Меркаванні11

Чым заняцца апазіцыі

Піша Ян Максімюк на радыё «Свабода».

Піша Ян Максімюк на радыё «Свабода».

Загаловак майго блогу служыць ўсяго рытарычна‑стылістычным, гэта значыць, чыста эгаістычным, мэтам. Ніхто зь беларускай апазыцыі ня ставіў мне такога пытаньня, а я нікому не абяцаў свайго адказу.

А калі меркаваць па тым, што ў шэрагах апазыцыі ўжо пачалося перайменаваньне партый, вылучэньне прэтэндэнтаў на удзел у прэзыдэнцкай гонцы і падрыхтоўка да арганізацыі трох кангрэсаў сёлета, у тым ліку як мінімум двух праэўрапейскіх, — дык апазыцыі хопіць занятку і без маіх парадаў. Аднак…

Казус Мілінкевіча

…ёсьць пэўныя рэчы ў гэтым парыве пасьлясамітавай актыўнасьці (я маю на ўвазе саміт Усходняга партнэрства ў Празе 7 траўня), якія нягожа пахнуць, каб не сказаць, што яны моцна сьмярдзяць. Перш‑наперш гэта вёдры памыяў, якія выплюхнуў на Аляксандра Мілінкевіча, былога апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты і цяперашняга лідэра Руху за Свабоду, журналіст Міхал Падаляк у сеціве. Ніхто, пэўна, не зьвярнуў бы на гэтую пісаніну асаблівай увагі, калі б зусім нядаўна першы опус Падаляка з сэрыі пра змову Мілінкевіча з Лукашэнкам не перадрукавала «Народная воля».

Тое, што раней можна было палічыць за каламуць кансьпіратыўнай лухталёгіі, раптам сталася прадметам заядлых і працяглых абменаў зьнявагамі паміж прыхільнікамі і апанэнтамі Мілінкевіча на інтэрнэт‑форумах, уключна з сайтам нашага радыё. А імпульс гэтаму дала, перадрукаваўшы «з маральных меркаваньняў» звычайны паклёп, газэта, да якой мы ўсе хацелі б захаваць пашану, якую займелі з часу, калі яе выпіхнулі з друкарняў і афіцыйнага распаўсюду ў Беларусі, і яна перабівалася як магла, трымаючыся на плаву ў паўлегальным статусе.

Навошта «Народнай волі» спатрэбіўся гэты пасквіль? Каб здабыць больш чытачоў? Можна ж гэта рабіць і іншымі мэтадамі. Вось «Наша Ніва», прыкладам, друкуе здымкі харошых цыцкастых дзевак, якія йдуць сабе ў прамоклых строях мокрым бульварам пасьля залевы, або паведамляе пра другаклясьнікаў, якія купляюць аўто бязь ведама бацькоў. Або пра лася на другім паверсе ў Бабруйску. Чытачы, калі і не балдзеюць ад гэтага, дык і не абкідваюць адзін аднаго абразамі. Ну бо каму не парупіць паглядзець спраўную дзеўку ў змочанай, паўпразрыстай і да таго сьціплай апратцы? Парупіць аднолькава і лукашэнкаўцам, і пазьнякоўцам, і нават калякінцам. І ні ў каго такое ня выкліча адмоўных эмоцый.

Рэч вядома ж ня толькі ў журналістах ці, лепш сказаць, ня столькі ў журналістах.

Сымптаматычна іншае. Вось апазыцыйныя палітыкі, чые прозьвішчы мы ўжо колькі гадоў скланяем на ўсе лады ў нашых перадачах і на нашым сайце, маўчаць з гэтай нагоды як мыла зьеўшы, або і напаўпразрыста даюць зразумець, што і яны падазравалі, што Мілінкевіч дамовіўся з рэжымам і хоча ўсіх абвесьці вакол пальца.

А адзін дзядзька з сацыял‑дэмакратаў дык адкрыта абвінаваціў Падаляка ў плягіяце, заяўляючы, што ён сам значна раней выкрыў крывадушніка.

Вось куды зьліваецца беларускі палітычны дыскурс на тле падрыхтоўкі да паходу ў Эўропу — у памыйнае вядро.

Гэта ўсё ад роспачы і ад бездапаможнасьці — сказаў мне адзін рэдакцыйны калега, калі я яму абмовіўся пра тое, як цяжка сёньня стала дыхаць у беларускай апазыцыйнай кампаніі. Напэўна, ён мае рацыю. Але, так бы мовіць, нават калі вакол гразь і нельга прайсьці на другі бок дарогі сухой нагою, дык усё ж джэнтэльмэн павінен заставацца джэнтэльмэнам і не масьціць сабе дарогу целамі бліжніх.

Беларускі дыскурс

Больш‑менш год таму на адну беларускую канфэрэнцыю ў Варшаве я падрыхтаваў па‑ангельску выступ, які потым стаўся тэмай зацятага інтэрнэтнага абмеркаваньня, калі яго пераклад апублікавала«Наша Ніва». Збольшага ішло пра тое, што апазыцыя, калі яна хоча пазьбегчы татальнай маргіналізацыі і дыскрэдытацыі, павінна перагледзець свае мэты. Так бы мовіць, ня біць галавой у сьценку рэжыму — бо дзеля гэтага няма ні сілы, ні народнай падтрымкі — а знайсьці сабе нішу ў дзяржаўнай структуры, створанай рэжымам, дзе можна было б працаваць на карысьць супольнай Беларусі, не гандлюючы сумленьнем. Інакш кажучы, Лукашэнка пабудаваў сякую‑такую дзяржаву і дбае пра яе незалежнасьць, а паколькі гэтай дзяржавы нельга ў яго забраць, дык трэба рабіць так, каб хоць крыху лепш у ёй жылося. Бо гэтага, фактычна, хоча пераважная большасьць маладых беларусаў, які ідуць на зьмену старым.

Як і трэба было спадзявацца, мяне кагалам закідалі шапкамі ў той дыскусіі, назваўшы апалягетам рэжыму і бадай ці ня платным карэспандэнтам прэзыдэнцкай адміністрацыі на радыё «Свабода». А да таго — дылетантам зь Беласточчыны, які Беларусі і на вочы ня бачыў.

Канечне, ні я, ні тым больш мае апанэнты і ўявіць сабе не маглі, што ня пройдзе і два месяцы пасьля тае дыскусіі, а здарыцца расейска‑грузінская вайна і за лічаныя тыдні парадыгма дачыненьняў паміж Эўропай і Беларусьсю перакуліцца дагары нагамі, агаляючы ўсю непрывабнасьць, выбачаюся за выраз, эўрапейскай Realpolitik. Тое, што ў чэрвені летась можна яшчэ было назваць трызьненьнем дылетанта, тры месяцы пазьней ужо легла ў аснову новай эўрапейскай стратэгіі дачыненьняў зь Беларусьсю.

Але я не пра сябе і сваю празорлівасьць.

Уся віна Мілінкевіча перад іншымі апазыцыйнымі палітыкамі і партыямі, як мне падаецца, толькі ў тым, што ён першы сярод іх стаў гаварыць пра тое, што трэба ўсімі сіламі падтрымаць добрую міжнародную каньюнктуру для Беларусі і збліжэньне Лукашэнкі з Эўропай, нават цаною пэўнай міжнароднай легітымізацыі рэжыму.
І што, відаць, значна горшае ў гэтым выпадку, Мілінкевіч зрабіў памкненьне насустрач Эўропе галоўнай палітычнай мэтай свайго Руху за Свабоду, надаючы гэтай бясколернай і невыразнай структуры патэнцыйна жыцьцяздольную і прывабную ідэалёгію. Так сказаць, першы ўхапіў эўрапейскі штандар у новай эўрапейскай сытуацыі і адбегся зь ім колькі крокаў уперад, пакідаючы іншых ззаду.

Гэта палітыка, і так павінен паступаць кожны спрактыкаваны палітык, які хоча змагацца калі не за самую ўладу, дык прынамсі за ўплыў у грамадзтве. Так бы мовіць, лавіць свой шанец, які заўтра можа зьнікнуць. Перайграць іншых — ня значыць здрадзіць іншым. А ў беларускім палітычным дыскурсе, на жаль, усё мяшаецца ў адну кучу. У кучу бруду і гразі. Ад безвыходнасьці і бездапаможнасьці, кажа мой рэдакцыйны калега.

Ніша для апазыцыі

Вось нядаўна намесьнік старшыні партыі БНФ, Віктар Івашкевіч, сказаў журналістам, што «ў любым выпадку эўрапейская інтэграцыя будзе на карысьць беларускаму народу». І ён крыху падняў заслону сакрэтнасьці з аднаго з праэўрапейскіх кангрэсаў, кажучы нешта ў такім сэнсе, што абмяркоўваецца і канцэпцыя, як угаварыць Лукашэнку «стаць дэмакратычным». Нават калі спадар Івашкевіч уклаў у гэтыя апошнія словы дамешку іроніі, дык я спадзяюся, што чытачы зьвярнулі ўвагу на ўжытую ім акалічнасьць «у любым выпадку», што тычыцца эўрапейскай інтэграцыі. Ці такое ў апазыцыйным дыскурсе было магчымае ў чэрвені 2008?

Ісьці да Лукашэнкі прасіцца ва ўладу і неганарова, і неразумна. Ва ўладу можна ісьці тады, калі чалавека робяць за нешта сапраўды адказным, а ня крайнім. А Лукашэнка ўсіх сваіх прыбочных робіць толькі крайнімі.

Але дэклярацыя аб Усходнім партнэрстве робіць месца (нішу) і для апазыцыі, куды яна са спакойным сумленьнем можа пайсьці, калі хоча зрабіць нешта карыснае беларускаму народу.
Я маю на ўвазе чатыры «плятформы супрацоўніцтва» Усходняга партнэрства — «Дэмакратыя і стабільнасьць», «Эканамічная еднасьць і збліжэньне з ЭЗ», «Энэргетычная бясьпека» і «Кантакты паміж людзьмі» — у рамках якіх будзе ісьці дыялёг паміж Эўразьвязам і шасьцю постсавецкімі краінамі, што тычыцца канкрэтных мераў па канвэргенцыі заканадаўства ды эканамічна‑сацыяльных сыстэмаў усіх зацікаўленых.

І гэта столькі? — запытае нехта. Ці варта было ламаць гэтулькі дроў дзеля нейкіх дыскусій пра канвэргенцыі?

Столькі. І было варта. Бо адлегласьць да Эўропы вялікая ня толькі для беларускага рэжыму, але і для яго апанэнтаў. Усім трэба шмат часу, каб туды дабрацца.

Ян Максімюк, Радыё Свабода

Каментары1

Цяпер чытаюць

У чым прычына незадаволенасці жыхароў мікрараёна Лебядзіны ў Мінску? Вось што насамрэч там планавалі будаваць4

У чым прычына незадаволенасці жыхароў мікрараёна Лебядзіны ў Мінску? Вось што насамрэч там планавалі будаваць

Усе навіны →
Усе навіны

У беларускіх крамах вывесілі спіс недружалюбных краін28

Закрылі галоўны корпус БДУ1

Аскепкі збітага расійскага беспілотніка ўпалі на Майдане2

Ціханоўская: У Трампа ёсць рычагі, каб вызваліць беларускіх палітвязняў6

Кандыдата хімічных навук асудзілі па справе Гаюна12

Вяскоўцы злавілі цуда-звера, але ён знік пры дзіўных абставінах12

Расіянку-іпэшніцу, якая пераехала ў Слонім, у Беларусі прызналі дармаедкай5

Бабарыка: Калі б мы перамаглі — вайны ва Украіне не было б70

Бабарыка выбачыўся за свае словы пра Краўцова і сказаў, што яго маглі няправільна зразумець13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У чым прычына незадаволенасці жыхароў мікрараёна Лебядзіны ў Мінску? Вось што насамрэч там планавалі будаваць4

У чым прычына незадаволенасці жыхароў мікрараёна Лебядзіны ў Мінску? Вось што насамрэч там планавалі будаваць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць