Спорт77

Ксенія Мірная: «Навучыла жонку Федэрэра гатаваць боршч»

Смачныя бабуліны блінцы, захапленне Сальвадорам Далі, квіткі на тэніс, якія раздаваліся вучням у вучылішчы, і кнігі, што так любяць чытаць дзеці. Аб гэтым і не толькі распавяла Ксенія Мірная, жонка самага знакамітага беларускага тэнісіста, шчаслівая маці чатырох дзетак.

«Я — настаўнік. І гэта маё прызначэнне»

— Ксенія, як праходзяць вашы амерыканскія будні?

— А даліся вам гэтыя амерыканскія будні (смяецца). У нас самае актыўнае і цікавае жыццё праходзіць якраз у Беларусі, дзе нашы дзеці таксама ходзяць у дзіцячы садок, школу. У іх ёсць сябры і іншыя мінскія інтарэсы: тэніс, тэатр, гурткі, дадатковыя заняткі…Шмат увагі наша сям’я надае яшчэ аднаму дзецішчу – спартыўнаму цэнтру імя Максіма Мірнага. Безумоўна, пакуль Максім лётае па свеце і ўдзельнічае ў спаборніцтвах, а маё жыццё круціцца вакол нашых дзяцей, асноўную нагрузку па кіраванні цэнтрам усклаў на сябе Мікалай Мікалаевіч, тата Макса, але ён заўжды раіцца з намі, вучыцца сам і вучыць нас, як весці падобны бізнес.

— Цытата з аднаго вашага інтэрв’ю: «Усе падзеі і майго, і яго жыцця складваліся так, што мы рана ці позна, калі сустрэліся ў адным месцы, павінны былі зразумець, Максім шукаў мяне, а я шукала яго». Вы верыце ў прадвызначанасць жыццёвых падзей?

—Калі ў цябе чацвёра дзяцей, ты хочаш не хочаш, але паверыш у тое, што гэта было наканавана, за што я празмерна ўдзячна Богу. Але калі б мы самі да гэтага не імкнуліся, нічога б не было. Ёсць добрая прымаўка: «На Бога спадзявайся, але сам не агінайся». Аднак часта людзі самі не ведаюць, чаго хочуць. І як у такім выпадку лёсу справіцца з падобнай задачай?

— За знаёмства з Максімам вы ўдзячны мадэльнаму бізнесу?

— Мне наогул здаецца, што я ніколі не была ў мадэльным бізнесе. Гэта, як вы гаворыце, сам лёс падкінуў мне лесвічку. Я – настаўнік, і гэта маё прызначэнне, прафесія. Але я не хацела абмяжоўваць сябе. Пастаянна імкнулася развівацца і ў другіх напрамках: мастацтва, тэатр, музыка, касметалогія і, нарэшце, свет моды. З’явілася магчымасць бясплатна прайсці курсы ў мадэльным агенцтве. Чаму б і не? Гэта ж цікава – даведацца, як правільна хадзіць, апранацца, фарбавацца. Мяркую, кожнай дзяўчыне падобныя ўрокі былі б даспадобы. Не скажу, што я разлічвала на поспех. У 23 гады рэдка пачынаюць кар’еру мадэлі. Проста хацелася паспрабаваць сябе ў гэтай дзейнасці і ў мяне атрымалася. У конкурсе «Твар новага веку» мне прысвоілі тытул «Міс Фота». З’явіліся праекты, пайшла рэклама, паказы моднага адзення. На адным з іх я і сустрэла Макса. Так, за гэта я ўдзячная. Толькі не мадэльнаму бізнесу, а Богу, бо прасіла падказаць мне, хто ён, мой лёс. Ну а калі «апусціцца» на зямлю, хачу падзякаваць Тамары Ганчаровай, гаспадыні мадэльнага агенцтва. Калі яна заўважыла ў Макса сапраўдны інтарэс да мяне, усяляк спрабавала запэўніць яго, што мяне не заваяваць. Маўляў, яна вельмі сур’ёзная і занятая, каб з ёй фліртаваць. Праўда, я тады сапраўды была занятая: вучылася ва ўніверсітэце, які пасля скончыла з чырвоным дыпломам, выкладала маляванне ў адной са сталічных гімназій, іграла ў аркестры народных інструментаў (скончыла музычную школу па класе домры), у кампаніі «Мэры Кэй» падпрацоўвала кансультантам па прыгажосці. Часам задумваюся, як усё гэта паспявала? Макс, напэўна, таксама так думаў і прапанаваў сябраваць — без умоў, без прэтэнзій, неяк чыста, прыгожа і па-добраму.

— Стасункі з тэнісістам, напэўна, зрабілі з вас сапраўднага спартыўнага заўзятара?

— Яшчэ якога! Перажывала за яго падчас усіх матчаў. Асабліва, калі гуляў за Беларусь у розыгрышы Кубка Дэвіса. Калі матчы праходзілі ў Мінску, я прасіла сяброў, калег па працы прыйсці, падтрымаць, «пахварэць», раздавала квіткі сваім вучням, а пасля зрывала голас: «Макс, давай! Наперад, я разам з табой!» Скакала ад радасці, калі перамагаў, шкадавала, калі мокры і стомлены пакідаў корт. Усё было! Пра сам тэніс я даведалася ад Максіма і яго бацькі, які цярпліва тлумачыў мне тое, што трэба ведаць і ў чым неабходна разбірацца. Дарэчы, спортам я захаплялася яшчэ да знаёмства з Максам: займалася фітнесам. Была нават такая тэлевізійная перадача, дзе разам з другімі дзяўчатамі мы паказвалі комплекс практыкаванняў. Але ж гэта ўсё балаўство ў параўнанні з тэнісам, з якім мне давялося пазнаёміцца.

— Некаторыя сваякі спартсменаў ад хвалявання выключаюць тэлевізар, не глядзяць спаборніцтвы. А вы пастаянна сочыце за матчамі Максіма? Хто ў доме галоўны заўзятар?

— Дзеці! Яны актыўна «хварэюць» за тату. А я крыху паастыла ў сваіх эмоцыях. Безумоўна, хачу, каб ён і надалей перамагаў. Праўда, у той жа час думаю аб тым, каб ён больш часу праводзіў дома, быў здаровы… Але я ніколі не забудуся, калі Макс у пары з Вікай Азаранкай перамог на Алімпіядзе ў Лондане, і мы з дзецьмі шчаслівыя стаялі перад тэлевізарам, глядзелі, як беларускі сцяг узвышаецца над астатнімі. Пасля ўручэння залатога медаля, дзеці павыскоквалі ў двор, пачалі танцаваць і крычаць: «Ура! Тата перамог! Бе-ла-русь! Ура-а-а-а!».

— Дарэчы, ці часта бавіце час разам з сем’ямі іншых тэнісістаў?

— Сем’ямі мы сустракаемся толькі тады, калі прыязджаем на турніры. Дзеці гуляюць, а мы, мамы, можам пагутарыць. Пэўны час сябравалі з сям’ёй Роджэрам Федэрэра, іх пара старэйшая за нашу на паўгода. Неяк нават гасцілі ў іх доме ў Швейцарыі. Пакуль Макс з Роджэрам трэніраваліся, мы з яго жонкай абменьваліся кулінарным досведам. Я навучыла Мірку гатаваць боршч, сырнікі, а яна мяне – пасту і фруктовыя кактэйлі. У іх, як і ў нас, чацвёра дзетак – 2 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі.

«Дома свята, калі Макс вяртаецца са спаборніцтваў»

— Сына Дзяміда вы назвалі ў гонар прадзеда Максіма. А ў гонар каго вы далі імёны Маланні, Пётры і Трафіму?

— Малання… Мы доўга шукалі імя для першага дзіцяці. Мне хацелася, каб яно было прыгожым і абавязкова праваслаўным. Усе імёны, што прапаноўваліся ў сям’і, па нейкіх прычынах кагосьці не задавальнялі. А нам хацелася, каб яно было мілым сэрцу кожнага. Макс мяне называе мілай. Пачалі прымяраць Мілана, Міла, аднак усё роўна было нешта не тое. Імя хоць і прыгожае, але не нашае. Аднак у царкве нам аднойчы падказалі, што ёсць праваслаўнае імя Малання. І гэта было для нас сапраўдным адкрыццём! На той час маім любімым літаратурным персанажам была Мелані з рамана «Знесеныя ветрам» Маргарэт Мітчэл. Вось тут пазл і сышоўся.

Імя Пётра чамусьці некаторым здаецца дзіўным. Нават пытаюцца, дзе мы такое знайшлі? А ўсё насамрэч вельмі проста. Мой дзядуля быў Пятром, у сям’і Максіма таксама былі мужчыны з гэтым імем і па матчынай лініі, і па бацькавай. Добрае імя. Толькі ў нас яно гучыць крыху на замежны лад, бо ў нашай традыцыі не мае жаночага канчатку, але мы знайшлі яго ў царкоўным календары і з бласлаўлення духоўнага айца ахрысцілі дачку Пятроніяй. Зрэшты, ніхто ж цяпер не здзіўляецца, калі дзяўчынак называюць Аляксандрай, Валерыяй, а калісьці гэтыя імёны былі выключна мужчынскімі. Дома дачушку ласкава называем Пятрушай. Дзякуючы цвёрдаму імя, у яе моцны характар. Я нават сказала б, што ён спартыўны, аднак у той жа час яна ласкавая, трапяткая і шчодрая дзяўчынка.

Так, Трафім Максімавіч… Была ў Макса прабабця Ксенія Трафімаўна. Вось у гонар яе таты яго і назвалі. Ніхто, праўда, не памятае, якім чалавекам быў той Трафім, але, мяркуем, добрым, а калі не, дык у нашага Трафімушкі ёсць шанц даць гэтаму радавому імя новы подых. У перакладзе на англійскую мову яно гучыць як трафей. Таму ён проста абавязаны старацца быць годным чалавекам.

— Дарэчы, Максім неяк прызнаўся, што Малання марыць прадставіць Беларусь на Еўрабачанні. 

— Пра тое, што дачка «марыць» выступіць на гэтым конкурсе, самі даведаліся з газет. Любіць ваш брат-журналіст фантазіраваць. Мы толькі сказалі, што заўжды глядзім Еўрабачанне, падтрымліваем нашых выканаўцаў, а нашы дочкі любяць спяваць. Так, яны займаюцца вакалам. Між іншым, нашай першай выкладчыцай, з якой пазнаёміліся ў Амерыцы, была Святлана Стрэзава з Малдовы. Яна напачатку 1980-х стала лаўрэаткай першай прэміі на Усесаюзным конкурсе вакалістаў імя Глінкі ў Мінску. Менавіта ёй мы ўдзячныя за тое, што разгледзела ў нашых дочках здольнасці і дала добры старт для далейшага развіцця. Дзяўчаты таксама займаюцца танцамі і іграюць на фартэпіяна, а Малання яшчэ авалодала флейтай і выступае ў складзе аркестра. Дзямід таксама не адстае і нядаўна пачаў вывучаць музычную грамату. Усе дзеці любяць маляваць. Нават малодшы Трафім ужо не расстаецца з фламастарамі і выкарыстоўвае іх як руль для хады. Пра тое, кім у будучыні хочуць стаць дзеці, раскажу, цытуючы нядаўнюю іх размову. Пётра пытаецца ў Маланні:

— Ты ў якім узросце хочаш стаць мамай?

Малання кажа з важным выглядам:

— Спачатку я хачу добра скончыць школу, атрымаць адукацыю, працу, а пасля буду пра гэта думаць.

— А я ў 27. Толькі пакуль не ведаю, кім мне лепш быць: ветэрынарам, плыўчыхай ці акрабаткай… — сказала Пётра.

Тут у размову ўмяшаўся Дзямідка:

— А я хачу быць «усіхняй» прафесіяй!

— То бок, кім ты хочаш быць? — звярнулася да яго Малання.

— Я хачу быць, каб усё ўмець!

— На якіх сямейных святах вы стараецеся за сталом сабраць усю сям’ю?

— Сямейнае свята для нас – гэта калі Макс вяртаецца дадому. Тады ўсе збіраюцца за вялікім сталом, на якім шмат розных прысмакаў і любімых страў. Дзеці звычайна просяць прыгатаваць плоў альбо дранікі. На традыцыйныя святы Маланка і Дзямідка «замаўляюць» мой салат «аліўе з сакрэтам», а на дэсерт мы разам майструем пірожнае «бульбачку». Дзядуля Мікалай у нас недасяжны майстар па піражках. Мы таксама любім ягоныя шашлыкі. Бабулі балуюць нас блінцамі. Мая маці – пышнымі аладкамі на дражджах, а маці Макса – хрусткімі макароннымі аладкамі, якія ён любіць з самага дзяцінства. У доме адразу робіцца шумна і весела. Пасля Макс дастае прыхаваныя падарункі-сувеніры, прывезеныя з розных краін, трафеі. Ну а дзеці закідваюць тату сваімі вырабамі і малюнкамі. Наступны дзень у нас спартыўна-забаўляльны. Дзеці любяць гуляць у футбол разам з татам і дзядулем. Прычым дзяўчаты не адстаюць ад «хлопчыкаў». Бабуля Таня, маці Максіма, — таксама вельмі спартыўная – садзіцца на шпагат, стаіць на галаве, а таму дзеці пастаянна робяць «колы» і ходзяць на руках. Макс пастаянна прыдумвае розныя вясёлыя і цікавыя практыкаванні. Мы таксама любім усёй сям’ёй катацца на роварах. Адным словам, з намі не засумуеш. Я толькі і паспяваю ўсё фіксаваць на камеру.

— Хто з дзетак ваш галоўны памочнік па доме?

— У нас у кожнага дзіцяці ёсць свае абавязкі. Робяць і тое, што ім больш падабаецца. Ну вось, напрыклад, сачыць за тым, каб у папугаяў была ежа і парадак у клетцы – абавязак Пятрушы. Яна таксама любіць раскладваць посуд, відэльцы, лыжкі пасля мыйкі. Дапамагаць прыбіраць у лазні – любімая справа Дзяміда, а вось збіраць цацкі – яго абавязак. Малання, старэйшая дачка, безумоўна, мой галоўны памочнік ва ўсім. Яна ў нас адказная, самастойная, патрабавальная. Аднак дзеці ёсць дзеці, і яны часам, безумоўна, лянуюцца і сваволяць.

— Якія кнігі чытаеце ім перад сном?

— Літаральна на днях зачытвала дзецям цікавыя ўрыўкі з дарослай кнігі Паўла Санаева «Пахавайце мяне за плінтусам». Пра тое, як хлопчык чакаў маці і як марыў аб магнітафоне. Дзеці цяпер растуць дапытлівыя і здольныя разумець часам больш, чым мы думаем. Безумоўна, такія рэчы трэба чытаць з перыядычным тлумачэннем і асаблівай інтанацыяй. Мялаша вельмі зацікавілася, прасіла не спыняцца. Дзямід таксама паплакаў некалькі разоў, а Пётра спрабавала зразумець, чаму хлопчык так хацеў магнітафон. Дзяўчаты, безумоўна, чытаюць самі. У Пётры зараз любімая кніга англамоўная «How to be the best everything» («Як быць лепшай ва ўсім»), аднак любіць чытаць і на рускай мове. Маланні падабаюцца кнігі пра падарожжы. Любіць казкі, прычым кожны раз захапляецца тым, як іх шмат у нашай культуры. Пры гэтым сястрычкі заўжды будуць з асалодай слухаць, калі я альбо тата чытаем Дзяміду, які ў захапленні ад розных пазнавальных кніг і энцыклапедый. Яго цікавіць увесь свет: дзе жыве Бог, як уладкаваны чалавек, якімі былі дыназаўры. Ён наогул любіць пафіласофстваваць. Я абажаю падобныя хвіліны.

«Неяк размалявала лесвічную пляцоўку героямі мультфільмаў, і іх не зафарбавалі»

— Ксенія, вы неяк сказалі, што сцены вашага дома ўпрыгожваюць вашы мастацкія працы. Адкуль такі творчы інтарэс?

— Свае мастацкія здольнасці я атрымала ў спадчыну ад бацькі. Я і цяпер памятаю, як ён падпісваў прачытаныя кнігі сваім каліграфічным аўтографам і маляваў сябе ў выглядзе мушкецёра. Мяне гэта захапляла. А мае задаткі выявіліся толькі ў педагагічным каледжы, калі выкладчык па методыцы малявання Васіль Сцежкін звярнуў увагу на характар маіх прац і не толькі настаяў развіваць здольнасці, але і паспрабаваць паступіць у педагагічны ўніверсітэт на факультэт пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва. На завочнае не прайшла – не хапіла аднаго бала. Са мной паступалі хлопцы і дзяўчаты з мастацкіх школ, на фоне якіх я была дылетантам. Маці верыла ў мяне і хацела, каб паспрабавала яшчэ раз. У выніку я паступіла на дзённае аддзяленне. Там мне пашанцавала вучыцца ў таленавітага мастака і выкладчыка Віктара Данілава. Ён цудоўны чалавек. Мы вельмі любілі ягоныя пленэры. Колькі пейзажаў мы намалявалі, колькі замкаў і палёў абышлі! Ён улюбіў нас у прыроду Беларусі! Гэтым летам я пазнаёміла з ім сваіх дзетак. Яны ў захапленні і просяцца да яго на ўрокі. Што я люблю маляваць? Нейкі час «бамбіла» ў стылі «гумарыстычны арт». Падсадзіў мяне на яго бацька Максіма. Прывёў на выставу мастакоў, паказаў стыль, які яму больш за ўсё падабаецца, і азадачыў: «А табе слабо?» Ну я і завялася. У стылі Уладзіміра Стэльмахава ў нашай кватэры шмат прац. Аднойчы я размалявала нашу лесвічную пляцоўку персанажамі савецкіх мультфільмаў, і іх гадоў 10 ужо ніхто не замалёўвае. Пасля мяне накрыў Сальвадор Далі. Капіявала яго для сябе і сяброў. У яго працах мне спадабаліся яркія фарбы і філасофія. Аднак найбольш мне падабаюцца партрэты алоўкам. Малявала акцёраў, Максіма, бацькоў, сяброў.

Мой любімы мастак Валянцін Сяроў, майстар, які ўзвёў звычайны накід у ранг твораў мастацтва. З сучаснікаў мне падабаецца Вікторыя Кірдзій. Я вельмі люблю дарыць паштоўкі з яе творамі, насычанымі сэнсам.

— 6 гадоў, якія вы адпрацавалі ў сувораўскім вучылішчы выкладчыкам, напэўна, пакінулі шмат успамінаў?

— Сувораўскае вучылішча – мая любоў на ўсё жыццё. Калі сыходзіла адтуль, плакала. Там я адбылася як выкладчык, як псіхолаг, нават як сцэнарыст, касцюмер і рэжысёр. Мы з кадэтамі паставілі тры спектаклі. Прычым шмат касцюмаў да іх рабілі самі. Са скрынак стваралі дэкарацыі. Памятаю, як гарэлі ў хлопцаў вочы, як яны перажывалі, каб усё атрымалася. Як я захаплялася выкладчыкамі нашай кафедры. Дзякуючы маім калегам у мяне склалася мадэль сямейных узаемаадносінаў. Я шмат чаму навучылася ў гэтых сценах, якія, на дзіва, і сёння ўпрыгожваюць працы, зробленыя маімі вучнямі. Я сачу за лёсамі многіх хлопцаў. Кантактую з іх жонкамі, ведаю, як завуць іх дзетак. Яны дзеляцца са мной сваімі думкамі, горам і радасцю. Сёлета я была на сустрэчы з першым сваім выпускам. 15 гадоў прайшло, як яны скончылі вучылішча. За гэты час столькі ўсяго змянілася. Сваё працоўнае месца паказала і сваім дзецям. Было неверагодна чулліва. аланні:

— Кожны год вы праводзіце пэўны час у ЗША. Ці хутка адаптаваліся да заакіянскага жыцця?

— Упершыню прыляцела ў Амерыку ў 2001 годзе. Максу тады споўнілася 24 гады, і мы адзначылі дзень народзінаў непасрэдна ў самалёце. Ён запрасіў мяне на месяц, а пасля прылятала на зімовыя канікулы, на летнія, а потым ён папрасіў мяне звольніцца з працы і забраў замуж. Адаптавалася я паступова. Спачатку да клімату (у Фларыдзе надта вільготна і горача), пасля да людзей, другой культуры, да мовы. Памятаю, як я баялася зняць слухаўку, калі звінеў тэлефон — амерыканская мова адрозніваецца ад англійскай, якую нам выкладалі ў школах і інстытутах. Але Макс цярпліва вучыў: «Кажы, хэлоў», калі не зразумела, выбачайся і прасі паўтарыць больш павольна, «пліз»… Але, шчыра кажучы, мне падаецца, што я цалкам так і не адаптавалася. Не, лепш сказаць так. Мы адаптавалі акалічнасці пад сябе. Усё ў нас там па-нашаму: і сябры, і мова, і фільмы, і бібліятэка. А цяпер нават і лазня.

— А якія якасці вам найбольш імпануюць у амерыканцах?

— Мне падабаецца іх бязмежная ветлівасць. На кожным кроку ты чуеш «прабачце», «калі ласка», «дзякуй»… І ўсё гэта з усмешкай, незалежна ад настрою, у якім ты іх заспеў. Але здзіўляе і прамалінейнасць мыслення. Усё ж такі розум нашага чалавека, як мне падаецца, больш спрытны.

— А мадэль выхавання дзяцей здзівіла? 

— Безумоўна, я шмат адкрыла для сябе, нават запазычыла ў амерыканцаў. Напрыклад, на нашай дзіцячай пляцоўцы лунаюць два сцягі – беларускі і мінскі. Мне падабаецца, як у амерыканскіх дзецях выхоўваюць патрыятызм. У Беларусі часам саромеюцца гэтага. Аднак у апошнія гады і ў нас надаюць шмат увагі выхаванню гэтай якасці. Сёлета, калі былі ў Мінску, нашы дзеці самі папрасілі мяне размаўляць з імі па-беларуску і падмячалі шмат разоў, што гэта вельмі меладычная і ласкавая мова. А для мяне яна проста шчырая.

У той жа час, я часта сустракаюся ў амерыканскіх бацькоў з больш спакойным стаўленнем да дзяцей, чым у нас. Ну не дазволіць наша мама сядзець дзіцяці на падлозе ў аэрапорце, альбо хадзіць з саплівым носам. Калі ўваходзіш у дом, у нас прынята здымаць абутак, а там не. Мы з Максімам выхоўваліся ў іншым грамадстве. Магчыма, былі і перагібы, але мы ад гэтага горшымі не сталі.

— Ксенія, мне падаецца, што многія з вашых мар ужо ажыццявіліся. Але якія з іх чакаюць сваёй чаргі?

— Я заўжды марыла аб вялікай, шчаслівай і дружнай сям’і. Для мяне гэта ўсё, дзеля чаго я жыву. Ну а аб чым яшчэ можа марыць маці чатырох дзетак? Каб мір быў на зямлі. Каб дзеці былі выхаванымі, здаровымі і ўдзячнымі. Прычым зычу гэтага ўсім дзецям на зямлі!

 

Каментары7

Цяпер чытаюць

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава8

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Усе навіны →
Усе навіны

Ртутны тэрмометр прабыў у целе жанчыны восем гадоў. Неймаверная гісторыя ва Украіне1

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі6

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў8

Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца4

У беларускія вёскі пачнуць ездзіць фургоны самаабслугоўвання1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава8

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць