Меркаванні77

Вялікая гульня Захаду

Піша Цімаці Гартан Эш.

Пад шчыльнай завесай усялякіх скарачэнняў і дэталяў ва ўсім свеце дадзены старт Вялікай гульні.

Некаторыя называюць яе геаэканомікай, але гэта таксама і геапалітыка. Цяперашні этап заключаецца ў тым, што многія краіны адначасова селі за стол перамоваў, каб абмеркаваць буйныя гандлёвыя і інвестыцыйныя дамовы.
Яе можна таксама назваць Вялікай сеткай Захаду, разумеючы, што Захад у дадзеным выпадку ўключае Японію, Перу, Бруней і В’етнам. А можна і так: увесь свет за выключэннем Кітая.

Адны з самых важных перамоваў пачаліся на мінулым тыдні, калі дэлегацыя Еўракамісіі сустрэлася з калегамі з ЗША ў канферэнц-зале Белага дома ў Вашынгтоне. Пагадненне, якога яны спрабуюць дасягнуць, на дадзены момант называецца TTIP. Гэта ангельская абрэвіятура, якая азначае трансатлантычнае партнёрства ў пытаннях гандлю і інвестыцый. Скарачэнне само па сабе страшнаватае (хто захоча апынуцца ў TTIP?). Першае, што павінныя будуць зрабіць перамоўнікі, — гэта змяніць назву на больш мілагучную. Напрыклад, TAP-трансатлантычнае партнёрства.

TAP стане добрым дадаткам да TPP-Трансціхаакіянскага партнёрства, яшчэ аднаго вялікага спектакля сучаснасці. Мяркуецца, што гандаль і інвестыцыі ў атлантычнай зоне дасягаюць 4,7 трлн даляраў. На прапанаваны для TPP рэгіён, што ўяўляе сабой вельмі разнастайную групу краін, у якую ўваходзяць ЗША, Канада, Мексіка, Аўстралія і Японія, а таксама вялікія рынкавыя дэмакратыі В’етнам і Бруней, прыпадае каля траціны ўсяго сусветнага гандлю. Ідуць таксама перамовы паміж Еўрасаюзам і Канадай, паміж Еўрасаюзам і Японіяй.
З іншага боку, як ЗША, так і Еўрасаюз спрабуюць умацаваць свае гандлёвыя і інвестыцыйныя адносіны як з Індыяй, так і з Бразіліяй.

З сапраўды амерыканскім аптымізмам, невычэрпным і жыццесцвярджальным, Белы дом разглядае свае намаганні па ўступленні ЗША ў TTIP (які, я спадзяюся, усё ж хутка пачне называцца TAP) як пункт, каб дабрацца ў які трэба, хопіць аднаго бензабака.
Відавочна, гэта раўназначна перыяду да выбараў у Кангрэс, якія маюць адбыцца ў 2014 годзе, у сярэдзіне прэзідэнцкага тэрміну Абамы.

У Амерыкі сапраўды ёсць вялікія рэзервуары, але Кангрэс лічыць за лепшае не чапаць іх запасы. У Еўропе гэты перыяд можа працягнуцца да канца тэрміну працы цяперашняй Еўракамісіі і Еўрапарламента. Амаль усе астатнія перамовы, у тым ліку тыя, што адносяцца да TPP, а таксама перамовы паміж Еўрасаюзам і Канадай, Еўрасаюзам і Японіяй, нацэленыя на 2014 год.

Цалкам магчыма, што яны ніколі не адбудуцца. Уся сучасная гісторыя гандлёвых перамоваў складалася з буксуючых перамоваў, ці, калі выкарыстаць вобразнае выказванне Абамы, нібыта ў іх скончыўся бензін. Той факт, што большасць краін-удзельніц мае дэмакратычную форму кіравання, яшчэ больш ускладняе перамовы. Характэрная асаблівасць сучаснай дэмакратыі заключаецца ў дадаванні асаблівых патрэбаў груп інтарэсаў. Як звязаных з грашыма (прадпрыемствы, галіновыя лобі), так і тых, якія могуць паўплывать на выбары, напрыклад, работнікі сельскай гаспадаркі. І сам Еўрасаюз уяўляе сабой суму з 28 нацыянальных сум такога роду. Таму невыпадкова Брусэль змагаецца з Вашынгтонам за права лічыцца раем для лабістаў.

Але давайце ўявім сабе, што дзякуючы нейкім дальнабачным палітыкам у абстаноўцы сусветнага спаду і пад’ёму Кітая ўсё атрымаецца добра.

Гэта будзе неймавернай падзеяй у двух аспектах: надзвычай выгадным вынікам для сусветнай эканомікі і велізарным выклікам Кітаю. У 100-ю гадавіну 1914-га мы адродзім нешта падобнае да свету свабоднага гандлю, які існаваў да таго часу, але ў большым маштабе, пры меншай ступені фармальнага каланіялізму, больш складаных і глыбокіх узаемасувязях.

Выйграюць далёка не ўсе, нават унутры Вялікай сеткі Захаду, але магчымая выгада будзе велізарнай. Да прагнозаў эканамістаў заўсёды трэба падыходзіць з асцярожнасцю. Напрыклад, паводле даследавання, праведзенага на замову Фонду Бертэльсмана, у выпадку дасягнення пагаднення па TAP у доўгатэрміновай перспектыве даход на душу насельніцтва вырасце ў ЗША ў сярэднім на 13%, на 5% — у ЕС і як мінімум на 10% у Вялікабрытаніі. Еўракамісія разлічвае, што дзякуючы дамове паміж ЕС і Японіяй можа быць створана 400 тысяч працоўных месцаў. З улікам таго, што ў ЕС амаль 6 мільёнаў беспрацоўных маладых людзей, гэта вельмі важна. Калі ўсё будзе зроблена правільна, рост свабоднага гандлю і свабодных інвестыцый прынясе карысць усім. Так што давайце імкнуцца да дасягнення пагаднення аб TAP.

Таксама не варта забываць і пра тое, што гэта геапалітычны выклік Камуністычнай партыі Кітая.
Таму што ў геапалітыцы Панглос (персанаж Вальтэра) супадае ў поглядах з Мак’явэлі. Амерыканцы гэта выдатна ведаюць (дадзены аспект асабліва падабаецца некаторым прыхільнікам пагаднення. Ірвін Штэльцэр піша, што гандаль — гэта «палітыка і вайна з ужываннем іншай зброі»). Еўрапейцы гэта ведаюць. Японцы гэта ведаюць (прэм’ер-міністр Сіндза Абе сцвярджае, што ўступленне ў TTP будзе спрыяць «бяспецы» Японіі).

І кітайцы таксама гэта ведаюць. У артыкуле, апублікаваным у газеце Washington Quarterly і напісаным супрацоўнікам Фуданьскага ўніверсітэта (Шанхай) Гуою Сонгам (Guoyou Song) і супрацоўнікам Мэрылэндскага ўніверсітэта Вэн Цзінь Юанем (Wen Jin Yuan), сцвярджаецца, што «ў кітайскіх навуковых і палітычных колах» вельмі распаўсюджанае меркаванне аб тым, што TTIP — інструмент, які ЗША выкарыстоўваюць для стрымлівання эканамічнага ўздыму Кітая.
Цікавая выснова, што напрошваецца з іх сур’ёзнага аналізу шматлікіх груп інтарэсаў і лобі, якія ўплываюць на кітайскую палітыку: «Варта паказаць, што Кітай не выключыў для сябе магчымасці далучыцца таксама і да TTP. Калі кітайскі ўрад палічыць, што выгады ад далучэння перавышаюць выдаткі, то Кітай цалкам можа звярнуцца з адпаведнай просьбай».

Менавіта тут эканаміст Панглос і палітык Мак’явэлі маглі злучыцца дыялектычным спосабам.

Вялікая сетка Захаду — гэта не толькі выклік Кітаю, але і стымул. Калі Кітай вырашыць далучыцца да сеткі сапраўдных зон свабоднага гандлю і інвестыцый і па-сапраўднаму выконваць правілы, а мы адкажам яму на гэта адмовай, то зробім гэтак жа безадказна, як кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаваў у 1914 годзе.
Наша найвышэйшая мэта ў гэтай новай вялікай гульні не можа заключацца ў адштурхванні Кітая. Ствараныя зоны свабоднага гандлю павінныя стаць цаглінкамі новага ліберальнага міжнароднага парадку з удзелам кітайцаў. У такім выпадку Кітай, як і заходнія дзяржавы, атрымаў бы права паспрабаваць змяніць гэты парадак. Яго далучэнне таксама спрыяла б ператварэнню Кітая ў больш адкрытую краіну, дзе ўзялі б верх плюралізм меркаванняў і захаванне прынцыпаў прававой дзяржавы, як пра гэта марыць усё большая колькасць яго грамадзян. Сардэчна запрашаем у TAP і TPP.

***

Цімаці Гартан Эш — загадчык кафедры Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Оксфардскага ўніверсітэта. Ганаровы навуковы супрацоўнік Гувераўскага інстытута пры Стэнфардскім універсітэце. Яго апошняя кніга называецца «Падрыўныя факты: ідэі і персанажы для дзесяцігоддзя без імені».

Каментары7

Цяпер чытаюць

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020-м, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»40

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020-м, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»

Усе навіны →
Усе навіны

Для аховы Мазырскага НПЗ паставілі расійскі ЗРК «Тор»23

У Беларусі абмежавалі для ўсіх мабільны інтэрнэт. 30 гігабайтаў на месяц на максімальнай хуткасці, а пасля абмежаванні17

Чым небяспечны папулярны флэшмоб, які завірусіўся ў сацсетках4

З Санкт-Пецярбурга запусцяць аўтобус у гарадскі пасёлак на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей3

ВУП Беларусі вырас у тры разы менш, чым планавалася. Чаму так і чаго чакаць ад 2026-га?4

За хабар затрымалі топ-менеджара аднаго з найбуйнейшых аграпрадпрыемстваў Гродзенскай вобласці3

Орбан — пакуль адзіны з лідараў у ЕС, хто пагадзіўся на членства ў Радзе міру Трампа2

Нявестка Бэкхэмаў. Што вядома пра Ніколу Пэльц, якая пасварылася з Дэвідам і Вікторыяй3

Максім з Гродна ў свае 16 гадоў стаў топавым грумерам Беларусі — вось яго гісторыя1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020-м, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»40

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020-м, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць