Культура1111

Айцец Ігар Кандрацьеў: расеец, які вывучыў беларускую мову і стаў грэка-каталіцкім святаром

Берасьцейскі грэка-каталіцкі сьвятар Ігар Кандрацьеў адзначыў 20-годзьдзе свайго сьвятарства ў Беларусі. 7 лістапада айцец Ігар асьвяціў у Курапатах крыж у памяць пра жыхароў Берасьцейшчыны, якія пацярпелі ад камуністычных рэпрэсіяў.

Ігар Кандрацьеў нарадзіўся ў 1959 годзе ў Сыбіры пад Краснаярскам. Паходзіць з праваслаўна-каталіцкай сям’і з расейскімі, нямецкімі, аўстрыйскімі, габрэйскімі і беларускімі каранямі. Скончыў архітэктурны інстытут, быў іканапісцам. З 1995 году — сьвятар Берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.

Свабода пагутарыла з айцом Ігарам пра шлях да царквы, пра беларускую мову ды пра тое, чаму беларусам важна мець нацыянальную царкву.

 

У дзяцінстве сказаў дзядулі-каталіку, што Бога няма, а студэнтам падпольна распаўсюджваў Біблію

«Першае знаёмства з Богам было празь дзядулю, які быў немцам-каталіком, і бабулю — габрэйку, якая прыняла каталіцтва. Зь дзяцінства я памятаю, што яны маліліся ружанцам на лацінскай мове і штосьці па-нямецку дадавалі. Аднойчы я заўважыў, што ад ружанца, які вісеў на сьцяне, адвалілася мэталёвае ўкрыжаваньне. І ў часе малітвы я спыніў дзеда і кажу яму: «Дзед, а Бога няма!» Памятаю, дзед тады строга закрычаў маёй маме — «Генрыета, дзе ён там гуляе з кім?» Толькі празь некалькі дзён дзядуля зразумеў, што я меў на ўвазе, ён вельмі абрадаваўся. І сказаў мне, што Бог жыве ў сэрцы. Я тады як дзіця спрабаваў уявіць, як гэта ў мяне там жыве Бог. Такая маленькая фігурка мэталёвая — што я яе, праглынуў ці што?..

У 14 год я зьехаў з дому, стаў самастойным, працаваў. І тады маю веру як рукой зьняло. Гэта ня значыць, што стаў схільным да камунізму. У камсамоле я ніколі ня быў, бо сям’я ж была «ворагаў народу», і ўсе мы былі супраць савецкай улады, і на кухнях гэта абмяркоўвалася.

У часе багаслужбы ў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі

Таму быў такім, скажам, антысаветчыкам. І к 20 гадам у мяне да рэлігіі склалася такое стаўленьне, што хрысьціянства — гэта спосаб змаганьня супраць камунізму. Што Бог ёсьць, і што Ён стварыў сьвет, і тое, што Ён ёсьць любоў… ніякага такога ўяўленьня ў мяне не было.

Гэта для мяне тады ўяўлялася як такая ідэалёгія, якая мусіла была прыйсьці замест камунізму.

У часе вучобы ў Сьвярдлоўскім архітэктурным інстытуце пазнаёміўся з хрысьціянамі, якія распаўсюджвалі Біблію. Яны мяне папрасілі, каб я дапамагаў ім развозіць Біблію на машыне. Я тады разумеў гэта так, што спрычыніўся да змаганьня з камунізмам у такі спосаб. Гэта было тады небясьпечна, многія людзі сядзелі ў турмах за распаўсюд хрысьціянскай літаратуры.

Развозячы Біблію, я зразумеў, што — як гэта я сам яе не чытаў? І прыкладна за два тыдні я яе прачытаў. І, як мне тады здалося, усё зразумеў… Ужо потым мне давялося асабіста сутыкнуцца з Богам, упакорыцца, пачаў чытаць ізноў, у мяне пачалі зьяўляцца пытаньні.

Калі чалавек прыходзіць да Бога, адбываюцца цуды, прынамсі, у маім жыцьці адбываліся.

Надзвычайныя здарэньні, якія даказвалі, што ёсьць Бог. Потым гэта супакоілася, прайшло. Бог, напэўна, хоча, каб мы былі духоўнымі, нягледзячы на цуды. А напачатку было такое, што мы маліліся за сур’ёзна хворага, і Бог зрабіў цуд, што чалавек надзвычайна вылекаваўся.

Я заўсёды быў радыкальным. І тады, будучы мастаком, я адмовіўся ад творчасьці мастацкай сьвецкай, сацрэалізму. Пачаў пісаць іконы. Ужо потым мне ўзгадалася, што па лініі бацькі, які расеец з Паволжа, была дынастыя больш як 400-гадовая іканапісцаў ды сьвятароў.

Адны з апошніх маіх іканапісных прац — у нашай царкве. Я іх рабіў на пачатку 2000-х».

Айцец Ігар сам расьпісваў сваю царкву

Першае знаёмства зь беларускай мовай — у Сыбіры

«У Сыбіры жылі ў лесе, на лесапавале, усіх маіх продкаў туды выслалі. Адна мая бабуля ў дзяцінстве мяне вучыла песенькам. І яна размаўляла нейкай, як я тады лічыў, дзіўнай «вясковай» мовай. Дагэтуль памятаю некаторыя песенькі, напрыклад: «Як служыў я ў пана першае лета, заслужыў я ў пана курачку за гэта. Мая курачка па двару ходзіць, куранят водзіць…» І калі я падрос, мне стала дзіўна, што гэта за мова такая, тым больш што я такой у Расеі нідзе ня чуў. І толькі калі прыехаў у госьці да сваякоў у Беларусь, я пачуў гэтую мову.

І тады я стаў цікавіцца, а што гэта за мова, што гэта за народ, а хто мая бабуля… Продкі бабулі былі сасланыя ў Сыбір яшчэ да рэвалюцыі, не выключаю, што за ўдзел у паўстаньні Каліноўскага. Яе прозьвішча Левановіч, ці Лівановіч, я цяпер дакладна і ня ведаю.

Таму праз бабулю было маё першае знаёмства зь беларускай мовай, хаця я тады і не ўсьведамляў, што яна беларуская.

А калі я сюды прыехаў, для мяне беларуская мова пачулася натуральнай».

Ехаў жыць у Аўстрыю, спыніўся ў Беларусі і застаўся тут назаўсёды

«Першая сустрэча з маім сёньняшнім кіраўніком, архімандрытам Сяргеем Гаекам (апостальскі візытатар для грэка-католікаў. — РС) у Беларусі адбылася 1 сакавіка 1995 году ў Берасьці. І ад яго я пачуў менавіта беларускую мову.

А прыехаў у Беларусь у канцы 1994 году, калі зьбіраўся з Расеі пераехаць у Аўстрыю да сваякоў. У Беларусі затрымаўся на некаторы час і ўключыў тэлевізар. Я ўжо не гляджу тэлевізар гадоў 15… А тады ўключыў тэлевізар, а там — беларуская мова. Нешта было тады незразумелым, але пачуў слова, якое мяне зачаравала — слова «сёньня». Менавіта такое, мяккае, зь мяккім знакам, як у правапісе-тарашкевіцы.

З гэтага часу я і закахаўся ў беларускую мову. Пачаў чытаць кнігі мастацкія, па гісторыі. Даведаўся, што крыху занядбаная мова, што было так штучна зроблена, што расейская мова — «гарадзкая», а беларуская — «вясковая».

А ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве мова багаслужбаў — канечне, беларуская. І «родныя» пераклады для мяне на беларускую — гэта пераклады айца Аляксандра Надсана. А калі пачынаў служыць, то, канечне, не хапала тэкстаў. Не было, напрыклад, хросту па-беларуску. Цяпер гэтыя тэксты адшукаліся, і беларуская мова для мяне стала роднай. Калі я малюся асабістымі малітвамі, я пераходжу на беларускую. Я сапраўдны беларус».

Пра ўсталяваньне крыжа памяці берасьцейцаў у Курапатах

«Я ня ведаю, дзе большасьць маіх продкаў пахаваныя. Але для мяне Курапаты, тое месца, дзе гэты крыж стаіць, становяцца месцам, куды я кожны год буду прыяжджаць маліцца за ўсіх продкаў. Мы хочам мець месца, дзе б маглі ўзгадваць нашых продкаў, якія загінулі ў Сыбіры ці ў канцлягерах. Мы, берасьцейцы, будзем прыяжджаць у Курапаты памаліцца штогод».

 

«Там, дзе ёсьць царква свайго права, зьберагаецца і народ, і мова, і культура»

«Бог адзін. І менавіта ў грэка-каталіцтве я знайшоў самога сябе. Я ўпэўнены, што ўсе хрысьціяне павінны ўрэшце стаць католікамі. І я ўпэўнены, што ўсе хрысьціяне ўжо католікі, проста некаторыя зь іх яшчэ ня ведаюць пра гэта. Таму што Царква ўсё роўна — адна. І яна ёсьць каталіцкая, сусьветная…

Я сябрую і з габрэямі, і з мусульманамі. Ад Бога я маю заданьне, каб з гэтымі людзьмі сябраваць, адкрыцца для іх, што мы ня дзікія крыжаносцы, і каб пацікавіцца, хто яны. Каб прынесьці нашым людзям, што ня ўсе мусульмане тэрарысты. Тут трэба яшчэ паспрачацца, у каго колькасна больш тэрарыстаў — сярод хрысьціянаў за ўсю гісторыю, ці ў мусульманаў…

Калі ў Беларусі мы пачыналі, адраджалі грэка-каталіцкую царкву, канечне, мы марылі аб большым, прынамсі вонкава. Але я лічу, што наша царква ў Беларусі адбылася. Столькі дзяцей ахрышчаныя, ужо хутка буду вянчаць тых, якіх хрысьціў. Гэта цудоўна.

Канечне, шмат было і таго, што б я па-іншаму зрабіў. Але 20 год прайшло, і, я паўтаруся, грэка-каталіцкая царква ў Беларусі адбылася. Нашы парафіі, супольнасьці — вельмі маленькія. Я б сказаў, яны элітарныя.

Сьвятар Ігар Кандрацьеў каля царквы ў Берасьці

Стагодзьдзі таму ў нашай краіне была магутная грэка-каталіцкая царква, больш за 70 працэнтаў жыхароў былі грэка-католікамі. Калі б грэка-каталіцтва захавалася ў большай меры, магчыма, беларусам было б лягчэй адбудоўвацца ў нацыянальным пляне.

Там, дзе ёсьць царква свайго права, зьберагаецца і народ, і мова, і культура. Калі зьнішчыць царкву, а на яе месца паставіць сваю — лягчэй за ўсё разбурыць нейкую нацыю. Нацыя без царквы, бязь веры — бессэнсоўная».

Каментары11

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні2

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў4

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць