Крыніцы: заходнія банкі закрылі рахункі ў валюце Беларусбанка, Белаграпрамбанка і Белінвестбанка. Гэта катастрофа?
Як стала вядома «Нашай Ніве», на мінулым тыдні асноўны банк-карэспандэнт беларускіх дзяржаўных банкаў, «ДойчэБанк», закрыў карэспандэнцкія рахункі ў еўра. Паводле паведамленняў крыніц, аналагічным чынам павялі сябе іншыя замежныя банкі. Раней Белінвестбанк, Беларусбанк і Белаграпрамбанк трапілі пад еўрапейскія санкцыі.
У адкрытых крыніцах можна ўбачыць сітуацыю, напрыклад, у Белаграпрамбанку.
Выглядае яна бязрадасна: магчымасць валютных транзакцый застаецца толькі праз дробныя беларускія банкі, а таксама расійскі ТКБ Банк, які паводле мясцовага «Форбс» займае 87 месца ў рэйтынгу надзейнасці расійскіх банкаў.
А вось, напрыклад, як сітуацыя выглядала пару гадоў таму, паводле кэшу той жа вэб-старонкі.
Валютныя аперацыі можна было рабіць праз цэлы шэраг еўрапейскіх карэспандэнтаў, ад італьянскіх і польскіх да амерыканскіх.
З расійскіх партнёраў у спісе былі буйныя «Сбер», «Россельгасбанк», ВТБ і «Росбанк». Цяпер у спісе карэспандэнтаў іх таксама няма.
Па нашай інфармацыі, аналагічная сітуацыя склалася ў Беларусбанку і Белінвестбанку. У Беларусбанку пераводы ў еўра яшчэ магчымыя праз еўрапейскую дочку ВТБ Банка.
Эканаміст: наступствы — страта даходаў
Што гэта азначае? Як тлумачыць «Нашай Ніве» эканаміст Дзмітрый Крук, у сучасным свеце банк без карэспандэнцкіх рахункаў у далярах і еўра ў любым з банкаў ЗША і Еўразоны лічыцца непаўнавартасным, і гэта цягне наступствы.
«Праз карэспандэнцкія рахункі банка ідзе рух сродкаў кліентаў: плацяжы юрасобаў па экспартна-імпартных і фінансавых кантрактах, а таксама шматлікія плацяжы фізасобаў (але гэта не тычыцца адразу ж рознічных плацяжоў праз картачныя сістэмы).
Банк, які не ў стане задаволіць гэтыя, амаль штодзённыя, патрэбы кліентаў, аўтаматычна страчвае адпаведныя камісійныя даходы ад арганізацыі міжнародных разлікаў.
У пераважнай большасці выпадкаў адпаведныя камісійныя даходы складаюць не вельмі значную частку ад агульных даходаў банка. Але калі нават іх доля складае да 5% ад агульных, гэта ўсё роўна адчувальна.
Такія даходы «лёгкія», бо банкі ў такіх выпадках амаль не бяруць на сябе рызыку (параўнайце з даходамі ад дэпазітаў). Гэта аўтаматычнае і відавочнае наступства, але далёка не самае важнае.
Ад такіх банкаў-«імпатэнтаў» кліенты па логіцы павінны сыходзіць да канкурэнтаў (калі свабодныя ў выбары, дзяржаўныя арганізацыі, напрыклад, не могуць), бо разлікі праз такія банкі стануць даражэйшымі і больш маруднымі, з дадатковымі рызыкамі.
Нарэшце, сёння многія прызнаюць, што сфера плацяжоў стала стратэгічнай для развіцця банкаўскага бізнэсу.
Праз яе збіраецца big data (велізарны аб'ём разнастайных звестак — заўв. «Нашай Нівы»), ён дазваляе ствараць новыя прадуктовыя лінейкі. У гэтым сэнсе, актыўны ўдзел у разліках — важны падмурак фінансавых інавацый. Банк, які не можа іх праводзіць, будзе жыць ва ўчорашнім дні, думаць не аб развіцці, а аб выжыванні», — кажа Крук.
Бізнэсмен: прадпрымальнікі будуць уцякаць з гэтых банкаў
Адзін з апытаных намі бізнэсменаў сказаў, што тэхнічна рух валюты магчымы праз «маленькія аэрадромы» ў выглядзе дробных беларускіх і маргінальных расійскіх банкаў, але гэта ўсё вельмі абцяжарвае выкананне існых кантрактаў і ставіць пад пагрозу новыя: маўляў, прадпрымальнікі з гэтых банкаў будуць уцякаць.
«Раней прамаруджванне плацяжу на тры дні лічылася скандалам, цяпер ужо два тыдні — гэта як бы норма, бо грошы абыходзяць палову свету, каб дайсці куды трэба.
Еўрапейскія партнёры вельмі часта не адгружаюць тавар, пакуль не ўбачаць грошы, у выніку ты губляеш кантракты ці моцна выбіваешся з дамоўленасцяў.
Думаю, прыватны сектар, калі цалкам зразумее, што гэта не часовая праблема, будзе пераходзіць у іншыя банкі або шукаць магчымасці весці разлікі праз банкі ў суседніх краінах», — сказаў наш суразмоўца.
Каментары