Свет

«Цвёрда вырашыў, што застаюся ў Кіеве, бо закаханы ў гэты горад і ў атмасферу свабоды». Як мінскі менеджар пайшоў у тэрытарыяльную абарону

Аляксандру 32 гады. У Мінску ён працаваў менеджарам. Пасля сутак на Акрэсціна з’ехаў у Кіеў, дзе яго і заспела вайна. Мужчына вырашыў пайсці добраахвотнікам у тэрытарыяльную абарону. Там ён дапамагае вылічваць расійскіх дыверсантаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

«Пакуль быў на бальнічным, выехаў з краіны абыходнымі шляхамі»

«З’ехаў я з Беларусі, таму што на мяне збіраліся завесці крымінальную справу. Мяне затрымалі на маршы ў лістападзе 2020 года. Тады я атрымаў 12 сутак, быў на Акрэсціна і ў Жодзіна. Далі пастанову, што я з'яўляюся падазраваным па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Узялі падпіску аб нявыездзе, з сутак выпусцілі. Пасля я быў на бальнічным, хварэў на кавід. За гэты час і выехаў з краіны абыходнымі шляхамі. У тэрміновым парадку прадаў долю ў фірме, здаў у арэнду сваю кватэру», — кажа Аляксандр. 

У Кіеве ён уладкаваўся на працу кіраўніком аддзела ў івэнт-агенцтва. Яшчэ ў Мінску пачаў рассылаць рэзюмэ па ўкраінскіх кампаніях. 

«Было вельмі шмат водгукаў, слоў падтрымкі ад украінцаў. Так што я выязджаў з Мінска ўжо з нейкім разуменнем аб далейшай будучыні. Ехаў адзін, у Беларусі засталіся маці і сястра. Усю сітуацыю з пераездам я ўспрыняў нармальна, нават пазітыўна. У Кіеве шмат сяброў, якія дапамагалі адаптавацца і не адчуваць сябе самотным», — дзеліцца ён. 

«Сядзець на адным месцы роўна, пры тым што я здаровы мужчына, не маю маральнага права»

24 лютага а пятай гадзіне раніцы мужчына прачнуўся ад выбуху. 

«Адразу не зразумеў, што гэта. Думаў, што сон. А ці могуць сніцца гукі? — успамінае ён. — Паведамленне ў працоўным чаце ад дырэктара ўсё расставіла на свае месцы. І пасля адразу ж паляцелі мільгаць стужкі навін. Першыя гадзіны ўсведамлення прайшлі ў мяне без панікі. Быў халодны разлік: медыкаменты, наяўныя грошы, рэчы першай неабходнасці і ежа. У Кіеве мы здымаем трохпакаёвую кватэру на левым беразе. Мае суседзі — хлопец з Беларусі і дзяўчына, якая прыехала з-пад Палтавы. Мы адразу сталі камандай, дзе былі размеркаваныя задачы па падрыхтоўцы». 

Фота: AP

Аляксандр разам са знаёмымі сабраў усё неабходнае, заклеіў вокны і праманіторыў бліжэйшыя бамбасховішчы.

«Потым мой сусед паехаў за мяжу, суседка да бацькоў у Палтаву, а я да сяброў пад Кіеў. Яны там жылі ў доме. Там мы пазнаёміліся з мясцовай тэрытарыяльнай абаронай. Нас дадалі ў спісы, каб перадаць у штаб, што мы будзем разам з гэтай групай на ахове вёскі.

Сядзець на адным месцы роўна, пры тым што я здаровы мужчына, я не маю маральнага права. Я хачу быць максімальна эфектыўным.

Думкі з'язджаць з Украіны нават не было. Я цвёрда вырашыў, што застаюся ў Кіеве, бо закаханы ў гэты горад, краіну, людзей і ў атмасферу свабоды. Яе я адчуваў штохвілінна пасля таго, як пераехаў з Мінска. Канечне, шмат нашых сяброў адразу з'ехалі ў заходнюю Украіну, таму што яны ўжо абзавяліся сем'ямі і ім было неабходна гарантаваць бяспеку сваіх дзяцей. Я іх разумею».

«Рускія расстаўлялі пазнакі, рабілі тайнікі, якія мы знаходзілі»

У тэрытарыяльнай абароне Аляксандр патрулюе ўчасткі і інфармуе штаб аб праязджаючых машынах і падазроных рэчах, якія адбываюцца. Гэта займае некалькі гадзін на дзень.

«Патрулюем і днём, і ноччу, — кажа ён. — У астатні час гатую ежу. Сек яшчэ бабулі дровы. Яна побач жыла, пазнаёміліся, разгаварыліся. Бабуля адразу запрасіла паесці, а я вырашыў ёй дапамагчы. Потым яна сама клікала секчы дровы, але падманвала. Дровы ў яе ўжо былі нарыхтаваныя, запрашала так, каб мы паелі. Так і пасябравалі».

З пачатку вайны Аляксандр вылічыў не адну пазіцыю дыверсійна-разведвальных груп ворага. У іх раёне такіх было шмат. 

Фота: AP

«Рускія расстаўлялі пазнакі, рабілі тайнікі, якія мы знаходзілі. Пастаянна былі чутныя нашы стрэлы па пазіцыях саперніка, аўтаматныя чэргі і сігнальныя ракеты ворага. Непадалёк ад нашай вёскі збілі расійскі знішчальнік. На чацвёрты дзень я ўжо прывык да ўсіх выбухаў. Нават пачаў разбірацца, дзе «Град», дзе танкі і на якой адлегласці», — кажа ён. 

«Калі на тэрыторыю Украіны пачнуць заходзіць беларускія войскі, нашы легіянеры будуць страляць»

Ваеннага досведу і практыкі службы ў войску ў Аляксандра няма. Ён падаў заяўку на ўступленне ў батальён Кастуся Каліноўскага, каб дапамагаць украінцам. 

«Ёсць толькі вопыт у страйкболе і нейкія прымітыўныя навыкі абыходжання са зброяй. Ад гэтага жаданне ўступіць у шэрагі беларускага батальёна меншым не становіцца. Там ёсць курс навучання. Прайду яго і буду максімальна карысным у знішчэнні рускіх на украінскай зямлі.

Дарэчы, у стаўленні да беларусаў я нічога на свой адрас негатыўнага не чуў, наадварот усе з разуменнем і з павагай ставяцца да нашай пазіцыі. Украінцы расказваюць, што ў Беларусі ў іх шмат добрых сяброў». 

Родныя Аляксандра дагэтуль не ведаюць, што ён знаходзіцца ў тэрытарыяльнай абароне. 

«Не думаю, што цяпер іх трэба акунаць у атмасферу хвалявання, — разважае мужчына. — Калісьці я ім пра гэта раскажу. Упэўнены, што яны мяне падтрымаюць, як і маю пазіцыю ў 2020 годзе. На тое, што я вырашыў застацца ва Украіне, адрэагавалі нармальна, але маці насцярожылася.

Калі на тэрыторыю Украіны пачнуць заходзіць беларускія войскі, нашы легіянеры возьмуць у рукі зброю і будуць страляць. Калі яны пяройдуць мяжу і не здадуцца, то стануць такімі ж, як рускія салдаты, якія тут ваююць. Мы абавязкова пераможам і будзем свабоднымі».

Смяротна паранены, застаўся прыкрываць сваіх. Хто такі беларус «Тур», забіты пад Кіевам

Каментары

Цяпер чытаюць

Гэты малады беларус стаяў ля вытокаў ChatGPT. Вось што ён зрабіў3

Гэты малады беларус стаяў ля вытокаў ChatGPT. Вось што ён зрабіў

Усе навіны →
Усе навіны

Знік беларус, які збіраўся ляцець з Аўстрыі на канцэрт Каржа ў Франкфурце

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі10

УСУ нанеслі ўдар па Сургуцкім ЗCК у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе прыблізна за 2400 км ад мяжы Украіны2

Раніцай на Гомельшчыну зноў заляцела расійская «Бандэроль»

Беларускія рэпетытары засталіся яшчэ без аднаго зручнага анлайн-інструмента — Miro адключае карыстальнікаў з Беларусі1

Вайскоўца-беларуса могуць выслаць з Украіны, бо ён не можа легалізавацца. Усё праз закон, які меўся палегчыць легалізацыю7

Вясковец з-пад Іўя папрасіў п'янага сябра-бяспраўніка сесці за руль. Той разагнаўся да 202 км/г — і забіў гаспадара аўто аб слуп

Уласнікі кватэр у «Паўночным Беразе» пачалі атрымліваць рахункі — і ў шоку ад сум за падагрэў вады23

10‑гадовая дачка экс-міністра Чарнецкага адхапіла важную ролю ў расійскім серыяле

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэты малады беларус стаяў ля вытокаў ChatGPT. Вось што ён зрабіў3

Гэты малады беларус стаяў ля вытокаў ChatGPT. Вось што ён зрабіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць