны блог16

25 студзеня прэзідэнты збяруцца ў Вільні ўшанаваць памяць Кастуся Каліноўскага7

Беларуска павесіла кармушку для птушак за акном. Глядзіце, хто да яе прыляцеў7

У Беларусі хочуць істотна змяніць умовы лізінгу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты3

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць