Усяго патроху

У старую Горадню ў госьці

Горадня – адзіны ў Беларусі горад, які зацята супраціўляецца спробам зрабіць зь яго вялікі аграгарадок, кшталту Менску ці Воршы. Піша Андрэй Павач.

Горадня – адзіны ў Беларусі горад, які зацята супраціўляецца спробам зрабіць зь яго вялікі аграгарадок, кшталту Менску ці Воршы. Піша Андрэй Павач.

Вы, здаецца, сказалі, што хочаце гэтым летам наведаць Горадню. Чаму б і не, жаданьне вельмі добрае, паспрабую прапанаваць колькі сваіх думак тым, хто ўсё ж такі наважыцца такую вандроўку ажыцьцявіць, тым больш што як гарадзенец маю на гэта права.

Ну, пачнём з таго, што галоўную падзею гарадзенскага лета 2006-га вы ўжо прапусьцілі. Фэстываль нацыянальных культураў скончыўся літаральна ў нядзелю. Так што ўбачыць адначасова 40 тысяч гарадзенцаў, якія, добра падвыпіўшы, ноччу штурмавалі Замкавую гару, каб лепш бачыць гучна разрэклямаванае, а насамрэч даволі паскуднае «лазэрнае шоў», вам не давядзецца. Але, як напісаў у сваіх успамінах Васіль Быкаў, Горадня – гэта места, дзе добра людзям, якія мараць не аб мітусьні, а прагнуць жыцьцёвага супакою. Таму на гарадзенцаў глядзець і ня варта, галоўным аб’ектам сваіх назіраньняў зрабеце саму Горадню, бо Горадня, што бачна і ў яе назьве, – сапраўдны горад, магчыма, адзіны ва ўсёй сучаснай Беларусі, які зацята супраціўляецца спробам зрабіць зь яго вялікі аграгарадок кшталту Менску ці Воршы. Супраціўляецца сам, не жыхарамі, якія, трэба прызнаць, мала ведаюць і разумеюць горад, супраціўляецца сваімі вуліцамі, пляніроўкай, касьцёламі і цэрквамі, не даючы рэалізаваць бязглуздыя ідэі занадта актыўных апошнім часам будаўнікоў.

Маю да вас дзьве парады. Па-першае, пастарайцеся папярэдне начытацца аб Горадні і яе помніках, бо ў горадзе ніякага вартага даведніка вы ня купіце. У Інтэрнэце ёсьць пара сайтаў, хоць бы harodnia.com, дзе вы зможаце знайсьці некалькі кніг па гісторыі архітэктуры Горадні, галерэі старых паштовак, а таксама даведаецеся шмат аб сёньняшнім дні гораду, найперш аб яго гэтак званай «рэканструкцыі», каб ня вельмі спужацца, калі выйдзеце на старую Рынкавую, а зараз Савецкую плошчу, бо так, як зараз, яна выглядала хіба што летам 1941 г. пасьля нямецкае бамбёжкі.

Папрацаваўшы з крыніцамі, вы зможаце зрабіць адзін ці некалькі маршрутаў па Горадні, што выгодна розьняцца ад стандартнага: Стары Замак – Новы Замак – Плошча – Каложа.

Напрыклад, паводле таго самага сайту, можна павандраваць сярод гарадзенскіх архітэктурных помнікаў эпохі канструктывізму, якіх ва ўсёй Заходняй Беларусі засталося мала і шмат якія зь іх у Горадні будуць зьнішчаны ўжо гэтым летам.

Або, напрыклад, вандроўка па мясьцінах гораду, зьвязаных зь беларускім нацыянальным рухам, бо Горадня – гэта ня толькі каралеўская сталіца, але і горад Кастуся Каліноўскага, другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі, горад Браніслава Тарашкевіча і Зоські Верас.

Што да музэяў – варта наведаць музэі ў гарадзенскіх замках і дом-музэй М.Багдановіча. Экспазыцыя ў замках старая і даволі занядбаная, як і самі замкі («росквіт і стабільнасьць незалежнай Беларусі» сюды яшчэ не дабраліся і наўрад ці дабяруцца), але экспанаты ўнікальныя. Домік Багдановіча ўтульны, цёплы і вельмі прыгожы, менчукам будзе як параўнаць гэты музэй зь менскім. Дарэчы, на старых гарадзенскіх могілках па вул.Антонава пахавана маці паэта, там жа знайшла вечны супакой і Эліза Ажэшка.

Парада другая – ня едзьце ў Горадню зь якой-небудзь экскурсіяй. Дзьве гадзіны па горадзе на аўтобусе, галопам па музэях – вось усё, што застанецца ў вашай памяці. Твар Горадні (дарэчы, як і Вільні, Кракава і любога старога эўрапейскага гораду) – не касьцёлы і замкі. Гэта найперш вулачкі, закуткі гораду, якія, дарэчы, і зьмяняюцца найменш, бо там ня ставілі помнікаў героям грамадзянскай вайны і не рабілі пляцаў для першамайскіх дэманстрацыяў.

Нельга таксама забывацца і пра гарадзенскія ваколіцы, якія вы літаральна за два дні можаце аб’ехаць маршрутным аўтобусам ці таксоўкай. Праўда, да знакамітага Аўгустоўскага каналу ехаць пакуль ня раджу, бо той, хоць і быў абвешчаны супэртурыстычным аб’ектам, працягвае заставацца ў памежнай зоне зь Літвою, і вы лёгка можаце стаць здабычай беларускіх памежнікаў.

Можаце даехаць да Сьвяцку зь яго паркам і цудоўным палацам XVIII стагодзьдзя, які зачынены пасьля высяленьня адтуль санаторыі.

На поўдзень – гэта найперш мясьціны з жыцьця Элізы Ажэшкі: нёманская Сьвіслач і Багатырэвічы, дзе пісьменьніца стварала свае раманы. А адтуль недалёка і да Воўпы і Гудзевіч. У Воўпе велізарны (самы вялікі ў Беларусі) драўляны касьцёл XVIII ст. з аўтаром, уфундаваным Сапегамі; у Гудзевічах беларускі музэй, без сумневу, самы беларускі з усіх музэяў краіны, дзе вы зможаце ўбачыць рэчы, пра якія Менску толькі марыць. Паміж Воўпай і Гудзевічамі – парэшткі маёнтку Міклашэвічы, радзімага гнязда Ларысы Геніюш.

Гэта так, вельмі каротка і павярхоўна, а калі ўвогуле адным словам – проста «прыяжджайце», пахадзіце па ГОРАДні, пастойце на мурах Старога замку, дакраніцеся да сьцяны Каложы… Адчуйце, што ГОРАДня – гэта ня спальныя раёны Менску і не мэтро, дакажыце ёй, што яна патрэбна ўсім беларусам, і ГОРАДня дапаможа нам, бо гэта адзін з тых нешматлікіх зараз мастоў, што лучаць нас з сапраўднай Эўропай. Прыяжджайце ў Горадню гэтым летам – і зімовым вечарам недзе паміж станцыямі менскага мэтро «Плошча Якуба Коласа» і «Акадэмія навук» вам у галаву прыйдуць словы Зоські Верас: «Чую Горадню, адчуваю павеў маладосьці, а ці не паехаць мне ў гэтую старую Горадню ў госьці?»

Беларускія мясьціны Горадні

Горадня – ня толькі каралеўская сталіца, але і горад Кастуся Каліноўскага, другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі, горад Браніслава Тарашкевіча і Зоські Верас. Знаўцы могуць арганізаваць для вас цікавую вандроўку па мясьцінах, зьвязаных зь беларускім нацыянальным рухам.

Гарадзенскія ваколіцы

Літаральна за два дні вы можаце аб’ехаць гістарычныя і прыродныя каштоўнасьці ваколіцаў Горадні на маршрутным аўтобусе, таксоўцы, ня кажучы пра сваё аўто.

Сьвяцак – зь яго паркам і цудоўным палацам XVIII стагодзьдзя.

Сьвіслач і Багатырэвічы – мясьціны з жыцьця Элізы Ажэшкі, дзе пісьменьніца стварала свае раманы.

Воўпа – самы вялікі ў Беларусі драўляны касьцёл XVIII ст. з аўтаром, уфундаваным Сапегамі.

Гудзевічы – беларускі музэй Алеся Белакоза.

Міклашэвічы – радзімае гняздо Ларысы Геніюш.

Фота Юліі Дарашкевіч

Каментары

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп пажартаваў, што гатовы балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, калі амерыканцы скажуць «Нада!»18

Чаму закрылі праект «Ноч з Чалым»10

Сякеры ад МТЗ, якія загадаў палепшыць Лукашэнка, паступілі ў продаж. Вось колькі яны каштуюць10

Лукашэнка адпомсціў Дуду за адмову фатаграфавацца6

Затрыманы беларус, падазраваны ў спробе падпалу ў Гданьску па замове замежнай выведкі

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой5

У Беларусі заблакавалі Livejournal1

Прыпыніла працу найбуйнейшая на Берасцейшчыне школа замежных моў, яе офіс апячаталі1

Дзім Дзімыч уступіў у «Белую Русь»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

Галоўнае
Усе навіны →