Грамадства

«Сёння ў дворыку знайшлі буслінае пяро». Што пішуць нашаніўцы з-за кратаў

Больш за два месяцы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко знаходзяцца пад вартай. Ліставанне з імі — не толькі падтрымка палітвязняў, але і інтэлектуальнае задавальненне.

Андрэй і Ягор шчодра дзеляцца ў сваіх лістах успамінамі, назіраннямі, меркаваннямі, выказваюцца наконт цяперашніх навін і згадваюць мінулае. 

У лісце калезе Ягор Марціновіч, напрыклад, згадаў пра стромныя прапановы працы.

«Гэта мегасмешна, але першае, куды мяне запрашалі, — зашкварны сайт Імперыя.Бай (ці не Бай, не памятаю).

Я ўжо не памятаю, якога майго знаёмага папрасілі рэкрутаваць студэнтаў, але стаяла задача напаўняць сайт. Канешне, ад гэтай убогай антыбеларушчыны я адмовіўся адразу. Нават не пытаўся пра ўмовы працы. Гэта недзе на першым курсе было, відаць. Усё смяюся, што жыццё магло развярнуцца адваротна, супрацьлеглым чынам. Але не магло, канешне:)».

У Ягора 3 верасня — дзень народзінаў. І ён успамінае свае перажыванні з дзяцінства на гэты конт.

«З канцом лета ў мяне заўсёды была дылема. Глядзі, лета — крута. І дзень нараджэння — крута. Падарункі і ўсё такое. Але каб прыйшоў дзень нараджэння, павінен пачацца навучальны год. І вось выбар, што лепш: чакаць дзень нараджэння ці халера з ім, хай будзе лета?) Карацей, я выбіраў лета) Бо дзень нараджэння — гэта адзін дзень, а мучыцца пасля да канца мая!»

Ягор піша, што некалькі гадоў запар удавалася сустракаць дзень нараджэння ў экзатычных краінах — Іран, Албанія, востраў Мэн, Македонія.

«Толькі ў мінулым годзе было не да таго. Ну і ў гэтым:)»

Уяўляе нібы плыве на караблі XVII стагоддзя некуды з Англіі ў амерыканскія калоніі

Паўліна Скурко распавядае, што Андрэй вельмі добра трымаецца.

«Я ім ганаруся і захапляюся яго аптымізмам, вытрымкай, пачуццём гумару.

У камеры ён заўгас — сочыць, каб не псаваліся прадукты (частку прадуктаў — гародніну, садавіну, мяса — вязні выкладаюць на агульны стол). Я смяюся, што ён знайшоў прымяненне сваёй гаспадарлівасці нават за кратамі.

У кожным лісце Андрэй дасылае сыночку Тамашу, якому паўтара года, новы вершык, які прыдумляе ў камеры.

Паўліна неяк напісала Андрэю, што малы часта просіць мульцік пра трактар або відэа «Як размаўляюць жывёлы» — і прыходзіцца ісці на ўсякія хітрыкі, каб не даваць яму тэлефон.

І вось у Андрэя нарадзіўся такі вершык:

Мы не будзем есці суп,

Будзем лепш глядзець ютуб.

Тэлефон у мамы —

Ён чароўны самы!

Ціснем на іконку —

Што там за старонка?

Лопалка з шарамі,

Мульцік з трактарамі,

З камерай праграма

Ёсць для інстаграма.

Трэба сфоткаць і змясціць,

Як прыгожа мама спіць!

«Малы пастаянна пытаецца пра тату: калі прачынаецца ранкам, калі бачыць машыну, падобную да нашай. Нядаўна я ездзіла адвозіць перадачу і вярнулася з горада на таксі.

Малы пабачыў мяне: «Мама! мама!» — а пасля бачыць, што за мной машына і: «Тата! Тата!» Не, кажу, гэта яшчэ не тата, але ён скора прыедзе і таксама на машыне.

Канечне, ад гэтага рвецца сэрца. У той жа час я рада, што сынок не забывае бацьку. Горш было б, каб ён пра тату не ўспамінаў. Гэта было б несправядліва. А так няхай знае, што гэта злыя дзядзі яго пакуль што трымаюць у замку, а сам татачка наш проста цудоўны і вельмі хоча з намі хутчэй убачыцца».

У лістах Андрэй піша, што ўяўляе нібы плыве на караблі XVII стагоддзя некуды з Англіі ў амерыканскія калоніі.

«Я падтрымала гэту гульню, — распавядае Паўліна. — Пішу, што кожны дзень выходжу на бераг выглядаць ягоны карабель:) Гэты карабель — багаты вобраз: тут і замкнёнасць, і калектыў, ад якога ты нікуды не падзенешся і з якім мусіш знаходзіць супольную мову, і бяскрайняе мора як неабмежаваны час яго зняволення — і ўсё ж некалі карабель прычаліць, а зняволенне скончыцца».

У апошнім лісце Андрэй дадае: «Карабель гэты часам, у добрым сэнсе, пірацкі:) Не Стывенсан тут, хутчэй, а Сабаціні. (Гэта аўтар кніг пра высакароднага пірата Капітана Блада — заўв. «НН»). 

«На прагулцы трапіўся дворык пад самай вежай Валадарскага замка — можна было разгледзець яе як след. Цікава, што там ёсць нішы, нібыта як для статуй — такія бываюць на касцёлах ці на Мастацкім музеі. Быў бы фотаапарат — быў бы рэдкі кадр. А сёння ў дворыку знайшлі буслінае пяро: відаць, буслы ляцелі ў вырай і скінулі:)»

З сумнага: Андрэй піша, што спорт адсутнічае, бо папросту няма дзе займацца. У камеры 12-15 чалавек. Прагулкі бываюць то ў малым дворыку (там можна толькі стаяць і размаўляць, не паразмінаешся), то ў вялікім — тады гэта шчасце і можна пагуляць у даганялкі, напрыклад.

Андрэй запісаўся на вакцынацыю ад кавіду. Яшчэ ў яго пачаліся праблемы з зубам — цяпер яны на стадыі вырашэння, на Валадарцы ёсць стаматолаг.

***

Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко вінавацяць у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон у 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася. 

Калі ласка, пішыце нашаніўцам:

СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, 220030, г. Мінск

Скурко Андрэю Генадзевічу

Марціновічу Ягору Аляксандравічу 

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«На выбарах прэзідэнта я б галасаваў за Латушку». Гутарка з патэнцыйным спікерам КР Арцёмам Бруханам — пра смерць маці, татуіроўкі і Мельнікаву4

«На выбарах прэзідэнта я б галасаваў за Латушку». Гутарка з патэнцыйным спікерам КР Арцёмам Бруханам — пра смерць маці, татуіроўкі і Мельнікаву

Усе навіны →
Усе навіны

Крэмль запатрабаваў для пачатку 30-дзённага перамір'я спыніць пастаўкі зброі Украіне5

У мінскім гарадскім аўтобусе пандус саржавеў і адламаўся проста падчас рэйсу ВІДЭА2

Упаў на Зямлю савецкі касмічны апарат, які перад тым 53 гады кружляў вакол яе

МАРГ разабралася, чаму ў крамах не стала бульбы9

Меркаваная дачка Лукашэнкі Крысціна Моцная апублікавала сваё сэлфі на трыбуне падчас парада20

Трамп: Індыя і Пакістан дамовіліся аб поўным спыненні агню

Пасля сустрэчы «Кааліцыі ахвотных» у Кіеве еўрапейскія лідары сазваніліся з Трампам2

«Карацей, псеўдаветэраны». «Войска НКВД». Тыкток паставіў дыягназ парадам25

Аўтар расійскага «Коммерсанта» выбачыўся перад Лукашэнкам за тое, як апісаў ягоны прыезд на парад17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На выбарах прэзідэнта я б галасаваў за Латушку». Гутарка з патэнцыйным спікерам КР Арцёмам Бруханам — пра смерць маці, татуіроўкі і Мельнікаву4

«На выбарах прэзідэнта я б галасаваў за Латушку». Гутарка з патэнцыйным спікерам КР Арцёмам Бруханам — пра смерць маці, татуіроўкі і Мельнікаву

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць