Паводле даследавання, апублікаванага ў Current Biology, галава малюсенькае жывёліны, якую называюць буразубкай, можа скарачацца на 20% кожную зіму і аднаўляцца ў памерах яшчэ да надыходу вясны, у той час як для астатніх млекакормячых, у тым ліку чалавека, гэта было б смяротна.
Каб зафіксаваць гэтую з'яву, даследчыкі выкарыстоўвалі пасткі для захопу 12 буразубак (жывёлаў сямейства землярыйкавых) з чэрвеня 2014 года па кастрычнік 2015 года. Пасля абязбольвання жывёлам усталёўвалі мікрачып для наступнага сканавання іх галоў.
Высветлілася, што напачатку зімы землярыйкі змяншалі памер свайго чэрапа ў сярэднім на 15,3% (зафіксаваны максімум — 20%), да вясны гэты паказчык складаў 9,3%. Як гэты працэс працуе, незразумела, але навукоўцы мяркуюць, што тканка ў валокнах, якія злучаюць косткі чэрапа, можа дэградаваць, а затым аднаўляцца.
Некаторыя з асноўных органаў буразубкі, уключна з мазгамі, таксама губляюць масу на працягу зімы. Як кажуць навукоўцы, гэтая ўласцівасць можа дапамагчы жывёлам выжыць у часы недахопу корму.
Каментары