Меркаванні3939

Сініца ў кішэні і разьбіты нос журналіста

Зрабілі бойку. Справакавалі ўладу на чарговую акцыю застрашэньня. Зноў скарацілі рады сваіх прыхільнікаў. Аслабілі і аддалілі магчымасьць таго сацыяльнага выбуху, якога ўсёй душою чакаюць – каб узначаліць. Піша Сяргей Дубавец

Гэтым разам перад Днём Волі асабліва настойліва шукаўся «крэатыў». Незалежныя СМІ задаваліся пытаньнем: што гэта для вас і як бы вы адзначылі? Не сказаць, каб нехта ўразіў, але чырвонай ніткай у адказах праходзіла просьба: не рабіце бойкі! Зрабіце сьвята.

Зрабілі бойку. Справакавалі ўладу на чарговую акцыю застрашэньня. Зноў скарацілі рады сваіх прыхільнікаў. Аслабілі і аддалілі магчымасьць таго сацыяльнага выбуху, якога ўсёй душою чакаюць — каб узначаліць.

За гады няўдач лідэры дэмакратычных сіл даўно зьмірыліся з падменаю маштабных задач на тую «сініцу ў кішэні», што гарантаваная ім толькі пры ўмове захаваньня status quo. Магчыма, я памыляюся, але наш палітычны расклад нагадвае мне трохбаковае пагадненьне ўлады, апазыцыі і замежных спонсараў, дзе кожны так ці йнакш вырашае свае штодзённыя задачы.

Ясна, што пазытыў зрабіць больш складана, чым «карцінку». Асабліва ва ўмовах дыктатуры, якая сама дзейнічае антыкрэатыўна, адміністрацыйна і экстэнсіўна. Апазыцыя даўно ператварылася ў alter ego ўлады — яна такая ж антыкрэатыўная і экстэнсіўная, толькі што без адміністрацыйнага рэсурсу. Таму ўсё, што ёй застаецца, гэта дбаць не пра ўдалае сьвята, а пра «вынікі акцыі». Замест новых прыхільнікаў у актыў залічваюцца фота з разьбітым носам журналіста, колькасьць пасаджаных на Акрэсьціна і заява Дзярждэпу. І так з году ў год.

Пасьля таго, як пачаў вяшчаньне на Беларусь спадарожнікавы канал Белсат, галоўнае пытаньне да яго стваральнікаў было такое: чаму вы са спадарожніка Астра, які ў Беларусі глядзяць адзінкі, не пераходзіце на Сірыюс, які глядзяць дзясяткі тысяч? Адказам былі пасулы, маўляў, некалі пяройдзем. А самі сабе падумалі: пяройдзем і атрымаем статыстыку «пшык». І чым тады апраўдаем мільённыя ўкладаньні ў канал? Па ідэі, адзіным апраўданьнем тут можа быць рэйтынг. Але гэта толькі па ідэі. Гэтаксама, як у сытуацыі з Днём Волі выбіраецца не прырост колькасьці прыхільнікаў, а разьбіты нос журналіста.

Трохбаковае пагадненьне можа быць і нефармальным — як пагадненьне інтарэсаў. Таму скарачэньне бюджэту канала Белсат у Польшчы супадае з пагромамі ў ягоных офісах у Беларусі. Тутэйшы рэжым, зацікаўлены ў задушэньні альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, учыняе аблаву на журналістаў тэлеканалу, чым дапамагае яму «закрыць справаздачнасьць», а Польшчы, як фінансісту гэтага дзела, скараціць выдаткі на затратную справу і адначасова захаваць вобраз правадніка дэмакратыі ў суседнюю краіну.

Тое самае адбылося і з Радыё Рацыя, і з Эўрапейскім Радыё для Беларусі, якія таксама вяшчаюць з Польшчы. Іх таксама «ператрэсьлі» — тут. Ім таксама ўрэзалі бюджэт — там. Сёлета яны перасталі выходзіць на самых даступных сярэдніх хвалях, дзе іх магла слухаць чвэрць або нават траціна насельніцтва Беларусі. Сярэднія хвалі ёсьць у кожнай машыне, і я з уласнага досьведу магу пацьвердзіць, што на частаце 612 кгц з Віленскага рэтрансьлятара слухаў гэтыя перадачы ажно пад Мазыром, натуральна, заглушыўшы рухавік. Вобразна кажучы, дзьве гэтыя радыёстанцыі таксама перайшлі з Сірыюса на Астру, а не наадварот, як таго чакаюць ад Белсату патэнцыйныя тэлегледачы гэтага абсалютна неабходнага Беларусі канала.

Такім чынам, вымалёўваецца тэндэнцыя трохбаковых дачыненьняў: апазыцыя і незалежныя СМІ атрымліваюць сякую‑такую магчымасьць выжываньня, спонсары асвойваюць капіталы і захоўваюць міну, дыктатар здавольваецца тым, што ў этэры гучыць толькі ягоны голас.

За апошнія гады назьбіралася так шмат прыкладаў на адну тэму, што грэх не напісаць пра гэта кнігу або дысэртацыю: Чаму эфэктыўныя праекты ў галіне СМІ або альтэрнатыўнай палітыкі ў Беларусі заўсёды сканчаюць сваё існаваньне на ўзьлёце? Захад раптоўна сканчае фінансаваньне, рэжым абрушваецца з разгромам. Тыя, каму ўдаецца выжыць, павінны ўвесь час даказваць сваю неэфектыўнасьць і спонсарам, і рэжыму.

Чыстыя словы пра дэмакратыю, свабоду ці пераможаны страх у такім кантэксьце парадаксальным чынам ператвараюцца ў той бруд, які мы маем на ўвазе, калі называем палітыку «бруднай справай». Бо за гэтымі словамі і за гэтым гульнямі напроч забытым застаецца беларускі народ — адлучаны ад палітыкі, як дзяржаўнай, так і апазыцыйнай, пазбаўлены інфармацыі, бяспраўны аб’ект цынічных маніпуляцыяў.

Сяргей Дубавец, Беларускія навіны

Каментары39

Цяпер чытаюць

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт16

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Усе навіны →
Усе навіны

Акіян страчвае свае «трапічныя лясы». Прагнозы навукоўцаў невясёлыя

У Мінску гатовыя плаціць шэф-кухару 16,5 тысячы рублёў

Бацьку Меган Маркл абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над дзецьмі. Яна не стала маўчаць2

У Ізраілі мяняецца цэнтр цяжару. Выхадцы з арабскіх краін пераважаюць над выхадцамі з Еўропы — гэта можа адбіцца і на палітыцы2

Зяленскі: Трохбаковая сустрэча Украіны, ЗША і Расіі мае адбыцца ў пачатку лістапада

Прышчэпкі ад грыпу можна зрабіць ужо амаль месяц, але вакцыны пакуль толькі расійскія1

Закрылі яшчэ адзін збор амаль на 2 мільёны даляраў для хворага дзіцяці1

У Беларусі стварылі мясную катлету, максімальна набліжаную да рыбы3

Жыхарка Данецка заехала праз Беларусь ва Украіну, каб памяняць пашпарт і паехаць жыць у Еўропу. Аказалася, перад тым яна ваявала за Расію7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт16

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць