Грамадства

«Рацыя»: з-за мяжы на ФМ

Мікола Маркевіч плянуе, што з восені «Рацыя» будзе дабіваць да Берасьця, Горадні, Ваўкавыску і Ашмянаў.

Радыё «Рацыя» можа ўвайсьці ў гісторыю айчыннага радыёвяшчаньня як першая станцыя, якая вяшчае на беларускі FM з-за мяжы. Старт заплянаваны на пачатак восені.

«Вы слухаеце Радыё Рацыя – вольнае радыё, якое робяць беларусы для беларусаў з вольнага сьвету», – з гэтых словаў пачынаецца штодня вяшчаньне беларускай радыёстанцыі, невялічкая рэдакцыя якой месьціцца ў Беластоку.

Ужо некалькі тыдняў, як Рацыя выйшла ў тамтэйшы FM-этэр, і тры месяцы, як радыё вяшчае на сярэдніх хвалях. «Пакуль гэта сьціплы пачатак», – кажа праграмны дырэктар Рацыі Мікола Маркевіч. Сёньня вяшчаньне радыёстанцыі ахоплівае Беласток, але не дацягвае да Гарадку, Бельску, Гайнаўкі ды іншых месцаў, дзе жыве нямала беларусаў. У чэрвені да адзінага пакуль перадатчыка 0,1 кВт мае дадацца яшчэ адзін зь Вільні магутнасьцю ў 30 кВт.

«Рацыю» ў беларускім «эфэме» пачуюць на пачатку восені. «Мы хочам, каб беларуская частата была абсалютна легальнай, таму даводзіцца вырашаць нямала юрыдычных праблемаў», – апавядае М.Маркевіч. Плянуецца, што з восені «Рацыя» будзе дабіваць да Берасьця, Горадні, Ваўкавыску і Ашмяны.

Былы рэдактар газэтаў «Пагоня» і «День» заняўся радыё ня толькі празь цікавасьць. Пасьля закрыцьця «Дня» ён зразумеў, што ў Беларусі журналістыкай яму займацца не дадуць.

Новы-стары брэнд

Выпускны рэдактар «Рацыі» Яня Каменская была звольнена з радыё «Юністар», пасьля таго як у навінах сказала, што на адно з афіцыйных паседжаньняў з удзелам прэзыдэнта не пусьцілі журналістаў недзяржаўных мэдыяў. Асабіста рэктар БДУ Аляксандар Казулін тады сказаў, што такім журналістам ня месца на радыёстанцыі ўнівэрсытэту. Яна крыўды не трымае і задаволена новай працай: «Я люблю радыё і не люблю, калі мяне цэнзуруюць. На «Рацыі» я на сваім месцы».

На «Рацыі» часта гучаць галасы беларускіх палітыкаў, актывістаў, паэтаў і музыкаў. Самы гарачы час у рэдакцыі на вуліцы Цёплай – з 12.00 да 16.00, калі зьбіраюцца, запісваюцца і мантажуюцца карэспандэнцыі. А 17-й навіны гучаць у этэры. На 70% яны складаюцца з паведамленьняў з рэгіёнаў ад уласных карэспандэнтаў. «Мы актыўна шукаем карэспандэнтаў у абласных цэнтрах і малых гарадах», – апавядае Мікола Маркевіч.

Увага да рэгіёнаў – адна з прычынаў, зь якой Мікола ня лічыць новую радыёстанцыю пераемніцай старой «Рацыі». Ён наагул хацеў, каб сёньняшняя «Рацыя» займела новы назоў – «Пагоня», але для беластоцкага кіраўніцтва важна было пакінуць ужо вядомы брэнд. З назвай «Радыё «Рацыя» асацыюецца незалежны беларускі этэр на Беласточчыне. «Рацыя давала мажлівасьць нашым людзям з Рыбалаў, Гарадка, Бельску замовіць сваю музыку, пачуць беларускае слова», – кажа журналіст Міхась Андрасюк.

75% беларускай музыкі

Большую частку вяшчаньня «Рацыі» займае музыка ды забаўляльныя аўтарскія праграмы. Музычны фармат унікальны – гэта кактэйль з уласнабеларускай, падляскай беларускамоўнай, польскай і замежнай музыкі. Аснову складаюць творы незалежных беларускіх музыкаў – ад рарытэтных запісаў «Песьняроў» да апошніх поп-гітоў. Музычным рэдактарам на «Рацыі» працуе Лукаш «Стэп» Стэпанюк – музыка, ды-джэй, стваральнік адзінага польскамоўнага музычнага парталу пра беларускую музыку «Зона».

Слухачы ў «Рацыі» зьявіліся адразу, калі радыё яшчэ працавала ў тэставым рэжыме. Адзін зь іх даслаў ліст зь цёплымі словамі ды ўклаў разам зь ім адзін даляр. Тое, што радыё слухаюць на сярэдніх хвалях, пацьвярджаюць таксама лісты з Мазыра, Гомеля і Горадні, а таксама… з балтыйскіх краінаў і Скандынавіі. У чэрвені Інтэрнэт-карыстальнікі атрымаюць магчымасьці слухаць «Рацыю» он-лайн. Цяпер распрацоўваецца канцэпцыя сайту і парадкуваецца архіў.

Сяргей Будкін, Беласток–Менск

Радыё Рацыя вяшчае штодня:

Беласток (105,5 FM) – штосуткі;

Віленшчына (103,8 FM) – 20.00–20.30;

На сярэдніх хвалях (1080 кГц) – 20.00–22.00.

На радыё «Рацыя» сёньня выходзіць 7 аўтарскіх праграмаў:

«Кантэкст» з Паўлюком Быкоўскім – рэфлексіі з нагоды падзеяў тыдня;

«Грамадзянская супольнасьць» Міхася Андрасюка і Валі Лаеўскай – праграма, якая знаёміць беларусаў з палітыкай ды эканомікай Польшчы;

«Беларускі сьлед у гісторыі» з Алегам Гардзіенкам;

«Радыё-Гіт» з Алегам Хаменкам – супольны праект «Рацыі» і Інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў»;

«Заля Славы» зь Міколам Бяньком – праграма, прысьвечаная героям айчыннага рок-н-ролу;

«Голас з павуціньня» з Андрэем Жуком – апошнія навіны зь віртуальнай прасторы;

«Рымэйк на дыване» з Андрэем Жуком – музычная праграма

Каментары

Цяпер чытаюць

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў8

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Цыганкоў: Не падазраваў, што Бабарыка з'яўляецца прыхільнікам сацыялізму — мары сярэдняга чалавека26

Памятаеце легендарную Бабу Раю, якая вяла інстаграм Камароўкі? Яна знікла — справу працягвае яе «ўнучка»2

Расійскаму палітвязню дадалі паўтара года зняволення за вокліч «Слава Украіне! Смерць Пуціну!»5

СК расказаў падрабязнасці пра напад расійскіх маладзёнаў на сям'ю ў Смалявіцкім раёне6

У Бярозаўскім раёне міліцыя страляла па п'яным

На МТЗ вырашылі завесці ўласнага маскота3

Чаму муху так цяжка злавіць? Навукоўцы даюць аргументаваны адказ4

На Камароўцы прадаюць маладую бульбу. Праўда, цэны касмічныя2

«Ставяцца як да смецця». Беларус-акупант пакалечыўся на фронце, а цяпер памірае ў курскай бальніцы без дапамогі29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў8

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць