Здароўе4343

Роды ў Вільні: выпрабавана на сабе

Мінчанка Дар'я Альперн-Каткоўская падзялілася з карэспандэнтам «Салiдарнасцi» сваімі ўражаннямі ад родаў у Літве і параўнала ўмовы ў радзільнях Мінска і Вільнюса.

Свайго другога сына Давіда Дар'я вырашыла нараджаць у Вільні.

Фота Юлія Мацкевіч

Вывучаючы варыянты, Даша даведалася аб трох клініках.

— Балта-амерыканская — гэта санаторый у лесе за 4000 еўра. Гарадская клініка на Antakalnio. Адкрытыя пасля рамонту Сантарышкі, дзе палаты падобныя на нумар у гатэлі і кошт у паўтара раза вышэйшы. Але як высветлілася, калі складаныя роды, то вязуць у гарадскую клініку, таму мы і абралі яе — бюджэтны і бяспечны варыянт.

— Мы думалі, што ў нас будуць натуральныя роды. Планавала партнёрскія — з мужам і доўлай, — распавядае Дар'я.

У Мінску роды з двума партнёрамі не практыкуюцца.

— На 30-м тыдні мы з мужам прыехалі ў Вільню, нам паказалі радзільню ў клініцы на Antakalnio, правялі ў перадродавыя, паказалі палаты. Мы пабывалі ўсюды, акрамя аперацыйнай. Для натуральных родаў тут шмат варыянтаў. Жанчына можа нараджаць у любой зручнай пазіцыі — у вадзе, стоячы, седзячы, лежачы. У Менску гэта нерэальна.

Дар'і і Сяргею прапанавалі прыехаць за тыдзень да меркаванай даты родаў.

— Мы прыехалі на 39-м тыдні, знялі кватэру на той жа вуліцы, дзе нарадзіўся мой муж. Сын нарадзіўся на 41-м тыдні. За гэты час я некалькі разоў пабывала на прыёме ў доктара. Ён мяне аглядаў, рабіў УГД, гутарыў са мной, але што мяне здзівіла: грошай за гэта не бралі. Дамову да родаў мы не заключалі. Кошт выставілі ўжо пасля нараджэння дзіцяці.

Давід з'явіўся на свет не натуральным шляхам, як планавалася. Дар'і зрабілі аперацыю кесарава сячэння па медыцынскіх паказаннях.

— Доктар угаварыў мяне на аперацыю. Што важна: мяне не палохалі. Мы размаўлялі з лекарам на роўных. Я дзялілася сваімі асцярогамі — ён мне расказваў пра магчымыя наступствы і даў мне права падумаць і вырашыць. На мяне не ціснулі.

Аперацыю праводзілі не пад агульным наркозам, а са спінальнай анестэзіяй.

— 10 гадоў таму мне рабілі спінальную анестэзію ў другім мінскім радзільным доме, дзе нарадзіўся мой старэйшы сын Алесь, — успамінае Даша. — І мне ёсць з чым параўноўваць. У адрозненне ад менскай радзільні, у клініцы Вільнюса медыкі прамаўлялі кожнае дзеянне: цяпер мы вам уколем такія вось лекі, прытым могуць быць пабочныя эфекты (пералічваюцца), зараз мы ўвядзём анестэзію, вы адчуеце тое і тое. У Беларусі мне не хапае такога дыялогу з дактарамі.

Яшчэ адно адрозненне ад кесарава ў Мінску: антыбіётык Дашы ўвялі да аперацыі, а не пасля.

— У мінскім радзільным доме мне паказалі дзіця на адлегласці трох метраў, сказалі: «У вас хлопчык». Пасля гэтага сына забралі, і мы не бачыліся паўтара сутак. У віленскай клініцы мне паказалі дзіця тварыкам, забралі малога ўсяго на некалькі хвілін для таго, каб ўзважыць і вымераць рост, а потым адразу прыклалі да грудзей. Паўтары гадзіны, пакуль я адыходзіла пасля наркозу, немаўля правяло са сваім татам у дзіцячым аддзяленні. Затым нас перавялі ў палату, дзе мы жылі трое сутак.

Пасля нараджэння маленькага Давіда аддалі тату

Пасля аперацыі Дар'і нельга было ўставаць суткі. З малым завіхаўся тата. У клініцы Вільнюса большасць жанчын пасля родаў жыве ў палатах з мужам.

— Пры жаданні мы маглі аддаць сына на дзіцячы пост, але спраўляліся самі. Медперсанал не хадзіў да нас па гадзінах, як гэта прынята ў беларускіх радзільнях. Выклікаць медсястру або лекара можна, націснуўшы на кнопку на сцяне.

У мяне спыталі, ці патрэбна мне дапамога з грудным кармленнем. Я сказала, што не.

На рукі малому чапляюць такія біркі

У першыя суткі, пакуль я не ўставала, кожныя 2—3 гадзіны прыходзіла медсястра, якая мяне мыла спецыяльнай пенкай.

Дарэчы, за ўвесь час, праведзены ў клініцы, толькі адна маладая медсястра не ведала рускай мовы, мы з ёй размаўлялі на англійскай. Усе гаварылі з намі на рускай.

Яшчэ адно адрозненне ад менскай радзільні: нованароджаны спаў у ложку з мамай.

— Мне ніхто не казаў: «Мама, выміце дзіцяці з ложка». У мяне спыталі: «Вы ўпэўненыя, што не задавіце яго? Вы спалі раней з дзіцем?» Я сказала, што так. Больш пытанняў не задавалі.

Даша прыняла рашэнне дакормліваць сына, таму што малако прыйшло на шостыя суткі.

— Прастэрылізаваныя бутэлечкі, соскі, сумесі — у вольным доступе.

Меню для мам, на думку Дашы, не вельмі адрознівалася ад рацыёну менскай радзільні.

— Ежу прыносіў у палату муж (дарэчы, кармілі толькі мяне). Сяргей сказаў, што меню было некалькі, але так як я была пасля кесарава, мне давалі перацёрты супчык, пюрэ і катлету. У клініцы ёсць асобны пакой з мікрахвалёўкі і імбрычкам.

Так кормяць мам пасля кесарава ў віленскай радзільні

Тут няма правілаў, як апранаць нованароджанага. Хочаш — давай сваё адзенне. Хочаш — карыстайся раддомаўскімі паўзунамі-кофтачкамі. Па словах Дашы, рэчы ў добрым стане.

На другі дзень пасля родаў у палату прынеслі вялікую скрынку з пробнікам для мамы і маляняці: бутэлечкі, падгузнікі, вільготныя сурвэткі, крэм для загойвання трэшчынак, чай для лактацыі.

— Можна месяцы два нічога, акрамя падгузнікаў, не купляць. Самым карысным, на мой погляд, была карта ў крамы «Максіма», якая падавала 20% зніжкі на ўсе падгузнікі.

Скрынка з пробнікам для мамы і маляняці

Па словах Дашы, на другія суткі пасля аперацыі яна ўстала і пайшла.

— Я адчувала сябе нашмат лепш, чым пасля першага кесарава. Дарэчы, абязбольвальныя ўколы былі ў першы дзень пасля аперацыі. Потым давалі свечкі, паколькі лічыцца, што яны лепш пры грудным кармленні.

На трэція суткі пасля родаў Дашу з сынам выпісалі.

— Перад выпіскай мяне агледзеў доктар, зрабіў УГД.

— Мы прагуляліся з калыскай па Вільні і зайшлі выпіць кавы і з'есці торцік. Пасля родаў у Мінску гэта здаецца фантастыкай. Там мяне выпісалі на дзявятыя суткі, і ўвесь гэты час я не бачыла сваю сям'ю.

На шостыя суткі пасля родаў Даша прыйшла ў клініку, каб зняць швы.

Роды ў клініцы абышліся сям'і Альперн-Каткоўскай у 1020 еўра (за кесарава і знаходжанне ў бальніцы, за пражыванне мужа і аналізы, прышчэпкі і агляд дзіцяці).

Дакументы немаўляці на выезд з Літвы сям'я зрабіла хутка.

— У бальніцы на наступны дзень выдалі даведку аб нараджэнні. З ёй трэба ехаць у ЗАГС, дзе дзіцяці выдаюць пасведчанне аб нараджэнні. Яго перакладаюць на рускую мову і зацвярджаюць у натарыуса.

— Адзінай праблемай было сфатаграфаваць дзіцяці так, каб у яго былі расплюшчаныя вочкі і былі бачныя абодва вушка. Першыя двое сутак наша дзіця расплюшчвала або адно вока, або другое, — смяецца Даша.

Бацькі зладзілі фотапаляванне — і першы здымак для дакумента быў гатовы. У фотацэнтры за пару еўра яго апрацавалі.

Першае фота на дакумент

— У беларускім консульстве за 20 хвілін выдалі даведку на вяртанне. Яна падобная на беларускі пашпарт — толькі без вокладкі. Там было напісана, што дзіця едзе ў Беларусь у сувязі з тым, што яно нарадзілася ў Літоўскай Рэспубліцы. На мяжы пытанняў ні ў каго не ўзнікла.

Даведка на вяртанне ў Беларусь

Не магу не спытаць у Дашы, чаму беларускім радзільням варта павучыцца ў літоўскіх:

— Самае галоўнае — гэта тое, што муж з табой. Жанчына не адчувае сябе адзінокай. Для мужчыны гэта таксама вельмі важна — адразу быць са сваім дзіцем. Ён знаходзіцца побач, бачыць, як жонка перажыла роды, што з ёй адбываецца. Сумеснае знаходжанне ў палаце, дзе жывуць мама, тата і малы, варта пераняць нашым радзільным дамам.

Каментары43

Цяпер чытаюць

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў9

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі дыджэй зрабіў хітом дыскатэк «Калыханку»3

Трамп заявіў, што да Ірана накіроўваюцца амерыканскія вайсковыя караблі4

Гістарычны пералом. Вецер і сонца сталі галоўнымі крыніцамі электраэнергіі ў Еўрасаюзе19

Сэкс, смерць і здрада. У КНДР знялі прапагандысцкі фільм галівудскага ўзору4

У Крамлі пачаліся перамовы Пуціна з прадстаўнікамі Трампа1

Абвясцілі намінантаў на сёлетняга «Оскара». У фільма «Грэшнікі» 16 намінацый

Гардэроб Янкі Купалы вынеслі на мароз ФОТАФАКТ2

Праз канфлікт з экс-сяброўкай і менеджаркай спявачка Лера Яскевіч будзе вымушаная выдаліць усе свае песні18

У Францыі паведамілі падрабязнасці пра расійскі ценявы танкер, затрыманы ў Міжземным моры1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў9

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць