Па інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, уначы 5 сакавіка на здымнай кватэры раней затрыманага менеджара на вуліцы Кнорына знайшлі больш за 300000 «марак» (іх кошт сягае 30 мільярдаў рублёў — больш за 3 мільёны даляраў) і 100 грамаў рэагенту для іх вырабу. А ў гаражы мужчыны выявілі наркалабараторыю, дзе знаходзіліся 60 кілаграмаў асновы для спайсаў, 100 грамаў рэагентаў і 5 кілаграмаў гатовых спайсаў.
Нагадаем, у Мінску быў затрыманы 37-гадовы менеджар фермерскай гаспадаркі з Мінскай вобласці, які быў пад наркатой. Пры ім знайшлі два шпрыцы з экстракцыйным опіем, больш за 250 грамаў міксаў для палення і паўкіло псіхатропу для вытворчасці спайсаў, 100 «марак». А ў ягоным сховішчы пад мостам на развязцы праспектаў Дзяржынскага і Жукава канфіскавалі 2 мільёны «марак» і 13 кілаграмаў парашка, з якога магло атрымацца 2 тоны спайсаў.
Калі б наркадылер рэалізаваў увесь тавар, атрымаў каля 600 мільярдаў рублёў — больш за 60 мільёнаў даляраў.
«Марка» — гэта кавалачак паперы, змочаны ў наркотыку. Спайсы — гэта сінтэтычныя сумесі для палення (трава, на якую нанесены наркотык). Яны надта папулярныя ў моладзі. Часта іх ужыванне заканчваецца смерцю альбо моцнымі псіхозамі.
Каментары