У Расіі аштрафавалі расіяніна за пагрозы беларускаму сілавіку праз СМС
Падзеі звязаныя з пратэстамі 2020 года.

У Генпракуратуры Беларусі паведамілі пра завяршэнне справы ў дачыненні да расіяніна, які пагражаў вайскоўцу ўнутраных войскаў Беларусі праз СМС. Падзеі звязаныя з пратэстамі 2020 года.
Генпракуратура РБ сцвярджае, што фігурант, знаходзячыся на тэрыторыі Смаленскай вобласці, адпраўляў беларускаму вайскоўцу СМС-паведамленні «з пагрозай прымянення гвалту» за тое, што ён удзельнічаў у нібыта «спыненні масавых беспарадкаў з боку групы радыкальна настроеных грамадзян у дачыненні да ўлады Рэспублікі».
Асобу і месцазнаходжанне падазраванага ўстанавілі расійскія следчыя па просьбе беларускай пракуратуры. Але экстрадыцыя грамадзяніна Расіі ў Беларусь немагчымая.
Таму Генеральная пракуратура пайшла іншым шляхам. На падставе Канвенцыі дзяржаў — удзельніц СНД аб прававой дапамозе перадала далейшы крымінальны пераслед кампетэнтным органам РФ, паведамілі ў ведамстве.
У выніку расіяніна накіравалі ў суд, дзе яго прызналі вінаватым у пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.
Расіянін атрымаў штраф у 50 тысяч расійскіх рублёў — гэта прыкладна 628 даляраў. Таксама ён мусіць выплаціць сілавіку 100 тысяч рублёў, то бок 1256 даляраў, кампенсацыі маральнай шкоды.
Каментары