Мова1515

«А ты размаўляеш па-беларуску? Зрабі крок наперад!»

15 лістапада стартуе анлайн-конкурс беларускамоўных відэаролікаў.

Зазвычай ініцыятарамі падобных праектаў выступаюць грамадскія арганізацыі і ініцыятывы (да прыкладу, «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» або кампанія «Будзьма беларусамі!»). Гэтым разам ініцыятыва сыходзіць ад прыватнай асобы.

24-гадовы мінчук Юрась Юрчанка распавёў «Нашай Ніве» аб праекце «Крок наперад» і падзяліўся сваімі ідэямі, задумамі і чаканнямі.

Футбаліст, эканаміст, беспартыйны

Юрась — прафесійны футбаліст у нядаўнім мінулым, мае вышэйшую эканамічную адукацыю, не ўваходзіць ні ў якія палітычныя партыі ці грамадскія арганізацыі. Яшчэ ў часе вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце ён звярнуў увагу на беларускую мову і яе стан.

«Раз-пораз я сустракаў людзей, якія прыгожа і нязмушана гаварылі па-беларуску, пазней беларускамоўныя сталі часткай майго атачэння. Іх натуральная беларускасць выклікала павагу і адначасова зайздрасць у добрым сэнсе слова: чаму я не ведаю нашай мовы? Што я асабіста магу для яе зрабіць?

Адказ быў відавочны: размаўляць! Першыя крокі да мовы даваліся нялёгка, скажу шчыра. Але з кожным днём я быў усё бліжэй да пастаўленай мэты. У авалоданні мовай вельмі дапамаглі беларуская літаратура і музыка, але ў першую чаргу — жывыя зносіны».

Вывучыць мову можа кожны

Свядома прыйшоўшы да беларускасці, хлопец сутыкнуўся з шэрагам праблем: малая пашыранасць мовы ў грамадстве, надзвычай слабая падтрымка з боку дзяржавы, а таксама няведанне роднай мовы і абыякавасць да яе з боку многіх суайчыннікаў. Аднак разгляд дадзеных праблем выключна ў палітычнай плоскасці ён лічыць памылкай.

«Бясспрэчна, моўная праблема мае шмат аспектаў, у тым ліку і палітычны. Але існуе шэраг іншых, не менш важных момантаў, на якія варта звяртаць увагу. Найперш гэта пытанне каштоўнаснага свядомага выбару. Сёння кожны грамадзянін можа авалодаць беларускай мовай — было б жаданне», — перакананы Юрась.

«Вывучэнне мовы вымагае вялікіх намаганняў. Але гэта магчыма. Праз чытанне, слуханне музыкі, перапіску ў сеціве і асабістыя сустрэчы, удзел у розных культурніцкіх і адукацыйных мерапрыемствах.

Прыкладам таму можа быць мой уласны досвед. Ці мноства іншых прыкладаў, калі людзі прыйшлі да роднай мовы зусім не з падачы школьных настаўнікаў. Канечне, беларускамоўная адукацыя мусіць пашырацца. Але нельга пагарджаць альтэрнатыўнымі спосабамі вывучэння роднай мовы».

Не дзяліць беларусаў на «сваіх» і «чужых»

На думку Юрася, не варта праблему беларускай мовы зводзіць да ідэйна-палітычнага супрацьстаяння, трэба імкнуцца да дэпалітызацыі беларускасці.

«Беларускамоўнасць мусіць несці пазітыўны, стваральны пасыл. Часам тыя, хто валодае і актыўна карыстаецца беларускай мовай, з пагардай ставіцца да тых, хто мовы не ведае.

Прычым вялікая частка беларускамоўных калісьці раней таксама размаўляла па-расейску і роднай мовай не валодала. Так, моўная праблема існуе, але гэта наша агульная праблема, якую трэба супольна вырашаць, прычым на ўзроўні міжасабовых зносінаў. Не трэба дзяліць беларусаў на «сваіх» і «чужых», гэта вялікая памылка».

«Зрабі крок наперад!»

Разважаючы над праблемай пашырэння роднай мовы і ўзняцця яе грамадскага статусу, Юрась спыніўся на ідэі ажыццяўлення сацыяльнага праекту, які ў працэсе падрыхтоўкі атрымаў назву «Крок наперад» і мае адбыцца ў фармаце анлайн-конкурсу відэаролікаў па-беларуску.

Вызначыўшы мэты і задачы, а таксама прадумаўшы канцэпцыю праекту, хлопец пачаў дзейнічаць.

«Спярша я вырашыў знайсці фундатараў і партнёраў для рэалізацыі праекту, што аказалася не так проста. З прапановай я звярнуўся ў больш чым 150 арганізацый і ўстановаў, як дзяржаўных, так і прыватных. Аднак у выніку толькі некалькі згадзіліся падтрымаць маю ініцыятыву.

Большасць з тых, да каго я звярнуўся, выказвала салідарнасць і разуменне грамадскай значнасці ўзнятай праблемы, але далей гэтага справа не ішла. Адгукнуліся і некаторыя інфармацыйныя рэсурсы, якія ў межах сваіх магчымасцяў згадзіліся аказваць інфармацыйную падтрымку».

Далей высілкамі Юрася быў падрыхтаваны сайт krok-naperad.by, дзе змешчаная інфармацыя пра праект, правілы і ўмовы конкурсу, таксама прэзентацыйныя відэаролікі, якія хлопец запісаў за ўласны кошт у адной са сталічных відэастудый.

Не зважаючы на пэўныя цяжкасці, ён не сумняваецца, што праект будзе мець поспех.

Удзельнічаць у конкурсе можа кожны ахвочы. Для гэтага патрэбна зняць матываваны відэаролік на беларускай мове і даслаць яго ў тэрміны з 15 лістапада па 11 снежня.

«На форме відэароліку я спыніўся таму, што гэта дае вялікія магчымасці для творчасці. Сёння зняць відэа можна з дапамогай разнастайных сродкаў (мабільны тэлефон, вэб-камера, відэакамера альбо фотаапарат).

Па выніках адкрытага галасавання, якое пройдзе з 12 па 15 снежня, а таксама паводле адзнак журы, пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы».

***

Падрабязнасці аб праекце можна даведацца на сайце krok-naperad.by, а таксама патэлефанаваўшы па тэлефоне +375 25 943 87 58 ці напісаўшы на электронную скрыню [email protected]

Каментары15

Цяпер чытаюць

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў2

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Украіне мабілізавалі хасіда, які прыехаў з Ізраіля ва Умань на святкаванне яўрэйскага Новага года8

ЗША афіцыйна запрасілі Пуціна прыехаць на саміт G20 у Маямі10

У Шатландыі сям'я знайшла сваю котку праз шэсць гадоў пасля таго, як яна згубілася1

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе23

Упаў з лесвіцы і разбіўся насмерць расійскі тэлевядучы Сяргей Саседаў29

«Настойліва рэкамендавалі» не хаваць яе на радзіме». Муж Святланы Курс расказаў новыя падрабязнасці пра яе пахаванне 8

Вялікабрытанія пераглядзіць пагадненне з Маўрыкіем аб перадачы архіпелага Чагас3

У ААН 50 краін і ЕС заклікалі Расію да прыпынення агню. ЗША не далучыліся, Расія адмахнулася29

Заснаваны беларусамі стартап купіў музычную платформу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў2

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць