1990-я.Час прыніжэнняў ці эпоха надзей? Якімі іх запомнілі вы?


Так, я адразу папярэдзіў, што гэта выключна дзіцячае ўспрыманне. Я не быў у скуры падлетка ў той час, людзей сярэдняга ўзроста ці пенсіянераў. Мабыць, іхнія ўспаміны будуць крыху адрознівацца ад маіх.
Выжывалі на тым, што мелі дзве каровы. Летам і восенню маці стабільна раз на тыдзень езділа ў Барысаў на базар, каб прадаваць малако і тварог. З гэтага, па вялікім рахунку, і жылі. За гэта і куплялі нам малым жуйкі і чабурэкі. «Снікерсы» і «Баўнці», як і усе, бачылі раз на месяц.
Але ж усе неяк так стаялі ракам у тых бураках. І «багатыя» вяскоўцы, і «бедныя». І мае тагачасныя сябры Дзяніс з Вовам, што прыязджалі на канікулы з Барысава да бабы з дзедам, таксама палолі. Затое вечарам распальвалі агонь ды смажылі на прутах сала. Я прыносіў з дома салёных гуркоў, яны — марынаваных. І было настолькі добра, што не перадаць словамі. Увогуле ж, мне здаецца, што людзі ў той час умелі весяліцца. Якія святы закатвалі, на паўвёскі. Цяпер такое мала дзе сустрэнеш.
Так, магчыма, у крызісныя часы выжываць у вёсцы было прасцей. У нас былі свінні, куры, гусі. Бульба, гуркі, памідоры, капуста. Варэнне на зіму. Здаецца, што не галадалі. Прынамсі, я не помню, каб галадалі. Калі не хапала прысмакаў, то на дапамогу прыходзіў універсальны рэцэпт. Бярэш акраец чорнага хлеба, макаеш яго ў ваду, а потым абсыпаеш цукрам. Смаката!
Зноўку ж, я не стаяў у 4-гадзінных чэргах на марозе, як некаторыя мае гарадскія аднагодкі. Але я памятаю, калі каля магазіна збіралася ўся вёска ў чаканні нейкага дэфіцытнага тавару. Было нават весела, бо там жа стаялі ўсе твае сябры, знаёмыя. Бегалі, каталіся на ровары, пакуль прыйдзе машына з таварам. Зімой усе стаялі ўнутры магазіна. Памятаю, адзінае, што заўсёды стаяла на паліцах крамаў — гэта былі закансерваваныя супы з паўлітровых слоіках. Іх не браў ніхто.
У каментах да майго фэйсбуку напісалі, што гэта не быў час прыніжэнняў, а час выпрабаванняў. Хіба ў 80-я было лепш? Цукар знік з паліцаў не ў 90-ыя, а яшчэ пры Гарбачову. Мая цётка згадвала, як толькі па талонах можна было выпісаць паўзункі. Хіба не было татальна дэфіцыту? А маразму ўсё ж паменела істотна.
А ў які экстаз прыводзілі першыя перамогі беларускіх спартоўцаў — Святланы Парамыгінай і Ігара Жалязоўскага на Алімпіядзе — 1994. І нават у той час мне не хацелася аб’ядноўваць іх з расійскімі ці ўкраінскімі ўзнагародамі, каб было болей. Свае суверэнныя кругляшы грэлі душу значна больш.
Мы збіралі фанцікі ад нейкіх незразумелых турэцкіх жуек tipi-tipi, дзе насаты персанаж трапляў у розныя прыгоду. У якія? Мы маглі толькі дадумваць. Яшчэ былі «Турба» і Love is.
Мне здаецца, што ўвогуле амаль у кожнага чалавека ўспаміны з дзяцінства пакідаюць светлы след. Вось таму таму мяне так зачапіла гэта слова «прыніжэнне». Зрэшты, у кожнага свой досвед.
Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі ўспамінаў пра 90-ыя з фэйсбуку. А якім той час запомніўся вам?

















Каментары