50 першых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі зацьвердзілі 10 лютага на пашыраным паседжаньні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Менску. Такім чынам, гэтыя людзі фактычна ўжо могуць рыхтавацца да выбараў, якія згодна з дзейным заканадаўствам мусяць прайсьці сёлета ўвосень.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў будзе 110 акругаў. Але 10 лютага зацьвердзілі толькі 50 прэтэндэнтаў. Справа ў тым, што працэдуру ўзгадненьня кандыдатаў пакуль цалкам правялі толькі ў трох рэгіёнах — сталіцы, Віцебскай і Гомельскай абласьцях.


Анатоль Лябедзька
Сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька адзначае, што і гэта ўжо прарыў:

«Ніколі раней такога яшчэ ня было. І гэта я лічу нашай перамогай. Шкада, што не зацьвердзілі па ўсіх акругах, але і 50 — гэта прыкладна палова».

Карэспандэнт: «А што ў іншых акругах?»

«Юрыдычнае, прававое рашэньне можа быць прынятае толькі Палітычнай радай. Гэта дэ‑юрэ. А дэ‑факта ў Менскай, Гарадзенскай і нават ў Магілеўскай абласьцях ёсьць узгодненыя кандыдаты».

Цікаўлюся ў спадара Лябедзькі прозьвішчамі ўжо зацьверджаных кандыдатаў:

«Гэта Станіслаў Багданкевіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксандар Дабравольскі і шмат тых, каго ведаюць у рэгіёнах».

«А ці ёсьць у гэтых сьпісах прозьвішчы маладых людзей, жанчын?»

«Ёсьць. Сёньня як раз адзначалі, як пазытыўны фактар, што ўжо ўзгодненыя кандыдатуры 7 жанчын. І ёсьць маладыя. Прыкладам, па Менску пойдуць два прадстаўнікі «Маладога фронту». Гэта сьведчыць як раз пра тое, што ніхто нікога не заціскаў. І тыя рэгіянальныя арганізацыі, якія хацелі ў гэтым працэсы ўдзельнічаць, і якія даказвалі, што іх кандыдаты найбольш канкурэнтаздольныя, яны маюць і посьпех».

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы 10 лютага таксама вызначылі ўмовы, неабходныя для таго, каб правесьці выбарчую кампанію адпаведна стандартам АБСЭ. Свае патрабаваньні яны непасрэдна выкладаюць беларускім уладам, якіх заклікаюць да дыялёгу. І даюць ім тэрмін да 25 красавіка, удакладняе першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:


Вінцук Вячорка

«Перадусім гэта вызваленьне палітычных вязьняў, а таксама спыненьне іншых формаў палітычных рэпрэсіяў. Мы патрабуем гарантаванага ўключэньня ў камісіі ўсіх роўняў, я падкрэсьліваю, усіх роўняў прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Мы патрабуем рэгістрацыі нашых кандыдатаў.

Мы з гэтага робім прамую выснову — ці мусіць міжнародная супольнасьць загадзя прызнаваць ці не прызнаваць тую выбарчую кампанію, якая зараз рыхтуецца. Мы ў кожным разе рыхтуемся да мабілізацыйна‑інфармацыйнай кампаніі, і ў выпадку невыкананьня ўладамі гэтых падставовых крытэраў мы выкарыстоўваем ўсе тыя магчымасьці, якія дае выбарчая кампанія для падрыхтоўкі пратэстных акцыяў. І рэзэрвуем за сабою права, што нам канкрэтна рабіць, калі ўлады гэтыя варункі выконваць ня будуць».

Паводле: Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0