Меркаванні4646

Ваенны эксперт: Расія рыхтуецца да вялікай сусветнай вайны, даты вызначаныя

Распачатае некалькі гадоў таму пераўзбраенне расійскай арміі было часткай падрыхтоўкі РФ да сусветнай вайны за рэсурсы, якая можа разгарэцца ў 2025-2030 гадах. Пры гэтым Майдан прымусіў Крэмль кінуць сілы на ўтрыманне ўплыву над Украінай і затармазіў працэс мадэрнізацыі яе узброеных сіл.

Пра матывы з'яўлення праекта «Наваросія», узаемаадносіны Расіі і НАТА, пагрозу вялікай вайны ў Еўропе, а таксама перспектывы прыцягнення да адказнасці вінаватых у крушэнні Boeing на Данбасе у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Апостраф» распавёў расійскі ваенны эксперт Павел Фельгенгаўэр.

— Калі Данбас, на вашу думку, не ўяўляе асаблівай ваенна-стратэгічнай каштоўнасці, то для чаго ў такім выпадку задумвалася «Наваросія»?

— Пуціну паступалі розныя прапановы. Яму даводзілі, што Украіна разваліцца на дзве паловы. І калі адна палова захоча сысці на Захад, то іншая дакладна збунтуецца і захоча сысці на Усход. Лінія падзелу павінна была праходзіць недзе па Дняпры. І што на адной з гэтых палоў можна пабудаваць «Наваросію». Хлопцам далі паспрабаваць. Нешта ў іх не вельмі выйшла. Але мэта, уласна кажучы, не ў гэтым. Не ў тым, каб пабудаваць асобную «Наваросію». Мэта была ў тым, каб не дапусціць заходняга ўплыву на Украіну. Ёсць думкі, што Захаду можна «аддаць» заходнюю частку Украіны. У Маскве гэта цыркулюе ўжо даўно, і чуў я гэта ўжо не раз.

— Гэта значыць, у РФ ёсць чуткі, што можна «аддаць» захад Украіны?

— Гэта не чуткі. Гэта такое ўяўленне, што «нам не патрэбная Заходняя Украіна». Што яны «не рускія і няправільныя». Няхай Захад іх забірае. Ідэя заключаецца ў «новай Ялце», Ялце-2 (Ялцінская канферэнцыя была прысвечаная ўладкаванню свету пасля Другой сусветнай вайны). А паколькі зусім нядаўна Пуцін змяніў сваю пазіцыю і прызнаў карысным пакт Молатава-Рыбентропа, можна сказаць, што гэта Молатаў-Рыбентроп-2. Гэта значыць, у Маскве вельмі хацелі б з Захадам сесці за стол, пакласці на яго карту і пачаць дзяліць.

— Гісторыя паказвае, што практычна ў кожнай вайне былі людзі, якія выкарыстоўвалі чужую бяду сабе на карысць, багацелі з гэтага. Каму на руку цяперашняя вайна на Данбасе?

— Па-рознаму бывае. Наогул ад вайны ўсе хутчэй бяднеюць. Але, у прынцыпе, нажыцца на любой вайне, напэўна, можна. Але ў выпадку Данбаса я не думаю, што гэта звязана з нейкай нажывай. Гэта іншае. Упершыню публічна пра гэта яшчэ ў лютым 2013 года казаў начальнік Генеральнага штаба РФ Герасімаў. Ён заявіў, што чакаецца вялікая сусветная вайна. Глабальны канфлікт. Так званая рэсурсная вайна. Што дзесьці пасля 2025 ці 2030 ў свеце адбудзецца татальная катастрофа, будзе жудасны недахоп прыродных рэсурсаў: нафты, газу, вады, усяго. У гэтай сувязі пачнуцца сусветная вайна або серыя рэгіянальных войнаў, у якіх краіны і народы будуць змагацца за рэсурсы. На Расію могуць накінуцца з усіх бакоў, таму што ў нас вельмі вялікая тэрыторыя і шмат усялякіх рэсурсаў. Гэта заяўлялася цалкам публічна. Мінулай восенню пра гэта казаў Патрушаў (сакратар Савета бяспекі РФ). І мы пачалі рыхтавацца.

Насуперак вельмі сур'ёзным пярэчанням Аляксея Кудрына (былога міністра фінансаў РФ), была прынятая праграма пераўзбраення на шмат-шмат трыльёнаў, каб пераўзброіцца і прыгатавацца да гэтай вайны. Адначасова з гэтым сталі будаваць перыметр абароны. Амерыканцы прыдумалі (ва ўяўленні уладаў РФ), як гэты план парушыць. І яны наладзілі ўкраінскі крызіс. Пра гэта Пуцін кажа даволі часта. Што амерыканцы ўсё зрабілі. Што іх не цікавіць Расія, а яны проста хочуць не даць РФ падрыхтавацца да будучых войнаў. Менавіта таму цяпер яны з'яўляюцца нашымі галоўнымі супернікамі. А цяперашні ўкраінскі рэжым, ці як у нас яго чамусьці называюць «кіеўскі рэжым», нават «кіеўскія войскі» з'яўляюцца, — да гэтага я ведаў толькі кіеўскі торт, а цяпер ёсць «кіеўскія войскі» — называюць амерыканскімі марыянеткамі. Таму няма ніякіх магчымасцяў дамовіцца нават аб замарозцы канфлікту, як я разумею. Таму што замарозка канфлікту пакідае Украіну на Захадзе. А гэта непрымальна.

— Атрымліваецца, Уладзімір Пуцін будзе ісці да пераможнага канца?

— Казалі, што Украіна «разваліцца» зімой, што не перажыве гэтую зіму. Потым казалі, што вясной, потым летам. Калі зімой Сяменчанка і Яраш пачалі ствараць паралельны Генштаб, усе ўзрадаваліся. Але нічога з гэтага штаба не выйшла. Цяпер зноў паспадзяваліся на Яраша (пасля падзей у Мукачаве), і зноў выйшаў пшык. Не жадае Украіна развальвацца чамусьці.

— Прадстаўнікі кіраўніцтва Расіі заяўляюць, што не збіраюцца ваяваць з НАТА, але ў той жа час павялічваюць свой ваенны і ядзерны патэнцыял. Што гэта: падрыхтоўка да якіх-небудзь баявых дзеянняў або спроба прыстрашыць прадстаўнікоў Паўночнаатлантычнага альянсу?

— Мы не збіраемся ваяваць цяпер. Мы рыхтаваліся да 25-га ці 30-га года. Тое, што цяпер адбываецца, гэта зусім не ў час. Нас злавілі, калі мы зусім не падрыхтаваныя. Тут амерыканцы здолелі нас апярэдзіць, што выклікае вельмі вялікую злосць кіраўніцтва краіны.

— Атрымліваецца, што цяперашнія падзеі паўплывалі на падрыхтоўку да меркаваных падзей 2025 года?

— Фармальна мы працягваем гэтую праграму пераўзбраення. У Расіі рэзка скарачаюцца ўсе сацыяльныя праграмы, народ галее. Усе намаганні кінутыя на ваеннае пераўзбраенне, у першую чаргу ядзернае. Каб стрымаць амерыканцаў, раз ужо яны так агрэсіўна дзейнічаюць супраць нас. Натуральна, што РФ займае абарончую пазіцыю.

vladtime.ru

— Калі казаць пра суадносіны ваеннай моцы Расіі і краін НАТА, наколькі вялікая перавага Паўночнаатлантычнага aльянса, і ці ёсць яна?

— Вядома, Расія значна слабейшая: і якасна, і колькасна. Хоць на ўсходнім фронце, лакальна, нейкая перавага ёсць. Зрэшты, якасна мы, вядома ж, не гатовыя. Я спадзяюся, што гэта зразумела ўсім, у тым ліку і ў Крамлі. План быў рыхтавацца раней і скарыстацца Захадам. Выкарыстоўваць заходнія тэхналогіі і капітал для таго, каб пераўзброіцца. У асаблівасці хацелі займець сепаратнае пагадненне з еўрапейскімі краінамі. Францыя, да прыкладу, павінна была зрабіць радарныя спадарожнікі, якіх у нас няма, а ў амерыканцаў ёсць. Яны з амерыканскай тэхналогіяй павінны былі нам пабудаваць, але нічога не выйшла. Наогул, усё, што цяпер адбылося — зусім не ў час. Відаць, амерыканцы аказаліся значна разумнейшыя і агрэсіўнейшыя, чым хто-небудзь лічыў. І гэта досыць сур'ёзная сітуацыя. Канфрантацыя з ЗША ідзе па нарастаючай.

— Калі б летась Расія, услед за атакай супраць Украіны, напала б на краіны Балтыі, то рызыкнулі б астатнія сябры НАТА заступіцца за сваіх саюзнікаў?

— Яны, несумненна, вымушаныя былі б гэта зрабіць. Аднак на Балтыю зараз ніхто нападаць не збіраецца. Гэта фактычна неімаверна. Што б ні адбывалася на тэрыторыі Украіны, і якой бы там не было эскалацыі, гэты канфлікт не прывядзе да вялікай еўрапейскай вайны і прамога сутыкнення паміж Масквой і Захадам.

Але тут ёсць іншыя вельмі непрыемныя варыянты. З абодвух бакоў ідуць ваенныя манеўры, пастаянна ўзнікаюць паветраныя або марскія інцыдэнты. То самалёты збліжаюцца, то караблі. Рана ці позна будзе сутыкненне. Самалёта з самалётам, хутчэй за ўсё. Вось гэта ўжо можа паслужыць спускавым механізмам да сур'ёзнага агульнага абвастрэння і, тэарэтычна, нават да еўрапейскай вайны.

— Ці ёсць у гісторыі падобныя прыклады?

— У прынцыпе, такія рэчы бывалі раней. Зусім нядаўна, будучы ў Бруселі, у штаб-кватэры НАТА, я абмяркоўваў гэта з чалавекам, які займае не апошнюю пасаду ў Пентагоне. Дык вось быў падобны інцыдэнт у Паўднёва-Кітайскім моры, ля выспы Хайнань. Яго ў Еўропе дрэнна памятаюць. Там амерыканскі выведвальны самалёт ляцеў над міжнароднымі водамі, якія ў Кітаі лічаць сваімі. Каля вострава Хайнань яго перахапіў кітайскі знішчальнік, нешта не разлічыў, і самалёты сутыкнуліся. Абодва яны былі знішчаныя. Пры гэтым кітайскі лётчык загінуў, а амерыканцы шчасна выскачылі з парашутамі. Кітайцы ўзялі іх у палон, і пачалася страшная канфрантацыя. Канфлікт вельмі сур'ёзны. Гэта было некалькі гадоў таму. Прычым у штаб-кватэры НАТА і іншых месцах кажуць, што ў іх на сцяне напісаныя тэлефоны расійскага Генштаба. На выпадак, калі падобны інцыдэнт адбудзецца з расійскімі самалётамі ў Еўропе. У той раз і кітайскія тэлефоны ў іх былі. Проста там перасталі адказваць на званкі.

Тады гэта ў друку не паведамлялася, а мне, у прыватнасці, расказвалі. Таму ў Пентагоне вельмі добра памятаюць гэтую сітуацыю і разумеюць, што падобнае можа паўстаць у любы момант: над Чорным морам, Балтыйскім, Паўночным, Ла-Маншам. Могуць два ваенныя самалёты сутыкнуцца, можа ваенны з грамадзянскім. Нашы самалёты лётаюць прыблізна гэтак жа, як яны лёталі ў часы халоднай вайны, гэта значыць з выключанымі транспондэрамі (прыладамі, якія прымаюць радыёсігнал і адпраўляюць зваротны), у тых жа прыкладна месцах. Але з тых часоў мінула 30 гадоў, за гэты час шчыльнасць грамадзянскіх авіязносін павялічылася ў 10 разоў. Таму імавернасць сутыкнення рана ці позна вельмі вялікая. А гэта — просты шлях да таго, што заходнія краіны могуць увесці абмежаванні на паветраную прастору для расійскіх ваенных самалётаў. Мы будзем парушаць, могуць пачацца прамыя паветраныя баі паміж нашай авіяцыяй і заходняй. У прынцыпе, такія канфрантацыі бывалі ў часы халоднай вайны. Кожны раз бакам удавалася спыніцца і адступіць ад мяжы. Але гэта не гарантуе, што так адбудзецца ў будучыні.

— Апошнім часам Расія, з прычыны ізаляцыі з боку Захаду, значна зблізілася з Кітаем. Як вы думаеце, гэта крок напярэдадні вялікай вайны, пра якую вы кажаце?

— Да вайны рыхтуюцца. Але гэта не значыць, што хочуць ваяваць. Мы спрабуем зблізіцца з Кітаем, але там сур'ёзныя праблемы, паколькі Кітай чакае ад Расіі розных рэчаў, якія Масква не заўсёды гатовая даць. Збліжэнне з Кітаем пакуль не стала саюзным. Гэта ўсё роўна партнёрства. Нашы інтарэсы сутыкаюцца ў розных рэчах. Напрыклад, мы падтрымліваем добрыя адносіны з В'етнамам і з вялікай рэўнасцю глядзім на тое, што цяпер амерыканцы ўмацоўваюць свае сувязі з гэтай краінай на антыкітайскай аснове. А ў нас ёсць добрыя сувязі з В'етнамам і Кітаем, але ні тым, ні іншым не падабаецца, што РФ сябруе з імі адначасова. Я даволі часта выступаю на кітайскім тэлебачанні, удзельнічаю ў панэльных дыскусіях з кітайскімі ваенна-палітычнымі экспертамі. Дык яны згаджаюцца, што Расія павінна вырашыць, на чыім яна баку. Тут вялікія складанасці. Мы страцілі доступ да рынкаў капіталу на Захадзе, за кошт якіх існаваў наш фінансавы сектар. Мы спадзяваліся, што іх заменяць Шанхай і Ганконг. Але пакуль што гэтага не адбылося.

— Для ўступлення ў Паўночнаатлантычны альянс краіна-кандыдат павінна адпавядаць некаторым крытэрам. Наколькі гэтым крытэрам адпавядаюць Украіна і Расія?

— Фармальна, паводле Вашынгтонскай дамовы (дакумент аб заснаванні НАТА, падпісаны ў 1949 годзе), ніякіх крытэраў няма. Акрамя таго, што краіна павінна быць еўраатлантычнай і дэмакратычнай. Пры гэтым яе ўступленне павінны аднагалосна падтрымаць усе астатнія сябры арганізацыі. Астатняе — нефармальныя крытэры. У нас любяць казаць, што калі ў дзяржавы ёсць нявырашаныя тэрытарыяльныя праблемы або канфлікты, то яе не прымуць у НАТА. Але гэта няпраўда. Напрыклад, Францыю ў 1949 годзе, калі падпісвалі Вашынгтонскі дагавор, прынялі ў НАТА без заморскіх дэпартаментаў. А тады, дарэчы, Алжыр лічыўся часткай Францыі. Так што фармальна Украіну могуць прыняць без Данбаса і Крыма, калі захочуць. Ніякіх законаў з гэтай нагоды няма. Калі гэта падтрымаюць і ратыфікуюць усе краіны-сябры Паўночнаатлантычнага альянсу, то ўсё магчыма.

Гэта ўсё вельмі гнутка. Вашынгтонская дамова — гэта, па сутнасці, адна старонка тэксту. Нават у НАТА ўвесь час кажуць, што ўсе рашэнні ў арганізацыі прымаюцца кансэнсусам. Калі казаць пра тое, хто больш гатовы, то калі Расію тэарэтычна разглядаць у якасці кандыдата на ўступленне ў НАТА, а ў прынцыпе Ельцын у свой час казаў пра такую магчымасць, узнікаюць новыя праблемы. З тымі ж Паўднёвымі Курыламі, да прыкладу. Але, з іншага боку, калі ёсць палітычная воля, гэта можна абыйсці. Альянс уяўляе сабой скрыню інструментаў. Там праведзеная велізарная праца па кааператыўнасці. Гэта значыць, розныя ўзброеныя сілы з розных краін з'яўляюцца дастаткова падрыхтаванымі, каб дзейнічаць разам. У іх агульная камандная мова, афіцэры прайшлі навучанне, усе гавораць па-англійску, у іх агульныя стандарты ўзбраення, што дазваляе абменьвацца боепрыпасамі. Палітыкі, карыстаючыся тым, што розныя сілы НАТА падыходзяць адна да адной, як кубікі «Лега», выкарыстоўваюць гэтую скрыню інструментаў, як ім хочацца.

— Вы, як чалавек, які шмат камунікуе з міжнароднымі экспертамі, можаце пацвердзіць або абвергнуць версію, згодна з якой Украіну наўмысна не будуць прымаць у НАТА для таго, каб пакінуць краіну ў якасці буфернай зоны паміж ЕС і РФ?

— З гэтай нагоды ёсць розныя меркаванні. У Еўропе цяпер не рвуцца прымаць у НАТА ні Украіну, ні Грузію, таму што для гэтага трэба браць на сябе пэўныя абавязацельствы. Але гэтыя фармальныя абавязацельствы можна, па сутнасці, на казе аб'ехаць. Калі паглядзець Вашынгтонскую дамову, то там сказана, што напад на аднаго сябра Альянсу — напад на ўсіх. Гэта напісана ў пятым артыкуле. Але там жа не сказана, што «мы адразу ўступаем у бой». Там напісана, што «мы правядзем кансультацыі аб тым, што рабіць». Напрыклад, у Будапешце Украіна падпісала мемарандум (згодна з якім адмовілася ад ядзернай зброі, а ЗША, Расія і Вялікабрытанія ў абмен на гэта гарантавалі ёй бяспеку). Ёй таксама далі гарантыі. Дзе гэтыя гарантыі цяпер, вы бачыце самі.

— У адным са сваіх апошніх выказванняў вы заявілі, што «нагрувашчванне бессэнсоўных, хлуслівых версій (з нагоды крушэння Boeing 777 на Данбасе ў ліпені 2014 года) адна на іншую выглядае вельмі злачынна і па-дурному». Ці прытрымліваюцца вашыя суайчыннікі такога ж меркавання?

— Увогуле, не. У Расіі ёсць меншасць, якая не такая ўжо і маленькая, адсоткаў 10, а можа і больш, на якіх гэтая прапагандысцкая машына не дзейнічае. А асноўнае насельніцтва цалкам гэтаму верыць.

— У тым жа выказванні вы згадалі пра крымінальны пераслед вінаватых.

— Я проста кажу пра тое, што калі збілі самалёт, то, хутчэй за ўсё, гэта было па памылцы. Калі б у гэтым прызналіся, што «гэта, вядома, вельмі дрэнна, што гэта злачынства і зусім ненаўмысна», — адна справа. Тым часам, спробы схаваць злачынства і ўвесці людзей у зман — наўмысныя і дакладна захопліваюць ваенна-палітычнае кіраўніцтва Расіі. Я сумняваюся, што Пуцін даваў загад збіваць самалёт, але тое, каб хлусіць пра ўсё, — гэта, вядома, з ім узгаднялі. Гэта як з Уотэргейтам (палітычны скандал у ЗША звязаны з незаконнай праслушкай, у выніку якога сышоў у адстаўку прэзідэнт краіны Рычард Ніксан). Ніксана знялі не за тое, што яго «вадаправоднікі» спрабавалі закласці праслухоўвальныя прылады, а за тое, што прэзідэнт паспрабаваў схаваць гэтае злачынства. Наўмыснае ўтойванне злачынства — вельмі сур'ёзнае. Яно распаўсюджваецца на вельмі сур'ёзных асоб.

— Пытанне ў тым, ці панясуць вінаватыя пакаранне?

— Рана ці позна, напэўна. Але для гэтага павінен змяніцца рэжым у нас.

— Ці існуе магчымасць, што «пешак» злачынства, тых, хто непасрэдна «націскаў на курок», выдадуць пры цяперашняй уладзе?

— Думаю, што не. Было прынята рашэнне працягваць хлусіць, што б ні здарылася.

Каментары46

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай7

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Усе навіны →
Усе навіны

Мужчына стаў своеасабліва прыбіраць кватэру — яго забралі ў міліцыю ВІДЭА

У Гомелі 20-гадовая дзяўчына на «ягуары» цудам выжыла ў аварыі2

«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу». Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па энергетыцы Украіны4

Беларусаў, якія раней заплацілі за данаты, пачалі выклікаць у пракуратуру13

Стаў вядомы прысуд Паўлу Іванову з Віцебска, якога судзілі за «абразу Лукашэнкі»

Маляваныч расказаў, чым адкупляўся ад даішнікаў1

У Мінску адбыўся вялікі сход Дзядоў Марозаў і Снягурак ФОТЫ2

Пасажырскі самалёт разбіўся ў Казахстане. На борце былі 67 чалавек, 25 выжылі3

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай7

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Галоўнае
Усе навіны →