Пачаўся суд па гучнай справе аб забойстве лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай. 29-гадовага Дзмітрыя Вішталюка абвінавачваюць у забойстве з асаблівай жорсткасцю, крадзяжы аўтамабіля і рэчаў. Яму можа пагражаць да 25 гадоў ці нават растрэл.
На судзе абвінавачаны трымаўся прыгнечана. Увогуле, працэс пачаўся з таго, што адвакат Вішталюка спазняўся, аднак на пытанне, ці згодзен абвінавачаны пачаць пасяджэнне без абаронцы, той толькі флегматычна кіўнуў, пагаджаючыся. Праўда, адваката ўсё ж пачакалі.

Па версіі следства, пасля забойства Вішталюк вярнуўся ў кватэру і забраў адтуль залатыя ўпрыгожванні, камплект пасцелі, жаночыя боты, паліто, сумачку, а таксама грошы і мабільнік. Забраў ён нават касметычку загінулай. Агулам ён вынес рэчаў на суму не менш за 34 мільёны рублёў.
Сваю віну Вішталюк прызнаў цалкам: і ў забойстве, і ў крадзяжы. Але па яго словах, што тычыцца крадзяжу, то рэчы ён забраў не дзеля выгады. Пасля таго, як суддзя патлумачыў, што крадзеж — гэта непасрэдна завалоданне рэчамі з мэтай выгады, Вішталюк трохі падумаў і пагадзіўся, прызнаўшы віну і ў гэтым.
Затым пачаўся допыт Вішталюка.
Ён распавёў, што вярнуўся з Масквы ў Беларусь у 2012 годзе. Спачатку здымаў пакой у знаёмага, затым — кватэру ў Серабранцы. Зарабляў «шабашкай» на будоўлях. Пасля займаўся нацяжнымі столямі разам са знаёмым. Кажа, што выходзіла каля 500 тысяч рублёў штодня.
З Балыкінай ён пазнаёміўся на сайце знаёмстваў.
«Спачатку паміж намі былі сяброўскія адносіны, затым пачалі жыць разам», — сказаў Вішталюк.
28 кастрычніка 2015 года, калі і здарылася бяда, яны ўжо не жылі разам. Але, кажа Дзмітрый, ён дапамагаў з рамонтам. Не жылі ўжо, бо пасварыліся — трохі раней, Дзмітрый узяў 130 даляраў у Юліі і не паспеў вярнуць. Але зносіны яны падтрымлівалі. «Нянавісці не было да яе. Варожасці не было», — сказаў Дзмітрый.
Па словах Вішталюка, у той вечар ён прыехаў каля 6-й вечара дапамагчы з нацяжной столяй у ваннай. Ён пачаў займацца рамонтам, але трохі пашкодзіў палатно столі. Балыкіна вельмі раззлавалася, але ён патлумачыў, што нічога страшнага не адбылося, і яна супакоілася, сцвярджае Дзімтрый.
Затым Юлія пазваніла камусьці, вярнулася ў ванную і пачала яго адчытваць, казаць, што ён нічога не можа нармальна зрабіць. У гэты момант Дзмітрый стаяў на стуле спінай да яе.
«Я не ведаю, што далей здарылася. Проста павярнуўся і ўдарыў малатком. Падрабязней расказаць не магу. І не помню, і гэта тычыцца вельмі прыватнага», — сказаў Дзмітрый.
Колькі ўдараў ён нанёс, Вішталюк не памятае. Кажа — 5-6. Затым Балыкіна ўпала на бок. Ці біў ён яе далей — кажа, што не памятае.

Затым Вішталюк апрытомнеў і пабачыў, што нарабіў. Балыкіна ляжала у ванне і хрыпела -– яна ўпала туды пасля ўдараў. Вішталюк зняў вопратку, у якой працаваў, апрануў штодзённую і збег з кватэры. Не выклікаў хуткай, бо спужаўся. Чаго спужаўся — патлумачыць не можа, кажа, пачалася паніка. Па дарозе ён схапіў ключы ад машыны Юліі — кажа, «каб з'ехаць, збегчы». Пры гэтым, у Вішталюка правоў кіроўцы не было.
Па яго словах, збег ён з кватэры каля паловы на дзясятую вечара.
Пасля трагедыі Дзмітрый сеў у «Кіа Рыа» Балыкінай, паехаў у гіпермаркет — паклаў грошы на тэлефон. Сазваніўся са знаёмым — кажа, хацеў выпіць з ім. Але штосьці там не выйшла, і Вішталюк паехаў на чыгуначны вакзал. Сядзеў у зале чакання да 2-й ночы, бо не ведаў, што рабіць далей.
Але каля 2-й гадзіны ночы ён вярнуўся ў кватэру Балыкінай. Юлія ўжо не падавала прыкмет жыцця. Дзмітрый узяў плёнку, загарнуў у яе цела, перанёс у калідор. Пачаў мыць ванную (крыві было шмат, па яго словах — «як ручай»).
Затым ён сабраў упрыгожванні і рэчы жанчыны. Кажа, хацеў абставіць усё так, нібыта Юлія з'ехала. Затым выкінуў у кантэйнер са смеццем вядро і анучу, з дапамогай якіх мыў кватэру. Малаток вымыў і паклаў на балконе.
Затым Дзмітрый падагнаў машыну пад пад'езд. Паклаў у яе свае рэчы, на якіх была кроў (пасля выкінуў далёка ад дома). У багажнік ён загрузіў труп.
«Паехаў проста… Спачатку без мэты. Проста на МКАД. Не ведаў, што рабіць», — кажа Вішталюк.
Па дарозе выкінуў з вакна машыны відэарэгістратар — у ім быў убудаваны GPRS.
Такім чынам, Дзмітрый паехаў па трасе. Пачаў шукаць чыгуначную станцыю — выдала, што бліжэйшая Смалявічы.
Ён пакінуў недалёка ад станцыі машыну, сеў на бліжэйшы цягнік і вярнуўся ў Мінск.
На наступны дзень Дзмітрый вышаў на працу. Пасля яе пайшоў на вакзал, думаў ехаць у Смалявічы… але заснуў. Прачнуўся каля 3 ночы. Наступная электрычка была а 6-й раніцы. Дзмітрый набыў на яе квіток.
У Смалявічах машына стаяла на тым жа месцы, нумары з яе Вішталюк зняў яшчэ раней.
Ён сеў у машыну пачаў ездзіць па раёне. Кажа, што шукаў, дзе яе кінуць. Нездалёк ад вёскі Старына вырашыў — тут. Выцягнуў труп, аднёс у лес, абклаў галлём і мохам.
Затым ен паехаў на запраўку выпіць кавы, бо надта хацелася спаць. Пасля паехаў у Жодзіна — вырашыў кінуць машыну там.
У Мінск вярнуўся электрычкай. Па дарозе заўважыў, што забыўся выкінуць золата і ўпрыгожанні Балыкінай. Спачатку хацеў падкінуць іх назад у кватэру, але было страшна туды вяртацца.
Ён прыехаў на кватэру. Але, калі Дзмітры быў ужо ў пад'ездзе, яму патэлефанаваў брат Юлі і сказаў, што ў яе кватэры будуць ламаць дзверы. Знікненне жанчыны ўжо заўважылі, і яе шукалі.
Тады Дзмітрый паклаў упрыгожанні ў пакет з-пад жуек, які быў у яго торбе, і пакінуў пакет паміж паверхамі.
Затым Дзмітрый разам з братам Балыкінай, які пад'ехаў, пачалі чакаць міліцыю.
Прыехала міліцыя. Дзмітрый паехаў у РАУС, дзе ў яго спыталіся, калі ён апошнім разам бачыў Юлію. Сам прызнае, што яго пачало трэсці. Гэта заўважылі міліцыянты — і неўзабаве Дзмітрый прызнаўся.
Да таго ж адзін з пярсцёнкаў вываліўся з пакета і застаўся ў кішэні Дзмітрыя. Яго знайшлі падчас ператрусу ў РУУС.
Тое, што падчас забойства ён быў пад уздзеяннем наркотыкаў, Дзмітрый адмаўляе. Але прызнае, што час ад часу мог дазволіць сабе марыхуану. Юлія ж, па яго словах, не ўжывала.
Дзмітрый прызнаў, што пасля забойства, увечары, узяў у знаёмага трохі гашышу. Потым, калі быў на вакзале, ужыў яго у машыне. Частку выкурыў у Смалявічах, калі пакідаў там машыну. А рэшту наркотыку проста згубіў.
Тое, што ён забраў яшчэ нейкія рэчы — боты, камплект пасцелі, — Дзмітрый адмаўляе.
Віну сваю ён прызнае. Падпісаў яўку з павіннай.
«Я хачу папрасіць прабачэння ў сваякоў… Хоць ведаю, што за такое цяжка выбачыць», — сказаў Дзмітрый.
«Бог выбачыць», — адказала маці Балыкінай.
***
Нагадаем: 31-гадовая Юлія Балыкіна знікла ў кастрычніку 2015 годв. Па слядах, знойдзеных на яе аўтамабілі і ў кватэры, адразу з'явілася версія, што спартсменку забілі. Падазрэнне ўпала на яе былога сужыцеля Дзмітрыя Вішталюка. Яго арыштавалі, ён прызнаўся ў забойстве, але так і не паведаміў, дзе схаваў цела. Больш як праз тыдзень пошукаў, да якіх прыцягнулі вайскоўцаў, цела Юлі Балыкінай знайшлі ў лесе пад Мінскам, схаванае пад галлём у поліэтыленавым меху.
Раней следчыя паведамлялі, што забойства Балыкінай было здзейснена Дзмітрыем у стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў. Падчас сваркі на глебе непрыязных адносін абвінавачаны нанёс Юліі Балыкінай 12 удараў малатком, прычым 11 з іх — па галаве
Дзмітрый на тры гады маладзейшы за Юлію Балыкіну. Ён нарадзіўся ва Украіне, у Варашылаўградзе — сёння гэта сумна вядомы Луганск, — потым сям’я пераехала ў Расію. З гэтай прычыны дагэтуль падазраваны мае расійскае грамадзянства. Бацькі трагічна загінулі, і Дзмітрый пераехаў да дзядзі і цёці ў Рагачоў, дзе вырас і вывучыўся на плітачніка-тынкоўшчыка ў каледжы. Затым пэўны час ён жыў у Маскве, пасля перабраўся ў Мінск.
Юлія Балыкіна нарадзілася ў мангольскім горадзе Булган. Пераважна жыла ў Запарожжы. Спортам пачала займацца вельмі позна — у 18. У 23 гады спартсменка пераехала ў Беларусь, стала чэмпіёнкай нашай краіны і першым нумарам зборнай на дыстанцыях 100 і 200 метраў. У свой час трэнеры спадзяваліся, што яна зможа годна замяніць алімпійскую чэмпіёнку Юлію Несцярэнка.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары