Меркаванні33

Аднавокая праўда

Вы скажаце: нікому не дазволена дыскрэдытаваць вэтэранаў! Згодны. Але нікому не дазволена дыскрэдытаваць нікога... Піша ў «Беларускіх навінах» Сяргей Дубавец.

Днямі салідная газэта надрукавала ліст абуранага вэтэрана пра трагедыю Дражна.

Вэтэран даў доўгімі чэргамі па гісторыках, сьвятарах і грамадзкіх актывістах, якія паставілі крыж на месцы гібелі беларускай вёскі ад рук савецкіх партызан. Маўляў, то ня вёска была, а паліцаі, сабакам сабачая сьмерць і г.д. А калі там хто невінаваты загінуў, дык куля не разьбірае, на вайне як на вайне, наша дзела правільнае. Пераможцаў, маўляў, ня судзяць.

Прачытаўшы гэта, я стаў шукаць побач хоць якога камэнтара «Ад рэдакцыі» ці «Меркаваньня гісторыка» ці «На тую ж тэму»… Марна. Адзінокі вэтэран пусьціў сваю доўгую чаргу з амбразуры рэдакцыі не ў паліцаяў і нават не ў апанэнтаў, якія ставяць крыжы, а проста ў аўдыторыю газэты.

Пытаньне Дражна, як мінімум, спрэчнае. Бо яшчэ жывыя сьведкі трагедыі. Дый гісторыкі маюць права на меркаваньне, калі ў іх на руках — факты.

Каноны журналісцкай прафэсіі патрабуюць у такіх выпадках, калі шукаецца гістарычная даставернасьць, даць слова ўсім бакам канфлікту. Нават калі іх пункты гледжаньня ня зблізяцца, дык свае высновы зрабіць чытач — гэта галоўнае. У выпадку,

калі даецца толькі адзін, прычым эмацыйны погляд, тым больш, у дырэктыўным выданьні, газэта ператвараецца ў правакатара,
задача якога — нацкаваць адну групу беларускіх грамадзян на другую групу беларускіх грамадзян з тым, каб першая група другіх — што? паграміла?..

Вы скажаце: нікому не дазволена дыскрэдытаваць вэтэранаў! Згодны.

Але нікому не дазволена дыскрэдытаваць нікога.
Гэта задача крымінальнага разьбіральніцтва па ўчынках, якія заслугоўваюць дыскрэдытацыі. У нашым выпадку размова ідзе пра апанентаў, такіх самых грамадзян, як і вы, а не пра зграю шалёных ваўкоў. Думку апанэнтаў трэба паважаць. Гучаць розныя ацэнкі канкрэтнага эпізоду гісторыі, і калі ў вас хопіць такту, фактаў і таленту пераконваць, прызнаньне чытачоў будзе за вамі, а не за апанэнтамі. Калі ж вы не даяце ім слова, значыць, няма ў вас ані фактаў, ані пераканальніцкага майстэрства. Так? Так.

Разумею, што малюю ружовыя карцінкі, быццам прынцыпы журналісцкай прафэсіі тут нешта значаць. Мы, на жаль, ужо звыкліся, што

афіцыйная прэса РБ прызнае толькі адзін пункт гледжаньня, нават калі ўсім бачна, што ён няслушны, нават калі злачынны.
У нашым выпадку гэта — апраўданьне забойства мірных жыхароў. Тут аднавокія салідныя газэты выступаюць ня проста як акопныя «баявыя лісткі», але як разбуральнікі маралі.

Увогуле людзі падзяляюцца на прыстойных і тых, што наадварот. Усе іншыя падзелы прыдуманыя для таго, каб грамадзкая ацэнка ўчынкаў чалавека не базавалася на прыстойнасьці, а сыходзіла з таго, белы ён ці чорны, свой ці чужы, наш ці «немец». Тады ўжо ня важна, хто што скраў, на каго наехаў і каго забіў.

Калісьці такую ідэалёгію называлі сацыял‑дарвінізмам. Тое, што немцы забівалі ў Трасьцянцы — злачынства бяз тэрміну даўнасьці, а тое, што перад немцамі там тое самае рабілі «нашы» — нармальна.

Між тым, немцы, толькі ўвайшоўшы на тэрыторыю Беларусі, рабілі паказальныя эксгумацыі масавых пахаваньняў — расстрэльных ямінаў НКВД. Ведаеце, навошта? Каб паказаць уласным салдатам, што тут такое рабіць — можна, бо тут самі са сваімі такое робяць, гэта — нармальна.

Два пачаткі прысутнічаюць у чалавеку — жывёльны, інстынктыўны й гуманістычны, культурны. Што адбываецца, калі прыглушаецца гуманістычны пачатак? Падае цана чалавечага жыцьця. Зьяўляюцца людзі, якія «ня людзі». А паколькі пытаньне тут складанае і ў кожным выпадку мае мноства нюансаў, дык кожны, надзелены вялікай ці малой уладай, пачынае сам вызначаць, хто людзі, а хто не. Варта было б усім грамадзтвам прааналізаваць, напрыклад, што адбывалася ў галаве тых міліцыянтаў, якія ўчынілі знакаміты «жывы шчыт». Але ўсе займаліся пагоняй за тым Менцюком, хоць ягоны ўчынак для ўсяго грамадзтва якраз і не сымптаматычны.

Людзі, пазбаўленыя актыўнага ўплыву гуманістыкі, паступова ў душы сваёй здымаюць табу з такога панятку як вайна. У адным сваім радыёпадарожжы мой сябра Зьміцер Бартосік спытаўся ў жанчынкі зь беларускага мястэчка: «А што вы думаеце пра Беларусь? Яна будзе некалі нармальнай краінай? Багатай, дэмакратычнай?» Тая адказала: «Калі будзе вайна, дык тады можа і быць. Павінна быць вайна. Будзе вайна, застануцца самыя лепшыя людзі».

Баюся, аднак, што «самыя лепшыя людзі» ў разуменьні той жанчынкі і вэтэрана з саліднай газэты, — розны.

Сяргей Дубавец, naviny.by

Каментары3

Цяпер чытаюць

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»2

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраіль нанёс удар па Хаменеі са стратасферы. Без папярэдняга ўдару па СПА, як звычайна ў сучасных войнах17

Сенсацыйная знаходка ў Германіі: адшуканы невядомы раней асобнік найрадзейшага «Псалтыра» Францішка Скарыны 1522 года15

З’явілася ВІДЭА тарпеднага ўдару па іранскім фрэгаце Dena. Яго аж узняло над вадою1

Камандзір «Ахмата»: Пасля Ірана гарантавана будзем мы14

Беларускі ПЭН прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»2

З'явілася ВІДЭА знішчэння расійскага дрона на Гомельшчыне

Памёр Алесь Астраўцоў5

Галоўны ідэолаг расказаў, ці будуць у Беларусі забараняць дзецям і падлеткам карыстацца сацсеткамі1

Стала вядома імя беларускага кадэбіста, які курыраваў завербаванага кіраўніка малдаўскай разведкі. І іх хітры спосаб камунікацыі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»2

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць