Міністр культуры не лічыць, што дзяржава сціпла павіншавала Алексіевіч
Міністр культуры Барыс Святлоў не лічыць, што дзяржава сціпла павіншавала Святлану Алексіевіч з атрыманнем Нобелеўскай прэміі. Пра гэта ён заявіў журналістам 10 снежня ў Палаце прадстаўнікоў.
«Міністэрства культуры павіншавала тэлеграмай, так бы мовіць, ад усёй душы. Калі вы мяркуеце, што сціпла павіншавала, то што мы павінны былі зрабіць?» — сказаў міністр.
На пытанне, ці не лічыць ён, што неабходна было нейкім чынам урачыста адзначыць запланаванае на сёння ўручэнне прэміі, Святлоў адказаў: «Мы ганарымся, безумоўна, тым, што ў нас ёсць лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Але якім чынам гэта святкаваць? Я падумаю, як у межах Міністэрства культуры можна адсвяткаваць, калі чалавек ужо атрымае прэмію».
Пры гэтым міністр удакладніў, што для гэтага патрэбна ініцыятыва з боку самой Святланы Алексіевіч. «Калі ў яе не будзе жадання, мне незразумела, як святкаваць», — сказаў Святлоў, дадаўшы, што ў Алексіевіч пра гэта не пытаўся.
На пытанне, ці не лічыць ён, што пісьменніца пасля атрымання Нобелеўскай прэміі заслугоўвае звання «Заслужаны дзеяч культуры», Святлоў адказаў, што не выключае магчымасці яго прысваення, «калі будзе ініцыятыва з боку адпаведных арганізацый і будзе ўнесена такая прапанова».
«Я з творчасцю Алексіевіч знаёмы яшчэ з пачатку 1990-х гадоў, калі пачынаў працаваць у Міністэрстве культуры, і тады ўсё рабілася — і фільмы паводле яе сцэнарыяў здымаліся, і кнігі выдаваліся. Якія яшчэ могуць быць пытанні пра тое, што гэты чалавек у нас нейкім чынам пакрыўджаны», — заявіў міністр.
Святлоў не стаў ацэньваць Нобелеўскую лекцыю Алексіевіч, заявіўшы, што больш цікавіцца яе творчасцю, «чым тым, што робіцца вакол творчасці і гэтай узнагароды». «Лекцыі — гэта лекцыі, там больш нават палітыкі, чым творчасці», — мяркуе міністр.
Святлоў паведаміў, што будзе сёння глядзець цырымонію ўручэння Алексіевіч Нобелеўскай прэміі, але «яшчэ спецыяльна гэтага не планаваў».
Каментары