Улада2323

Хто можа стаць наступным прэм’ер-міністрам Беларусі?

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў вузкім коле 25 мая сказаў, што мае намер перад прэзідэнцкімі выбарамі (9 жніўня) змяніць урад.

Пры гэтым ён сказаў, што заўжды так робіць, каб людзі бачылі, з кім далей будзе працаваць кандыдат, калі пераможа. «Мы заўсёды перад рэгістрацыяй кандыдатам дзеючага прэзідэнта абвяшчалі новы склад урада, да выбараў. Гэта было прынцыповае пытанне. Каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць. А не тое, што выбары прайшлі, за цябе прагаласавалі, а ты там сваякоў, родных, любімых панапіхаў у гэты ўрад, а гэта галоўны выканаўчы орган…», — сказаў Лукашэнка.

Насамрэч, гэта няпраўда. Звычайна якраз наадварот: змена ўрада адбываецца ўжо пасля дня галасавання. Напрыклад, у 2010 годзе Міхаіл Мясніковіч стаў прэм’ерам праз 10 дзён пасля галасавання і разгону Плошчы. У 2015-м насамрэч урад не надта змяніўся. Фактычна тады з’явіўся толькі новы міністр гандлю Уладзімір Калтовіч і кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч (абодва працуюць па сёння).

«НН» прапануе агляд магчымых кандыдатаў на гэтае месца. За часы Лукашэнкі прэм’ерамі пабывала ўжо васьмёра чалавек. І ўсе яны былі, як прынята казаць, «моцнымі гаспадарнікамі». Таму варыянты, што ўрад узначаліць Юрый Караеў, Уладзімір Макей ці Валер Вакульчык, былі б вялікай навацыяй.

Натуральна, што ніякай гарантыі таго, што менавіта нехта з нашага спісу стане асобай №2 у краіне, няма. Тым не менш казаць аб пэўных кандыдатах можна.

Сяргей Румас

Фота Надзеі Бужан.

Сказаць можна ўсё, што заўгодна, а потым можна перадумаць. І Румасу не патрэбна будзе шукаць новую працу ў адным з прыватных ці дзяржаўных банкаў. Эмоцыі ж ніхто не адмяняў. Урад Румаса не стаў урадам рэфарматараў — гэта праўда. Але ўсе разумеюць, што эканамічныя, ужо маўчым пра палітычныя, рэформы залежаць ад волі аднаго чалавека. І прэм’ер тут не грае вызначальнай ролі. Мабыць, Румас не так часта, як хацелася б, праяўляў ініцыятыву, але адначасова ў асобе Румаса Беларусь займела вельмі прэзентабельнага кіраўніка ўрада, за якога не было сорамна.

Чытай таксама: Сем фактаў пра Сяргея Румаса

***

Дзмітрый Круты

Фота Надзеі Бужан.

Наўрад ці зараз у абойме Лукашэнкі ёсць больш прыдатны для пасады прэм’ер-міністра кандыдат. Крутому няма яшчэ і 40 гадоў, ён малады і не дурны. Помніце, у атачэнні Лукашэнкі ўжо быў малады эканаміст Кірыла Руды. Дык вось Руды прапаноўваў кардынальныя рэформы і «фінансавую дыету», а Круты наўрад ці будзе гэта рабіць. Літаральна за два няпоўныя гады Круты зрабіў ашаламляльную кар’еру з намесніка міністра эканомікі да першага віцэ-прэм’ера. І менавіта ён быў адказны з беларускага боку за стварэнне «дарожных карт» саюзнай дзяржавы. Пра іх на час пандэміі, вядома, забылі, але ці надоўга.

Глядзі яшчэ: Пяць фактаў пра Дзмітрыя Крутога

***

Аляксандр Турчын

Фота Надзеі Бужан.

Яшчэ адзін кандыдат, на прызначэнне якога можна паспрабаваць паставіць некалькі рублёў у букмекерскіх канторах. Турчын таксама малады, яму 44 гады, для герантакратычнай лукашэнкаўскай сістэмы апошняга дзесяцігоддзя — гэта амаль падлетак. Турчына любяць бізнэсмены, яшчэ за працу ў Радзе па развіцці прадпрымальніцтва. Ён займеў рэпутацыю асцярожнага прыхільніка рыначнай эканомікі. Цяпер Турчын працуе старшынёй Мінскага аблвыканкама, на гэтай пасадзе ён замяняў Анатоля Ісачэнку, які доўга хварэў. Прызначэнне Турчына не здзівіла б нікога.

Глядзі яшчэ: Турчын: У нас няма жадання раскулачваць бізнес

***

Анатоль Сівак

Доўгі час Сівак сабе спакойна жыў на не самай публічнай і значнай пасадзе міністра транспарту, але потым яго перакінулі старшынёй Мінгарвыканкама. Сівак робіць з вясковай стараннасцю і паслухмянасцю. Няма таго, каб ім былі незадаволеныя людзі, як Паўлавым і Шорцам, ці Лукашэнка, як Ладуцькам. Асаблівай палітычнай вагі кіраўнік Мінска не мае, але, можа, гэта нават да лепшага для прэм’ер-міністра. Пра тое, што Лукашэнка давярае Сіваку, можна меркаваць па тым, як часта Сівак з’яўляецца на нарадах кіраўніка краіны, ці суправаджае яго ў паездках.

Чытай таксама: Пяць фактаў пра Анатоля Сівака

***

Наталля Качанава

Фота Надзеі Бужан.

Самая ўплывовая жанчына, разам з Наталляй Эйсмант, у атачэнні Лукашэнкі. Нават пасля таго, як Качанава сышла з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта яна застаецца побач з кіраўніком дзяржавы. Да Качанавай роля спікера Савета рэспублікі была сінекурай для чыноўнікаў пенсійнага ўзросту. Цяперашняя ж кіраўніца верхняй палаты парламента надзвычай актыўная ў сваіх камунікацыях і выконвае шмат даручэнняў Лукашэнкі. Яму былая старшыня Наваполацкага гарвыканкама прыглянулася за тое, што здольная без пярэчанняў брацца за любую справу, якую загадае прэзідэнт. Такое высока цэніцца.

Глядзі яшчэ: Якую ролю ў краіне выконвае Качанава, у чым яе промахі і за што яе палюбіў Лукашэнка?

***

Васіль Мацюшэўскі

Фота svaboda.org.

Пра гэтага былога топ-чыноўніка многія, мабыць, ужо паспелі забыцца. Апошнім часам Мацюшэўскі спакойна сабе ўзначальвае банк «Бел ВЭБ», месца прыстанішча многіх чыноўнікаў вышэйшага звяна. У свой час Мацюшэўскі быў першым віцэ-прэм'ерам, але, як кажуць злыя языкі, працаваць з ім далей не захацеў якраз Румас, таму чыноўніка і саслалі ў банк. Праўда, з абоймы ніхто не выкідаў. Мацюшэўскі модна апранаецца і добра ведае англійскую мову. Напэўна, калі ўсё ж адбудзецца змена Румаса на Мацюшэўскага, то мала хто адчуе розніцу.

Глядзі яшчэ: Топ-менеджар з еўрапейскай адукацыяй: гісторыя жыцця першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага

***

Мікалай Снапкоў

Фота Сяргея Зініна.

Не так даўно з’ехаў паслом у далёкі Кітай (замяніў там ужо згаданага вышэй Кірылу Рудага). Але былі ўжо такія выпадкі, калі ў крэсла прэм’ер-міністра саджалі з дыпламатычнай працы. Гаворка пра Кабякова, які перад тым, як узначаліць урад, быў паслом у Маскве. У лукашэнкаўскай абойме Снапкоў вельмі даўно. Гэта разумны чыноўнік, які мае рэпутацыю асцярожнага ліберала. На пярэдні край Снапкоў не імкнецца высоўвацца. Палітычных заяў не робіць ніколі. Такі сабе ідэальны вінцік гэтай сістэмы.

Чытай яшчэ: Снапкоў расказаў, з якім настроем едзе працаваць паслом у Кітай

***

Андрэй Рыбакоў

Фота з сайта «Белнафтахіма».

Энерганосьбіты і іх пастаўкі ў Беларусь — тая сфера, дзе кар’еру сабе рабілі шматлікія чыноўнікі. Напрыклад, менавіта з гэтай дзялянкі ў крэсла прэм’ер-міністра селі Генадзь Навіцкі і Сяргей Сідорскі. Доўгі час на самым версе паважліва гучала прозвішча Уладзіміра Сямашкі (усё ж праз узрост пасол Беларусі ў Расіі — наўрад ці прэтэндэнт на пасаду кіраўніка ўрада). Цяперашні віцэ-прэм’ер у пытаннях энерганосьбітаў Юрый Назараў прыйшоў на пасаду зусім нядаўна ды і з іншай сферы (лясная гаспадарка). Таму калі кагосьці і паклічуць на павышэнне, то хутчэй кіраўніка «Белнафтахіма» Андрэя Рыбакова.

Таксама чытай: «Гадавалі бабуля і дзед»: што вядома пра віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава і ягоную сям’ю

***

Ігар Петрышэнка

Ігар Петрышэнка (другі справа). Фота Надзеі Бужан.

Мабыць, тут ужо верагоднасць зусім маленькая. Але чамусьці расійскія ананімныя тэлеграм-каналы сватаюць у прэм’ерскае крэсла і гэтага віцэ-прэм’ера ў сацыяльных пытаннях. Петрышэнка — вельмі асцярожны чыноўнік, які не любіць свяціцца і рабіць гучных заяў. У свой час ён прайшоў праз няпростую пасаду пасла Беларусі ў Расіі. Дарэчы, менавіта ён прадстаўляў на афіцыйным узроўні нашу краіну падчас развітання ў Вільні з Кастусём Каліноўскім і іншымі паўстанцамі 1863 года.

Каментары23

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу4

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску з'явілася казачна прыгожая навагодняя лакацыя

Двое зняволеных зачалі дзіця, перадаючы сперму праз вентыляцыйную шахту6

Ва ўзросце 112 гадоў памёр самы стары мужчына ў свеце1

Пачалі судзіць пажарнага, які публічна звольніўся ў 2020 годзе

Украінскія разведчыкі эвакуявалі з вострава Змяіны 15 кацянят ФОТЫ1

Пратэстоўцы ўвайшлі ў Ісламабад, дзе цяпер з візітам Лукашэнка. Пачаліся беспарадкі і страляніна39

Міністр спорту Кавальчук выйграў расійскі-беларускі турнір па більярдзе ФОТАФАКТ2

Яшчэ каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода. Праверце сябе і блізкіх2

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу4

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу

Галоўнае
Усе навіны →