Прафесар БДУ запісала зварот у абарону звольненага калегі, заклікае адмаўляцца ад працы на месцы звольненых
Наталля Абрашына-Жадаева выступіла ў абарону навукоўца і выкладчыка Максіма Шундалава.

Прафесарка кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ, доктарка фізіка-матэматычных навук Наталля Абрашына-Жадаева запісала зварот у абарону свайго звольненага калегі Максіма Шундалава.
«Мы жылі тут і будзем жыць. І хочам, каб была змяняльнасць улады, а не перапісванне Канстытуцыі па жаданні «аднаго». Колькі нашых грамадзян уцякло з краіны, колькі сягоння звальняюць, каб дагадзіць «аднаму».
Сёння вы прамаўчалі, а заўтра з вамі гэтак жа разлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць ці прыслугоўваць. Як кажуць: служыць Богу ці прыслугоўваць Юду!» — кажа прафесар Абрашына-Жадаева.
Яна заклікае ўсіх падтрымліваць звольненых і адмаўляцца займаць іх працоўныя месцы.
71-гадовая Наталля Абрашына-Жадаева працуе ў навуцы з 1972 года. Яна ветэран працы, сёлета спаўняецца 50 гадоў яе працоўнага стажу.
Сваю доктарскую дысертацыю «Шматкампанентныя вектарныя схемы расшчаплення ў метадах матэматычнай фізікі» яна абараніла ў Расіі. 17 гадоў (2003—2020) загадвала кафедрай вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі Белдзяржуніверсітэта.
Чытайце таксама: «Не хачу перагортваць старонку, проста каб пракарміцца». Максімальна шчырае інтэрв’ю звольненага рэаніматолага Мартава
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», усяго ў краіне ў спісах на звальненне па палітычных матывах — каля 40 тысяч чалавек.
На гэты момант у розных галінах прамысловасці, у сферы транспарту, установах культуры і адукацыі звальняюць людзей, якія ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Законы краіны забараняюць пераслед па палітычных прыкметах, таму з часам звольненыя, імаверна, змогуць разлічваць на кампенсацыю ад дзяржавы.
Чытайце таксама: «Запомніла яго як анёла-ахоўніка». Гісторыі дзетак, якіх выратаваў доктар Вітушка. Цяпер яго звальняюць з РНПЦ «Маці і дзіця»
Сярод звольненых па палітычных матывах — зоркі медыцыны Андрэй Вітушка, Уладзімір Мартаў, галоўны доктар 3-й дзіцячай бальніцы Максім Ачарэтні, які адмовіўся звальняць медыкаў за палітыку, кіраўнікі Тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі і Тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў, дырэктарка музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, якая таксама адмовілася звальняць сваіх супрацоўнікаў. Таксама вядома пра звальненне прафесара славянскай філалогіі БДУ Алы Кожынавай.
У асобных структурах Беларускай чыгункі ўтварыліся кадравыя пусткі. Так, «Наша Ніва» заўважыла на вэб-старонцы Брэсцкага аддзялення чыгункі прабелы замест людзей на пасадах першага намесніка начальніка аддзялення і яшчэ трох намеснікаў начальніка.
«Знікненне» звязваюць з тым, што яны адмовіліся звальняць супрацоўнікаў па палітычных матывах пасля таго, як на прадпрыемства пад грыфам «для службовага карыстання» даслалі спісы людзей на звальненне.
Чытайце таксама: «Ніхто не казаў, што назад нельга браць». Кіраўнікі расказваюць, як выкручваюцца падчас звальненняў за палітыку
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары