Улада6565

Арганізаваны ТБМ Кангрэс за незалежнасць аказаўся нешматлюдным ФОТА

Пра Кангрэс за незалежнасць гаварылі рознае. Напрыклад, што на ім кандыдатам у прэзідэнты будзе абраная намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім. А яшчэ шапталіся, што сюды павінен нехта абавязкова прыйсці з прадстаўнікоў улады. Маўляў, гэткім самым чынам будзе легімітызаваная «лаяльная апазіцыя». Апярэджваючы падзеі, адкажу: не здарылася ні вылучэння Анісім, ні прыходу Макея.

Кангрэс прайшоў у бізнэс-цэнтры «Вікторыя», недалёка ад новага Палаца незалежнасці. Арганізатары да канца не верылі, што ім дадуць добрую пляцоўку, таму разглядалі як рэзерв Сядзібу БНФ. Там месца нямнога, таму і людзей сабралі не надта вялікую колькасць — 63 чалавекі.

На вялікі жаль, на Кангрэсе было мала маладых людзей. У асноўныі былі людзі сталага ўзросту, а таму не хапала жывасці і непасрэднасці.

На мерапрыемстве прысутнічалі былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка, літаратуразнаўца Арсень Ліс, былы палітвязень Сяргей Каваленка, мастак Аляксей Марачкін, паэт Анатоль Вярцінскі. 

Вядучы Кангрэса Алег Трусаў адразу ж сказаў: «Наша мэта — сабраць 1 мільён подпісаў. Калі збяром, то будзем упэўненыя, што Беларусь застанецца, што мы не прахадны двор і не частка Расійскай імперыі. Па нашых падліках, за незалежнасць гатовыя падпісацца 2—2,5 мільёны чалавек».

У прэзідыум Кангрэса былі абраныя былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, акадэмік Радзім Гарэцкі, ветэран вайны са Слаўгарада Фелікс Шкірманкоў (з кіёчкам, але вельма бадзёра ўзышоў на сцэну) і Алена Анісім.

Мечыслаў Грыб чытаў па паперцы, здаецца, амаль ніводнага разу ад яе не адарваўся. Доўга гаварыў пра неабходнасць захавання незалежнасці. «Ядзерную зброю аддалі за так», — сказаў Грыб, а пасля засумняваўся, што краіны, якія гарантавалі незалежнасць для Беларусі і Украіны, не гатовы іх бараніць.

Выступ Радзіма Гарэцкага быў крыху жывейшы. У асноўным ён засяродзіўся на пытаннях катастрофы беларускай мовы. «Нават наш кіраўнік дзяржавы быў вымушаны ўпершыню сказаць аб неабходнасці пашыраць ужыванне беларускай мовы. Калі глядзіш наша тэлебачанне, то часам здаецца, што мы ўжо ў Расіі. Вось да чаго дайшлі». А скончыў прамову словамі Янкі Купалы: «Незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу».

Рыгор Кастусёў гаварыў пра «новую хвалю шалёнага расійскага імперыялізму, якая гатовая накрыць наш рэгіён». Ён зачытаў вітальнае слова ад Аляксандра Мілінкевіча, які знаходзіцца за мяжой.

Аляксандр Мех з Кобрына сказаў, што яго гатовыя падтрымаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты прадпрымальнікі Кобрына і Мінска. Ён заклікаў удзельнікаў Кангрэса падтрымаць яго ў якасці кандыдата. Ён казаў, што сённяшняя апазіцыя дэградавала. І замест таго, каб працаваць з людзьмі, яна ездзіць па Брусэлях. Пару дзясяткаў чалавек сустрэлі заявы Меха апладысментамі, але большасць усё ж маўчала.

На гэтым Алег Трусаў вырашыў спыніць «гаварыльню», бо казалі ж у асноўным не па дакументах Кангрэса, а хутчэй казалі сваё набалелае. Пачулася з залі «Ганьба!» Алена Анісім абсекла гэта досыць хутка: «Прабалбочам краіну».

У выніку была абраная стала дзеючая Рада Кангрэсу, якая на рэгулярнай аснове будзе абмяркоўваць актуальныя пытанні.

Напрыканцы адбылося ўрачыстае падпісанне «Маніфеста ў абарону незалежнасці Беларусі», ягоны першасны тэкст ужо публікаваўся ў СМІ. Былі ўнесеныя невялікія праўкі ад Зянона Пазняка, Рыгора Кастусёва і Ніла Гілевіча. Канчатковы тэкст будзе апублікаваны пазней.

Цяпер ініцыятары Кангрэса збіраюцца арганізаваць збор подпісаў у абарону незалежнасці.

Каментары65

Цяпер чытаюць

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах32

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Усе навіны →
Усе навіны

Расіі не ўдалася спроба ўпершыню за 8 гадоў запусціць гіпергукавую ракету «Авангард»2

У гонар Тэйлар Свіфт назвалі новы від аўстралійскіх клапоў6

«Мы ведалі, што ён спартсмен». Суседка забітай цяжарнай жанчыны расказала падрабязнасці пра яе28

Пад Гроднам знайшлі баравік, які прэтэндуе на рэкорд гэтага сезону ФОТАФАКТ2

Лукашэнка заклікаў не трымаць запасы ў далярах15

«Залатая эпоха Амерыкі». Трамп на з'ездзе рэспубліканцаў пахваліў сваю працу5

Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадае калій у ЗША9

Аказваецца, Коля Лукашэнка служыць у арміі71

Беларуска нарадзіла тройню — усе дзяўчынкі. Цяпер просіць у Лукашэнкі кватэру ў Мінску, бо Год беларускай жанчыны20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах32

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць