Усяго патроху

«Усе пыталіся: што вы туды падмяшалі?» Як мінчанка адкрыла хатнюю пякарню для сабак

Мафіны з індычкай ці маркоўна-тварожным крэмам, гарбузовае печыва, бананавыя сардэчкі… Гучыць апетытна, праўда? Мінчанка Юлія Мальцава паўгады таму адкрыла хатнюю пякарню для сабак — «Morda.dog». Ёй хацелася, каб гаспадары маглі частаваць сваіх любімцаў карыснымі прысмакамі. Асартымент узгадняла Фібі — залацісты рэтрывер. «Наша Ніва» расказвае гісторыю гэтай маленькай пякарні, рэцэпты для якой распрацоўваў шэф-кухар.

«Фібі, табе першай замову прынеслі»

З кулінарыяй Юлія раней не была звязана. Яна выкладчыца фізкультуры ў каледжы, якая ўсё жыццё марыла пра сабака. 

«Мы сям’ёй жылі ў Мазыры разам з бабуляй — яна была супраць сабакі. Пасля я пераехала ў Мінск вучыцца, жыла ў інтэрнаце, дзе таксама не было ўмоў. І як толькі з’явілася кватэра, мы з мужам завялі сабаку», — дзеліцца дзяўчына.

Яе залацістаму рэтрыверу Фібі два гады. 

«Спачатку я хацела лабрадора. Бо ў мяне тэмперамент быў больш халерычны, і лабрадоры такія ж — энергічныя, вясёлыя. А потым вырашыла ўзяць голдэн рэтрывера. Гэта падобныя пароды, але характар розны — рэтрыверы больш спакойныя, могуць пад гаспадара падладзіцца», — тлумачыць Юлія. 

Разам з Фібі яны любяць хадзіць у кавярні. У рэгіёнах чатырохлапаму наведніку, праўда, не часта рады.

«Нядаўна мы былі ў Рагачове, і там у кавярні вядомай сеткі, дзе заўсёды пускаюць з сабакам, сказалі нам выйсці. Затое калі паехалі ў наступную, і сказалі гаспадыні, што Фібі чакае ў машыне, яна прапанавала: «Вядзіце сюды».

У Мінску ўсё больш месцаў становіцца dog-friendly. Можа, гэта мода ці проста з-за таго, што супольнасць сабачнікаў расце, сэрвіс улічвае іх пажаданні.

У кавярнях Фібі прыносяць міскі з вадой. Пару разоў нават было, што ёй ваду падалі раней, чым мне каву. Смяюся: «Фібі, табе першай замову прынеслі».

Большасць наведнікаў устаноў, калі бачаць цябе з сабакам, усміхаюцца — ты падымаеш ім настрой».

«Спытала ў шэф-кухара, ці можа яна распрацаваць рэцэптуру тортаў для сабак»

Выпякаць прысмакі для сабакі пачала Юліна мама. Знайшла ў інтэрнэце пару рэцэптаў і стала раз на месяц перадаваць печыва сямейнай любіміцы. 

«Аднойчы з сяброўкай мы пайшлі ў кавярню разам з Фібі. Узялі сабе круасаны, каву. Фібі галаву паклала на стол — я пару пячэнек ёй дала, і яны скончыліся. Сіжу і думаю: як было б крута, каб я магла ў dog-friendly кавярні купіць не толькі сабе дэсерт, але і сабаку».

Перш чым кулінарыць, дзяўчына звярнулася да ветдыетолага. Абмеркавала з ім спіс забароненых прадуктаў і інгрэдыенты, якія можна спалучаць, каб сабакам было і смачна, і карысна.

«Сабакам нельга шакалад, соль, цукар, перац, спецыі. Хацелася максімальна выключыць хімічныя дабаўкі, якія працягваюць тэрмін прыдатнасці печыва. У нас такая палітыка — мы гатуем пад заказ, каб заўсёды было свежае. Торты я пяку дзень у дзень, нават калі замаўляюць на раніцу. 

Арэхі сабакам нельга. Але можна арахіс, бо гэта бабовыя. 

На ютубе ёсць рэцэпты печыва, дзе дадаюць часнык для водара. Але яго катэгарычна нельга сабакам — ні ў сырым, ні ў сухім выглядзе».

Далей — пошук рэцэптаў. Дзякуючы маме, ужо былі тры правераныя: пячоначнае і гарбузовае печыва, а таксама сушанае ялавічнае лёгкае.

«Я даўно была падпісана на мінскага шэф-кухара Таццяну Назарук, у яе ёсць зручны кулінарны блог. І калі вырашыла гатаваць печыва, першай думкай было звярнуцца да яе. Спытала, ці можа яна дапамагчы распрацаваць рэцэптуру тортаў для сабак. Чаму б і не?

Таццяна прапанавала тры смакі тортаў і два віды печыва. Мы з ранку да позняга вечара спрабавалі гэта зрабіць. Не ўсё ў мяне з першага разу атрымлівалася. У мяне ёсць таймер у выглядзе курачкі з «Аліэкспрэса»: ён адлічвае толькі больш за 10 хвілін і тады звініць, а калі менш, то не. Я не адразу пра гэта ведала. Дапякаеш штосьці пяць хвілін на іншым рэжыме, таймер не звініць, і пасля дастаюцца вугалькі», — смяецца Юлія.

Рэтрывер Фібі ўсёедная. Таму на тэст печыва развозілі сабакам-капрызам. 

«Калі ўжо пайшлі водгукі: «Што вы туды падмяшалі?» — зразумела, што ўсё раблю правільна». 

«Хіт продажаў — пячоначнае печыва»

Сваю справу Юлія адкрыла паўгады таму. Выпякае з мамай дома на кухні і развозіць па замовах. Усяго ў асартыменце тры віды тортаў і пяць відаў печыва. 

Хіт продажаў — пячоначнае. Ажыятаж таксама на бананавыя сардэчкі і яблычна-маркоўныя зорачкі — у іх складзе арахісавая паста. Пасту Юлія гатуе сама: абсмажвае арахіс і перамолвае ў блэндары.

«У Фібі два асноўныя прыходы на кухню: калі я арахісавую пасту раблю і калі разбіваю яйка. Я не ведаю, як яна гэта чуе, але пастаянна прыбягае. Напрыклад, у рэцэпт патрэбна 90 грам яйка, два вялікіх яйкі — гэта 100 грам. Частка застаецца ў шкарлупіне, і Фібі выпрошвае: маўляў, не выкідай, я з’ем».

Прысмакі для сабак у краме Юлія цяпер купляе вельмі рэдка: Фібі — фанат хатняга печыва. Адзінае — пакінулі ў рацыёне косткі для ачысткі зубоў.

Калі вам самому захочацца хатніх мафінаў з сабачай пякарні, можаце смела есці.

«Многія, хто перайшоў на карыснае харчаванне, не дадае соль і цукар у стравы, каштавалі і ім падабалася. Пара неяк куплялі печыва і спытала, з чаго яно. Пачынаю пералічваць: аўсянка, банан… І малады чалавек: «О, дык гэта ж мой сняданак! Давай купім у два разы больш, я буду есці разам з нашым сабакам».

Дарэчы, пра супрацоўніцтва з кавярнямі. Наладзіць яго няпроста: шмат юрыдычных складанасцяў. Але першы крок удаўся — летам смачныя пячэнькі-косткі па Юліных рэцэптах прадавала кавярня «Michel». 

Мінчанка заўважае: гэта не бізнэс, а справа для душы. 

«Так цікава: калі ты доўга хацеў сабаку, падыходзіў да ўсіх на вуліцы з просьбай пагладзіць, а тут у месяц дастаўляеш 30 замоў і гладзіш 30 сабак. Вось дзеля чаго гэта ўсё было прыдумана!» — жартуе дзяўчына.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі15

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі

Усе навіны →
Усе навіны

Адмін беларускай Вікіпедыі: Давайце спынім пісаць пра бяздарнасцяў толькі таму, што яны беларусы або эмігранты50

Расія ўдарыла па некалькіх абласных цэнтрах Украіны

«Дурная выдумка». Макрон падаў у суд на жанчыну, якая назвала яго жонку мужчынам

На Брэстчыне зноў шукаюць магчымасці пазбавіць прыгажэнны помнік ахоўнага статусу. Загад паступіў зверху4

Цела загінулага матацыкліста два дні ляжала на ўзбочыне, бо паліцыі Польшчы і Літвы не змаглі дамовіцца паміж сабой7

Стала вядома, пра што сёння гаварылі ўкраінцы і расіяне ў Стамбуле1

Аператараў дронаў будуць узмацняць баявым экзашкілетам

Расія і Украіна завяршылі перамовы ў Стамбуле. Яны ішлі каля 40 хвілін2

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі15

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць