Здароўе1010

Такая магчымасць — раз у жыцці: навошта становяцца донарамі касцявога мозгу?

Кацярыне Шкор 23 гады. Яна займаецца піярам ды арганізацыяй канферэнцый і семінараў. Кацярына стала донарам касцявога мозгу для 16-гадовага хлопчыка з ракам крыві. Што штурхае на такія сур’ёзныя ўчынкі?

«Наша Ніва: Як Ваш касцявы мозг прыжыўся ў арганізме хлопчыка?

Кацярына Шкор: Вынік будзе вядомы пазней. Ёсць два асноўныя паказчыкі: лейкацыты і колькасць зноў утвораных клетак касцявога мозгу. Лейкацыты «скакалі», а вось клеткі ў Мікіты памнажаюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Тэндэнцыя станоўчая.

«НН»: Як праходзіць здача касцявога мозгу?

КШ: Аперацыю рабілі пад агульным наркозам. З паяснічнай вобласці двума шпрыцамі «выцягнулі» неабходную колькасць касцявога мозгу і ўжывілі хлопчыку. Для мяне было проста: заснула і прачнулася.

«НН»: Страшна не было?

КШ: Са мной размаўлялі дактары, тлумачылі ўсё — таму страху не было. Я разумела, што гэта добрая справа. Нейкіх наступстваў пасля аперацыі, здаецца, няма. Дактары нават не далі апамятацца: хутка правялі аперацыю — у мяне не было часу хвалявацца.

«НН»: Да працы адразу вярнуліся, ці была нейкая адаптацыя?

КШ: Суткі я знаходзілася ў рэанімацыі. Але гэта не столькі праз неабходнасць, колькі для падстрахоўкі. Каб кантраляваць мае жыццёвыя паказчыкі. Пасля мяне выпісалі, дома была некалькі дзён. «Бальнічны» далі на сем дзён: дзень да аперацыі, астатняе — на аднаўленне.

«НН»: Гэта першы вопыт здачы касцявога мозгу?

КШ: Канечне. Увогуле, шанец супасці з чалавекам — адзін на шэсцьдзясят тысяч. Такая магчымасць здараецца раз у жыцці.

«НН»: Як на гэта рашыліся?

КШ: Я здавала кроў. Мне прапанавалі прайсці ДНК-тыпаванне і ўнесці сябе ў банк донараў. А праз нейкі час мне патэлефанавалі, запрасілі на размову з дактарамі. Аказалася, што я на 95% падыходжу для Мікіты. Я адразу пагадзілася стаць донарам касцявога мозгу.

«НН»: Як доўга займаецеся донарствам крыві?

КШ: У ВНУ нам прапанавалі здаць кроў у межах Дня донара. Але акурат у той дзень не трапіла, а паехала пасля — хутчэй нават з цікаўнасці. Пасля падышла асэнсавана, зразумела карысць ад гэтага — і раз-два на год здаю кроў.

«НН»: Ваш прыклад у сацыяльных сетках выклікаў шмат пазітыўных эмоцый. А ў рэальнасці нехта пераняў вопыт?

КШ: Як мінімум, мне адпісалася знаёмая, што прайшла ДНК-тыпаванне. Некалькі чалавек паведамілі, што ў іх ёсць намер гэта зрабіць. Спадзяюся, што і ў рэальным жыцці будуць наступствы гэтых размоў.

«НН»: Як Вашыя родныя ставяцца да такога ўчынку?

КШ: Мама спалохалася, а пасля сказала: «Пакуль для цябе гэта бяспечна, рабі гэтую Божую справу». Родныя падтрымалі, хаця, можа, ім і было страшна.

«НН»: Ці прыносіць донарства грошы?

КШ: Сказаць, што за гэта плацяць, нельга. Бо гэта будзе расцэнена як гандаль органамі. Выдзяляецца 30 базавых велічынь (каля 4 мільёнаў рублёў) для аднаўлення донара пасля здачы касцявога мозгу— на вітаміны, сокі.

Донараў не хапае

Па словах кіраўніка Цэнтра гематалогіі і перасадкі касцявога мозгу Анатоля Уса, у Беларусі ў сярэднім праводзіцца 200 перасадак касцявога мозгу і ствалавых клетак у год. Больш за палову — для дарослых. Для тых, у каго знаходзіцца донар сярод родных, перасадка праводзіцца гарантавана. У іншых выпадках не ўсё так хутка.

У Беларусі створаны Нацыянальны рэгістр донараў касцявога мозгу, у якім больш за 14 тысяч чалавек. Лічба павялічваецца, але яна не дастатковая. У Польшчы колькасць патэнцыйных донараў — 500 тысяч, у ЗША — каля 10 мільёнаў.

Па словах Уса, прынята лічыць колькасць трансплантацый на мільён чалавек насельніцтва. Калі ў Беларусі гэта 20, то ў Польшчы гэтая лічба большая ў 2,5 раза, Германіі, Францыі — у 7. У Расіі лічба у пяць разоў меншая за нашу, ва Украіне — у 15 разоў меншая.

Для беларусаў трансплантацыя бясплатная. Замежнікі, у тым ліку расіяне, плацяць. Калі гэта аўтатрансплантацыя (донарам з’яўляецца сам хворы) — гэта каля 30 тысяч еўра; калі донар сярод родных — да 80 тысяч еўра; калі донар не сярод родных — больш за 100 тысяч еўра. У Заходняй Еўропе аперацыя каштуе каля 250 тысяч еўра.

Каб трапіць у Нацыянальны рэгістр донараў, трэба прайсці ДНК-тыпаванне ў Рэспубліканскім цэнтры гематалогіі і перасадкі касцявога мозгу (на базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы — Мінск, вул. Сямашкі, 8) ці РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій (Мінск, Даўгінаўскі тракт, 160).

Цуда-клеткі

Касцявы мозг — гэта тканка, якая знаходзіцца ўнутры буйных касцей, утрымлівае ствалавыя клеткі, з якіх выпрацоўваюцца клеткі крыві. Калі праводзіцца хіміятэрапія, адбываецца пашкоджанне не толькі хворых клетак, але і здаровых. Пры паспяховай трансплантацыі, касцявы мозг прыжываецца і прадукуе нармальныя клеткі крыві. Гэта з’яўляецца адзіным спосабам лячэння шэрагу захворванняў, напрыклад, раку крыві. Праўда, гэта не ва ўсіх выпадках дапамагае — часам хвароба вяртаецца.

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраіль афіцыйна прызнаў, што перадае Украіне сістэмы СПА

«Выйшла ў лес, крычала і плакала». Палітзняволеная расіянка з вокладкі «КП» расказала пра сваё зняволенне і дэпартацыю2

За здымкі на вакзале ў віцебскім СІЗА трымаюць аршанца Яўгена Бодрыкава2

«Праца цяжкая, але плён натхняе». Сёлетні клубнічны сезон працягнецца даўжэй, чым звычайна

На Зямлі ёсць нябачная мяжа, якую жывёлы не перасякаюць. Вось чаму2

Wildberries назвала «скалананнем паветра» чуткі пра запуск ёй таксі1

Незвычайна: пчолы пакрылі «хусткай» скульптуру Багародзіцы ў Дзятлаве ФОТА9

У Наваполацку РПЦ адкрые спецыяльны храм для дзяцей3

У Беларусі ўводзяць новыя валютныя абмежаванні2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць