Грамадства3030

Данат Скакун у калоніі здаў іспыты за 9 клас на тры дзявяткі 

Фота onliner.by

Былы гімназіст Данат Скакун, якога асудзілі на 8 гадоў калоніі за замах на жыццё настаўніцы рускай мовы, нарэшце здаў экзамены за 9 клас. Прычым на тры дзявяткі. Гэта адбылося ў Бабруйскай выхаваўчай калоніі, паведамляе «Еўрарадыё».

На гэтым тыдні Данат павінен пайсці ў дзясяты клас у калоніі. Па словах маці хлопца, Аліны Зенкевіч, насустрач пайшоў дырэктар школы пры калоніі. Ён параіў бацькам зноў звяртацца ў Мінадукацыі па дазвол на здачу экзаменаў, і ўсё атрымалася.

«Сын вельмі рады. Ён жа быў залічаны ў дзявяты клас і мог бы яшчэ цэлы год губляць час», — кажа Аліна.

Дапамагала Данату рыхтавацца да экзамену па беларускай мове Святлана Богуш.

«Гэта настаўніца. Яна проста стала з ім перапісвацца і спытала, ці хоча ён, каб яна яму дапамагала. Ён пагадзіўся. Мы не знаёмыя з ёй. Гэта проста неабыякавы чалавек. Мы ёй вельмі ўдзячныя», — працягвае Аліна.

Па словах Святланы Богуш, яе вельмі ўзрушыла гісторыя Даната, таму яна прыдумала наладзіць «навучальнае» ліставанне — каб перапіска мела не толькі маральную падтрымку, але і «практычную карысць»: 

«Я напісала па-беларуску, прапанавала яму адказваць на той мове, на якой яму зручней. І вельмі ўразілася, калі прыйшоў адказ на чыстай беларускай мове. Данат напісаў, што не ўяўляе, як гэта будзе адбывацца, але яму гэта цікава, і ён будзе мне адказваць па-беларуску, бо любіць мову. Я стала адпраўляць яму тэксты дыктантаў з прапушчанымі знакамі прыпынку і літарамі на месцы арфаграм. Спачатку толькі па беларускай мове, а потым і па рускай. Па беларускай мове ў кожным лісце прыкладала нейкую тэарэтычную частку, разбор нейкага правіла і практыкаванне па гэтай тэме. Калі атрымлівала ад яго адказ, правярала заданні і тлумачыла, дзе былі памылкі і чаму трэба пісаць інакш. Памылкі ён дапускаў, але агульны ўзровень ведаў вельмі добры, бачна было, што ён стараўся зрабіць усё правільна. Атрымалася толькі пяць такіх урокаў правесці, таму не ведаю, наколькі яму гэта дапамагло здаць іспыты. Проста ён сам вельмі старанны і разумны», — распавядае ў размове з Еўрарадыё Святлана, яна насамрэч працуе не настаўніцай, а рэдактаркай у газеце і піша вершы для дзяцей.

Справа Даната Скакуна расследавалася каля года. Суд цягнуўся два месяцы. Затым хлопец абскарджваў прысуд у Вярхоўным судзе. Увесь гэты час (амаль паўтара года) ён спрабаваў здаць экзамены за дзявяты клас, бо трагедыя ў гімназіі №74 здарылася акурат напярэдадні іспытаў. Адміністрацыя ў СІЗА на Валадарскага, дзе ўвесь гэты час знаходзіўся Данат, была не супраць пайсці хлопцу насустрач, але справа ўпіралася ў кіраўніцтва гімназіі, якое мусіла арганізаваць здачу экзаменаў у следчым ізалятары. Там упарта адмаўлялі хлопцу: маўляў, «правядзенне выпускных экзаменаў па-за ўстановай адукацыі не прадугледжанае заканадаўствам». Звароты бацькоў у Мінадукацыі і Дэпартамент выканання пакаранняў у той час не давалі плёну.

20 лістапада маці Даната мела чатырохгадзіннае спатканне з Данатам у Бабруйскай калоніі. Кажа, што Данат добра адгукаецца і пра ўмовы ўтрымання, і пра школьных настаўнікаў, і пра хлопцаў, з якімі вучыцца і працуе.

«Але ў яго заўсёды ўсё ў парадку: «Мама, тата, не хвалюйцеся». Кажа, што ежа добрая, адпачываюць яны добра. Але амаль увесь дзень занятыя. У іх альбо ў першую змену школа, у другую — праца, альбо наадварот. Не ведаю, што за праца, у нейкім цэху. Мы ж нават калі сустракаліся, з намі сядзеў чалавек, таму ўсё не распытаеш. Кажа, што гэта не цяжкая праца. Сын пазітыўна настроены».

У калоніі Данат працягвае чытаць кнігі: бярэ іх у бібліятэцы ці абменьваецца з іншымі хлопцамі. Цяпер чытае «Пад купалам» Стывена Кінга. Увечары піша лісты. 

Цяпер на сайце petitions.by збіраюць подпісы ў абарону Даната Скакуна. Абаронцы хлопца патрабуюць стварыць міжведамасную камісію для комплекснай праверкі працы ўсіх датычных да вынясення абвінаваўчага прысуду Данату Скакуну.

«Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе мець значэнне. Што на пытанні, якія засталіся без адказу СК, нехта мусіць адказаць. Мусіць быць канец у гэтага кашмару. Будзем спадзявацца, што петыцыя дасць плён», — кажа Аліна Зенкевіч.

Згодна з афіцыйнай версіяй, 23 траўня 2016 года вучань сталічнай гімназіі №74 Данат Скакун зайшоў у клас рускай мовы і літаратуры і напаў з нажом на настаўніцу рускай мовы Валянціну Губарэвіч. Зброя не была знойдзеная. Вынікі следства многія лічаць непераканаўчымі, а прысуд — несправядлівым.

Каментары30

Цяпер чытаюць

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?6

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Эканаміст Львоўскі назваў самую небяспечную краіну16

У Пружанах са стралянінай затрымлівалі кіроўцу без правоў1

Кацярына Андрэева апублікавала першы допіс пасля вызвалення6

Апытанні перад выбарамі ў Каардынацыйную раду паказваюць, што Латушка захаваў найвышэйшы давер грамадства88

Цячэ вада ў ярок. На бяду, у Лагойску тая вада — каналізацыя

«Прагрэсіўная Балгарыя» ўчыстую перамагла на выбарах. Генерал Радзеў супакойвае: Працягнем еўрапейскі шлях, але крытычна8

Разведка Швецыі: Эканоміка Расіі на мяжы найглыбейшага крызісу. Няясна, ці Пуціну пра гэта кажуць23

Аднаго чалавека на ўездзе ў Беларусь аштрафавалі за адзенне, другога — за абутак

Беларусы Варшавы запісалі праваслаўную літургію на роднай мове

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?6

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць