Расіянін Кірыл Ляхоўскі прыехаў у беларускую сталіцу на еўракубкавы матч пецярбургскага «Зеніта» з мінскім «Дынама», які праходзіў у жніўні. Але паездка скончылася бядой.

Кірыл Ляхоўскі

Кірыл Ляхоўскі

З Санкт-Пецярбурга Ляхоўскі ехаў на машыне. Разам з ім быў яго бацька і знаёмыя мужчыны. Кіравалі ўсе па чарзе.

Прыехалі, паглядзелі матч. «Зеніт» прайграў, але галоўная трагедыя чакала наперадзе.

11 жніўня расіяне вярталіся дадому. Па дарозе з Мінска за стырном быў 22-гадовы Кірыл. Але ён не паспеў выехаць з горада.

Каля трамвайнага прыпынку на перакрыжаванні вуліц Дарашэвіча і Якуба Коласа Ляхоўскі збіў трохгадовага хлопчыка.

Падрабязнасці распавяла «Нашай Ніве» маці хлопчыка Таццяна Навіцкая.

«Мой сын пабег па пешаходным пераходзе на чырвонае святло. І яго зачапіла тая машына. Я падбегла, падхапіла малога на рукі, ён пачаў мне казаць: «Мамачка, выбачай, што я пабег». Мінакі выклікалі хуткую. Неўзабаве з’явіліся і даішнікі. Не ведаю, хто іх выклікаў. Я ў ДАІ не званіла, — узгадвае Таццяна. — У бальніцы сыну паставілі дыягназ: «Адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом лобнай косткі».

Нягледзячы на страшную фармулёўку, на справе ў костцы была трэшчына. Хлопчык паправіўся, у яго застаўся невялікі шнар. Малога выпісалі з бальніцы праз тры дні.

Але такія пашкоджанні кваліфікуюцца як цяжкія цялесныя. Кірыла Ляхоўскага затрымалі ў дзень ДТЗ. З таго дня ён пад вартай, праз тры дні суд пацвердзіў, што пакідае хлопца за кратамі. Сёння ён у СІЗА на Валадарскага.

Бацькі хлопчыка не маюць ніякіх прэтэнзій да кіроўцы. Ляхоўскі быў абсалютна цвярозы. Але яго ўсё роўна будуць судзіць: па законе справа аб цяжкіх цялесных пашкоджаннях — гэта справа публічнага абвіначвання. То бок яе нельга спыніць па жаданні ці просьбе пацярпелага боку. 

«Я сама вінаватая, што не ўтрымала дзіця і яно пабегла на чырвонае святло, — лічыць маці хлопчыка. — Я вельмі хачу, каб таго хлопца-кіроўцу адпусцілі. Яго віны няма. 22 гады яму, навошта маладому хлопцу ламаць жыццё? Я ўжо пісала некалькі хадайніцтваў, але безвынікова».

Тым часам Ляхоўскага пратрымаюць у СІЗА яшчэ некалькі месяцаў. Нядаўна следства пачало новую экспертызу пашкоджанняў пацярпелага хлопчыка. Гэта працягнецца 2 ці 3 месяцы.

«Нам сказалі, што будуць даследаваць, як шнар будзе мяняцца з часам. І нам сказалі, што будзе цягнуцца 4 месяцы, — кажа сястра Ляхоўскага. — Адпускаць Кірыла пад падпіску следчыя чамусьці вельмі не хочуць».

Калі скончацца экспертызы, Кірыла Ляхоўскага чакае суд.

 Сям’я Ляхоўскага не ведае, што рабіць. Яны скардзяцца, што ніякіх дакументаў па справе ім не даюць. У бацькі было 2 спатканні з сынам, больш пакуль не далі.

Па словах сястры Кірыла, бацька кожныя выходныя адмыслова ездзіць у Беларусь, адпраўляць лісты сыну, каб яны хутчэй даходзілі.

Консул дапамагчы таксама нічым не можа. Ляхоўскім адказалі ў консульстве, што не могуць ні на што паўплываць.

Фактычна, Ляхоўскі сядзіць пад вартай нават не таму, што збіў хлопчыка, а проста таму, што ён расіянін. Яго пакідаюць за кратамі, каб не збег у Расію.

Так, адразу узгадваецца сумна вядомы Вячаслаў Карнеявец, які п’яны зладзіў ДТЗ, а пасля збег у Расію. Ён таксама меў расійскае грамадзянства.

Але ж у выпадку з Карнеяўцом наступствы былі больш цяжкімі, таксіст правёў пэўны час у коме. І пацярпелы не казаў — вінаваты я сам, а не Карнеявец. Здавалася б, справы розныя. Але ж з пункту гледжання закона розніца зусім не такая вялікая. 

Следчы Дзмітры Шасцерыкоў вырашыў, што 22-гадовы хлопец, якому не пашанцавала аказацца за стырном, мусіць правесці найбліжэйшыя некалькі месяцаў за кратамі. Прычым следчы можа ў любы момант звярнуцца ў пракуратуру, каб Ляхоўскаму змянілі меру стрымання. Але нават пасля таго, як пацярпелае дзіця выпісалі з бальніцы, у якасці лекаў прызначыўшы гліцын (!), нават пасля таго, як бацькі пацярпелага хлопчыка напісалі 2 хадайніцтвы аб невінаватасці Ляхоўскага, нават пасля гэтага следчы не змяніў меркавання. Ляхоўскі мусіць сядзець у СІЗА, вырашыў Шасцерыкоў. Чаму?

«Сёння існуе парадак, які вызначаны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, у тым ліку ён тычыццца і правядзення судмедэкспертыз. Калі пацярпелае дзіця выпісалі праз пару дзён — гэта добра. Але для такіх спраў і такіх сітуацый правядзенне экспертыз абавязковае для вызначэння ступені цяжкасці пашкоджанняў і далейшай кваліфікацыі дзеянняў абвінавачванага.

Для грамадзян іншых дзяржаў таксама ёсць парадак забеспячэння іх яўкі ў органы крымінальнага пераследу і суд. І ўсе дзеянні ў гэтай справе былі прынятыя з улікам заканадаўства. Мы прадаставілі пракуратуры нашае бачанне, пракуратура нас падтрымала», — распавёў «Нашай Ніве» следчы Дзмітрый Шасцерыкоў.

Атрымліваецца, што Ляхоўскі сапраўды сядзіць за кратамі таму, што ён расіянін. А знаходжанне яго ў СІЗА гарантуе пасля яўку ў суд. Шанцаў, што Ляхоўскі выйдзе да пасяджэння, амаль няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?