Улада3131

«Нас хочуць зрабіць беларускай Швейцарыяй. Не трэба!» — як Улаховіч сустракаецца з выбаршчыкамі

Сеніцкая выбарчая акруга №76 сёлета адзначылася даволі вясёлым наборам кандыдатаў у беларускі парламент. За крэсла дэпутата тут пазмагаюцца БНФавец Ілля Дабратвор і два прадстаўнікі кішэнных партый: «дзяржказак» Мікалай Улаховіч і Васіль Задняпраны. Улаховіч, які вылез на палітычную арэну напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў, узначальвае Беларускую патрыятычную партыю, асноўная місія якой — падтрымка дзейнага кіраўніцтва краіны. Задняпраны таксама партыйны лідар, ён вядзе да светлай будучыні Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, сэнсу ў існаванні якой прыкладна столькі ж, колькі і ва ўлаховіцкай.

Трэба, праўда, прызнаць, што ўсе тры кандыдаты вартыя адзін аднаго. Ілля Дабратвор у сваім фэйсбуку абяцае патэнцыйным выбаршчыкам то пакатушкі на «Хамеры» (яго, праўда, у Дабратвора пакуль няма), то згаліць бараду (яна ў яго ўжо ёсць). А Задняпраны з Улаховічам ужо паспелі нават завочна пасварыцца, высвятляючы, хто з іх больш «прабеларускі кандыдат». Так што жыхароў той самай Сеніцкай акругі, мяркуючы па ўсім, чакае няпросты выбар.

З гэтай нагоды «Наша Ніва» выправілася ў аграгарадок Шчомысліца, каб паглядзець, як адзін з кандыдатаў — Мікалай Улаховіч — праводзіць свае сустрэчы з патэнцыйнымі выбаршчыкамі.

Шчомысліца сустракае прыемнай спёкай позніх жнівеньскіх дзён. Па вуліцах бегаюць малыя дзеці, паўнагадовая моладзь збіраецца на аўтобусным прыпынку, каб зганяць праветрыцца ў сталіцу — апошняя ж пятніца лета. У дарослых — праца і жніво, у моладзі набліжаецца вучоба… Тут нядзіўна і ўвогуле забыцца пра тыя выбары.

Затое пра іх не забыліся мясцовыя ўлады. Улёткі з фотаздымкамі кандыдатаў і плакаты з напамінам аб выбарах вісяць на мясцовым сельсавеце і пошце. На дзвярах сельсавета да таго ж — вялікая ўлётка з партрэтам Улаховіча і ягонай перадвыбарчай праграмай. Такая ж прылепленая і на дзверы мясцовай крамы разам з паперкай, якая паведамляе, што сёння з Улаховічам можна сустрэцца ў мясцовым Доме культуры. Акрамя самога «атамана», шчомысліцкім выбаршчыкам абяцаюць і выступ «казацкага калектыву «Гуляй, Казак».

За паўгадзіны да прызначанага часу каля прыпынку і крамы з’яўляюцца давераныя асобы Улаховіча, як яны самі сябе называюць. Мужчына і жанчына сярэдніх гадоў раздаюць сцяжкі Беларускай патрыятычнай партыі і календары з партрэтам свайго кандыдата.

«Прыходзьце сёння на канцэрт!» — запрашаюць яны.

Варта сказаць, народ агітпрадукцыю бярэ. А сцяжкі партыі дык увогуле карыстаюцца шалёнай папулярнасцю сярод 7—10 гадовых жыхароў Шчомысліцы.

Непадалёк, каля ўваходу ў Дом культуры, двое немаладых ужо людзей у казацкай форме выцягваюць аўдыёапаратуру з машыны. Побач, каля стэнда з уласным фота, стаіць і сам Мікалай Улаховіч. Ён то задуменна назірае за сваімі «казакамі», то звяртаецца да мінакоў.

«Прыходзьце сёння на сустрэчу! На канцэрт!» — запрашае мясцовых жыхароў патэнцыйны дэпутат. Мясцовыя яму пасміхаюцца, але ў асноўным праходзяць міма.

Тым часам калонкі з мікрафонамі ўжо аднеслі ў залю.

«Ты пастой тут, побач, у форме, хоць людзі пабачаць, — кажа аднаму з мужчын Улаховіч. — Я ж без формы, мне нельга».

Нельга, тлумачыць «атаман», бо тут ён найперш як прадстаўнік патрыятычнай партыі, а не як казак.

Сталы мужчына застаецца пастаяць з «атаманам».

«Казацкі есаул Канстанцін Пятруша», — прадстаўляецца ён.

«Атаман» Улаховіч і «есаул» Пятруша.

На грудзях у Пятрушы — некалькі крыжоў. На адным з іх профіль расійскага імператара Мікалая ІІ, якога расстралялі бальшавікі.

«Гэтым знакам з выявай цара-бацюхны мяне ўзнагародзіў вярхоўны атаман за маю кнігу «Васількі на крыжы». Там апавяданні ў асноўным. А гэты крыж, з надпісам «Бабруйск» — ён за аднаўленне бабруйскіх храмаў, ён ад папярэдняга мітрапаліта», — распавядае Канстанцін Пятруша.

Высвятляю, што за такая дзіўная фармулёўка: «цар-бацюхна».

«Вы, можа, манархіст?» — пытаюся ў яго.

«Ён патрыёт! — улазіць Улаховіч. — Мы патрыёты Беларусі!»

Затым ён доўга абураецца тым, што пра казакоў у цэлым і пра яго ў прыватнасці журналісты «пагана пішуць».

«Плюнулі і збеглі, плюнулі і збеглі… Вось так пішуць. І вы таксама: імкнецеся пераканаць, што казацтва — гэта штосьці дрэннае. А чым яно дрэннае? — пытаецца Улаховіч. — Нас хочуць паказаць як нейкую групу баптыстаў. А вы ж не ведаеце нават колькасць людзей, якія нас падтрымліваюць».

Затым Улаховіч з Пятрушам у два галасы расказваюць аб тым, што пра «беларускае казацтва» ніхто нічога не ведае. А яно нібыта мае і гісторыю, і традыцыі, і песні, і ўвогуле — ад яго суцэльная карысць.

«Заходзьце, канцэрт паглядзіце!» — раптам выкрыквае Улаховіч нейкаму мужыку, які праязджае міма на ровары.

«А шабля ў казака ё?» — не спыняючыся, пытаецца мужык.

«Ё!» — хорам адказваюць Пятруша і Улаховіч.

Шаблі, праўда, няма.

«Ну, яна ж не зброя, а чыста фурнітурная шабля… Парадная, — тлумачаць мне «казакі». — Ды і мерапрыемства не такое, навошта яе чапляць?»

Але час ужо і пачынаць сустрэчу. Агулам паслухаць Улаховіча прыйшло каля 20 чалавек, з іх амаль палова — дзеці.

«Ці буду за яго галасаваць, пакуль не ведаю. Трэба паглядзець», — кажа святочна апрануты 22-гадовы хлопец.

«Мы будзем за яго», — запэўніваюць дзве жанчыны сярэдняга ўзросту.

Самога «атамана» малая колькасць слухачоў не палохае.

«Гэтыя паслухаюць — іншым раскажуць. Я ж ведаю, як гэта робіцца», — кажа ён.

Народ размяркоўваецца па залі. Улаховіч пачынае кароткі выступ: расказвае сваю біяграфію, дзе і кім працаваў, пра сям’ю. Кажа, што ўсё паспеў, аднак не паспеў прыкласці сваю энергію і вопыт да працы «на парламенцкай ніве».

«Я лічу, што парламентарыі — гэта людзі, якія не толькі ствараюць законы, але і з’яўляюцца экспертамі гэтых законаў. Каб можна было б зрабіць іх правільнымі для лепшага жыцця нашых грамадзян», — дзеліцца думкамі Мікалай Улаховіч.

Увогуле, уся прамова «атамана» займае літаральна тры хвіліны. Затым на сцэну выходзіць той самы казацкі ансамбль «Гуляй, Казак».

Увесь ансамбль — тры жанчыны ў псеўдафальклорных строях і два мужчыны ў казацкай форме. Адзін з іх — той самы есаул Пятруша. Гукарэжысёр уключае на ноўтбуку «мінус» — і паехалі, пад бадзёрае «тыц-тыц» гучаць песні пра «ліхіх коней», «буйныя галовушкі», «няраўны бой» і іншыя казацкія мемы. Спяваюць на беларускай, рускай і украінскай, але кожная песня, натуральна, пра казакоў. Гучыць нават нейкая «Казацкая лезгінка»: штосьці накшталт рэпу пра вясёлае казацкае жыццё пад класічную каўказскую мелодыю.

Выступ людзям наогул падабаецца. Народ пляскае ў далоні, дзеткі машуць сцяжкамі партыі.

У паўзах паміж песнямі выступоўцы не забываюцца рэкламаваць свайго кандыдата. Сам кандыдат у такія моманты ўстае і пасміхаецца залі. Прыгажосць.

Канцэрт ідзе хвілін з сорак. Затым — пытанні гледачоў да кандыдата. Пытанняў няшмат, і паступаюць яны ў асноўным ад адной і той жа жанчыны.

«Чаму вы ў гэтай акрузе балатуецеся? Жывяце тут?» — пытаецца яна.

«Жыву ў Мінску. Але Мінск настолькі зблізіўся з Мінскім раёнам, што розніца невялікая. Да таго ж, Мінскі раён — вельмі складаны», — адказвае Улаховіч. Затым ён падкрэслівае, што як лідар партыі зможа зрабіць для раёна больш, чым «просты парламентарый».

«Мы кансерватыўная партыя. Мы не спяшаемся з рэформамі. Спачатку трэба пераканацца, што старое — дрэнна», — апісвае сваю стратэгію Улаховіч.

Не забываецца ён і пра патрыятызм. Напрыклад, такім вось чынам:

«Чуў, што з нас хочуць зрабіць беларускую Швейцарыю. Не трэба! Давайце будзем беларусамі!»

Затым жанчына пытаецца пра малыя пенсіі. Улаховіч абяцае, што будзе змагацца за назапашвальную пенсійную сістэму.

«Я буду гэта прасоўваць у парламенце. І прасуну. Я не хлушу!» — запэўнівае ён.

Жанчына, здаецца, засталася задаволенай.

На гэтым сустрэча заканчваецца. Улаховіч дзякуе гледачам за сустрэчу і заклікае прыходзіць на выбары.

«Ну што, будзеце галасаваць за Улаховіча?» — пытаюся ў той самай цікаўнай жанчыны.

«Я? Я ў Мінску буду галасаваць. Я тут так, на дачы», — выкручваецца яна.

Яшчэ некалькі жанчын адказваюць на тое ж пытанне станоўча.

«Спадабаўся кандыдат, прагаласуем», — кажуць яны.

Тым часам нешматлікія гледачы разыходзяцца, казакі з ансамбля хуценька пакуюць апаратуру па машынах. Улаховіч сядае ў звычайную зялёную «Таёту» і імчыць гандляваць тварам у іншую вёску — гэтым жа вечарам у яго такая ж сустрэча ў Азярцы.

Да дырэктаркі Дома культуры падбягае чарада мясцовых дзяцей. У большасці ў руках — сцяжкі Беларускай патрыятычнай партыі.

«А ёсць яшчэ сцяжкі?» — пытаюцца яны.

«А навошта вам?» — цікаўлюся.

«Трэба».

Сцяжкоў, праўда, больш няма. Трохі засмуціўшыся гэтаму факту, дзеці збягаюць па сваіх справах, зносячы рэшту ўлаховічскай сімволікі кудысьці ў глыбіню вечаровага шчомысліцкага лета.

Каментары31

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць