Культура11

Найбуйнейшай у свеце фан-супольнасцю Лэдзі Гагі кіраваў хлопец з Мінска, які адседзеў за пратэсты. Яго ўжо паспелі запісаць у лік актыўных расійскіх апазіцыянераў

Допіс уладальніка фан-праекта спявачкі пра сваё зняволенне за пратэсты супраць урада выклікаў шквал эмоцый у сацсетках. Многія на Захадзе і ў Расіі ўспрынялі яго як прыклад барацьбы расіян з рэжымам Пуціна. «Наша Ніва» разабралася, адкуль насамрэч паходзіць стваральнік папулярнага праекта і за што ён адбываў пакаранне.

Кірыл Нгуен са сваімі сакурснікамі па магістратуры. Фота: pretty_cool_ha

Паведамленне з’явілася 22 верасня 2026 года ў акаўнце Gaga Daily ў твітары і ўжо сабрала больш за тры мільёны праглядаў. У ім заснавальнік праекта патлумачыў прычыну сваёй больш чым двухгадовай адсутнасці:

«Выбачайце за адсутнасць абнаўленняў, я літаральна быў у турме. Гэта Кірыл. Калі вы мяне не ведаеце, я ўладальнік Gaga Daily, і кожны допіс у сацсетках, які вы бачылі з 2009 па 2024 год, быў ад мяне. Я ніколі не выкарыстоўваю гэты акаўнт для асабістых допісаў, але адчуваю, што абавязаны вам усё патлумачыць.

У пачатку 2024 года мяне арыштавалі на радзіме за пратэсты супраць урада і асудзілі больш чым на два гады турмы. На працягу эры MAYHEM гэты акаўнт вялі мае сябры Крысціян і Энтані, якія выканалі неверагодную працу. Цяпер я на волі, я ў бяспецы, і я не магу дачакацца, каб вярнуцца да таго, што я так моцна люблю.

Я надзвычай крануты і ўдзячны за ўсе твіты і паведамленні падтрымкі, якія вы мне даслалі. Я так моцна люблю гэтую супольнасць, і здаецца сюррэалістычным, што так шмат людзей, якія не ведаюць адно аднаго, чыя адзіная сувязь — гэта такая дурасць, як любоў да адной поп-зоркі, могуць сфармаваць такую моцную сувязь, якая доўжыцца столькі гадоў. Дайце ведаць, калі ў вас ёсць пытанні, і не саромейцеся сачыць за мной у IG на @krzzle, калі хочаце заставацца на сувязі. Калі LG8

Гэты акаўнт Gaga Daily з’яўляецца часткай найбуйнейшай у свеце супольнасці фанатаў спявачкі Лэдзі Гагі і быў створаны яшчэ ў 2009 годзе. Сёння праект мае афіцыйны сайт з вельмі актыўным форумам, акаўнт у твітары на 487 тысяч чытачоў, профіль у інстаграме, на які падпісана 517 тысяч чалавек, і старонку ў фэйсбуку, на якую падпісана 1,3 мільёна фанатаў спявачкі. 

Лэдзі Гага афіцыйна прызнала гэты рэсурс галоўнай пляцоўкай сваіх прыхільнікаў. Ва ўсіх сацсетках праекта прыведзена яе фраза: «Калі я хачу даведацца, што кажуць мае фанаты, я іду на Gaga Daily». 

«Рускі хлопец»

Кірыл Нгуен. Фота: krzzle

Ні ў гэтым допісе, ні ў сваім асабістым інстаграм-акаўнце хлопец не пазначыў ні краіну, ні сваё поўнае імя. Адшукаць гэтую інфармацыю простым пошукам па фотаздымках таксама немагчыма.

З гэтай прычыны імгненна ў сацсетках пачало дамінаваць меркаванне, як сярод заходняй англамоўнай публікі, так і сярод расійскай, што стваральніка Gaga Daily трымалі ў расійскай турме.

Дадатковым трыгерам для віруснага абмеркавання стаў адказ Кірыла аднаму з карыстальнікаў. На пытанне, ці бачыў ён кліп на новую песню Лэдзі Гагі «Abracadabra», уладальнік акаўнта адказаў: «Я жыў у той момант, пакуль гэта іграла па турэмным радыё».

Гэта спарадзіла новую хвалю мемаў. Заходнія фанаты і папулярныя поп-культурныя акаўнты, напрыклад, Pop Hub, пачалі масава пісаць, што трэк «Abracadabra» стаў хітом у расійскіх турмах. Карыстальнікі здзіўляліся факту трансляцыі поп-музыкі для зняволеных і жартавалі пра тое, як вязні ў Расіі адкрываюць для сябе творчасць спявачкі праз радыёкропку.

Тэма песні Лэдзі Гагі «Abracadabra» як турэмнага хіта ўварвалася ў трэнды ў твітары

Адзін з заходніх карыстальнікаў адзначыў іронію, што стэн Тэйлар Свіфт, 19‑гадовая ізраільцянка, была арыштавана і правяла два месяцы ў турме за адмову ўступаць у ЦАХАЛ, а стэн Гагі — за пратэсты ў Расіі. Іншыя былі ўсхваляваныя, што правёўшы мінулы год у расійскай турме, стваральнік аднаго з галоўных фан-праектаў толькі цяпер адкрые для сябе новую эру спявачкі.

 

Нават просты англамоўны твіт «Gaga Daily рускі???» сабраў тры тысячы лайкаў, а пабачылі яго сотні тысяч карыстальнікаў сацсеткі. 

Фанаты таксама звязвалі ўяўны расійскі арышт з гісторыяй самой Лэдзі Гагі, узгадваючы яе канцэрт у Маскве ў 2012 годзе. Тады расійскія ўлады пагражалі спявачцы арыштам за словы ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці, што дадало сітуацыі сімвалізму ў вачах заходняй аўдыторыі.

Тэму арышту неўзабаве падхапіў і расійскі сегмент твітара, тлумачачы яго таксама ў кантэксце барацьбы з рэжымам Уладзіміра Пуціна.

Антываенны і апазіцыйны блогер пад нікам «Проф. Преображенский» канстатаваў як факт, што ўладальнік найбуйнейшага акаўнта Лэдзі Гагі — расіянін, які больш за два гады правёў за кратамі за пратэсты супраць рэжыму. Праўда, пасля прыйшлося выпраўляць памылку.

«Падабаецца, што сёння вірусіцца вось гэты твіт і адначасова з ім той, у якім пытаюцца, хулі рускія не выказваюцца адкрыта наконт вайны. Ну думайце», — пракаментаваў твіт акаўнт з нікам «н-дяя», сабраўшы тысячы лайкаў. 

Мноства лайкаў і рэпостаў сабраў і твіт, у якім Кірыл называўся «рускім хлопцам, які адматаў двушачку ў калоніі». На заўвагі ў каментарыях пра беларускі кантэкст яго аўтар лёгка адмахнуўся, маўляў, усяго толькі пашпартам памыліўся, а так ўсё роўна агульны «суровы ўсходнееўрапейскі вайб».

Папулярны бразільскі акаўнт StagePop, не разабраўшыся ў тонкасцях палітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе, увогуле напісаў, быццам Кірыл быў арыштаваны ва Украіне.

Хто такі Кірыл?

Сапраўды, у асабістым профілі хлопца ў інстаграме не засталося ніякіх намёкаў на беларускі кантэкст — падобна, што яны былі вычышчаны з меркаванняў бяспекі.

Засталіся толькі фотаздымкі з часоў яго вучобы ў Маскве — хлопец скончыў у 2019 годзе магістратуру на факультэце замежных моў і рэгіёназнаўства Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, — ды непазнавальныя лакацыі. 24 лютага 2022 года ў яго профілі з'явіўся ўкраінскі сцяг, а 1 сакавіка таго ж года хлопец апублікаваў фотаздымак з маскоўскага аўтазака, куды трапіў пасля затрымання на антываенным мітынгу. Усё быццам бы пацвярджае меркаванне пра «рускага хлопца».

Кірыл Нгуен са сваімі сакурснікамі па магістратуры. Фота: pretty_cool_ha

Блытаніны дадавала і тое, што першыя паведамленні пра тое, што фан-супольнасцю Gaga Daily кіраваў беларус Кірыл Нгуен, які адбыў тэрмін за пратэсты 2020 года, суправаджаліся фотаздымкамі, узятымі з сайтаў беларускіх праваабаронцаў. Але на іх быў зусім іншы мужчына азіяцкай знешнасці, чым у акаўнце krzzle — выглядала, быццам журналісты нешта паблыталі.

Пра беларускі след сведчыў толькі адзін архіўны фотаздымак за 13 верасня 2020 года, на якім быў бачны хлопец з плакатам з цытатай спявачкі Рыяны «A rat is a rat» (Пацук — гэта пацук) і людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі на фоне. Аднак гэты допіс быў выдалены або схаваны неўзабаве пасля таго, як яго паспелі заўважыць і апісаць журналісты выдання «Люстэрка».

«Наша Ніва» таксама адшукала іншыя доказы таго, што Кірыл паходзіць з Беларусі. Так, напрыклад, у жніўні 2020 года ён пакінуў словы падтрымкі пад відэазваротам ІТ-прадпрымальніка Мікіты Мікада, а таксама ўступіў у спрэчку пад допісам брэнда Kardash. Дызайнеры прапаноўвалі набыць цішоткі з лагатыпамі страйкуючых беларускіх заводаў, абяцаючы перавесці палову сродкаў у фонд салідарнасці. Хлопец раскрытыкаваў іх кошт 97 беларускіх рублёў — малаверагодна, што расіянін так добра арыентаваўся б у беларускай валюце. 

Дакладна вызначыць, што Кірыл паходзіць з Мінска ўдалося дзякуючы іншай дэталі: раней усе яго профілі ў сацыяльных сетках называліся kirillyen. Мы мяркуем, што нікнэйм з'яўляецца камбінацыяй імя Кірыл і фінальнай часткі распаўсюджанага в'етнамскага прозвішча Нгуен (Nguyễn).

Кірыл Нгуен (справа) у в’етнамскім Ханоі. Фота: krzzle

У канцы 2014 года ён апублікаваў фатаграфію вясёлкі з Мінска, якая засталася на старонках партала «Хартыя-97».

У чэрвені 2015 года акаўнт з нікам kirillyen стварыў тэму на беларускім форуме абаронцаў жывёл. Ён расказваў, як яго маці падабрала каля іх дома збітага машынай ката, і прасіў парады па доглядзе за паралізаванай жывёлай. У перапісцы ён адзначаў, што жыве за 10 хвілін ад дзяржаўнай ветэрынарнай клінікі на вуліцы Гурскага ў Мінску. Пазней ён змяніў гэты нікнэйм на новы — kir93 — але сляды старога засталіся ў адказах ад іншых карыстальнікаў і ў пазнаках пры рэдагаванні ім уласных допісаў.

Актрыса Сіена Мілер (злева ў тыяры) і грамадская дзяячка Хума Абедзін (справа) на афтэпаці Інстытута касцюма Met Gala 7 мая 2018 года ў Нью-Ёрку. Справа можна заўважыць Кірыла Нгуена. Фота: drunkenstepfather.com

Новы нікнэйм дае дакладны год нараджэння — 1993 год. Узрост і гісторыя з нікнэймамі дазволілі канчаткова супаставіць уладальніка Gaga Daily са спісамі беларускіх палітвязняў. Поўнае імя хлопца — Кірыл Куокавіч Нгуен, ён нарадзіўся 8 снежня 1993 года.

Здымак, змешчаны на старонках пра палітзняволенага Кірыла Нгуена на рэсурсах беларускіх праваабаронцаў, наколькі можна меркаваць, належыць іншаму Кірылу Нгуену, які таксама жыў у Беларусі, але нарадзіўся ў 1996 годзе ў Ханоі.

Як піша «Вясна», Кірыла затрымалі ў пачатку 2024 года. 10 мая 2024 года суддзя Іна Сівец у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска асудзіла яго паводле так званага «народнага» артыкула — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) на 1 год і 6 месяцаў калоніі.

25 сакавіка 2025 года адбыўся другі суд па тым жа артыкуле за іншы эпізод, пасля чаго агульны тэрмін зняволення павялічылі да 2 гадоў і 6 месяцаў. Кірыл Нгуен адбываў пакаранне ў калоніі №17 у Шклове і выйшаў на волю ў пачатку красавіка 2026 года.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

Цяпер чытаюць

Калій пайшоў у Штаты і даў козыры Лукашэнку. А што з гэтага Трампу? І што зменіцца для «Беларуськалія»?5

Калій пайшоў у Штаты і даў козыры Лукашэнку. А што з гэтага Трампу? І што зменіцца для «Беларуськалія»?

Усе навіны →
Усе навіны

Былых палітвязняў пачалі выкрэсліваць са спісу «тэрарыстаў»1

Кубракоў прапануе дазволіць сілавікам «у асаблівых умовах» дзейнічаць без санкцыі пракурора17

Бабарыка падзякаваў Сікорскаму за сустрэчу з Рыжанковым у Нью-Ёрку11

Беларуска праектавала метро ў Мінску, а зараз адказвае за станцыі ў Нью-Ёрку4

Былому гендырэктару Гродзенскага мясакамбіната далі сем гадоў калоніі3

Сурагатная маці з Брэстчыны расказала, чаму наважылася на такі шлях і як усё адбываецца1

Першае судна з беларускім каліем прыбудзе ў ЗША ў кастрычніку27

Судаленка: Мяне і адвакатам д’ябла называлі, і адвакатам «дармаедаў». Праз усё гэта прайшоў, ні пра што не шкадую2

Фінляндыя выдзеліць дадатковыя 100 тысяч еўра на дапамогу палітвязням7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калій пайшоў у Штаты і даў козыры Лукашэнку. А што з гэтага Трампу? І што зменіцца для «Беларуськалія»?5

Калій пайшоў у Штаты і даў козыры Лукашэнку. А што з гэтага Трампу? І што зменіцца для «Беларуськалія»?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць