Вадзім Кабанчук расказаў, што трэба рабіць, калі Расія ўцягне Беларусь у вайну
Прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук папярэджвае: рызыка поўнамаштабнага ўцягвання Беларусі ў расійска-ўкраінскую вайну паступова расце. Але што рабіць беларусам, як дэмакратычным сілам, так і людзям у Беларусі, калі краіну паспрабуюць уцягнуць у вайну? Ці ёсць шанец паўстання беларускага войска? Пра гэта і не толькі Кабанчук расказаў у размове з тэлеканалам «Белсат».

— Нядаўна вы сказалі, што дэмакратычным сілам неабходна рыхтаваць уласны сілавы кампанент. Для чаго ён патрэбны?
— Цяпер паводле шэрагу прыкмет мы набліжаемся да чарговага «акна магчымасцяў», і ад нас будзе залежаць, ці здолеем мы ім скарыстацца.
На жаль, гэтае акно магчымасцяў, хутчэй за ўсё, адкрыецца падчас рэгіянальнага, а магчыма, нават сусветнага крызісу. Прычым крызісу, выкліканага войнамі. Само па сабе гэта не азначае, што ў нас атрымаецца рэалізаваць тое, што не ўдалося, напрыклад, у 2020 годзе. Усё будзе залежаць ад таго, ці зможам мы хутка, у момант ікс, сфармаваць працаздольны і самадастатковы ўрад.
І вось для гэтага нам ужо цяпер трэба рыхтаваць кіраўнікоў вышэйшага і сярэдняга звяна, якія ў крызісны момант змогуць узяць сітуацыю ў Беларусі пад кантроль. Акрамя таго, вялікай праблемай для дэмакратычных сілаў застаецца стварэнне бяспечнага сілавога кампаненту, які ў крытычны момант можа вырашыць сітуацыю на нашую карысць.
І цяпер, з улікам гістарычнага досведу, мы павінны гэты кампанент пашыраць. Яго аснову заклалі беларускія добраахвотнікі ва Украіне яшчэ ў 2014—2015 гадах, калі там ствараліся першыя добраахвотніцкія падраздзяленні.
Самы дрэнны, але пры гэтым усё больш рэальны варыянт — калі «акно магчымасцяў» адкрыецца ў выніку ўцягвання Беларусі ў баявыя дзеянні. І калі на тэрыторыю Беларусі будзе ўведзеная групоўка расійскіх войскаў, то, на жаль, усё пойдзе паводле эскалацыйнага сцэнара. Тады мы ўжо не зможам аднавіць сваю незалежнасць дыпламатычнымі і палітычнымі інструментамі. Нам спатрэбіцца сілавы фактар.
— Што гэта будзе за інфраструктура? Пра які сілавы кампанент вы гаворыце?
— Я прагназую, што ў нас зноў зʼявіцца шмат ахвотных далучыцца да добраахвотніцкіх падраздзяленняў і менавіта сілавым шляхам унесці свой уклад у лёсавызначальныя падзеі, якія будуць адбывацца ў нашым рэгіёне.
Колькі іх прыйдзе? Я на ўласныя вочы бачыў, як у 2022 годзе тысячы добраахвотнікаў былі гатовыя далучыцца і да Палка Каліноўскага, і да іншых падраздзяленняў.
На жаль, большасць з іх фізічна не змаглі даехаць ва Украіну і трапіць у вайсковыя падраздзяленні, бо ўезд ва Украіну тады быў для беларусаў амаль як сапраўдная спецаперацыя: без адпаведных дамоўленасцяў, ведаў і неабходных дакументаў ён быў фактычна закрыты.
Чаму гэта адбылося тады, у 2022 годзе? А таму, што беларусы ўбачылі тое самае акно магчымасцяў, зразумелі, што ўзнікае сітуацыя, пры якой дзеянні кожнага чалавека могуць непасрэдна паўплываць на хутчэйшыя перамены ў краіне.
Мы бачым, што цяпер паток добраахвотнікаў на бок Украіны фактычна знік. Таму што ў пэўны момант стала зразумела, што прамыя дзеянні, накіраваныя на вызваленне краіны ад дыктатуры, у сярэднетэрміновай перспектыве малаімаверныя.
Цяпер сітуацыя можа змяніцца, і мы зноў убачым чэргі ахвотных. І менавіта да гэтага трэба быць гатовымі. У першую чаргу — Абʼяднанаму пераходнаму кабінету і іншым ініцыятывам беларускай дэмакратычнай супольнасці. Каб мы здолелі аператыўна сабраць свой вайсковы і валанцёрскі корпус, узмацніць палітычныя і грамадскія структуры.
Нагадаю, што ў 2022 годзе мы не былі да гэтага ў поўнай меры гатовыя, бо Полк Каліноўскага — гэта феномен, які ўзнік знізу, без падтрымкі асноўных інстытутаў беларускіх дэмакратычных сілаў.
— А што наконт канкрэтных падраздзяленняў? Напрыклад, роты БПЛА, якая сёння фармуецца?
— Такое падраздзяленне цяпер сапраўды ствараецца. Я не магу гаварыць ні пра тэрміны, ні пра маштабы гэтага падраздзялення — з меркаванняў бяспекі. Але магу крыху растлумачыць, чаму мы зрабілі акцэнт менавіта на БПЛА. Не таму, што гэта цяпер «модна» ці больш-менш бяспечна ў параўнанні з іншымі відамі войскаў, а таму што БПЛА даюць рычаг аператыўнага ўплыву, нават стратэгічнага ўзроўню.
Калі я, напрыклад, параўнаю роту лёгкай пяхоты і роту БПЛА, то рота БПЛА з комплексамі Middle Strike, напрыклад, можа перакрываць лагістычныя напрамкі, знішчаць вельмі значныя сілы праціўніка — сістэмы супрацьпаветранай абароны, штабы — на дзясяткі, а можа, і на сотні кіламетраў, а таксама лагістыку і жывую сілу супраціўніка.
Калі мы разглядаем імавернасць таго, што Беларусь усё ж будзе паўнавартасна ўцягнутая ў ваенны канфлікт, можна смела меркаваць, што ў першую чаргу задачай улады Лукашэнкі на тэрыторыі нашай краіны будзе падтрымка расійскай групоўкі.
У Беларусь заходзіць пэўная колькасць чыгуначных і аўтамабільных шляхоў. І менавіта наша падраздзяленне БПЛА можа ўзяць на сябе задачу кантролю над гэтай лагістыкай. Плюс, пры маштабаванні нашых сілаў у нас зʼявяцца і іншыя магчымасці.
Важна падкрэсліць: мы рыхтуемся і будзем ваяваць толькі супраць Расійскай Федэрацыі. Калі тэрыторыя Беларусі ўжо будзе ўцягнутая ў канфлікт, калі яе туды ўцягнуць, тады нашы магчымасці будуць вельмі патрэбныя ў гэтай сітуацыі. БПЛА — гэта толькі адзін са складнікаў агульнага пазлу.
— Цяпер складана ўявіць, што, напрыклад, Польшча ці Літва дадуць дазвол на фармаванне на сваёй тэрыторыі беларускага ваенізаванага падраздзялення…
— Напэўна, цяпер гэта немагчыма. Аднак усё можа моцна змяніцца, калі ўзнікне ваенны канфлікт, у які будуць уцягнутыя еўрапейскія краіны.
Акрамя таго, сёння можна разглядаць — падкрэслю, толькі разглядаць — магчымасць стварэння паўнавартаснага беларускага добраахвотніцкага фармавання на тэрыторыі Украіны.
Гэты варыянт можа выглядаць больш рэалістычным.
— Ці ёсць у самой Беларусі людзі, з якімі дэмакратычныя сілы маглі б узаемадзейнічаць у выпадку расейскай вайсковай інтэрвенцыі? Напрыклад, у войску, сілавых структурах, дзяржаўных органах. Іншымі словамі, ці засталіся нейкія «ўнутраныя ячэйкі», ці пасля 2020 года ўсё ўжо страчана?
— Нават пры такой «незалежнасці» па-лукашэнкаўску людзі ўсё адно ўсведамляюць, што Беларусь — незалежная краіна і што гэта каштоўнасць.
Я ўпэўнены, што людзей, якія будуць гатовыя выступіць за вызваленне Беларусі ў выпадку расейскай акупацыі — прамой або ўскоснай, — будзе вельмі шмат. Мы будзем супрацоўнічаць з усімі ахвотнымі, а потым мы, беларусы, паміж сабой разбяромся. Для нас галоўнае ў тым, каб Беларусь засталася краінай, куды мы зможам вярнуцца і жыць.
Бо на фоне размоў пра размяшчэнне ядзернай зброі і правядзенне ядзерных вучэнняў у Беларусі планы гэтага варʼятаПуціна, мякка кажучы, не даюць надзеі, што мы зможам выйсці з гэтага канфлікту без цяжкіх наступстваў.
— Уявім сітуацыю, што Расія выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для агрэсіі. Што варта рабіць беларускаму вайскоўцу ў такой сітуацыі?
— Усімі магчымымі сродкамі сабатаваць выкананне злачынных загадаў. Гэта тычыцца і забеспячэння расійскай арміі, і выпадку, калі будзе аддадзены прамы загад, напрыклад, атакаваць тую ці іншую краіну. Трэба ўсімі сродкамі старацца пазбягаць выканання такіх загадаў.
Не ведаю наконт «італьянскага страйку». Але ў вайскоўцаў насамрэч ёсць вельмі шмат спосабаў не выканаць загад. У наш інфармацыйны век дзеянні кожнага будуць зафіксаваныя — што ты рабіў у канкрэтны прамежак часу. А потым, рана ці позна, усё гэта будзе прааналізавана, і будзе вынесены свой юрыдычны вердыкт.
Каб не застацца ў гісторыі краінай-саўдзельніцай агрэсіі, каб не ўляпацца ў гісторыю разам з Лукашэнкам, беларусы павінны зрабіць пэўныя крокі, каб далучыцца да правільнага боку. А правільны бок — гэта Украіна і нашы еўрапейскія партнёры, якія адзіным фронтам будуць супрацьстаяць расійскай агрэсіі.
— Жыхары некалькіх украінскіх абласцей, апынуўшыся пад расійскай акупацыяй, сталі гарматным мясам для расійскай арміі. Ці можа такі ж сцэнар адбыцца ў Беларусі? Ці ў нас усё ж трошкі іншая сітуацыя, на якую мы можам спадзявацца?
— У нас ёсць прыклад Беларусі 1944 года, калі савецкая армія, вярнуўшыся назад, мабілізавала ўсё мужчынскае насельніцтва і пагнала яго на забой. Я ведаю гісторыю сваёй вёскі: тады загінулі сотні людзей. Я не бачу аргументаў, чаму яны не могуць зрабіць гэта яшчэ раз. Імперыя не шкадуе нават уласны народ. Чаму яна павінна думаць пра беларусаў?
Вы слушна заўважылі: яны мабілізавалі амаль усё мужчынскае насельніцтва на Данбасе і ў Крыме. Тое самае з вялікай імавернасцю можа адбыцца і ў Беларусі. Я кажу пра прымусовую мабілізацыю ў той ці іншай форме.
Для пачатку могуць набіраць гарматнае мяса з турмаў. Або з «нядобрасумленных працаўнікоў вёскі», якіх цяпер прымусова пачалі навучаць вайсковай справе. А далей, калі «пракоціць», могуць пачаць забіраць ужо ўсіх без разбору.
— Што цяпер рабіць людзям, якія гіпатэтычна могуць стаць «прызыўнікамі»? Якія дзеянні?
— Цяжка ўявіць, што многім удасца «партызаніць», ухіляючыся ад прызыву. У нас дастаткова невялікая краіна. Таму я б раіў усім, хто абгрунтавана асцерагаецца таго, што яго могуць забраць у войска, пакінуць краіну хаця б на некаторы час.
Так, мы ведаем пра складанасці з атрыманнем візаў. Але яшчэ адкрытыя некалькі краінаў, у якія можна выехаць з Беларусі без візы, у тым ліку і трапіць праз іх у Еўропу. Калі пачнецца крызіс, хутчэй за ўсё, усе межы будуць закрытыя. Магчымасці для выезду ўжо не будзе.
— Але калі чалавека ўсё ж мабілізуюць і прызавуць у войска?
— Тады трэба старацца зрабіць усё, каб не нанесці нікому шкоды. Захаваць сябе і сабатаваць выкананне злачынных загадаў. Кожны павінен думаць і дзейнічаць адпаведна той сітуацыі, у якой апынецца.
— Але наўрад ці гэта ў кагосьці моцна атрымаецца. У Данецкай, Луганскай вобласцях і ў Крыме практычна ўсё мужчынскае насельніцтва пахапалі і пагналі наперад у якасці гарматнага мяса…
— На жаль, я вымушаны з вамі пагадзіцца. У іх сапраўды ёсць страшныя, але пры гэтым эфектыўныя інструменты прымусу чалавека бегчы ў адзін канец.
— Абʼяднаны пераходны кабінет афіцыйна прызнаў удзельнікаў беларускага партызанскага супраціву абаронцамі незалежнасці. Ці існуе цяпер інфраструктура, здольная падтрымаць новы супраціў унутры краіны, калі Беларусь акажацца ўцягнутай у вайну?
— Зыходзячы з нашых сённяшніх магчымасцяў і ўлічваючы той факт, што ў Беларусі ўсталяваны жорсткі паліцэйскі рэжым, я асабіста супраць таго, каб цяпер актывізаваць тых людзей, якія гатовыя да супраціву, да больш радыкальных дзеянняў.
Бо гэта прывядзе толькі да новых ахвяраў і новых пасадак людзей. Калі сітуацыя будзе на зломе, калі трон пад Лукашэнкам пачне хістацца, тады могуць быць розныя сцэнары.
Тады мы зможам актывізаваць нашых прыхільнікаў пераменаў. Іх вельмі шмат. Нават пасля падзеяў апошніх шасці гадоў большасць беларусаў, якія выступалі супраць рэжыму, засталіся ў краіне. І яны не змянілі свайго пункту гледжання.
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары