Як Цэнтрвыбаркам налічыў 115 тысяч чалавек на вуліцах Гомеля — дзіўныя лічбы выбараў

Штучныя высокія лічбы яўкі — гэта адзін з галоўных спосабаў маніпуляцый на беларускіх выбарах.
Несапраўдныя афіцыйныя паказнікі яўкі яшчэ болей відавочныя, калі іх вывучаць не па абласцях, а па асобных выбарчых акругах. Асабліва па акругах гарадоў. Калі ў адным гарадскім раёне ўпяцёра болей «жаўрукоў», а ў суседнім раёне таго самага горада выбарцы масава імкнуцца на ўчасткі перад самым іх закрыццём, дык, значыць, лічбы няслушныя.
Гэты матэрыял грунтуецца на афіцыйных дадзеных ЦВК па яўцы на парламенцкіх выбарах 2012 года. Раней увагу на тое звярнуў у сваім блогу электаральны географ Кірэеў. Калі верыць афіцыйным дадзеным, дык жыхары розных частак Берасця, Магілёва, Віцебска, Бабруйска ды іншых гарадоў жывуць у розных часавых паясах. Ніжэй толькі два добрыя прыклады па Берасці і Гомелі.
Хаця паводле колькасці выбарцаў акругі Брэст-Цэнтральны і Брэст-Усходні вельмі блізкія (63 тысячы і 59 тысяч выбарцаў, адпаведна), з самага ранку 23 верасня 2012 года на ўчасткі прыйшлі амаль 2000 жыхароў першай і толькі каля 350 другой акругі.
У асноўны дзень галасавання на выбарах-2012 паміж 8 і 10 гадзінамі раніцы адна палова Брэста (жыхары акругаў Заходняй і Цэнтральнай) галасавала ў шэсць (!) разоў часцей за другую палову горада (Усходняя і Памежная акругі).
| Брэсцкая акруга | Яўка за 5 дзён датэрміновага галасавання | Яўка на 10 гадзін дня, з улікам датэрміновага | Яўка паміж 8 і 10 гадзінамі асноўнага дня галасвання | Колькасць выбарцаў, якія прагаласавалі з 8 да 12 гадзін |
| Заходняя №1 | 22,1% | 25,4% | 3,3% | 2323 |
| Цэнтральная №2 | 23,8% | 26,8% | 3% | 1900 |
| Усходняя №3 | 26,4% | 27,2% | 0,6% | 356 |
| Памежная №4 | 30,8% | 31,3% | 0,5% | 319 |
Заўвага: Колькасць тых, хто прагаласаваў, вылічаная на падставе афіцыйных лічбаў выбарцаў у акругах і паказнікаў яўкі, акругленых да адной дзясятай долі працэнта. У сувязі з гэтым пазначаная лічба тых, хто прагаласаваў, можа розніцца ад умоўна рэальнай лічбы на пару дзясяткаў чалавек. Але відавочна, што гэта прынцыпова не ўплывае на вялікую розніцу ў яўцы па раёнах горада.
Ёсць і іншыя брэсцкія прыклады, калі афіцыйныя лічбы не даюць рады. Напрыклад, у апошнія дзве гадзіны выбараў (ад 18 да 20 гадзінаў) жыхары Заходняй выбарчай акругі горада як быццам галасавалі ў чатыры разы радзей за берасцейцаў з іншых трох акругаў.
Але ж хіба самыя неймаверныя дадзеныя яўкі на выбарах-2012 у Гомелі. Гамельчукі прагаласавалі так непадобна да іншых беларускіх выбарцаў, быццам яны жывуць на іншай планеце.
Глядзіце самі. На 10 гадзін асноўнага дня галасвання лічбы яўкі ў Гомелі былі самыя малыя (каля 20%, з улікам датэрміновага галасавання) сярод усіх іншых вялікіх гарадоў, у тым ліку і Мінска. Але ж, як сведчаць афіцыйныя дадзеныя, жыхары Гомеля, асабліва Цэнтральнай выбарчай акругі, зрабілі неймаверную яўку паміж 10 і 12 гадзінамі дня, бегма пабегшы галасаваць.
Уявіце сабе гэтую карціну і натоўпы на вуліцах, дварах і выбарчых участках горада. Афіцыйныя лічбы гавораць, што паміж 10 і 12 гадзінамі дня прагаласавалі ажно 115 тысяч гамельчукоў!
Як быццам амаль 60% гомельскіх выбарцаў, што прыйшлі галасаваць 23 верасня 2012 года (без уліку датэрміновага), зрабілі гэта паміж 10 і 12 гадзінамі дня.
А сярод жыхароў Цэнтральнай акругі Гомеля за гэтыя дзве гадзіны як быццам аддало свой голас больш за 35% ад усіх выбарцаў, 50% ад усіх, хто прагаласаваў (разам з датэрміновым), і больш як 80% ад тых, хто прыйшоў галасаваць у асноўны дзень!
Такі расклад галасавання ў Гомелі не пацвярджаецца ніякімі назіраннямі і не паддаецца ніякім тлумачэнням. Апрача аднаго: гэтыя лічбы яўкі штучныя, несапраўдныя. Напэўна, рэагуючы на заўвагі ці незадаваленне «зверху» з нагоды малых лічбаў яўкі на 10 гадзін, адказныя за стварэнне гомельскіх лічбаў асобы вырашылі хуценька паправіць сітуацыю, ды надта перастараліся.
Паводле афіцыйных лічбаў Цэнтрвыбаркама: яўка па гомельскіх акругах 23 верасня 2012 года ў асобныя перыяды часу
| Гомельская акруга | Агульная лічба выбарцаў | Прагаласавалі датэрмінова | Прагаласавалі ад 8 да 10 гадзін дня | Прагаласавалі ад 10 да 12 гадзін дня | Прагаласавалі ад 12 да 20 гадзін | Выніковая яўка | ||||
| % | Лічба | % | Лічба | % | Лічба | % | Лічба | |||
| Юбілейная | 63449 | 21,5% | 13619 | 0,4% | 2538 | 29,2% | 18527 | 15,8% | 10025 | 66,9% |
| Сельмашаўская | 67840 | 19,6% | 13281 | 0,7% | 4749 | 31,8% | 21573 | 19,5% | 13229 | 71,6% |
| Цэнтральная | 64522 | 19,9% | 12776 | 0,8% | 5162 | 35,3% | 22776 | 7,9% | 5097 | 63,9% |
| Савецкая | 67892 | 19,9% | 13501 | 0,6% | 4074 | 30,5% | 20707 | 18% | 12221 | 69% |
| Прамысловая | 65622 | 20,0% | 13109 | 1,2% | 7875 | 31,8% | 20868 | 16% | 10500 | 69% |
| Навабеліцкая | 74986 | 19,0% | 14016 | 2,3% | 9748 | 15% | 11248 | 19,9% | 14922 | 56,2% |
| Разам | 404,311 | 80,302 | 34,146 | 115,699 | 65,994 | |||||
Заўвага: Лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова, у даступных афіцыйных дадзеных адлюстраваныя аж да чалавека. Лічбы тых, хто галасаваў у розныя перыяды часу ў асноўны дзень галасавання, падлічаныя на падставе афіцыйных лічбаў выбарцаў і паказнікаў яўкі, акругленых да адной дзясятай долі працэнта. У сувязі з гэтым, пазначаная лічба можа адрознівацца ад умоўнай рэальнай лічбы на некалькі дзясяткаў чалавек.
З табліцы да таго ж вынікае розніца дадзеных па Навабеліцкай акрузе ад іншых. У ёй яўка на датэрміновым галасаванні былі блізкая да той, што і ў іншых раёнах горада. Зраніцы (ад 8 да 10 гадзін) асноўнага дня галасавання яе выбарцы, паводле афіцыйных дадзеных, былі куды болей актыўнымі за жыхароў іншых раёнаў Гомеля. Але ж пасля 10 гадзін яўка па акрузе была не такой высокай, і ў выніку стала адной з найменшых у краіне.
Справа ў тым, што Навабеліцкая акруга на выбарах-2012 стала асаблівай, бо праўладны кандыдат Ігар Пракапенка, былы памочнік Лукашэнкі, напярэдадні выбараў раптам зняў сваю кандыдатуру. У выніку ў акрузе застаўся толькі адзін зарэгістраваны кандыдат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Відавочна, што ўлады мелі іншыя планы і пускаць у парламент «не свайго» не хацелі. Для таго, каб выбары ў акрузе не адбыліся, на ёй можна была намаляваць яўку, меншую за 50%. Але ж улады яўна не хацелі ствараць такі прэцэдэнт, бо ён казаў бы пра частковы байкот выбараў выбарцамі, хай толькі на адной акрузе. Таму ўлады выбралі іншую стратэгію, якая ўдалася дзякуючы зноў-такі фантастычным лічбам.
Паводле афіцыйных вынікаў, на Навабеліцкай акрузе ажно болей за 80% выбарцаў (ці 34200 чалавек), што аддалі свой голас, прагаласавалі «супраць усіх», а непажаданы кандыдат займеў толькі 13,2%.
На пазнейшых паўторных выбарах у акрузе ў парламент трапіў пажаданы ўладамі кандыдат, традыцыйна набраўшы болей за палову галасоў у першым туры.
Спасылкі на аналізаваныя афіцыйныя дадзеныя:
Датэрміновае галасаванне на выбарах-2012 па акругах: сайт ЦВК, дублікат
Як змяналася яўка ў асноўны дзень галасавання па акругах: сайт ЦВК, дублікат
Каментары