Пра апошні гарадзенскі жарт піша на сваім блогу Сяргей Астравец.
— Бачыш шыльду “Гатэль “Мураўёў”? Кажуць, з шыбеніцай будзе.
— З шыбеніцай? А не зь гільяцінай?
— Прычым тут гільяціна? У нас жа не рэвалюцыя француская здарылася.
— А што ў нас?
— А ў нас вешалі, і лісты з-пад шыбеніцы пісалі, толькі наадварот. У адваротным парадку. Так што: у падворку шыбеніца і вакно нумару для напісаньня гэных самых лістоў…
Такую ці блізкую да гэтай размову пачуў я сёньня на, прабачце, Савецкім пляцы, былым Стэфана Баторыя. Размаўлялі два старыя мабыць патрыёты беспартыйнага выгляду. Далучацца да размовы я ня стаў, але мне ўявілася, што вельмі гэта па-гарадзенскаму будзе: падворак як студня, трапляеш туды праз браму, сёньня замкнёную, а тамака сапраўды ня ведаю — шыбеніца, ці эшафот папросту, каб болей адпавядаць гістарычнай праўдзе. У падворку, дарэчы, палілі кнігі на замежных мовах у хрушчоўскія часы.
Дома я разгарнуў вядомую таміну і прачытаў: “У 1847 г. Гарадзенскае губэрнскае праўленьне дае распараджэньне губэрнскай камісіі пабудаваць эшафот. Так у Горадні пад непасрэдным кіраўніцтвам губэрнскага архітэктара Міхаэліса быў пабудаваны эшафот з ганебным слупам і возам”. Праўда, дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што тады губэрнатарам нашым быў гаспадзін Васькоў, а Мураўёў-вешальнік — якраз у іншы час.
Трэба ўдакладніць: адная установа перарабляе дом купца Мураўёва пабудовы 1914 году ў гатэль. Назва на фасадзе ўзьнікла толькі цяпер, значыцца раней гаспадары яшчэ ня вызначыліся. Наступныя гатэлі, як жартуюць, будуць называцца “Сувораў”, “Молатаў-Рыбэнтроп”, “Сталін”. Уяўляю, як у Вене ці Зальцбургу, каб спадабацца мясцовым, гатэль назавуць “Гітлер”…
Мне скажуць: але ж ты заляпіў, зусім тэндэнцыйна атрымалася. Чаму? Я дапускаю, што у Вене быў купец ці фабрыкант Гітлер, вельмі добры, прынамсі папросту багаты і беспартыйны чалавек. Так, але ён быў у тысячу разоў меней вядомы за свайго “аднафамільца”. Вось і тут: хацелі, каб лепей, атрымалася як заўжды. Прозьвішча купца Мураўёва побач з гарадзенскім губэрнатарам Мураўёвым (вешальнікам), імя якога пры цара мела адна з асноўных вуліц Горадні, — нішто, пра вешальніка ведае кожны беларускі школьнік.
Напісаў я гэта і падумалася мне: а раптам гісторыю яны ведаюць ня горш за нас і сьвядома шыльду такую намалявалі, каб турыстаў прыцягваць ня толькі сталінскімі помнікам і “абаронай”, але й вешальнікам нашым. Толькі якіх турыстаў?
Каментары