16 мая згодна з распараджэннем Генеральнай пракуратуры Беларусі ў пункце пропуску «Завольша» Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці адбылася перадача праваахоўным органам Расіі грамадзяніна РФ Сяргея Кабалава 1958 года нараджэння.
З 1 мая ў чаканні экстрадыцыі Кабалаў знаходзіўся ў СІЗА № 2 у Віцебску, куды быў этапаваны з Гродзенскага следчага ізалятара.
Нагадаем, Кабалаў абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 30, п. «в» ч. 2 арт. 211 (замах на захоп паветранага судна з мэтай угону, учынены з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя, і з пагрозай прымянення такога насілля), п. «а» ч. 2 арт. 115 (наўмыснае нанясенне лёгкага ўрону здароўю, што выклікала кароткачасовае расстройства здароўя, учыненае з хуліганскіх пабуджэнняў) Крымінальнага кодэкса РФ.
Кабалаў, які ўчыніў 12 студзеня гэтага года дэбош на борце самалёта рэйса Масква — Хургада, быў затрыманы 7 сакавіка на пад’ездзе да Гродна ў раёне пасёлка Берагавы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку і інспектарамі ДАІ.У Гродне ён накіроўваўся на рынак «Паўднёвы», каб набыць рэчы, якія затым меў намер перапрадаць у Расіі. Мяркуючы па словах затрыманага, у яго найбліжэйшыя планы ўваходзіла здацца ўладам, а заробленымі грашамі ён планаваў забяспечыць сваякоў на перыяд сваёй адсутнасці.
Свой учынак на борце самалёта Кабалаў тлумачыць нервовым зрывам і прыносіць прабачэнні пасажырам за зрыў адпачынку.
Каментары