Спорт2222

Федэрацыя біятлона прывезла на змену Домрачавай і Скардзіна трох расіянак ФОТЫ

Фота: vk.com

Тры маладыя расійскія біятланісткі — Аксана Маскаленка, Кацярына Бех і Анастасія Рассказава — папоўнілі апусцелы склад жаночай зборнай Беларусі, дзе пасля сыходу Дар'і Домрачавай, Надзеі Скардзіна і іншых з'явілася шмат вакантных месцаў.

У Расіі з гэтай нагоды намецілася незадаволенасць. «Савецкі спорт» называе спартсменак перспектыўнымі і здзіўляецца, як кіраўніцтва Саюза біятланістаў іх адпусціла. Усе трое займаюцца ў Іллі Лапухова. Яго бацька — Мікалай Лапухоў — у мінулым годзе быў трэнерам-кансультантам мужчынскай зборнай Беларусі па біятлоне. У траўні гэтага года з'явілася інфармацыя, што Лапухоў-старэйшы можа ўзначаліць беларускіх лыжнікаў. Па звестках «Совспорта», Мікалай Лапухоў датычны да пераезду сына і яго падапечных у Беларусь.

У Расіі адзначаюць, што ніякай афіцыйнай заявы аб звальненні з боку Іллі Лапухова і спартсменак у СБР не было агучана, аднак там у курсе сітуацыі і ўжо абмеркавалі магчымыя меры ў адказ. Спартсменкі цяпер трэніруюцца ў Раўбічах, у іх дастаткова часу, каб атрымаць беларускае грамадзянства да пачатку новага сезона. Правіла двухгадовага каранціну можа закрануць толькі адну біятланістку з трох. Аксана Маскаленка на міжнародным узроўні не выступала, у Кацярыны Бех каранцін заканчваецца ўжо ў гэтым годзе. А вось Рассказава ездзіла на юніёрскі Кубак IBU у мінулым снежні. Калі Расія не пойдзе насустрач, то Анастасія можа застацца без стартаў да канца наступнага года.

«Перамовы аб умовах пераходу яшчэ маюць адбыцца, але ў Маскве відавочна не ў захапленні ад такога павароту і ўтойлівых паводзінаў трэнера і спартсменак. Усё ж такі ў іх падрыхтоўку былі ўкладзеныя немалыя грошы, а наўзамен за такі пераход школа і рэгіён не атрымаюць нічога. Магчыма, будзе прынята нейкае рашэнне, якое прадугледжвае кампенсацыю затрат з боку спартсмена», — адзначае «Савецкі спорт».

У Беларускай федэрацыі біятлону сітуацыю не каментуюць і адказваюць стрымана: маўляў, як толькі будзе прынята рашэнне, яно з'явіцца на афіцыйным сайце. Пры гэтым экс-біятланіст Вадзім Сашурын яшчэ паўтара тыдні таму казаў пра расійскі дэсант у Раўбічах.

Што за спартсменкі да нас прыехалі, якія ў іх вынікі, ці змогуць яны замяніць Домрачаву і Скардзіна або стануць чарговай Ільчанка?

Анастасія Рассказава

Фота: vk.com

Нарадзілася 25 лiпеня 1998 года ў Хабараўску. Майстар спорту, пераможца і прызёр усерасійскіх юніёрскіх спаборніцтваў. На міжнароднай арэне пахваліцца асабліва няма чым. Самае высокае месца на юніёрскіх чэмпіянатах свету — 25-е ў спрынце два гады таму. На этапах юніёрскага Кубка IBU дабіралася да 16-га месца ўсё ў тым жа спрынце. Менавіта гэтую дысцыпліну Анастасія любіць больш за ўсё. Праўда, на дарослым чэмпіянаце Расіі ў гэтым годзе вынік быў значна слабейшы: толькі 55-е месца ў спрынце і 28-е ў гонцы пераследу. Акрамя лыжаў, патэнцыйная беларуска любіць чытанне, вязанне і вышыванне.

Кацярына Бех

Фота: biathlonrus.com

Нарадзілася 19 жніўня 1998 года ў пасёлку Сонечны Хабараўскага края. Майстар спорту, пераможца і прызёр ўсерасійскіх юніёрскіх спаборніцтваў. Зараз знаходзіцца на каранціне і не можа выступаць да 15 снежня гэтага года. Найлепшы вынік за мяжой — 32-е месца на маладзёжным Кубку IBU. Як і Рассказава, любіць спрынт і вязанне.

Аксана Маскаленка

Фота: vk.com

Самая маладая з групы спартсменак. Аксане ўсяго 18 гадоў. Яна нарадзілася 1 студзеня 2000 года ў падмаскоўным Адзінцове. Пакуль яшчэ кандыдат у майстры спорту. З індывідуальных дасягненняў — срэбра чэмпіянату Расіі сярод дзяўчат. У сакавіку гэтага года выйграла эстафету ў складзе каманды Масква-1 на расійскіх міжрэгіянальных спаборніцтвах. Міжнародных стартаў у кар'еры Маскаленка пакуль не было.

Каментары22

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Як жыхары вёскі пад Маладзечнам змагаюцца за чыстую ваду ўжо 15 гадоў

Трамп расказаў, калі сустрэнецца з Пуціным3

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў11

Расія закрые культурныя цэнтры нямецкага Інстытута Гётэ1

Сайман Шустэр: Гэта яна. Зяленскі афіцыйна запусціў аперацыю M&Ms, каб паралізаваць маскоўскія аэрапорты21

Заўтра ў Беларусі магчымы тарнада

Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ36

Букмекеры абнавілі спіс фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры1

У Магілёве адкрылі шыльду губернатару Дэмбавецкаму. Дату смерці яму напісалі на гады ранейшую за спробу ўцячы з Савецкай Расіі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць